Нестандартная фізіка

Настаўніца фізікі бараўлянскай сярэдняй школы № 2 Зінаіда Іванаўна Семяніхіна выкладае свой прадмет нестандартна, на даступным для ўсіх вучняў узроўні, — як для тых, каму фізіка даецца з цяжкасцю, так і для навучэнцаў профільных класаў. Яна падрыхтавала шмат удзельнікаў і пераможцаў раённых і абласных алімпіяд па прадмеце. Пры выкладанні для яе вельмі важны псіхалагічны аспект: яна балансуе паміж лаяльнасцю і дабрынёй у адносінах да вучняў і строгімі патрабаваннямі да іх.

Лікбез па жыцці

Фізіка для многіх дзяцей з’яўляецца складаным прадметам. Некаторыя проста не любяць яе і вывучаюць, можна сказаць, пад прымусам. Калі вучань баіцца яе фармулёвак, таму што яны незразумелыя і не запамінаюцца, то ні пра якія поспехі няма і гаворкі. Зінаіда Іванаўна прызнаецца, што заўсёды хацела, каб дзеці з радасцю ішлі на яе ўрокі, таму імкнулася зрабіць фізіку даступнай для кожнага вучня — складаную тэрміналогію тлумачыла літаральна на пальцах, спрашчала строга навуковую мову падручнікаў.
Пры індывідуальнай рабоце з дзецьмі настаўніца вызначае мэты. Адных, хто паказвае выдатныя здольнасці пры вывучэнні фізікі, мэтанакіравана рыхтуе да ЦТ па прадмеце. Другім — тыповым гуманітарыям — дае элементарны ўзровень ведаў па фізіцы, каб пасля школы яны мелі хаця б агульнае ўяўленне аб тым, як устроены свет, што і як у ім працуе. Да гуманітарыяў настаўніца праяўляе лаяльнасць і разуменне. Вучні не могуць быць аднолькавымі пры навучанні: хтосьці ў фізіцы моцны, а хтосьці вершы добра піша. Галоўнае, каб дзеці праяўлялі стараннасць.“Мая задача — даць усім вучням лікбез на іх далейшае жыццё, — адзначае Зінаіда Іванаўна. — Калі мы праходзім электрычнасць, асаблівую ўвагу ўдзяляю элементарным правілам бяспекі, папярэджваю, да чаго можа прывесці іх невыкананне. Расказваю і пра першую дапамогу пры паражэннях электрычным токам. Гэта для многіх нашмат важней, чым уменне рашаць задачы на паралельныя і паслядоўныя спалучэнні. Фізіка адна з нямногіх навук у школьным курсе, якая развівае лагічнае і абстрактнае мысленне, вучыць разважаць, аналізаваць, самастойна знаходзіць інфармацыю. Мэта не ў тым, каб вучань запомніў, як рашаецца задача. Важней, каб ён навучыўся вылучаць галоўнае, разумець той сэнс, што схаваны паміж радкоў. Напрыклад, у пачатку задачы сказана, што аўтамабіль пачаў рух. Аб чым гэтая інфармацыя? Аб тым, што пачатковая хуткасць аўтамабіля роўная нулю. Не важна, кім вучань стане ў будучыні, а вось уменне лагічна разважаць і правільна паводзіць сябе ў нестандартных сітуацыях яму заўсёды спатрэбіцца”.

