На запаветную “сотку”

Сёлета на 100 балаў цэнтралізаванае тэсціраванне ў краіне напісалі 392 абітурыенты 408 разоў. 16 абітурыентаў здалі на запаветную “сотку” адразу два ЦТ.

У іх ліку выпускніца сярэдняй школы № 34 Магілёва Ірына Комлева, якая атрымала пераможныя 100 балаў па грамадазнаўстве і замежнай мове. Два балы Ірыне не хапіла да сотні і па рускай мове. Такога высокага выніку дзяўчыне дазволілі дабіцца вялікая працаздольнасць, мэтанакіраванасць, упартасць. Надзейна і ўпэўнена вялі Ірыну да поспеху яе настаўнікі Галіна Мікалаеўна Бяляева (грамадазнаўства), Марына Васільеўна Кіслячэнка, Ганна Міхайлаўна Маліноўская (англійская мова), Валянціна Сямёнаўна Лявончыкава (руская мова).

Як падрыхтаваць вучня да паспяховай здачы ЦТ? Як выбудаваць эфектыўную сістэму работы? На якія моманты звярнуць увагу? Вопытам работы педагогі 34-й магілёўскай школы падзяліліся з нашымі чытачамі.

Галіна Мікалаеўна БЯЛЯЕВА, настаўніца гісторыі і грамадазнаўства:

— Я не стаўлю перад сабой мэту падрыхтоўкі вучняў да цэнтралізаванага тэсціравання, а проста, пачынаючы з 5 класа, працую з высокаматываванымі вучнямі. Які напрамак для дасягнення свайго поспеху выбера дзіця, вырашаем трыумвіратам “настаўнік — вучань — бацькі”. Прычым прафарыентацыйную работу пачынаю з першага дня нашага знаёмства з дзецьмі. Я задаю ім пытанні накшталт: куды ты хацеў бы паступіць; якія ў цябе інтарэсы; кім ты бачыш сябе ў будучыні? Я разумею, што ў 5 класе дзіця яшчэ не вызначылася з выбарам прафесіі, аднак вылучаю вучняў, у якіх ёсць здольнасці да гуманітарных прадметаў. Адразу знаёмлюся і з іх бацькамі. Пастаянна адсочваю, як вучыцца дзіця, што яму неабходна замацаваць, падвучыць, падкарэкціраваць. Часам раю бацькам пракантраляваць, ці вывучаны дзіцем матэрыял. Прашу школьнікаў не сядзець у сваім пакоі з падручнікам, а падзяліцца сваімі ведамі з бацькамі, расказаць ім матэрыял па гісторыі. Пры гэтым развіваюцца не толькі памяць, лагічнае мысленне, прасочваецца сувязь з іншымі вучэбнымі прадметамі, але і фарміруюцца навыкі прамоўніцкага майстэрства — дзіця павінна ўмець данесці сваю думку. Калі вучань дасягае пэўных поспехаў, ніколі не забуду падзякаваць бацькам.

Імкнуся працаваць на апярэджванне. Ужо з сярэдняга звяна размаўляю з вучнямі на мове, на якой гаварыла б з дзесяцікласнікамі, ужываю тэрміналогію, якая ў далейшым спатрэбіцца ім на ўроках. Адразу заўважаю, хто злавіў маю думку, хто запомніў ці ўжывае тое ці іншае паняцце.

Да 8 класа рыхтую дзяцей да алімпіяды па сусветнай гісторыі і гісторыі Беларусі, а ў 9 класе ў іх ёсць ужо выбар: працягваць займацца гісторыяй, паспрабаваць сябе ў алімпіядным руху па грамадазнаўстве, рыхтавацца да ЦТ. На вучэбных занятках дыферэнцырую заданні, каб кожны вучань змог сябе паказаць у адпаведнасці са сваімі здольнасцямі. Пастаянна прапаноўваю дадатковыя заданні на выбар: падрыхтаваць паведамленне, прэзентацыю. Вучу пісаць эсэ, прыцягваю вучняў да даследчай дзейнасці. Апошнія чатыры гады мае выхаванцы з’яўляюцца пераможцамі Рэспубліканскага конкурсу даследчых работ навучэнцаў па грамадазнаўстве. Напрыклад, сёлета дыплом І ступені за работу “Навагодні зварот кіраўніка дзяржавы як форма палітычнай камунікацыі” заваяваў Дзмітрый Варэннікаў. Удзел у навукова-практычных канферэнцыях і даследчых конкурсах дае магчымасць сфарміраваць уменні трымаць сябе на публіцы, правільна будаваць адказ, выказвацца.

