Сто ідэй летніх Азёр

Дарослы чалавек, які ўжо адбыўся, часта задае сабе пытанні, якія пачынаюцца словам “навошта”. Любы ўчынак, любое слова павінна быць абгрунтавана гэтым самым “навошта”. Відаць, глыбока сядзіць у натуры чалавечай жаданне прынесці і атрымаць карысць. Навошта прыўносіць новае ў тое, што і так дае нядрэнны плён? Навошта мяняць прывычны ход жыцця і намаганнем волі выбірацца з зоны камфорту? Навошта ўслухоўвацца ў галасы іншых людзей, калі і ў самога ўсё атрымліваецца нядрэнна? Навошта ў канцы чэрвеня з розных куткоў рэспублікі злятаюцца на гродзенскую зямлю “жураўлі” — члены Рэспубліканскага клуба ўдзельнікаў конкурсу прафесійнага майстэрства “Настаўнік года” з прыгожай назвай “Крыштальны журавель”? У кожнага “жураўля” адказ на гэтае пытанне свой, разгорнуты, шматаспектны. Але ўпэўнена, што адно будзе агульным: кожны ўспрымае семінар у Азёрах як крыніцу яркіх ідэй і такога неабходнага ў нашай рабоце натхнення.

Чым вышэйшая якасць людзей, з якімі вы мелі зносіны ў жыцці, тым больш будзе развіта ў вас здольнасць выбіраць людзей высокай якасці для свайго кола зносін.

У гэтым годзе чэрпаць з гэтай крыніцы хацелася поўнай лыжкай. Папярэдняя работа ў групах была праведзена менавіта з разлікам на тое, каб прадэманстраваць як мага больш новага, сучаснага, эфектыўнага. У цэнтры выязнога семінара — пытанні прафесійнага росту педагога: як стаць эфектыўнейшым, як знайсці і “раскруціць” у сабе лідарскія якасці, як павысіць узровень прафесійнай камунікацыі, як навучаць тых калег, якія хочуць і гатовы вучыцца, як і якія асобасныя якасці трэба фарміраваць і развіваць у чалавека, які выбраў сабе прафесію настаўніка, і інш.

Ключавое паняцце семінара — прафесійная кампетэнтнасць педагога. Рух ідэй і думак ішоў па арбіце наступных груп прафкампетэнцый: асобасныя, прадметна-метадычныя, дыдактыка-камунікатыўныя, аналітыка-рэфлексіўныя, андралагічныя. Групы пад кіраўніцтвам мадэратараў збіралі, сістэматызавалі, анансавалі матэрыялы ў рамках кожнай з кампетэнцый.

Неабходныя ўмовы правядзення семінара — выкарыстанне актыўных форм работы, абмеркаванне і ацэнка работы кожнай групы і магчымасцей выкарыстання прапанаванага кантэнту і практычных прыёмаў. Адметная рыса семінара — свабода выказвання сумненняў, прапаноў, ідэй, атмасфера дружалюбнасці і разумення адзінай мэты — дапамагчы зрабіць адукацыю ў рэспубліцы больш сучаснай і эфектыўнай.

Прапаную агляд ідэй, прапанаваных у час правядзення семінара-практыкуму “Развіццё прафесійных кампетэнцый педагога ў працэсе метадычнай работы”.

Блок ідэй 1: “Асоба вызначае жыццёвую пазіцыю”

Асобасныя якасці настаўніка нярэдка вызначаюць асобасныя якасці дзяцей, для якіх гэты настаўнік з’яўляецца аўтарытэтам. Найбольш цяжкая задача — вызначэнне неабходных настаўніку якасцей і спосабаў іх развіцця — стаяла перад групай І.Р.Клявец і А.Я.Гарбар. Ахапіць неабсяжнае немагчыма, таму ўвага была сканцэнтравана на лідарскіх якасцях, а практычная работа праводзілася не толькі ў адведзеныя для прэзентацыі групы паўтары гадзіны, а на працягу ўсіх дзён работы ўдзельнікаў на семінары.

Для таго каб быць лідарам, неабходна перш за ўсё ўсвядоміць свае магчымасці ў гэтым напрамку. Менавіта пра гэта ішла гаворка ў абмеркаванні практыкавання “Хто я?”. Схема правядзення практыкавання простая: удзельнікі разбіваюцца па парах і бяруць адно ў аднаго экспрэс-інтэрв’ю, арыентаванае на тры пытанні:

1. Хто я?
2. Што з’яўляецца самым каштоўным ува мне як у лідары?
3. Якая шкодная ўстаноўка ўплывае на мяне як на лідара?

