Вучэбныя матэрыялы ў персанальным блогу настаўніка

Пошук адказу на пытанне “Як зрабіць адукацыйны працэс больш эфектыўным?” прывёў мяне да стварэння асабістага адукацыйнага блога, у аснове якога ляжаць інтэрактыўныя цікавыя практыкаванні па інфарматыцы для навучэнцаў 6—11 класаў.

Як вядома, існуе мноства метадаў навучання, розныя тыпы ўрокаў, якія ставяць адзіную мэту — якаснае засваенне ведаў навучэнцамі. Але мадэрнізацыя адукацыі, якая грунтуецца на новых інфармацыйных тэхналогіях, прадугледжвае фарміраванне новых мадэлей вучэбнай дзейнасці.

Справа ў тым, што сучаснае пакаленне навучэнцаў успрымае інтэрнэт як неад’емную частку свайго жыцця. Аднак яны выкарыстоўваюць яго далёка не ў адукацыйных мэтах. У сувязі з гэтым у педагогаў з’яўляецца ўнікальны шанс — выкарыстоўваць тое, што цікава маладому пакаленню, у адукацыйных мэтах. Вось таму ў мяне і ўзнікла ідэя стварэння свайго вучэбнага блога, які б спрыяў арганізацыі новых форм узаемадзеяння ў працэсе навучання, што забяспечваюць творчае і актыўнае авалоданне ведамі.

Мой блог “Заданні для інфазнаек” (http://staskevich.ivacevichi.edu.by/) — своеасаблівая метадычная і дыдактычная скарбонка. А галоўнае, што ўвесь яе арсенал становіцца даступным навучэнцам для самастойнай работы не толькі на ўроках, але і дома, у любым месцы і ў любы час.

Блог быў створаны ў снежні 2014 года на платформе Рэспубліканскага цэнтра інфармацыйных рэсурсаў і камунікацый пад кіраваннем CMS Web.Perspective з улікам усіх нарматыўных прававых актаў Рэспублікі Беларусь і сучасных інтэрнэт-тэхналогій у даменнай зоне edu.by. Мае простую структуру і зручны інтэрфейс. Па меры развіцця інфармацыйных тэхналогій яго лёгка мадэрнізаваць.

Для зручнасці ёсць сістэма пошуку інфармацыі, карта блога, убудаваная Yandex-метрыка для падліку наведвальнікаў. Вось ужо два гады ў дзень заснавання блога падводжу вынікі, дзе вызначаю 5 самых актыўных карыстальнікаў сярод навучэнцаў і 10 заданняў, якія больш за ўсё каменціруюцца і праглядаюцца.

Пры стварэнні інтэрактыўных заданняў выкарыстоўваю інструментарый сэрвісаў Web 2.0. Змест рэсурсу адпавядае вучэбнай праграме па інфарматыцы для ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі і складаецца са 136 тэматычных заданняў. Заданні структураваны па класах і ідуць у парадку вывучэння тэматычных раздзелаў.

Вялікая разнастайнасць інтэрактыўных заданняў, якія ёсць у асноўных раздзелах блога, заклікана забяспечыць навучэнцам з розным тыпам успрымання інфармацыі магчымасць выбару найбольш прымальнага для іх спосабу асваення вучэбнага матэрыялу, пашырае магчымасці ажыццяўлення кантролю ведаў, індывідуалізуе працэс навучання. Дзеці з нізкім і сярэднім узроўнем засваення ведаў маюць магчымасць неаднаразова прапрацаваць заданні дома, у выніку чаго з’яўляецца ўпэўненасць у сваіх сілах, яны пачынаюць больш актыўна працаваць на ўроку.

Разгледзім падрабязней тыпалогію створаных практыкаванняў з пазіцыі іх выкарыстання ў вучэбным працэсе.

Адной з мэт базавага курса інфарматыкі з’яўляецца развіццё алгарытмічнага стылю мыслення як элемента агульнай культуры навучэнца. У школьным курсе інфарматыкі ўменні алгарытмізацыі фарміруюцца паступова. Прычым адбываецца гэта не толькі ў тэмах па алгарытмізацыі і праграмаванні, але і ў іншых тэмах курса. Для развіцця алгарытмічнага і лагічнага мыслення падчас індывідуальных форм работы ў класе і дома можна выкарыстоўваць заданні на аднаўленне паслядоўнасцей, адпаведнасці ў сетцы, лагічныя задачы і інш.
Для актуалізацыі і замацавання ведаў на любым этапе ўрока апраўдваюць сваё прымяненне такія тыпы практыкаванняў, як віктарына з уводам адказу, тэставыя заданні, якія таксама могуць уваходзіць у склад кантрольных работ. На дасягненне гэтых жа мэт разлічаны тыпы заданняў, дзе з выпадаючага меню неабходна выбраць правільныя тэрміны або проста словы, якія падыходзяць па сэнсе (напрыклад, заданне “Запоўні пропускі”.
Для групавой работы добра падыходзяць віктарына для некалькіх гульцоў, дзе ўдзельнікі (да шасці навучэнцаў) адказваюць на пытанні на хуткасць, а таксама дыдактычныя гульні “Футбол”, “Авіяпералёт”, “Хто хоча стаць мільянерам?”. Гульнявыя тэхналогіі з’яўляюцца адной з унікальных форм навучання, якая дазваляе зрабіць цікавай і займальнай не толькі работу навучэнцаў на творча-пошукавым узроўні, але і будзённыя крокі па вывучэнні курса інфарматыкі.
Для папярэдняй дыягностыкі атрыманых ведаў на этапе падвядзення вынікаў урока, а таксама для замацавання тэрміналогіі і своечасовай карэкцыі выяўленых прабелаў у ведах апраўдваюць сваё прымяненне практыкаванні “Знайдзі словы”. Прычым для старшакласнікаў такі тып заданняў ускладнены. Першапачаткова даецца азначэнне нейкага паняцця або тэрміна і толькі пасля яго ўгадвання прапаноўваецца знайсці яго ў сетцы.