Работа працягваецца і на факультатыўных занятках. Так як алімпіяда па грамадазнаўстве складаецца з дзвюх частак, пастаянна адпрацоўваем не толькі тэсты, але і праблемныя заданні на разважанне. Грамадазнаўства — прадмет шматгранны, які ўключае веды па паліталогіі, сацыялогіі, псіхалогіі, філасофіі, рэлігіязнаўстве, таму і вучні, і я сама знаходзімся ў пастаянным пошуку дадатковых матэрыялаў. Падручнік — гэта база, аднак прадмет трэба ведаць намнога глыбей і шырэй.

Часта вучні спрабуюць сябе ў ролі настаўніка. Ім прапаноўваецца падрыхтаваць пэўны фрагмент урока ці быць памочнікам педагога на працягу пэўнага этапу: не проста расказаць матэрыял, а зрабіць так, каб твой аднакласнік зразумеў яго і засвоіў, а напрыканцы ўрока добра выканаў яшчэ і тэставае заданне.

Акрамя факультатыўных заняткаў, рознаўзроставая група высокаматываваных вучняў збіраецца пасля ўрокаў літаральна кожны дзень. Пакуль малодшыя выконваюць пэўнае заданне, я магу папрацаваць са старэйшымі. Часам старшакласнікі кантралююць выкананне заданняў дзяцьмі малодшага класа. Атрымліваецца, што дзесяцікласнікі апытваюць дзевяцікласнікаў і паўтараюць матэрыял, які яны ўжо вывучалі. Акрамя таго, вопыт удзелу ў алімпіядах дазваляе задаць тое ці іншае пытанне з пэўнай пазіцыі.

За некалькі гадоў дзецьмі прарэшваецца вялікая колькасць тэстаў: з мінулагодніх ЦТ і складзеных мной, бо неабходна навучыць школьніка бачыць пытанне. Калі-нікалі бывае, што дзіця лічыць, што вывучыла матэрыял, а ты перайначваеш заданне — і яно яго ўжо не рашае, бо не разумее. Каб разумець заданні, вучань павінен яшчэ і сам умець фармуляваць іх. Дарэчы, дзеці стамляюцца, таму на пэўным моманце трэба памяняць від задання, каб ім было цікава і была магчымасць адпачыць.

Вельмі важная пры падрыхтоўцы вучняў да алімпіяды ці ЦТ сітуацыя поспеху. Я выкарыстоўваю такі прыём: вучні выконваюць заданні, за іх атрымліваюць балы, і гэтыя балы сумуюцца. Вучні бачаць свой рэйтынг за дзень, тыдзень, месяц. У выніку ў групе пануе здаровая канкурэнцыя. Важна і заахвочваць вучняў. У 2013 годзе быў падпісаны дагавор аб супрацоўніцтве з кафедрай археалогіі Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Аркадзя Куляшова, і нашы вучні маюць магчымасць удзельнічаць у археалагічных раскопках. Таму нават калі дыплом для вучня матывам не з’яўляецца, у яго ёсць магчымасць адчуць сябе сапраўдным археолагам.

Трэба аздзначыць і тое, што калі хтосьці з вучняў хварэе, то работа вядзецца дыстанцыйна, часам па Skype. Нельга збіваць тэмп падрыхтоўкі. Усё залежыць ад дзяцей, іх характару і ад таго, як яны адчуваюць настаўніка. Калі яны знойдуць адзін аднаго, то і поспех абавязкова будзе.

Ганна Міхайлаўна МАЛІНОЎСКАЯ, настаўніца англійскай мовы:

— Падрыхтоўка да ЦТ з’яўляецца важным этапам для тых вучняў, якія сур’ёзна задумваюцца аб атрыманні вышэйшай адукацыі пасля заканчэння школы. Аднак зводзіць усю сутнасць школьнай адукацыі да паспяховай здачы тэсціравання ў корані няправільна. Маё глыбокае перакананне — нельга вучыць прадмет толькі таму, што трэба здаць ЦТ. Важна перавесці матывацыю вучня ў іншую плоскасць: англійская мова будзе карыснай для самаадукацыі на працягу ўсяго жыцця і для паспяховага прасоўвання ў любой сферы дзейнасці. Сёння, калі інфармацыя становіцца стратэгічным рэсурсам развіцця грамадства, а веды — прадметам адносным і ненадзейным, бо хутка старэюць і патрабуюць у інфармацыйным грамадстве пастаяннага абнаўлення, становіцца відавочным, што сучасная адукацыя — гэта бесперапынны працэс. Калі ў настаўніка атрымліваецца пераканаць сваіх вучняў у бясконцасці пазнання, відавочным для іх становіцца марнасць пытання, калі пачынаць падрыхтоўку да ЦТ: чым раней, тым лепш.