Удзельнік практыкавання, які вядзе апытанне, дае мінутнае рэзюмэ. Задача вядучага — у гэтым выпадку ім выступала І.Р.Клявец — арганізаваць абмеркаванне рэзюмэ, прадстаўленых парамі. Падчас абмеркавання павінны быць названы самыя важныя лідарскія якасці: уменне браць на сябе адказнасць, уменне чуць і браць пад увагу меркаванне іншых, уменне кантраляваць эмоцыі і жаданне навязаць свой пункт гледжання, уменне прагназаваць вынікі, уменне ўстанаўліваць межы.

Менавіта на гэтае ўменне было скіравана псіхалагічнае практыкаванне “Межы”: удзельнікам былі прапанаваны ніткі, з дапамогай якіх кожны мог абвесці сваю мяжу, у рамках якой яму камфортна. Далей абмеркаванне зводзілася да разумення камфортнасці і дыскамфортнасці ўмяшання ва ўстаноўленыя межы. Пры ўсёй сваёй прастаце гульня атрымалася дынамічная, эмацыянальная, яна дазваляла адчуць свае слабыя бакі ў пытаннях устанаўлення меж зносін, спроб уплываць на межы іншых людзей.

Групай быў прапанаваны тэст, які дыягнастуе наяўнасць некаторых лідарскіх якасцей ва ўдзельнікаў семінара, а самымі важнымі каштоўнасцямі для лідара-педагога аказаліся наступныя:

 справядлівыя адносіны да людзей, праўдзівасць, рашучасць заўсёды гаварыць сабе праўду;
 падтрыманне высокай якасці работы і імкненне да дасканаласці ва ўсім;
 клопат пра шчасце людзей і садзейнічанне асабістаму і прафесійнаму росту калег;
 удзел у інавацыйных праектах.

Блок ідэй 2: “У кожным вучэбным прадмеце заложаны патэнцыял для метадычнай творчасці”

Група пад кіраўніцтвам Д.Г.Мацкевіча прадставіла прадметна-метадычныя кампетэнцыі настаўніка.

Перш за ўсё былі расстаўлены акцэнты ў разуменні слоў “кампетэнцыя” і “кампетэнтнасць”, вызначаны наступныя ўзроўні прадметна-метадычнай кампетэнтнасці:

 метадычная інфармаванасць (адукаванасць) — натуральныя і набытыя ў працэсе метадычнай падрыхтоўкі ўласцівасці і якасці асобы, якія выяўляюцца ў стандартных сітуацыях;
 метадычная дасведчанасць — гатоўнасць выконваць прафесійную дзейнасць у адпаведнасці з прынятымі стандартамі і нормамі;
 метадычная творчасць — здольнасць рашэння прафесійных задач у нестандартных сітуацыях і нестандартнымі спосабамі;
 метадычнае мастацтва — вышэйшая праява кампетэнцыі.

У прэзентацыі групы былі прадэманстраваны ўзоры метадычнай творчасці і нават мастацтва. Прыём “Збяры калаж з гексаў” выклікаў надзвычайную цікавасць ва ўсіх удзельнікаў. На гексах былі прадстаўлены фрагменты фотаздымкаў, а на фліпчарце — ліст з інфармацыяй, якую трэба было суаднесці з фрагментам выявы на гексах. Знаходзіць па фрагменце, эпізодзе цэлае — гэта тое, што неабходна сучаснаму чалавеку, паглыбленаму ў бясконцы паток інфармацыі.

Прыём “Постарная прэзентацыя” быў прапанаваны як больш яркі і сучасны варыянт мазгавых карт і логіка-сэнсавых мадэлей, дзе замест слоў і намаляваных ад рукі сімвалаў выкарыстоўваюцца фотаздымкі, гатовыя табліцы, малюнкі.

Самым нечаканым аказалася тое, што група прапанавала ўсім удзельнікам рашыць алімпіядныя задачы па матэматыцы і паўдзельнічаць у матэматычнай рэгаце. Тое, што здавалася абсалютна немагчымым спачатку, аказалася цалкам даступным, калі работа пачалася па правілах гульні.

Матэматычная рэгата складаецца з трох тураў, у кожным з якіх за пяць мінут намаганнямі групы трэба рашыць адну задачу. Падчас рашэння побач з групай знаходзіцца педагог-памочнік, да якога можна звярнуцца па падказку, калі рашэнне зайшло ў тупік; праўда, пры гэтым зніжаецца колькасць балаў, якія атрымліваюцца за тур. Менавіта гэтая падтрымка знімала страх невыканання задання, а кожны наступны тур, падмацаваны поспехам папярэдняга, выклікаў усё большы азарт.

