У рытме джаза

“Вялікае шчасце знаходзіцца кожны дзень побач з таленавітымі дзецьмі, якія займаюцца музыкай, харэаграфіяй і маляваннем. А вучыць іх — вялікі гонар і сур’ёзная адказнасць! Такая пачэсная місія ў мяне ўжо 13 гадоў, — гаворыць настаўніца музыкі гімназіі № 5 Мінска Наталля Леанідаўна Пятроўская, удзельніца Рэспубліканскага конкурсу “Настаўнік года”. — Я не проста вучу дзяцей музыцы, а адчыняю перад імі дзверы ў цудоўны свет, нібы экскурсавод, паказваю ім шлях да прыгажосці, у які мы адпраўляемся пад гукі вальса, танга, джаза, рок-н-рола і, канечне, беларускай народнай музыкі”.

Мара аб прафесіі 

Асэнсаванае жаданне звязаць сваё жыццё з музычным мастацтвам прыйшло да Наталлі Леанідаўны ў старшых класах. Пасля заканчэння музычнай школы № 43 Мінска з харавым ухілам яна паступіла ў музычнае вучылішча і пачала вучыцца па класе фартэпіяна. Але вельмі вабіў яе і народны аркестр, хацелася іграць у ім. Выкладчыкі параілі асвоіць які-небудзь струнны інструмент, і Наталля з упартасцю стала вучыцца ігры на домры, аж да мазалёў на пальцах рук. І яе мара збылася, у сценах БДПУ імя Максіма Танка, дзе яе прынялі ў аркестр народных інструментаў. Была ў сэрцы дзяўчыны і яшчэ адна мара — стаць выкладчыкам. Яна таксама збылася, і Наталля ні на хвіліну не пашкадавала, што пайшла менавіта па педагагічнай сцежцы.

“Успамінаю, як у дзяцінстве вучыла спяваць лялек. Сёння ж выкладаю музыку ў 4-х класах гімназіі, праводжу факультатыўныя заняткі па класе фартэпіяна для вучняў 3—9 класаў, — гаворыць Наталля Леанідаўна. — Штогод мае навучэнцы становяцца ўдзельнікамі і пераможцамі гімназічных і гарадскіх конкурсаў, творчых фестываляў. У гэтым годзе, напрыклад, двое маіх падапечных — Ксенія Краснікава і Фёдар Варэнік — сталі сярэбранымі прызёрамі Міжнароднага конкурсу піяністаў “Маладыя віртуозы”, які праходзіў у Польшчы. Мы канкурыравалі з юнымі талентамі, у большасці сваёй навучэнцамі музычных школ Польшчы, Украіны і Расіі.

З найбольш здольнымі і зацікаўленымі музыкай вучнямі мы не толькі ўдзельнічаем у конкурсах, але і рыхтуем творчыя праекты (“Мы з джаза”, “Бацькі і дзеці”, “Сэрца зямлі маёй”). Так, чацвёрты год я з’яўляюся кіраўніком праекта “Сэрца зямлі маёй”. У першы год у рамках гэтага праекта мы вывучалі беларускую музыку з часоў Полацкага сшытка і да сучаснасці. На наступны год — беларускую ваенную музыку, яшчэ праз год — беларускія ваенныя песні і музычнае мастацтва айчынных ансамбляў. Сёлета ў полі нашага зроку музыка беларускіх кампазітараў — як сучасных, так і мінулых гадоў. Абарона праектаў кожны раз праходзіць у выглядзе канцэртаў, тэатральных пастановак. Усе праекты абараняюцца толькі дзецьмі, мая роля — рэжысёрская, на сцэну я не выходжу. Дзеці спяваюць, іграюць на фартэпіяна, акардэоне, цымбалах. Беларускія фартэпіянныя творы я звычайна адаптую да школьнікаў, таму што яны даволі складаныя, не прапаноўваю іх для выканання аднаму вучню, як правіла, іх выконваюць у парах. У гэтым навучальным годзе праект “Сэрца зямлі маёй” мы абаранялі разам з удзельнікамі клуба настаўнікаў МГІРА “Вялікі перапынак”. Такім чынам спалучылі творчае мерапрыемства (пастаноўку беларускай казкі) і метадычнае”.
Разнастайны, эмацыянальны, выразны…

