Хто падрыхтуе дарослых будучыні

Калі параўнаць адукацыю з жылым домам, то што ў ім галоўнае для чалавека? Каб было цёпла, утульна, бяспечна і можна было развівацца. Гэта важна для ўсіх, хто жыве ў доме, як дзецям, так і дарослым. Псіхалагічны мікраклімат у нашым метафарычным доме ствараюць у асноўным дарослыя, а дзеці ў ім існуюць, жывуць шчасліва ці не, развіваючыся інтэнсіўна, дынамічна, мала-памалу ці нават насуперак. Хто ў доме гаспадар? Дарослы. А ў адукацыйным доме хто? Педагог, настаўнік. Вопытныя і аўтарытэтныя псіхолагі, такія як Юлія Гіпенрэйтэр, Аляксандр Савянкоў, развіваючы тэму, якая нас зараз цікавіць, разважаюць пра патрабаванні да адукацыйнага працэсу, сучаснага педагога.

Дыялог з чытачом

Гучаць і традыцыйны думкі, што педагог як транслятар ведаў не патрэбен, дакладней яго недастаткова, пра баланс свабоды і кантролю, але і, на першы погляд, парадаксальныя, што бацькі павінны супрацьстаяць школе (станьце саюзнікамі вашых дзяцей супраць школы), калі пераканаліся ў яе жорсткіх адносінах да іх дзіцяці. І прыклад з гісторыяй, у якой Карней Чукоўскі рашаў за дачку ўсе заданні, чым прыводзіў у жах яе настаўніцу арыфметыкі. Ён адказваў на папрокі педагога: “Ёй гэта не патрэбна, яна вершы любіць”. І, сапраўды, Лідзія Чукоўская стала выдатным літаратарам. Юлія Гіпенрэйтэр удакладняе, каб быць дакладна і правільна зразумелай: “Я не заклікаю рабіць за дзіця дамашняе заданне, але калі вы будзеце “закручваць гайкі” ў вучобе, то ў яго знікне ўсялякае жаданне вучыцца. Менавіта гэта робіць жорсткім рэжым школы. У большасці нашых дзяцей няма жадання. Няма матывацыі вучыцца”.

Ваша задача не ў тым, каб дзіця па ўсіх прадметах атрымлівала “дзясяткі” альбо “дзявяткі”. І не толькі ў тым, каб яно рабіла ўсё “як належыць”, вырасла адказным чалавекам. На працягу доўгага часу дзяцей выхоўвалі пад лозунгам “Каб яны былі паспяховымі”. Цяпер мэты памяняліся на “Каб яны былі шчаслівымі”. Што менавіта нам неабходна ўлічыць і пераняць з такога хвалюючага меркавання псіхолага? А вось што: у адукацыі ўвогуле, у школьнай у прыватнасці важна, каб прысутнічалі гібкасць падыходу да дзяцей, умеранасць нагрузкі, чуласць пры ўспрыманні асобы дзіцяці педагогамі і бацькамі.

Яшчэ меркаванне занепакоенага ўдасканальваннем сучаснай адукацыі прафесіянала доктара філалагічных і біялагічных навук Таццяны Чарнігаўскай. Яна лічыць, што педагогу важна эмацыянальна заахвоціць вучня цікавасцю да свайго прадмета, не толькі тлумачыць, але і камента­ваць, правакаваць, выклікаць на дыялог. А так забяспечваць вучэбны працэс можа толькі педагог з гібкім, творчым, самастойным мысленнем. І паступова за настаўнікамі з’явяцца і вучні з новымі якасцямі мыслення: “Людзі з адкрытай свядомасцю, у якіх расплюшчаны вочы, вушы чуюць, нос прынюхваецца і мазгі, якія не залеплены пластылінам”, — упэўнена кіраўнік лабараторыі кагнітыўных даследаванняў Т.Чарнігаўская.

Згодны мы з гэтымі ідэямі ці не, прымем да ведама, разгледзім і вызначымся, успомніўшы антычную муд­расць: “Прыкмета светлага розуму — здольнасць разглядаць ідэю, нават не прымаючы яе”. А таксама на ўсялякі выпадак і словы Томаса Альвы Эдзісана: “Разгубленасць і незадавальненне — галоўныя і абавязковыя ўмовы прагрэсу”. І ўсё ж неаспрэчная і, напэўна, прынятая ўсімі зацікаўленымі ў якасці сваёй працы педагогамі думка, што ўдасканаль­ваць сваю інтэлектуальную, эмацыянальную гібкасць і паво­дзіны неабходна бясконца, заўсёды. Прапануем трэнажор для гэтых мэт — набор практыкаванняў, якія шліфуюць гібкасць мыслення, адкрытасць прафесійнай свядомасці, гатоўнасць да навізны.

Практыкаванне “Аловак у тэму”. Дайце назву (загаловак) набору алоўкаў ці ручак, каб матываваць вучняў да навучання. Акрамя таго, прыдумайце фразы ў межах тэмы, якія можна было б напісаць на кожным алоўку ці ручцы набору. Можна з гумарам, можна арыентавацца на змест вашага прадмета, на інтарэсы вучняў па ўзросце, агульначалавечыя каштоўнасці.

