Пасееш звычку — пажнеш характар

“Пасееш звычку — пажнеш характар”. Старая прымаўка, але і цяпер вельмі актуальная. Ці заўважаем мы, да якіх звычак падштурхоўваем нашых дзяцей у сучасным свеце? Ці садзейнічаюць умовы, у якіх выхоўваецца новае пакаленне, прасоўванню яго да развіцця, дабра, працавітасці, да святла ў жыцці? Ці ёсць рызыка набыцця дзецьмі шкодных звычак і як іх пераадолець? Важна пра гэта думаць і дзейнічаць прафілактычна. Адна са шкодных звычак, якая можа развіцца ўжо ў пачатковай школе, — гэта ўжыванне псіхаактыўных рэчываў, якое суправаджаецца зменамі псіхічнага і фізічнага стану чалавека.

Дыялог з чытачом

Псіхаактыўныя рэчавы могуць выклікаць хваравітае прывыканне, затармазіць развіццё, негатыўна ўздзейнічаць на пазнавальную і эмацыянальную сферу дзіцяці. Асноўны прынцып работы па прафілактыцы ва ўмовах адукацыйнай установы — дыферэнцыраваны падыход з улікам узроставых асаблівасцей дзяцей. Сям’я адыгрывае вырашальную ролю ў развіцці дзяцей. Аднак дзіця не абмежавана толькі сямейным выхаваннем і ў выпадку неадэкватнага ўплыву сям’і мае шансы быць абароненым, станоўча развівацца дзякуючы педагогам установы адукацыі, іншым сацыяльным інстытутам. Прафілактыка ў пачатковых класах павінна скіроўвацца на памяншэнне ўплыву фактараў рызыкі наркатызацыі, звязаных з выхаваннем у сям’і і навучаннем у школе, а таксама на ўзмацненне сямейных і школьных ахоўных фактараў. Важны фактар аховы ад ужывання псіхаактыўных рэчываў — гэта сацыяльная кампетэнтнасць дзіцяці.
У адносінах да дзяцей малодшага школьнага ўзросту сацыяльнай кампетэнтнасцю можа лічыцца здольнасць вырашаць пэўныя ўзроставыя задачы. Напрыклад, уменне лічыцца з іншымі; рост незалежнасці ў адносінах да бацькоў (уменне заняць сябе, наяўнасць сваёй думкі, уменне прасіць дапамогі); наладжванне і падтрыманне сяброўскіх кантактаў з равеснікамі; уменне самастойна карыстацца асноўнымі сродкамі інфраструктуры (уменне карыстацца грашамі, тэлефонам, транспартам); уменне рабіць выбар, які гарантуе ўласную бяспеку (асцярожнасць у адносінах з незнаёмымі дарослымі).

У прафілактычнай рабоце з дзецьмі малодшага школьнага ўзросту найбольш эфектыўна выкарыстоўваць метады псіхалагічнага ўплыву: арт-тэрапію, казкатэрапію, псіхагімнастыку (метад, пры выкарыстанні якога ўдзельнікі праяўляюць сябе і кантактуюць без дапамогі слоў; гэта гульні, эцюды, у аснове якіх ляжыць выкарыстанне рухальнай экспрэсіі ў якасці галоўнага сродку камунікацыі), гутарку, дыдактычныя гульні, групавую дыскусію, ролевыя гульні, якія неабходна накіраваць на фарміраванне ўменняў распазнаваць свае эмацыянальныя станы, кіраваць сваімі эмоцыямі, ажыццяўляць самакантроль, павышаць упэўненасць у сабе. У дапамогу педагогу прывядзём прыклады практыкаванняў, карысных для дасягнення мэт прафілактыкі ў рамках акрэсленых метадаў.

Зразумець пачуцці і настрой дзяцей, зразумець іх праблемы, падтрымаць дазваляюць практыкаванні “Куфэрак шчасця” і “Скрыня таго, што мяне засмучае”.Практыкаванне “Куфэрак шчасця”. Уяві, што табе далі чароўны куфэрак. Ён можа быць памерам са скрыню з-пад абутку, велічынёй з дом ці нават больш. У гэтым куфэрку могуць ляжаць толькі радасныя рэчы. Ты можаш пакласці ў куфэрак усё, што цябе радуе, і там гэта будзе захоўвацца. Ты можаш зазірнуць у куфэрак у любы момант, калі табе патрэбна падтрымка. Што ты пакладзеш у куфэрак? Заплюшчы вочы і падумай пра тое, што цябе радуе. Намалюй ці пабудуй свой куфэрак шчасця і напоўні яго выявамі таго, што табе падабаецца.

Практыкаванне “Скрыня таго, што мяне засмучае”. Уяві, што ў цябе ёсць чароўная скрыня, якую можна замкнуць. Ты можаш пакласці туды ўсё, што цябе засмучае ці злуе, і там гэта будзе надзейна замкнёна. Нічога не можа выбрацца з гэтай скрыні. Але калі табе захочацца падумаць пра нешта ці вырашыць, што з гэтым можна зрабіць, то ты можаш дастаць гэта са скрыні. А калі закончыш — можна пакласці гэта назад. Намалюй ці ствары сваю скрыню. Потым намалюй ці ствары выявы таго, што цябе засмучае ці злуе. Пакладзі іх у скрыню.