Наталля Леанідаўна з такой узнёсласцю і любоўю расказвае аб сваім прадмеце, што адразу з’яўляецца жаданне папрысутнічаць на яе занятках, адчуць іх атмасферу. Сённяшні наш рэпартаж — з урока музыкі ў 4 класе. Па праграме ў гэты дзень — урок па тэме “Музыка Амерыкі. Джаз”. Гэта пяты ўрок па тэме “Музычная вандроўка”. Калі гаварыць аб тыпе ўрока, то ён у планах настаўніцы пазначаны як урок-паведамленне новых ведаў.

Наталля Леанідаўна старанна падрыхтавалася да заняткаў. У класе ўстаноўлены мультымедыйны праектар з экранам. На настаўніцкім стале — ноўтбук, дыдактычны раздатачны матэрыял (падручнік “Музыка” для 4 класа; слоўнік эстэтычных эмоцый У.Ражнікава), аўдыязапісы (спірычуэлс, рэгтайм “Артыст эстрады” С.Джопліна,“Калыханка Клары” Дж.Гершвіна з оперы “Поргі і Бес”, “Заблукаўшы джаз” Д.Лыбіна), музычны дэманстрацыйны матэрыял (папеўкі; відэа Інакенція Гарэліка, Гары Гутмана, прэзентацыя).

Мэта ўрока, якую акрэсліла настаўніца, — фарміраванне музычнай культуры навучэнцаў. А таксама падчас урока неабходна вырашыць наступныя задачы:
1. Сфарміраваць уяўленні аб паняццях “спірычуэлс”, “рэгтайм”, “джаз”, “кантры”, аб іх выразных магчымасцях.
2. Паспрыяць развіццю абагульненага ўмення аналізаваць, параўноўваць у працэсе музычнай дзейнасці.
3. Пасадзейнічаць выяўленню музычна-эстэтычных здольнасцей (музычнага ўспрымання, слыху).
4. Удзяліць належную ўвагу выхаванню слухацкай і выканальніцкай культуры навучэнцаў, разуменню месца і ролі музыкі ў штодзённым жыцці.

У самым пачатку ўрока Наталля Леанідаўна правяла музычную размінку-прывітанне: распяванне і паўтарэнне з вучнямі раней вывучаных песень. Пасля загучалі музычныя кампазіцыі, настаўніца папрасіла дзяцей вызначыць іх стыль. Затым дзіцячая ўвага пераключылася на экран са слайдам, дзе былі пералічаны музычныя кірункі (рэп, электрык, хіп-хоп, брэйк-данс, хаус), потым — на аўдыязапіс.

“Як вы лічыце, што можа аб’ядноўваць гэтыя музычныя напрамкі? — спытала настаўніца і прадэманстравала слайд-загадку. — Адказ зашыфраваны ў гэтай разнастайнасці літар. Чытайце па гарызанталі”.

Навучэнцы здагадваюцца, што гэта джаз.

“Як вы думаеце, дзе ўпершыню з’явіўся джаз?” — зноў звярнулася да вучняў Наталля Леанідаўна. І з іх адказаў адзначыла правільны — у Амерыцы. Затым прапанавала вучням звярнуцца да падручніка па музыцы, адкрыць у ім старонкі 86—88, прачытаць напісаны тэкст, разам абмеркаваць яго і даць вызначэнне паняцця “джаз”. Каб аблегчыць дзецям задачу, настаўніца раздала ім карткі з рознымі значэннямі слова “джаз”. Работа ішла па групах. Вучні выбралі толькі тыя значэнні, якія непасрэдна тычыліся задання.