У такім выпадку падрыхтоўка не стане аўтаматычным зазубрываннем “карыснай інфармацыі”, а будзе ўсвядомленым працэсам сістэматызацыі і аналізу ўжо назапашаных ведаў. Безумоўна, любы экзамен (у дадзеным выпадку тэсціраванне) — гэта фармальная працэдура, і, рыхтуючыся да яго, вучань павінен асвоіць стратэгіі выканання ўсіх відаў тэставых заданняў, прыкласці намаганні да трывалага запамінання нават не правіл, а так званых прыватных выпадкаў ужывання той ці іншай граматычнай з’явы. Але я на сваіх уроках імкнуся данесці да маіх вучняў, што мова — тонкая жывая тканіна, і фармальнасць падыходу да яе вывучэння можа прывесці да значнага спаду матывацыі і актыўнасці засваення. Лічу, што механічнае завучванне схем і граматычных правіл не можа прывесці да жаданага высокага выніку на ЦТ, бо з большасцю заданняў нельга паспяхова справіцца без ведання значэння слова і развітой моўнай інтуіцыі.

На сваіх уроках імкнуся дапамагчы вучням падабраць унікальныя, якія працуюць асабіста для іх, сродкі складання ўласнага лексічнага запасу (па магчымасці багатага). Даўно ўжо сказалі “не” завучванню слоў спісам. У размове мы аперыруем гатовымі словазлучэннямі (collocations), або lexicalchunks. Менавіта ў выглядзе такіх кавалкаў слоўнікавы запас захоўваецца ў памяці, гатовы да ўжывання і імправізацыі. Пры выбары новай лексікі выбіраць лепш не асобныя словы, а ўстойлівыя словазлучэнні. Потым можна замяніць адны словы другімі і атрымаць шмат новых выразаў — матрыца ўжо гатовая!

Можна выбіраць і асобныя словы, але тады пажадана дадаць больш прыкладаў і кантэкстаў іх ужывання. Абавязкова запісваць англійскія выразы. (Калі, вядома, вучні хочуць нешта запомніць і павялічыць слоўнікавы запас.) Калі вучні разумеюць прынцып, якую лексіку выбіраць і як запісваць новыя выразы, такая работа пераходзіць у плоскасць самаадукацыі.

Асноўная праблема вучняў падчас выканання заданняў па чытанні: яны спрабуюць зразумець словы, а не сэнс тэксту або асобнага абзаца. Тым самым губляюць каштоўны час. Як ні парадаксальна гэта прагучыць, але я лічу, што, каб вучань свабодна адчуваў сябе падчас праходжання пісьмовага тэсціравання, на вучэбных занятках трэба шмат працаваць вусна. Неабходнасць хутка афармляць свае думкі пры дапамозе слоў у вусным маўленні вядзе да фарміравання ўстойлівага навыку такога ж хуткага пазнавання іх у тэксце.

Гутаркі на ўроках стараюся перавесці ў менш фармальную плоскасць, бо, калі вучні самі ініцыіруюць прадмет абмеркавання, яны больш ахвотна ўступаюць у размову і іх удзел становіцца асобасна значным. Часта выкарыстоўваю кароткія анімацыйныя відэа з субцітрамі (адукацыйныя інтэрнэт-рэсурсы валодаюць вялікай разнастайнасцю цікавых і небанальных тэм), прагляды якіх лёгка інтэграваць у тэматычныя ўрокі.

Валянціна Сямёнаўна ЛЯВОНЧЫКАВА, настаўніца рускай мовы і літаратуры:

— Цэнтралізаванае тэсціраванне па рускай мове здаюць практычна ўсе адзінаццацікласнікі. Нагрузка на настаўніка вялікая: адной гадзіны рускай мовы ў 10—11 класах вельмі мала, каб падрыхтаваць дзяцей выканаць ЦТ і атрымаць добрыя вынікі. Таму задача педагога — пачаць падрыхтоўку яшчэ ў сярэднім звяне. З гэтай мэтай практыкую выкананне тэстаў дазіравана яшчэ ў 5 класе — развіццё маўленчых уменняў і навыкаў у гэтым узросце стаіць на першым месцы, аднак дзіця павінна навучыцца працаваць з рознымі відамі матэрыялаў, у тым ліку і тэставымі. Тэсты выкарыстоўваю як спосаб кантролю, як уваходную дыягностыку на этапах актуалізацыі ведаў і адпрацоўкі практычных уменняў.