Выкарыстанне тямнічага пісьма, нестандартнае дзяленне для работы ў парах, работа з параўнальнай табліцай таксама былі прадэманстраваны групай у доказ таго, што прадметна-метадычнае ўдасканальванне мае бясконцы патэнцыял.

Блок ідэй 3: “Усё і адразу”, ці “Працаваць з інфармацыяй і ўзаемадзейнічаць? Гэта проста!”

Група фарміравання і развіцця дыдактыка-камунікатыўных кампетэнцый педагогаў працавала пад кіраўніцтвам І.У.Зубрылінай і В.А.Счасновіч. Творчы падыход педагогаў самых розных прадметаў прывёў да феерверку прыёмаў, якія дапамагаюць навучыцца не толькі паспяховым прафесійным зносінам, але і рабоце з інфармацыяй: “Пазл”, “Спытай мяне”, “Рамонак Блума”, “Знайдзі падвох”, “Разумны пошук”, “Павуціна”, “Сам сабе рэжысёр”, “Арыентацыя на мясцовасці”. Усе прыёмы былі аб’яднаны адной ідэяй — стварыць старонку сайта — і скіраваны на вырашэнне надзённых праблем педагогаў — адчутнасць адзінай педагагічнай скарбонкі, эпізадычнасць публікацый, няўменне сістэматызаваць і абагульняць свой вопыт.

Дакладна арганізавана работа чатырох груп з выкарыстаннем метаду BarCamp — кожная з груп пры адпрацоўцы пэўнага прыёму выконвала сваю ролю (дэманстратары, афарміцелі, журналісты, аналітыкі). Такім чынам, кожны прыём разглядаўся з розных пунктаў гледжання, паралельна запаўнялася аналітычная табліца і напаўнялася інфармацыяй старонка сайта.

Традыцыйны пазл быў прапанаваны ў новым гучанні: фрагментарную інфармацыю неабходна было сабраць з апорай на колер. Традыцыйная размінка ператварылася ў групавую гульню, калі неабходна было паказаць адну з літар алфавіта такім чынам, каб у дэманстрацыі ўдзельнічаў кожны член групы. І нават разлік для дзялення на групы не быў традыцыйным на “раз, два, тры”, а выконваўся пры дапамозе ключавых слоў. І ў кожным заданні развіваліся камунікатыўныя навыкі ўдзельнікаў.

Адзін з прапанаваных метадаў пад жартаўлівай назвай “Шпаргалка” на справе аказаўся самым працаёмкім з прапанаваных.

Кожнаму ўдзельніку групы прапануецца адзін фрагмент тэксту, пры гэтым усе фрагменты (а іх было чатыры) разам складаюць адзіны кантэнт. Кожны чытае свой фрагмент, адзначаючы ў лісце-шпаргалцы тую інфармацыю, якая яму сустрэлася ў тэксце, алоўкам пэўнага колеру. Потым, карыстаючыся агульнай схемай пераказу, кожны па чарзе аднаўляе прачытаную інфармацыю. Слухаючы адно аднаго, усе адзначаюць у сваім лісце-шпаргалцы тыя пазіцыі, якія былі толькі што згаданы, алоўкам пэўнага колеру. На выхадзе, не чытаючы ўсе тэксты, пры дапамозе рознакаляровай маркіроўкі і схемы пераказу кожны можа аднавіць усю інфармацыю без асаблівых праблем. Дзіўна, што інфармацыя, успрынятая на слых, аказваецца настолькі добра засвоенай. Выдатны прыём работы з тэкстам! А ўсяго толькі і трэба 4 рознакаляровыя алоўкі і адна табліца. Вы яшчэ авалодаеце такімі ўменнямі, як уменне слухаць і чуць, вылучаць галоўнае, складаць тэзісы і г.д.

Найбольшы ажыятаж выклікаў прыём “Знайдзі падвох”. Як вядома, у сетцы інтэрнэт велізарная колькасць так званай фэйкавай інфармацыі. Адрозніць праўду ад хлусні бывае няпроста. Удзельнікам трэба было, выкарыстоўваючы прапанаваныя фотаздымкі (фрагменты гэтых фотаздымкаў), прыдумаць непраўдзівую інфармацыю, якую іншыя групы павінны былі распазнаць. Група бліскуча справілася і стварыла яркія, запамінальныя і правакацыйныя фотафэйкі. Атрымаўся па-сапраўднаму нясумны варыянт работы па пошуку фэйкаў.