Дарэчы, цяпер у продажы з’явіліся такія крэатыўныя скрыначкі з алоўкамі. Напрыклад, набор “Алоўкі на любое надвор’е” з надпісамі на іх: “сонечна”, “штармавое папярэджанне”, “ветрана”, “ясна”, “воблачна”. “Дэпрэсіўныя алоўкі” з надпісамі на іх: “Калі не ўмееш здымаць стрэс — не апранай”, “Калі ты не лечыш дэпрэсію, значыць яна хварэе”, “З дэпрэсіі ёсць два выхады: вакзал і аэрапорт”. Яшчэ падказаныя магазінам тэмы для набораў: “Сямейная філасофія”, “Тыдзень”, “Бос”.

Заданне “Тры залатыя правілы”. Уільям Самерсет Маэм сказаў: “Існуюць тры залатыя правілы, як пісаць апавяданні, але, на жаль, яны невядомыя”. Сфармулюйце тры “залатыя”, да гэтага невядомыя ідэі для стварэння цудоўнага, запамінальнага ўрока, пазакласнага мерапрыемства.

Заданне “Паляпшэнне прадмета”. 1. Як можна змяніць цацачнага слана, каб з ім цікава было гуляць дзецям? 2. Прапануйце стваральнікам і вытворцам мабільных тэлефонаў ідэі новых опцый, якія маглі б пазбавіць ад негатыўнага ўплыву тэлефона на вучэбны працэс ці дапамагалі б школьніку і педагогу.

Заданне “Нестандартнае выкарыстанне”. 1. Прыдумайце як мага больш спосабаў незвычайна выкарыстоўваць кардонныя скрынкі. Любога памеру, у любой колькасці. Не абмяжоўвайце сваю фантазію. 2. А цяпер стварыце як мага больш арыгінальных пытанняў пра гэтыя скрынкі. (Ці памятаюць скрынкі, што ў іх захоўвалася раней?)

Заданне “Незвычайная сітуацыя”. Якія незвычайныя рэчы маглі б адбыцца, якія наступствы магла мець гэтая сітуацыя: “Да воблакаў прымацаваны вяроўкі, і яны звісаюць да самай зямлі”?

(Прыклады наступстваў: з’явілася б служба бяспекі падарожжа па вяроўках; анёлы маглі б спускацца да лю­дзей; у засуху людзі маглі б за вяровачку прыцягнуць воблака на свой участак і паліваць яго, пацягнуўшы за вяровачку
і г.д.)

І яшчэ неверагодныя сітуацыі для трэніроўкі на выбар: “Павялічыцца ў пяць разоў сіла цяжару Зямлі; усе вялізныя геаметрычныя фігуры ператворацца ў плоскія; знікнуць канчаткі ва ўсіх словах рускай мовы; з жыцця людзей адразу і зусім знікне спорт; каэфіцыент трэння ва ўсіх рэчывах на Зямлі паменшыцца ў 20 разоў; усе металы ператворацца ў золата”.

Памятаем, дарагія чытачы, што важна не толькі тое, што чалавек робіць, але і тое, як ён гэта робіць. Пачынаючы працаваць з практыкаваннямі, пачуем парады людзей паспяховых і шчаслівых, якія зрабілі сабе імя, — М.Прышвіна і А.Эйнштэйна: першая прыступка любой творчасці — самазабыццё; фантазія важнейшая за веды, таму што любыя веды абмежаваны.

Псіхалагічнае люстэрка

Сіла інтуіцыі — у справу!

Інтуіцыя чалавека карысная для многіх прафесій, у тым ліку і педагога. Кіруючыся ёй, мы, паспяховыя, творча настроеныя, праяўляем гібкасць. Але здараецца, што інтуітыўнае памылковае. Як балансаваць, у якой меры кіравацца інтуіцыяй, які ўзровень развіцця менавіта вашай інтуіцыі, падкажа тэст “Сіла інтуіцыі”.

Інструкцыя. Адзначце крыжыкам ці галачкай тыя характарыстыкі, якія на вашу думку, тыповыя для вас.

  1. Калі ў мяне няма гатовага адказу, я:

а) спакойны; б) неспакойны.

  1. У сітуацыі нявызначанасці я:

а) дэзарыентаваны (пасую); б) спакойны, засяроджаны.

  1. У сітуацыях спаборніцтва я глыбока захоплены:

а) амаль заўсёды; б) рэдка.

  1. Калі мая інтуіцыя супярэчыць фактам, звычайна я:

а) давяраю пачуццям; б) прытрымліваюся логікі.

  1. Пры вырашэнні складанай праблемы я:

а) засяроджаны на пошуку яе рашэння; б) чакаю, калі прыйдзе рашэнне.

  1. Калі я не згодны з меркаваннем іншых людзей:

а) кажу пра гэта адкрыта; б) прытрымліваюся свайго меркавання.