Садзейнічаць перажыванню радасці дзіцем, дапамагчы выявіць яго рэсурсы, крыніцы станоўчых эмоцый дапаможа практыкаванне “Пакажы любімую справу”. Удзельнікі па жаданні паказваюць сваю любімую справу, якая прыносіць радасць, жэстамі, не называючы яе. Астатнія дзеці адгадваюць, які занятак быў паказаны.
Павышэнню самаацэнкі, упэўненасці ў сабе садзейнічае практыкаванне “Я — храбры леў”. Удзельнікі па камандзе вядучага сціскаюцца ў камячок, нібы маленькае львяня, якое баіцца начных гукаў. Потым робяць глыбокія ўдыхі і выдыхі. З кожным удыхам упускаюць сілу, з кожным выдыхам выдыхаюць страх, паступова выпростваючыся. У канцы практыкавання выпростваюць плечы, расстаўляюць ногі на шырыні плячэй (прымаюць позу ўпэўненага чалавека) і гучна прамаўляюць: “Я — храбры леў”.

Уменне рабіць правільны і бяспечны выбар дапамогуць гульні “Так — не”, “Да чаго прывядзе”, “Падман пачуццяў”.

Гульня “Так — не”. Вядучы прапаноўвае ўдзельніку нешта зрабіць і кідае яму мяч. Удзельнік вяртае мяч з адказам-выбарам. Часта дзеці імкнуцца хутчэй адказаць і вярнуць мяч. Трэба звяртаць увагу на тое, што не заўсёды першае і паспяховае рашэнне можа быць лепшым.

Гульня “Да чаго прывядзе?”. Вядучы задае пытанне: “Да чаго прывядзе (называе дзеянне)?” і кідае мяч удзельніку. Той адказвае і вяртае мяч. Уключаюцца ў пытанні сітуацыі, звязаныя з ужываннем псіхаактыўных рэчываў.

Практыкаванне “Падман пачуццяў”. Дзецям прапаноўваюцца пары прадметаў, адзін з якіх ядомы, а другі — не. Трэба вызначыць ядомае і бяспечнае, абапіраючыся на ўсе аналізатары, акрамя смакавага. Варта зрабіць акцэнт на небяспеку спрабаваць рэчывы быццам бы знаёмыя, якія прапанаваў незнаёмы чалавек.Набор прадметаў (у парах) для гульні:

— аднолькавыя навобмацак пакецік з цукрам і пакецік з рачным пяском, круглыя пацеркі і гарошыны;

— якія аднолькава пахнуць: ванільны зефір і вата з пахам ванільнага сіропу; цукерка і ласцік з пахам садавіны;

— аднолькавыя на выгляд: цукерка і загорнуты ў фанцік ласцік, садавіна і яе муляжы.

Выснова: іншы раз неядомыя рэчы могуць пахнуць і выглядаць, як ядомыя. Нават калі таблеткі ў аптэчцы пахнуць клубніцамі і падобныя да карамелькі, іх спрабаваць нельга. Нельга браць у незнаёмых цукеркі. А віно і іншыя алкагольныя напіткі могуць быць падобныя на сок, а на самай справе ўтрымліваюць шкодны для здароўя спірт.

Вучыцца кіраваць эмоцыямі гневу, раздражнення можна, прапаноўваючы дзецям практыкаванні “Адчапіся”, “Пыльная падушка”.

Практыкаванне “Адчапіся”. Злосць можа зменшыцца ці ўвогуле знікнуць у дзіцяці, калі яно паскача, станцуе энергічны танец, прыгаворваючы: “Адчапіся, злосць, адчапіся”.

Практыкаванне “Пыльная падушка”. Прапануйце дзецям уявіць, што падушка пыльная. Калі цябе ахоплівае злосць, то ты можаш папляскаць далонькамі па падушцы, як быццам выбіваеш з яе пыл, прыгаворваючы: “Адыдзі, злосць, адыдзі”.

Роля педагога ў прэвентыўнай педагогіцы адрозніваецца ад класічнай. Паколькі прафілактычнае навучанне накіравана на развіццё асобы дзіцяці, перад педагогам стаіць задача стварыць спрыяльныя ўмовы для самараскрыцця магчымасцей дзіцяці, умацавання яго веры ў свае сілы. Педагогу важна ствараць і падтрымліваць даверлівую атмасферу, заахвочваць дзяцей дзяліцца сваім вопытам з іншымі, прызнаваць права дзіцяці на ўласную думку, праводзіць групавую дыскусію, абагульняць і каменціраваць дзіцячыя выказванні.