Прадстаўнікі кожнай групы паведамілі аб выснове, і было агучана, што джаз — гэта музычны кірунак, які ўзнік у канцы XIX — пачатку XX стагоддзя ў Амерыцы ў выніку злучэння афрыканскай і еўрапейскай культур (такім чынам быў выкарыстаны прыём тэхналогіі ТРВЗ “Вычляненне прыватнага з агульнага”). Далей настаўніца задзейнічала прыём забеспячэння зваротнай сувязі, папрасіла падняць руку тых, хто быў згодны з высновай.

“З афрыканскай культуры джаз узяў рытм, а з еўрапейскай — мелодыку, — заўважыла Наталля Леанідаўна. — Джаз разнастайны, эмацыянальны, выразны. Вытокі яго — у глыбіні традыцый афрыканцаў. Ён грунтуецца на спірычуэлсе — духоўнай песні амерыканскіх неграў, а ўзнік у ЗША з прычыны далучэння іх да хрысціянскай рэлігіі. Як вы лічыце, аб чым яны спявалі? Канечне, аб свабодзе, аб цяжкай долі. Першапачатковай крыніцай музыкі былі рэлігійныя гімны і псалмы, якія негры перанялі ад белых перасяленцаў. Афрыканцы ў песнях паўставалі як людзі, здольныя думаць. Музычныя творы былі першым і найбольш выразным сродкам, дзякуючы якому ўвесь свет даведаўся аб існаванні негрыцянскай музыкі”. (Прагучаў аўдыязапіс спірычуэлса.)

Наступны складнік джаза — рэгтайм. Гэта стыль інструментальнай музыкі, дакладны сэнс самога слова — “рваны час”: музыкант на працягу мелодыі пастаянна мяняе рытм кампазіцыі (прагучаў аўдыязапіс С.Джопліна). Затым настаўніца ўключыла яго яшчэ раз. Вучням неабходна было пры дапамозе сігнальных картак чорнага і белага колеру адлюстраваць змену мажору і мінору. Яны паднімалі тую або іншую картку ў залежнасці ад таго, якім быў лад рэгтайма ў пэўны момант гучання. Амаль усе дзеці добра справіліся з заданнем.

“А зараз я ўключу спірычуэлс, а вы следам за мной паспрабуеце пры дапамозе жэстаў, якія гучаць (пстрыканне), паказаць яго рытм, — сказала настаўніца. — Які ён? Так, рваны. Гэта адна з асаблівасцей джаза. Менавіта на аснове ўдару, а ён у джазе называецца біт, узнік сам музычны кірунак, а таксама сучасныя рок і фанк. Рэгтайм з’явіўся пазней, чым спірычуэлс, толькі гэта ўжо не вакальны, а інструментальны джаз. Уключаю яшчэ адзін запіс. Ваша задача — вызначыць лад мелодыі, падняць адпаведную картку-памочніцу і здагадацца, для якога інструмента пісаліся рэгтаймы. (Дзеці адказваюць, што іх пісалі для фартэпіяна.) Каралём рэгтайма лічыўся Скот Джоплін, амерыканскі кампазітар і піяніст. Вы слухалі зараз яго вядомы рэгтайм “Артыст эстрады”. Дарэчы, талент Джопліна пры жыцці не прызнавалі. Яго рэгтаймы белае насельніцтва Амерыкі не ўспрымала, паколькі палічыла “занадта чорнымі”, а негрыцянскае ў сваю чаргу не прымала музыку Джопліна, таму што лічыла яе “занадта белай”. І толькі пасля смерці музыканта яго рэгтаймы сталі вядомымі ва ўсім свеце”.

Настаўніца прапаноўвае паглядзець на слайд і вызначыць, якія інструменты маглі ўваходзіць у джазавы аркестр, і запісаць іх назвы ў сшытках. А перад гэтым сказала: “Станьце каля сваіх парт і паўтарайце за мной”. Прайшла фізкультхвілінка пад музыку з любімага многімі мультфільма пра фіксікаў. У песні з мульціка спявалася пра барабаны, маракасы і вібрафон. Гэта паслужыла своеасаблівай падказкай для дзяцей, і яны пачалі запісваць адказы ў сшыткі (зыходзячы з інфармацыі на слайдзе і песні). Назвалі дзеці наступныя інструменты: саксафон, трубу, банджа, кантрабас, трамбон, маракасы, фартэпіяна, скрыпку, губны гармонік і барабан.