Шчырую цікавасць выклікаў і прыём “Рамонак Блума”, які адна з груп адпрацоўвала на матэрыяле з рамантычнай назвай “Паданне аб сэры Ланселоце Азёрным і лэдзі Гвінеўры”. Скласці пытанне? Гэта проста, калі вы валодаеце гэтым прыёмам і ў вас ёсць такі вось рамонак:

Група яшчэ раз даказала, што ў рамках адных вучэбных заняткаў можна ўсё і адразу: атрымліваць і запамінаць інфармацыю, вучыцца эфектыўна мець зносіны, атрымліваць задавальненне ад самога працэсу навучання. І дакладна зразумела сутнасць групавой работы. І таксама дакладна і правільна яе арганізавала. І вынік работы груп — створаная старонка сайта. Усё як было задумана. Працаваць з інфармацыяй і ўзаемадзейнічаць? Гэта проста! У гэтым упэўніліся ўсе ўдзельнікі семінара. І падхапілі ідэі гэтага блока.

Блок ідэй 4. “Рэфлексія важная для ўдасканалення”

Перад групай, якая працавала з прыёмамі, якія фарміруюць і развіваюць аналітычныя і рэфлексіўныя кампетэнцыі педагогаў, стаяла цяжкая задача — сказаць новае ў галіне рэфлексіі. Кіраўніцтва групай ажыццяўлялі Г.В.Дудко і Ю.У.Касталомава.

Удалым паваротам у рабоце групы стаў зварот да праблемы абагульнення педагагічнага вопыту, паколькі цяжкасці з гэтым этапам жыцця педагога заснаваны менавіта на недасканаласці аналітычных і рэфлексіўных навыкаў. Тут жа былі названы рэсурсы, якія ёсць у арсенале настаўніка: вывучэнне літаратуры і перыёдыкі, вопыт калег, удзел у конкурсе прафесійнага майстэрства і членства ў клубе “Крыштальны журавель”.

Група выбрала прэзентацыйную тактыку работы з ключавымі паняццямі: “крытычнае асэнсаванне”, “карэкцыя”, “перанармаванне”, “вызначэнне ступені навізны”, “адэкватная ацэнка ўласнай дзейнасці”.

Па прыкладзе групы, якая фарміруе дыдактыка-камунікатыўныя кампетэнцыі, гэтая група прапаноўвала запаўненне аналітычнай табліцы па кожным з прапанаваных прыёмаў: “Сыты і галодны”, “Дзень з жыцця”, “Матрыца”, “Калумбава яйка”, “Мы сям’я” і інш.

Сярод іншых быў прадэманстраваны цудоўны прыём “Пяць крокаў дасягнення поспеху”: удзельнікі планавалі дасягненне якой-небудзь асабіста значнай мэты праз пяць крокаў. Прычым крокі аказваліся цалкам рэальнымі: удзельнікі рухаліся па пяці папяровых “купінах” на падлозе. Пераломным (і самым цікавым!) аказваўся момант, калі вядучы раптам разбураў планы, а ўдзельніку неабходна было хутка пераарыентавацца і зрабіць выгадна для сябе. Значнасць задання вялікая менавіта таму, што яна максімальна набліжае гульню да жыцця: як часта ў нашы планы ўмешваюцца нечаканыя акалічнасці, чужыя планы.

У канцы прэзентацыі групы на фліпчарце з’явілася выява жураўля, крыламі якога сталі рознакаляровыя сілуэты далонек удзельнікаў. Дарэчы, “Далонькі” таксама прыём ацэньвання ўласных ідэй і дзейнасці. Кожны пальчык сімвалізуе крокі асэнсавання: мезенец — асэнсаванне праз мысленне, безыменны — праз блізкасць да мэты, сярэдні палец — праз душэўны стан, указальны — праз магчымасць узаемадзеяння з іншымі, вялікі палец — праз фізічны стан.
Выснова: без рэфлексіі і аналізу ўласнай дзейнасці нікуды… не зрушыся.

Блок ідэй 5.“Чалавек ніколі не стоміцца гуляць”

Група фарміравання і развіцця андрагагічных кампетэнцый працавала пад кіраўніцтвам С.І.Гін і І.В.Якіменкі, а прадмет размовы, канечне, тычыўся ўсіх удзельнікаў семінара, таму што кожны тут так ці інакш працуе з дарослымі. Методыка навучання дарослых — андрагогіка — адрозніваецца шэрагам істотных прымет ад работы з дзецьмі. Задачай групы стала паказаць разнастайнасць прыёмаў гэтай работы. У якасці тэарэтычнай базы выбудавана лесвіца нараджэння андрагога з педагога. Падчас сумеснага з удзельнікамі семінара выбудоўвання лесвіцы прапрацаваны пытанні мэты (навошта настаўніку быць аднрагогам?) і абавязковыя прынцыпы андрагогікі (даванне навучэнцам самастойнасці, апора на іх вопыт, практычная скіраванасць, перавага актыўных форм навучання).