Для стварэння праблемных сітуацый, якія актывізуюць цікаўнасць навучэнцаў, спецыяльна спраектаваны раздзел “Крыжаванкі” і рубрыка “Цікаўным”. Крыжаванкі і рэбусы, пададзеныя ў гэтых раздзелах, можна рэкамендаваць навучэнцам у якасці папярэдніх дамашніх заданняў. Гэта дазваляе паставіць на наступным уроку вучэбныя праблемы, да якіх навучэнцы падышлі самастойна, сутыкнуўшыся з пазнавальнымі цяжкасцямі ў працэсе выканання заданняў дома.
Пры паўтарэнні правіл работы і бяспечных паводзін у камп’ютарным класе можна выкарыстаць падборку выяў “Збяры пазлы”. Для пашырэння першасных уяўленняў пра спосабы ўзаемадзеяння з вокнамі праграм створаны практыкаванні па знаходжанні стуктурных элементаў вокнаў “Назаві, дзе гэта?”.
Акрамя гэтага, усе распрацаваныя практыкаванні дапамагаюць у арганізацыі самастойных заняткаў навучэнцаў з мэтай праверкі дамашняга задання, паўтарэння і сістэматызацыі вучэбнага матэрыялу.

Сёння відавочным вынікам работы з’яўляецца паляпшэнне колькасных паказчыкаў вучэбнай дзейнасці навучэнцаў. На працягу навучальнага года 52 з 69 навучэнцаў (75,3%) палепшылі адзнакі па прадмеце, што дазваляе гаварыць пра станоўчую дынаміку якасці адукацыі. Па выніках 2014/2015 навучальнага года атрыманы наступныя паказчыкі: сярэдні бал па прадмеце ў 6-х класах павысіўся з 8,1 да 8,6, у 7-х класах — з 6,8 да 7,8, у 8-х класах — з 6,7 да 8,3.

Індыкатарам запатрабаванасці створанага мной адукацыйнага рэсурсу з’яўляецца прагрэсіруючая статыстыка наведванняў блога.

Блог “Заданні для інфазнаек” (http://staskevich.ivacevichi.edu.by/) знаходзіцца ў адкрытым доступе, а для карэктнага адлюстравання даных можна выкарыстоўваць большасць сучасных браўзераў. Блог карэктна працуе і ў мабільнай версіі.

Вопыт работы па выкарыстанні інфармацыйна-адукацыйнага асяроддзя гэтага блога быў прадстаўлены на адкрытай Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі “Дарожная карта інфарматызацыі: ад мэты да выніку” ў лістападзе 2014 года ў Мінску на секцыі “Адукацыйны працэс у рамках канцэпцый электроннага і мабільнага навучання”. У маі 2015 года праект “Інтэрактыўныя заданні па інфарматыцы на старонках персанальнага блога” стаў фіналістам Х Рэспубліканскага конкурсу “Камп’ютар. Адукацыя. Інтэрнэт”.

А ў красавіку 2016 года з вопытам па выкарыстанні інфармацыйна-адукацыйнага асяроддзя персанальнага блога для павышэння якасці адукацыі на ўроках інфарматыкі я перамагла ў інтэрнэт-праекце “ІТ-рашэнні для адукацыі будучыні”, які праводзіцца Мінскім інстытутам развіцця адукацыі, у намінацыі “ІТ-педагог”.

Хочацца адзначыць, што выкарыстанне матэрыялаў блога на кожным уроку нераэльнае, ды і непатрэбнае. Толькі ўмелае іх прымяненне дазваляе зрабіць працэс навучання больш цікавым і разнастайным, павышае эфектыўнасць працэсу навучання.

Галіна СТАСКЕВІЧ,
настаўніца інфарматыкі сярэдняй школы № 3 Івацэвіч Брэсцкай вобласці.