“Далей я раскажу вам аб некаторых вялікіх джазавых музыкантах, — сказала настаўніца. — Паглядзіце на слайдзе на іх партрэты. Гэта Глен Мілер, трамбаніст, разам са сваім джазавым аркестрам. Леанід Уцёсаў — скрыпач, музыкант, акцёр, які стварыў самы першы джазавы аркестр у Расіі. Выдатны піяніст Дзюк Элінгтан. У самым пачатку мы з вамі слухалі спірычуэлс у выкананні джазавага музыканта трубача Луі Армстранга. Паслухаем з вамі і трубача Майлса Дэйвіса. А гэта самая знакамітая джазавая вакалістка Эла Фіцджэральд. З нашым сучаснікам амерыканцам Гары Гутманам — першай трубой свету — мне ўдалося нават пазнаёміцца ў мінулым годзе ў Польшчы. Яго творчасць заснавана на розных джазавых стылях.

Кожны стыль і кірунак музыкі маюць свае асаблівасці. Скажыце, напрыклад, якія асаблівасці беларускай народнай песні? (Дзеці называюць: вар’іраванне, пераменны лад гучання, пераменны памер, распеў). І ў джаза ёсць свае асаблівасці, давайце паслухаем твор беларускага кампазітара Д.Лыбіна “Заблукаўшы джаз” і паспрабуем іх вызначыць”.

Вучні, праслухаўшы, разважаюць, затым паднімаюць карткі. Настаўніца дэманструе слайд, дзе пералічаны асаблівасці джазавай музыкі (імправізацыя, мігаценне мажору і мінору, рваны рытм). Педагог выкарыстоўвае прыём “Праверка па ўзоры”.

“Увага! Перад вамі наступны слайд, — працягвае Наталля Леанідаўна. — Паглядзіце, колькі розных кірункаў музыкі ўзнікла дзякуючы менавіта джазу, а гэта далёка не ўсе. Зараз паслухаем некалькі кампазіцый, у тым ліку і нашых сучаснікаў, якiя выконваюць джаз, і пастараемся ахарактарызаваць тыя эмоцыі, якія выклікае музыка, з дапамогай слоўніка эмоцый, а затым знойдзем разам асаблівасці, якія дазваляюць аднесці гэтую музыку да джаза”.
Дзеці працуюць у парах, на сталах у іх ляжаць карткі з інфармацыяй аб розных стылях. Тут і кантры — самастойны стыль паўночнаамерыканскай музыкі. Пасля спалучэння з блюзам утварыўся кантры-блюз, у далейшым стыль спалучыўся з джазам і ўзніклі кантры-джаз, а таксама smooth-джаз, або “прыгладжаны” джаз. Калі сучасная папулярная музыка пранікла ў гэты стыль, з’явіўся поп-джаз. Адзін з самых вядомых выканаўцаў smooth-джаза — саксафаніст Кені Джы (Інакенцій Гарэлік). Родам з Адэсы, жыве ў Амерыцы, уваходзіць у лік 25 лепшых саксафаністаў гэтай краіны. Дзеці праслухоўваюць яго кампазіцыю “Гавана”, якая выконваецца на сапрана-саксафоне. Настаўніца прадстаўляе яшчэ адзін стыль — блюз, які сімвалізуе тугу. Гэты кірунак амерыканскай народнай музыкі зарадзіўся ў афраамерыканскай супольнасці, у асяроддзі выхадцаў з плантацый. Вучні слухаюць аўдыя- і відэазапісы і шукаюць асаблівасці джазавай музыкі.

