Збірайце псіхалагічнае сонца ў душы

Навучальны год заканчваецца. Ужо зусім хутка для выпускнікоў празвініць апошні званок, іншых вучняў чакаюць дзівосныя канікулы, а ў педагогаў пачнецца заслужаны і доўгачаканы адпачынак.

Дарэчы, пра чарговы адпачынак можна пачынаць думаць і планаваць яго хоць і ў першы працоўны дзень новага навучальнага года. Гэта не будзе азначаць, што настаўнік не любіць сваю прафесію або не будзе паспяхова працаваць з гэтымі думкамі. Наадварот, навучальны год ад водпуску да водпуску прабяжыць дынамічна, пазітыўна, а планы на адпачынак будуць насычанымі, усвядомленымі і карыснымі для асобы настаўніка. Бо ўсё, што добра для яго як чалавека, выдатна і для яго як педагога. А гэта азначае, што падчас адпачынку важна планаваць інтэнсіўны асобасны рост. Увогуле, педагог не можа дазволіць сабе ні дня без гэтага працэсу, але адпускны час дазволіць падключыць новыя сродкі, спосабы і тэмпы.
У водпуску абавязкова навучыцеся нечаму таму, чаго раней не ўмелі, паспрабуйце зрабіць тое, што раней не рабілі. У гэты цудоўны час прысвяціце больш гадзін сну, забавам, спорту, чытанню, прагляду кінафільмаў, прагулкам, падарожжам. Дабаўце да гэтага спіса тое, пра што даўно марылі, і ў свабодны летні час выканайце некалькі пунктаў.
Не забудзьце частку адпускнога часу патрапіць на тое, каб нанова ўсвядоміць важнасць, прывабнасць, адказнасць, грандыёзнасць і любоў да справы свайго жыцця — педагагічнай прафесіі. Можам пачаць прама зараз разам, а потым кожны ў свой час працягне натхняць сябе, звяраць асабісты і прафесійны гадзіннікі на сінхроннасць. Гэта важна рабіць для адчування свайго шчасця, высокай якасці ўласнага жыцця, прысутнасці псіхалагічнага сонца ў душы, промнямі якога мы сагрэем, асвецім дарогу дзецям, падлеткам, юнакам і дзяўчатам. Кожны з іх для сваіх бацькоў, для грамадства — святло ў акенцы, надзея, будучыня.
Давайце адкажам на пытанне, чаму педагагічная прафесія выдатная і вартая нашага ўласнага захаплення.
1. Французская прыказка гаворыць, што самае вялікае шчасце і самая вялікая радасць — тыя, якія можна раздзяліць. У настаўніка кожны дзень, кожную гадзіну ёсць магчымасць падзяліцца.
2. Самая цяжкая і стрэсавая работа, на думку псіхолагаў, руцінная, манатонная. У педагога творчая работа, у яго ўладзе не пакінуць і следу ад руціны і манатоннасці.
3. Педагог лепш за іншых можа прадказваць будучыню, назіраючы за падрастаючым пакаленнем.
4. Па вялікім рахунку, ад настаўніка залежаць лёсы дзяржаў, а гэта значыць, настаўнік кіруе светам.
5. Педагагічная прафесія ўсё роўна што сродак Макропуласа: калі захочаш, то можаш заставацца вечна маладым (маецца на ўвазе псіхалагічны ўзрост) або доўга маладым (фізічны ўзрост).
6. Калі дзеці нараджаюцца ў сэрцы, то педагог, нават калі ён мужчына, можа нарадзіць колька заўгодна дзяцей.
7. Сіла жыцця грандыёзная: мы не раз бачылі, як грыбы або трава прарастаюць прама праз асфальт. Метафара прафесіі педагога можа быць такой: стварэнне спрыяльнай глебы для развіцця і станаўлення дзіцяці, якая не прымушае яго прарастаць скрозь асфальт.
Дарагія калегі, працягніце спіс самастойна, даючы сабе колькі заўгодна часу і выкарыстоўваючы любую колькасць сур’ёзнасці або гумару для дабаўлення пунктаў.
Адзін з самых важных сімптомаў псіхалагічнага здароўя ў жыцці і прафесіі — гэта прысутнасць цікавасці да чалавека ўвогуле і да самога сябе ў прыватнасці. Каб “прашчупаць” сябе ў гэтым напрамку, карысна задаваць сабе пытанні і, канечне, адказваць на іх вельмі сумленна. Папрактыкуйцеся ў адказах на нечаканыя пытанні.