Пакрокавае навучанне

Усё, што можна праілюстраваць на простых прыкладах, як правіла, легка ўспрымаецца дзецьмі. Нават самы складаны тэрмін або з’яву можна патлумачыць з дапамогай простых параўнанняў і асацыяцый. Напрыклад, правіла паралелаграма пры складанні вектараў настаўніца называе “правілам букета”: “Крышачку фантазіі, і наш вектар становіцца кветкай, — адзначае Зінаіда Іванаўна. — Пры складанні двух вектараў збіраем з іх букет, гэта значыць з дапамогай паралельнага пераносу злучаем іх “ножкі”. Дабудоўваем да паралелаграма. У букеце павінна быць тры кветкі. Для гэтага праводзім дыяганаль паралелаграма, як быццам ставім трэцюю кветку ў букет. Такім чынам атрымліваецца вектарная сума”.
Пры тлумачэнні тэмы “Малекулярна-кінетычная будова рэчыва” настаўніца прыводзіць наступнае параўнанне: “Уявіце, што вы ўтрымліваеце каго-небудзь рукой каля сябе: “Не адыходзь далёка, але і да мяне не прыціскайся”. Менавіта так настаўніца тлумачыць прыцягненне і адштурхоўванне паміж малекуламі.
Вялікую ўвагу Зінаіда Іванаўна ўдзяляе семантычнаму аналізу тэрмінаў, гэта значыць тлумачэнню іх сэнсавага напаўнення. Акцэнтуе, што чым больш складаная назва, тым больш інфармацыі яна нясе. Возьмем, напрыклад, тэрмін “тэрмаэлектронная эмісія”. “Эмісія” — гэта выпусканне, “электронная” — электронаў, “тэрма” — нагрэтым рэчывам.
Тлумачэнне тэмы “Спосабы змянення ўнутранай энергіі цела” настаўніца пачынае з пытання: “Калі холадна вашым рукам, што вы робіце?” Вучні адразу прапаноўваюць пацерці іх адна аб адну або прыкласці да цёплага цела. Далей педагог разам з вучнямі аналізуе кожнае дзеянне. “Сагрэць” — значыць змяніць унутраную энергію, “пацерці” — зрабіць работу, “прыкласці да цёплага цела” — ажыццявіць цеплаперадачу.
Як растлумачыць вучням, што такое праекцыя вектара на вось і навошта яна патрэбна? Разглядаем прыклад: “Вектар хуткасці самалёта, які ўзлятае накіраваны пад вуглом да гарызонту. Дыспетчару неабходна ведаць, ці пакінуў самалёт зону аэрапорта, і яго цікавіць не поўная хуткасць, а толькі яе праекцыя на вось ОХ. Зразумець, ці набраў самалёт патрэбную вышыню, дапамагае праекцыя хуткасці на вось OY”.
Пры вывучэнні новага матэрыялу або рашэнні задач Зінаіда Іванаўна вядзе дзяцей да патрэбнай мэты паэтапна, як па лесвіцы. Пры такім раскладзе вялікую частку работы навучэнцы выконваюць самі пры дапамозе алгарытму дзеяння або навадных пытанняў, працуюць як індывідуальна, так і ў групах. Для бягучага кантролю і самастойнай работы школьнікаў Зінаіда Іванаўна выдала зборнік тэставых заданняў у суаўтарстве з настаўніцай фізікі Ларысай Пятроўнай Ягоравай.
Розныя тэмы ўрокаў патрабуюць розных метадаў і прыёмаў выкладання. У адным выпадку настаўніца вядзе класічны ўрок з крэйдай каля дошкі, у другім — выкарыстоўвае фрагмент з мультфільма, які з’яўляецца маляўнічым апісаннем пэўнага матэрыялу тэмы. Фізіка адметная тым, што практычна ўсе тлумачэнні ў ёй можна прадэманстраваць. Калі, напрыклад, немагчыма правесці эксперымент на практыцы, у класе, то можна паназіраць за ім, праглядаючы мультымедыйныя прэзентацыі і вучэбныя відэа. Зінаіда Іванаўна любіць выкарыстоўваць прыём “роўны навучае роўнага”, калі дзеці самі адно аднаму тлумачаць матэрыял. Напрыклад, увесь клас рашае задачы самастойна. І той, хто справіцца з заданнем першым, перасаджваецца і дапамагае таму, хто яшчэ не выканаў яго. “Імкнуся быць добрай, а не добранькай, — гаворыць Зінаіда Іванаўна. — Я прызнаю права дзяцей на памылку, у рабочыя спрэчкі вучняў не ўмешваюся да апошняга, даючы ім магчымасць паразважаць, падумаць самастойна і прааналізаваць інфармацыю. Вельмі карысныя ў гэтым плане элементы модульнай тэхналогіі. Я рыхтую пакрокавыя карткі з наборам пытанняў і паэтапных заданняў. Спачатку вучні рашаюць элементарную задачу на падстаноўку формулы ў простым заданні, пасля прымяняюць яе ў больш складаным. Паэтапнае ўскладненне дае добрыя вынікі пры рабоце з самымі рознымі дзецьмі. Зразумела, што кожны вучань працуе зыходзячы са сваіх магчымасцей і пакрокава даходзіць да свайго максімальнага ўзроўню пры выкананні заданняў”.
Настаўніца выказала сваё меркаванне наконт зборнікаў гатовых дамашніх заданняў — рашэбнікаў. Яна лічыць, што калі ў вучня ёсць магчымасць аднекуль спісаць, ён абавязкова спіша. Ён падманвае адначасова і бацькоў, і настаўніка, і сябе — і навык рашэння задач у яго не выпрацоўваецца. У ідэале не павінна быць ніякіх рашэбнікаў. Да падручніка варта выдаць дапаможнік, у якім бы па кожнай тэме паэтапна, ад простай да складанай задачы, даваліся ўзоры рашэння задач з падрабязным разборам. Гэта дапамагала б дзецям пры выкананні дамашніх заданняў, і ў той жа час яны не спісвалі б, а разбіраліся ў іх.