Напрыканцы ўрока Наталля Леанідаўна дэманструе фрагмент мультфільма “Каты-арыстакраты”. На сталах у дзяцей ляжаць выразаныя з каляровай паперы ноткі. Той, хто здагадаўся, якую музыку выконваюць героі мультфільма, прымацоўвае на нотны стан, які знаходзіцца на дошцы, аранжавую або жоўтую нотку, хто не — сінюю. Зразумела, што ў мультфільме гучыць джаз.

Падводзяцца высновы ўрока, дзеці коратка адказваюць на пытанні аб яго тэме. На развітанне настаўніца сказала: “Калі ў вас пасля ўрока мажорны настрой, падніміце белыя карткі, калі сумны — чорныя, мінорныя. Увогуле, усе мы малайцы, таму што зрабілі вялікую справу. У нас усё атрымалася, вы былі актыўнымі, уважлівымі, упэўненымі. Дзякуй вялікі ўсім. І памятайце, што ні адзін сучасны кірунак у музыцы не ўзнік на пустым месцы, ля вытокаў многіх з іх быў менавіта джаз. Я жадаю, каб у вас у жыцці заўсёды ўсё было ЛАДНА, а настрой — толькі МАЖОРНЫ”.

Прыёмы з метадычнага куфэрка

“Усім адукаваным людзям — і гэта не толькі маё меркаванне — пажадана мець як мінімум базавую музычную адукацыю, каб умець разбірацца ў музычных стылях і кірунках. Пажадана таксама, каб яны валодалі ігрой на нейкім інструменце, — гаворыць Наталля Леанідаўна. — Тым вучням, хто гатоў паспрачацца са мной, тлумачу, што музыка — гэта не нешта далёкае ад нас, яна побач з намі, літаральна акружае нас. Нават спевы птушак і шум дажджу — гэта таксама музыка. Яна з намі з маленства, з таго моманту, калі мама ўпершыню праспявала для нас калыханку. Зразумела, у кожнага чалавека свае адметныя музычныя прыхільнасці. Я спадзяюся, што далучаю дзяцей да такой інфармацыі, якая дапаможа ім з музычнага, часам нізкапробнага хаосу выбраць для сябе сапраўды якасны неабходны прадукт. Мая задача — зрабіць іх эстэтычна граматнымі. Падбіраю для кожнага ўрока як класічную, так і сучасную музыку і творы. Стараюся знаходзіць мелодыі з прыгожай сучаснай апрацоўкай. І вучні, што мяне вельмі радуе, пачынаюць задумвацца над тым, якую музыку слухаюць. Калі нехта пытаецца ў канцы заняткаў: “Ці можна мне на тэлефон запампаваць мелодыю, якую пачулі сёння, бо яна вельмі закранула?”, а гэта бывае даволі часта, значыць, заняткі прайшлі ўдала, на карысць дзецям.

Назіраю і за вучнямі, якія не першы год сур’ёзна займаюцца музыкай. Бачу, як хутка яны развіваюцца. Заняткі музыкай вучаць іх лагічна думаць, быць больш сканцэнтраванымі ў думках, вучаць скаардынаванасці ў рухах і дзеяннях, развіваюць фантазію. Рэдка на маіх уроках гімназісты занатоўваюць інфармацыю у сшытках, яны запамінаюць яе. Часта тлумачу заданні праз схемы на дошцы, каб дзеці зрокава ўспрымалі ўсё, што трэба, выкарыстоўваю для гэтага мультымедыя. Сама ж стараюся гаварыць менш”.

Наталля Леанідаўна назапасіла ў сваім метадычным куфэрку прыёмы, якія дапамагаюць выклікаць інтарэс да музыкі нават у самых неактыўных вучняў. Адзін з іх — “Скарбонка ідэй” (ТРВЗ). Гэтая тэхналогія выкарыстоўваецца з мэтай стварэння інфармацыйнай скарбонкі з перспектывай далейшай пабудовы ўзаемаадносін аднакласнікаў і іх дзейнасці па прынцыпе “ад простага да складанага”. Скарбонка можа прымяняцца ўсімі педагогамі на ўроках музыкі для збору неабходных тэрмінаў і фармулёвак, тэкстаў песень, збору пазлаў з назвамі музычных інструментаў, а таксама для канструявання рытмічных малюнкаў.