  1. Увогуле я:

а) аддаю перавагу ўжо выпрабаванаму шляху; б) люблю рызыкаваць.

  1. Пры вырашэнні праблемы я мяняю стратэгію:

а) рэдка; б) часта.

  1. Я хачу, каб мне гаварылі:

а) як я павінен рабіць; б) што павінна быць зроблена.

  1. Калі сітуацыя ўскладняецца, я:

а) ажыўляюся; б) хвалююся.

  1. Пры сутыкненні з праблемай, звычайна я:

а) спачатку намячаю план і напрамак работы; б) адразу пагружаюся ў работу.

  1. У большасці выпадкаў:

а) усялякія змены непакояць мяне; б) я рады нечаканым зменам.

  1. Я чытаю:

а) пра розныя істоты, у тым ліку выдуманыя; б) фактычны матэрыял, які мае дачыненне да маёй работы (заняткаў).

  1. Калі маё меркаванне адрозніваецца ад меркавання спецыяліста, я звычайна:

а) абапіраюся на свае веды; б) прытрымліваюся аўтарытэту.

  1. Калі па рабоце я сутыкаюся адначасова з некалькімі заданнямі, я:

а) выконваю іх паралельна; б) выконваю іх паслядоўна.

  1. У вучобе (пры засваенні новага) я:

а) спачатку засвойваю правілы і інструкцыі; б) прыступаю да матэрыялу, а правілы вучу ўжо падчас справы.

  1. У працы я аддаю перавагу:

а) прытрымлівацца ўстаноўленых правіл і прадпісанняў; б) ствараю свой парадак і прытрымліваюся яго.

  1. У школе мне лепш даюцца (даваліся):

а) адказы на адкрытыя пытанні (накшталт сачыненняў, разважанняў і г.д.); б) адказы на закрытыя пытанні (кароткія “так”, “не”, “столькі” і г.д.).

  1. У асноўным я:

а) ідэаліст; б) рэаліст.

  1. Калі я памыляюся:

а) правяраю сябе яшчэ раз; б) забываю пра гэта і працягваю далей.

  1. У розных сітуацыях я:

а) звычайна магу растлумачыць, адкуль я нешта ведаю; б) звычайна не магу гэта растлумачыць.

  1. Пры апісанні і тлумачэнні я больш абапіраюся на:

а) аналагічныя эпізоды; б) факты і прыклады.

  1. Мяне звычайна можна пераканаць:

а) звяртаючыся да сэнсу; б) звяртаючыся да эмоцый.

  1. Калі я памыляюся, то:

а) ахвотна прызнаю гэта; б) абараняюся.

  1. Хутчэй за ўсё я:

а) фантазёр; б) практык.

  1. Пры вырашэнні складанай праблемы я:

а) прашу парады; б) стараюся справіцца сам.

  1. Непрадказальныя людзі:

а) абураюць мяне; б) мне цікавыя.

  1. Атрымліваючы заданне на наступны тыдзень, я звычайна гавару:

а) “Давайце дамовімся пра дакладны час”; б) “Паведаміце мне за адзін дзень”.

  1. Калі мае планы парушаюцца, я:

а) хвалююся; б) спакойна прымаю новы план.

  1. Да сваіх здагадак я стаўлюся з:

а) энтузіязмам; б) недаверам.

  1. Большасць маіх сяброў і калег:

а) вераць у інтуіцыю; б) ставяцца да яе скептычна.

  1. Мяне лічаць:

а) чалавекам ідэі; б) чалавекам дэталі.

Ключ

Вы атрымліваеце 1 бал, калі выбралі варыянт адказу “а” ў наступных пытаннях: 1, 3, 4, 6, 10, 13, 14, 15, 18, 19, 22, 24, 25, 30, 31, 32.

Вы атрымліваеце 1 бал, калі выбралі варыянту адказу “б” у наступных пытаннях: 2, 5, 7, 8, 9, 11, 12, 16, 17, 20, 21, 23, 26, 27, 28, 29.

Высокі бал па апытальніку — гэта паказчык пазітыўных, інтуітыўных паводзін (арыентаваных на здагадку). Калі ваша агульная колькасць балаў 24 і больш, вы валодаеце тэндэнцыяй інтуітыўнага падыходу да прыняцця рашэння і праблем. У асноўным вы абапіраецеся на сваю інтуіцыю, і часта яна вас не падманвае.

Колькасць балаў 16—23. Вы можаце мяняць (вар’іраваць) свой стыль, але аддаяце перавагу інтуіцыі, а не аналізу і сінтэзу. Інтуіцыя часцей за ўсё праўдзівая, чым памылковая.

Колькасць балаў 8—15. У вас змешаны стыль, але бліжэй да аналізу і сінтэзу, рацыянальны. Інтуіцыя можа вас падманваць.

Колькасць балаў меншая за 8. У вас пераважае сістэмна-рацыянальны падыход да праблем. Вы не давяраеце сваёй інтуіцыі, таму што раней яна вас падманвала.

Святлана РАДЗЬКОВА.
Фота аўтара.