Вызначыць будучага алімпіядніка

Да Зінаіды Іванаўны пастаянна звяртаюцца калегі з іншых школ Мінскага раёна па кансультацыі па падрыхтоўцы дзяцей да алімпіяд па фізіцы. Настаўніца не толькі рыхтуе алімпіяднікаў, але і ўваходзіць у склад журы раённай алімпіяды.
“Чым раней пачынаюцца заняткі з таленавітымі вучнямі, тым большых поспехаў яны дасягаюць, — гаворыць настаўніца. — Як разгледзець, пазнаць будучага алімпіядніка? Калі толькі пачынаю курс фізікі ў новым класе, даю дзецям задачы з катэгорыі “не для ўсіх”. Той, хто шчыра прызнаецца, што цэлы вечар рашаў задачу з татам, але ўсё ж да канца не зразумеў яе, хутчэй за ўсё, алімпіяднікам не стане. Яму можна прапанаваць, калі ёсць стойкі інтарэс да прадмета, наведваць факультатыўныя заняткі. Той жа, хто прынясе падрабязна распісанае рашэнне, з рознымі варыянтамі, задасць шмат дадатковых пытанняў, выкажа такія думкі, да якіх я і сама яшчэ не дайшла, можа, на мой погляд, стаць алімпіяднікам. З такімі дзецьмі я і пачынаю настойліва працаваць. Спачатку мы выяўляем і ліквідуем прабелы ў стандартных ведах па школьным курсе фізікі, якія могуць быць па прычыне пропуску заняткаў. Затым пачынаецца работа па зборніках алімпіядных заданняў”.
Зінаіда Іванаўна адзначае, што не выйдзе добрага алімпіядніка з таго, у каго няма належных ведаў па матэматыцы. Матэматыка — гэта мова, на якой размаўляе фізіка. Удзельніца сёлетняй абласной алімпіяды па фізіцы Насця Сугака старанна рыхтавалася і да фізікі, і да матэматыкі. А дапамагала ёй у гэтым школьная настаўніца матэматыкі Алена Аляксандраўна Грынько. Дзяўчына нават вагалася перад пачаткам алімпіяд, на якім прадмеце спыніць свой выбар.
“Пры рабоце з адоранымі дзецьмі заўсёды задаю пытанне, навошта ім патрэбен удзел у алімпіядах, — падкрэслівае Зінаіда Іванаўна. — Адзначаю, што іх мэта не ў тым, каб перамагчы і дасягнуць алімпіяды рэспубліканскага ўзроўню. Мэта ў самім руху наперад, ва ўдасканаленні сваіх ведаў. Хтосьці можа не пагадзіцца са мной — гэта яго права. Мне прыемны пераможныя вынікі маіх вучняў, але больш за ўсё цікавіць сам працэс работы з таленавітымі дзецьмі. Вынікі ад нашых заняткаў могуць праявіцца зусім па-іншаму. Паколькі з кожным вучнем я займаюся індывідуальна, у маёй асобе дзеці атрымліваюць добрага рэпетытара і рыхтуюцца не толькі да алімпіяд, але і да ўступных іспытаў. Яны прывыкаюць да публічных выступленняў, вучацца працаваць над складанымі задачамі паўнацэнна і якасна, не губляюцца ў стрэсавай сітуацыі. Сустрэла аднойчы свайго былога алімпіядніка, і ён шчыра падзякаваў мне за тую базу ведаў, якую атрымаў у школе, за псіхалагічную загартоўку, якую прайшоў на алімпіядах па фізіцы. Яму лёгка вучыцца зараз ва ўніверсітэце, ён без праблем здае экзамены”.