Новыя паняцці, азначэнні настаўніца не тлумачыць дзецям, яны самі чытаюць пра іх у падручніку або на картках. Вучні самастойна вычляняюць з агульнага прыватнае і, наадварот, прыватнае абагульняюць у агульнае. Напрыклад, сёння на ўроку яны збіралі з асобных інструментаў джазавы аркестр. У скарбонку яны змяшчалі ўсе музычныя паняцці, з якімі знаёміліся на занятках.

У метадычным куфэрку знаходзіцца і прыём “Рэха”. Ён развівае дакладнасць слыхавога ўспрымання, памяць, удасканальвае пачуццё рытму, хуткасці рэакцыі, а таксама разуменне, адчуванне формы. Сёння на ўроку гэты прыём быў выкарыстаны для практыкаванняў з пстрыканнем.

Ёсць у Наталлі Леанідаўны і прыём “Сем нот”. Сэнс яго — у вывучэнні меркаванняў удзельнікаў майстар-класа аб эфектыўнасці праведзеных заняткаў, а таксама ў вызначэнні эмацыянальнага стану навучэнцаў напрыканцы іх.
Сутнасць прыёму “Музычны клуб” — у максімальным ахопе індывідуальнай работай усіх удзельнікаў працэсу, у арганізацыі іх правільнага ўзаемадзеяння падчас сумеснай адпрацоўкі метадычных прыёмаў.
Прыём “Айсберг” спрыяе стварэнню добразычлівай атмасферы, прадуманай арганізацыі ўзаемаадносін, выяўленню чаканняў і неспадзяванай незадаволенасці ў навучэнцаў.

Прыём “Чаканні” дапамагае выявіць памкненні навучэнцаў, якія па нейкай прычыне не ажыццявіліся.

Прыём “Візуалізацыя” мае на ўвазе мэтанакіраванае мысленне і своеасаблівае ўспрыманне падзеі або сітуацыі.

Прыём “Пажадана. Абавязкова” грунтуецца на апорных сігналах, якія рэкамендаваў В.Ф.Шаталаў. Ён садзейнічае актывізацыі творчага падыходу да вучэбнага працэсу, станаўленню творчай самастойнасці навучэнцаў, пераносу часткі адказнасці за паспяховасць і эфектыўнасць работы на ўроку на навучэнцаў.

“Фатограф” — гэта прыём, які садзейнічае назіранню (вывучэнню, даследаванню) за аб’ектамі, вылучэнню пэўных аб’ектаў з навакольнага асяроддзя (часткі з цэлага). Прыём развівае зрокавую памяць, логіку, здольнасці навучэнцаў, уменне ўбачыць і аб’ектыўна ацаніць сваё асабістае “Я” сярод іншых людзей.

Сваімі прафесійнымі поспехамі і знаходкамі Наталля Леанідаўна дзеліцца на старонках навукова-педагагічных і навукова-метадычных выданняў. Яна з’яўляецца аўтарам публікацый па тэме “Сямейнае музіцыраванне як сродак аптымізацыі ўзаемадзеяння дзяцей і бацькоў”. Педагог актыўна ўдзельнічае ў навукова-практычных канферэнцыях настаўнікаў музыкі, выступае на семінарах і метадычных аб’яднаннях, працуе над тэмай “Метад праектаў як педагагічная тэхналогія пры выкладанні прадметаў эстэтычнага цыкла”.

Нядаўна Наталля Леанідаўна прыняла ўдзел у IV Міжнародным конкурсе настаўнікаў музыкі, які праходзіў у Польшчы, і заняла 1-е месца ў намінацыі “Фартэпіяна. Сола”.

Надзея ЦЕРАХАВА.
Фота аўтара.