А далей было нечаканае ператварэнне сур’ёзнай размовы ў не менш сур’ёзную… гульню ў рулетку! Канечне, гэта была метадычная рулетка, дзе за кожным лікам (на які можна было зрабіць рэальную стаўку) хаваўся адзін са шматлікіх прыёмаў работы. Кожны ўдзельнік, чыя стаўка згуляла пасля чарговага круга ваўчка, праводзіў ці каменціраваў прыём, які яму выпаў. 36 прыёмаў было падрыхтавана групай. І згуляна было нямала: “Кросенс”, “Воблака хаосу”, “Дрэва мудрасці”, “Джокер”, “Кубікі гісторыі” і іншыя. Канечне, немагчыма прагуляць іх усе за паўтары гадзіны, але кожны ўдзельнік семінара атрымаў спасылку (QR-код) на іх падрабязнае апісанне ў электронным фармаце.

У якасці эфектыўнага прыёму работы з тэкстам, які падыходзіць не толькі для дарослых, але і для дзяцей, было прапанавана практыкаванне “Рваны тэкст”. Групам даецца тэкст для беглага вывучэння па нестандартных пытаннях: колькі кропак у тэксце (не забыць улічыць усе кропкі ў шматкроп’ях і літарах ё); колькі дзеясловаў у тэксце; які сказ з’яўляецца самым доўгім і інш. Пасля такога вывучэння чацвёртая частка тэксту з правага ці левага краю тэксту проста адрываецца. Задача груп — аднавіць адарваны фрагмент. Гэты прыём пераканаўча даказвае, што франтальная работа з тэкстам пры правільнай арганізацыі дае свае вынікі, а само вывучэнне матэрыялу такім чынам праходзіць нясумна і эфектыўна.

Выснова пра работу групы фарміравання і развіцця андрагагічных кампетэнцый: прадуманае прымяненне гульні выдатна працуе не толькі ў дзіцячай, але і ў дарослай аўдыторыі.

Цяжка пералічыць і тым больш апісаць усе прыёмы, прапанаваныя “жураўлямі” ў час семінара. Чэрпайце поўнай чарай, прымяняйце, эксперыментуйце, ператварайце ў сваё! І не забывайце дзяліцца! Дзяліцца з калегамі на фестывалях і семінарах.

Канечне, жыццё ў Азёрах не вычэрпвалася толькі работай. Адбыліся і традыцыйныя малыя алімпійскія гульні з абсалютна новымі, цудоўнымі, нестандартнымі заданнямі, якія з такой творчасцю правялі настаўнікі фізічнай культуры і здароўя; азёрны баль — з яго чараўніцтвам і дзівоснай атмасферай дабра і радасці, дзе творчыя здольнасці ўдзельнікаў клуба праявіліся на поўную сілу, а нестандартнасць мыслення і творчы падыход вядучых балю А.Б.Пратасевіч і І.В.Якіменкі прынеслі ўсім велізарнае задавальненне. Традыцыйна праводзілася і інтэлектуальная гульня “Мазгабойня” (як жа без праверкі і трэніроўкі інтэлекту і бегласці мыслення), так прыгожа і надзвычай дакладна арганізаваная і праведзеная Д.Г.Мацкевічам.

І, канечне, вечар успамінаў. Успамінаў пра тое цёплае, сапраўднае, незвычайнае, што моцна звязана з клубам і Азёрамі і ніколі не будзе ранейшым.

Гэта былі 10-я Азёры, юбілейныя. Ёсць вынік. Многа зроблена. Многа новых ідэй. І галоўнае — жаданне і магчымасць гэтымі ідэямі дзяліцца. Працаваць у камандзе. Чуць і слухаць іншых. І ствараць! Разам. Нягледзячы на адлегласць і рознапрадметнасць, якія раздзяляюць усіх, багацце і амбіцыі кожнага. Ствараць у камандзе. Цікава, прадукцыйна і проста здорава!

Што ж, да новага прылёту ў Азёры засталося крыху менш за 365 дзён… Крыху менш за 365 дзён актыўнай работы, новых ідэй, бясконцай творчасці!

Вольга КІСЛОВА,
член клуба “Крыштальны журавель”.