Выбіраць прадмет або прафесію?

Не першы год у бараўлянскай сярэдняй школе № 2 дзейнічаюць профільныя фізіка-матэматычныя класы, навучэнцы якіх вывучаюць фізіку па 4 гадзіны на тыдзень, да таго ж наведваюць факультатыўныя заняткі па прадмеце.
“Работа ў профільным класе мае сваю спецыфіку, яна адрозніваецца ад заняткаў з алімпіяднікамі, — гаворыць Зінаіда Іванаўна. — З алімпіяднікамі мы выходзім за межы школьнай праграмы, а ў профільным класе важна даць дзецям веды школьнай праграмы, прычым глыбока і дасканала. Працуючы з алімпіяднікамі, раблю ўпор на нестандартныя і творчыя задачы, а ў профільным класе — на глыбокае разуменне тэорыі, дэталізацыю і дасканалы разбор практычных заданняў, на вывучэнне дадатковага матэрыялу і г.д. З алімпіяднікамі распрацоўваем нестандартныя падыходы, прадумваем розныя варыянты рашэння задач, выконваем эксперыментальныя заданні, устанаўліваем міжпрадметныя сувязі”.
Зінаіда Іванаўна закранула пытанне выбару школьнікамі профільных прадметаў: “Як правіла, дзеці выбіраюць асноўнымі адзін ці два прадметы, а пасля шукаюць прымяненне сваім ведам, будучую прафесію. Напрыклад, вучань выбраў матэматыку, таму што яна лёгка яму даецца. Даведаўся потым, што прадмет з’яўляецца галоўным для праграмістаў. Вось, здаецца, і выбраў сферу будучай дзейнасці. Але ці ведае ён аб прафесійных патрабаваннях да праграмістаў, аб адпаведнасці яго псіхатыпу гэтай прафесіі? Ці будзе ён здольны да працы, якую гіпатэтычна выбраў? На мой погляд, неабходна адначасова выбіраць і кірунак дзейнасці, якой вучань хоча займацца, і прадметы, на якіх трэба сканцэнтраваць увагу”.
На практыцы настаўніца сутыкалася з сітуацыямі, калі дзеці былі ўпэўнены, што ім патрэбна толькі матэматыка, гаварылі, што яна з’яўляецца галоўнай пры атрыманні спецыяльнасці, якую выбралі. Даведаўшыся на ўроках у Зінаіды Іванаўны аб прафесіях, пры якіх неабходны адпаведныя веды па фізіцы, аб магчымасцях, якія дае гэтая навука, многія мянялі сваё меркаванне і выбіралі спецыяльнасці, звязаныя з фізікай.

Надзея ЦЕРАХАВА.
Фота аўтара.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *

*