На мой погляд, матэрыял па рускай мове неабходна аб’ядноўваць, дзе ёсць такая магчымасць, у блокі, бо вывучэнне асобных тэм, звязаных па сваёй структуры, тэматыцы, змесце, уносіць пэўную фрагментарнасць у веды. Аб’яднанне тэмы ў блок садзейнічае таму, што вучань бачыць праблему цэласна і вучыцца яе вырашаць. Арфаграмы пасля шыпячых у корані, суфіксе і канчатку, арфаграмы ў прыстаўцы, арфаграмы на галосныя, якія чаргуюцца, мы вывучаем блокам. Арфаграфія вывучаецца ў 5—7 класах, і калі ёсць магчымасць такога абагульнення матэрыялу, прапаную дзецям тыя тэставыя заданні, якія даюцца і на ЦТ. Напрыклад, у 7 класе дзецям прапаноўваю тэсты мінулых гадоў па асобных тэмах. Акрамя таго, тэматычны кантроль па тэстах абавязковы. Галоўнае пры гэтым, каб дзеці ведалі тэорыю (не зубрылі даслоўна, а разбіраліся).

У старшых класах для падрыхтоўкі мы выкарыстоўваем усялякія формы вучэбнай і пазавучэбнай дзейнасці. Вучні наведваюць факультатыўныя, стымулюючыя і падтрымліваючыя заняткі. І калі дзеці прыходзяць у 10 клас, я абавязкова праводжу ўваходную дыягностыку, дзе бачу ўзровень вучня па рабоце з цэласным тэкстам. Вынікі бываюць розныя. Калі дзеці дэманструюць вынік на 60% — гэта паказчык таго, што ў сярэднім звяне мы добра папрацавалі. Пасля дыягностыкі фарміруецца група больш моцных вучняў і група тых, хто слабейшы. Для моцных дзяцей я прапаноўваю карту-табліцу індывідуальнага маршруту па падрыхтоўцы да ЦТ. У гэтай карце ёсць пералік тэм, якія патрэбны для тэсціравання, спіс літаратуры да кожнай тэмы і калонкі, у якія заносяцца вынікі дыягнастычнага тэста, тэматычнага тэста, школьнага тэсціравання, вынікі трох этапаў рэпетыцыйнага тэсціравання. Гэта значыць, калі дзіця ўзмоцнена самастойна працуе з тэарэтычным матэрыялам, табліцамі, алгарытмамі, пры неабходнасці прыходзіць на кансультацыі, то і вынік не прымусіць чакаць. З іншымі дзецьмі мы працуем сумесна. Часам прыцягваю дзяцей, якія добра вучацца, для работы ў групах, дзе яны могуць быць кансультантамі, могуць правесці з іншымі пэўныя тэставыя заданні. Вынікі фіксуюцца, я вяду карту маніторынгу для кожнага вучня і бачу, як яны паспяваюць па тэмах, наколькі паспяхова ўдзельнічаюць у рэпетыцыйным тэсціраванні, і ў залежнасці ад таго, дзе фіксую праблемы, прызначаю або групавыя кансультацыі, або індывідуальныя. Вучням прапаноўваецца шмат тэстаў-трэнажораў, якія ёсць і ў інтэрнэце.

Ёсць тэставы матэрыял, які не рэгламентуецца правілам: слоўнікавыя словы, маўленчыя памылкі, захоўванне арфаэпічных норм. Ён прапануецца на ўроках у выглядзе размінак (арфаэпічнай, арфаграфічнай і інш.). У нас ёсць стэнды, дзе вывешваецца зменная інфармацыя па слоўнікавых словах, словах з пэўным націскам, фразеалагізмах. На кожным уроку праводзім інфармацыйныя хвілінкі, дзе вучні даведваюцца пра той ці іншы фразеалагізм. На гэта на ўроку вылучаецца 5—6 мінут.

Заняткі практычнага характару дазваляюць знізіць псіхалагічнае напружанне вучняў. Яны вучацца працаваць з тэстам: правільна прачытаць заданне, выканаць яго да канца, рэгламентаваць час, знаходзіцца ў псіхалагічна стрэсаўстойлівай форме, каб не разгубіцца. Гэта важны момант.

Мяркую, што падрыхтавацца да ЦТ можна і без рэпетытара. Аднак гэта павінен быць матываваны вучань, які здольны самастойна мысліць, умее працаваць з рознымі крыніцамі інфармацыі. І ўпартыя вучні дасягаюць высокіх вынікаў. А вучню, які не навучыўся самастойна працаваць, неабходны рэпетытар.

Наталля КАЛЯДЗІЧ.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *

*