Павышаная ўспрымальнасць, унушальнасць малодшых школьнікаў у спалучэнні з павышанай цікавасцю да свету дарослых у неспрыяльных умовах могуць стварыць рызыку набыцця шкодных звычак. З іншага боку, у малодшым школьным узросце ў дзяцей асабліва актыўна адбываецца фарміраванне адвольнасці, унутранага плана дзеянняў, пачынае развівацца здольнасць да рэфлексіі. Менавіта таму дзіця можа паспяхова авалодаць сродкамі і спосабамі аналізу свайго стану і паводзін, стану і паводзін іншых людзей, што дазваляе лічыць прафілактыку шкодных звычак у гэтым узросце эфектыўнай. З дапамогай кампетэнтных і зацікаўленых у выніку дарослых дзеці могуць справіцца з любымі цяжкасцямі сталення і рэальнага жыцця.

Псіхалагічнае люстэрка

Аўтапартрэт, які раскажа больш, чым я

Дзеці не часта могуць расказаць таму, хто здольны ім дапамагчы, пра свае праблемы, сумненні, эмоцыі. Як правіла, чым больш складаныя праблемы, тым цяжэй пра іх гаварыць. Разумны, добры і кампетэнтны дарослы іншы раз можа зразумець дзіця без слоў. Як гэтага можна дасягнуць? Адзін са спосабаў, які з’яўляецца інфармацыйным, але ашчаджальным, — малюнкавы тэст ці заданне намаляваць нешта зусім канкрэтнае, напрыклад, аўтапартрэт. Для практычнага вывучэння асаблівасцей самасвядомасці, самаадносін, самаацэнкі асобы ўжываецца тэст “Аўтапартрэт” (тэст адаптаваны Р.Бернсам, ЗША).

У структуры самасвядомасці чалавека звычайна вылучаюць галоўныя складнікі: кагнітыўны (вобраз сваіх якасцей, здольнасцей, знешнасці, сацыяльнай значнасці) і эмацыянальны (самаадносіны, самаацэнка). Іншы раз гэтыя складнікі разглядаюць як уласна самасвядомасць і самаадносіны, інтэгруючы іх у рамках “Я-канцэпцыі”, адэкватнае фарміраванне якой з’яўляецца ўмовай для аптымальнай адаптацыі чалавека да сацыяльнага акружэння. Тэст можа праводзіцца як з дзецьмі, так і з дарослымі. Дзецям цікава паказваць твары і чалавечыя фігуры. Ва ўзросце 10—13 гадоў назіраецца асаблівае імкненне паказаць сябе праз выяву ў малюнку. На аўтапартрэце амаль заўсёды адлюстроўваюцца індывідуальныя асаблівасці характару дзіцяці і яго схільнасці. Аналізуючы аўтапартрэт, можна заўважыць тыя асаблівасці дзіцяці, якія раней не заўважаліся дарослымі.

Інструкцыя: намалюйце самога сябе ў поўны рост. Аўтапартрэт можна маляваць па памяці, па фотаздымку, гледзячыся ў люстэрка. Дайце магчымасць расфарбаваць малюнак на выбар: каляровымі алоўкамі, акварэльнымі фарбамі ці пастэльнай крэйдай на каляровай паперы.

Асаблівасці малюнка трактуюцца наступным чынам:

Галава. Малюнак вялікай галавы звычайна азначае вялікія інтэлектуальныя прэтэнзіі ці незадаволенасць сваім інтэлектам. Малюнак маленькай галавы звычайна адлюстроўвае пачуццё інтэлектуальнай ці сацыяльнай неадэкватнасці.

Вочы. Вялікія вочы на малюнку азначаюць падазронасць, а таксама праяўленне заклапочанасці і гіперадчувальнасці ў адносінах да грамадскай думкі. Маленькія ці заплюшчаныя вочы — самапаглынальнасць і тэндэнцыю да інтраверсіі.

Вушы і нос. Вялікія вушы — адчувальнасць да крытыкі. Акцэнт на носе азначае наяўнасць сексуальных праблем. Выдзеленыя ноздры сведчаць пра схільнасць да агрэсіі.

Рот. Адсутнасць рота азначае або дэпрэсію, або вяласць у адносінах. Добра прамаляваны рот, які кідаецца ў вочы, — магчымыя цяжкасці з маўленнем, іншы раз прымітыўныя аральныя тэндэнцыі.

Рукі. Сімвалізуюць кантакт асобы з навакольным светам. Кволыя, слабыя рукі — фізічная ці псіхалагічныя слабасць. Доўгія, моцныя рукі сведчаць пра амбіцыйнасць і моцную ўцягнутасць у падзеі знешняга свету. Вельмі кароткія рукі азначаюць адсутнасць амбіцыйнасці і пачуццё неадэкватнасці. Скаваныя рукі — замкнутая, абавязковая, жорсткая асоба. Вяла апушчаныя рукі — неэфектыўнасць.

Ногі. Доўгія ногі азначаюць патрэбу ў незалежнасці. Вялікія ногі — нестабільнасць і адсутнасць асновы.

Святлана РАДЗЬКОВА.
Фота аўтара.