Практыкаванне “Нечаканае пытанне”:
1. Што вы больш за ўсё цэніце ў людзях і што гатовы дараваць?
2. Назавіце гістарычны час, у якім вам цікава было б жыць. Хто вы ў гэтым часе? Чым займаецеся? Які лад жыцця ведзяце?
3. Падумайце, з якой птушкай вы сябе можаце асацыіраваць. З якой жывёлай? Растлумачце чаму. Вы насякомае? Якое? Вы расліна? Якая? Калі параўнаць вас з музычным інструментам, то вы… .
4. Якога колеру ваша асоба? Чаму вы выбралі менавіта гэты колер?
5. Пра што вы марыце? Ці ёсць у вас няздзейсненая мара? Уявіце, што чараўнік гаворыць вам: “Назаві тры запаветныя жаданні”. Якія жаданні вы назвалі б?
6. Што вы любіце ў жыцці больш за ўсё?
7. Калі вы былі па-сапраўднаму шчаслівыя?
8. Уявіце, што вы засталіся на тры месяцы ў доме, які занесла снегам. Не выбрацца. Ёсць прадукты, але няма сувязі са знешнім светам. Што б вы сталі рабіць?
9. Што вам скажуць любячыя сябры на найбліжэйшым юбілеі?
Магчыма, у навучальным годзе прыходзіцца часцей задаваць пытанні, чым адказваць на іх. Спадзяюся, у адпачынку, калі мы жывём крыху павольней, адказваць на пытанні вам спадабалася і вы з задавальненнем паўдзельнічаеце ў псіхалагічнай акцыі “Следапыт”. Вось пытанні для акцыі, спіс якіх можна працягнуць самастойна, уявіўшы, што маглі б уключыць у яго самыя гарэзлівыя і крэатыўныя вучні вашага класа:
1. Якое імя самае распаўсюджанае ў вашай школе?
2. У каго ў школе няма цёзак?
3. Колькі дзяцей вучылася ў школе ў першы год яе работы?
4. Любімыя духі намесніка дырэктара па выхаваўчай рабоце.
5. Любімы занятак настаўніка матэматыкі.
6. Пра што марыць дырэктар школы?
7. Дзе збіраецца праводзіць лета настаўнік геаграфіі?
8. Любімая пара года школьнага кухара.
9. Які любімы анекдот вахцёра?
10. Колькі мышак жыве ў настаўніцкай?
У адпачынку, калі думкі самі прывядуць вас да ўспамінаў пра школу, не пераключайце іх, а запусціце ў рэчышча стварэння або асэнсавання метафары карпаратыўнай культуры сваёй установы. Вось спіс, з чаго можна выбіраць або, адштурхнуўшыся ад прапанаванага, прыдумаць і апісаць самастойна: агульны лёс, лесвіца ў неба, сям’я, алімпіяда, мурашнік, павуціна, вулей, скачок у невядомасць, самалёт, чарапаха, горная вяршыня, швейцарскі гадзіннік, айсберг, востраў у акіяне, свята жыцця, сейф, паравоз, кузня кадраў, музей, салодкі сон, знаёмая песня, сустрэча сяброў, спецпрыз, крэпасць, мяжа на варце…
Калі ваша творчая актыўнасць распалілася не на жарт, то працягвайце дзейнічаць у такім жа крэатыўным стылі. Вось новая прастора для творчасці — жартаўлівая самапрэзентацыя, шліфоўка аратарскага майстэрства і пачуцця гумару. Выбірайце самыя нечаканыя тэмы, напрыклад, “Мінусы здаровага ладу жыцця”, “Мужчына за рулём — гэта дрэнна” і г.д.
А зараз прапаноўваем прымераць на сябе ролю чараўніка, прыгатаваўшы сабе “чарадзейны эліксір” . Больш зручнага часу, як водпуск, для гэтага і не знайсці.
Рэцэпт “чарадзейнага эліксіру”: “Набярыце ў свой любімы або новы спецыяльна для гэта куплены кубак мінеральную ваду, падагрэйце да 45 градусаў Цэльсія. Вазьміце кубак у далоні, паднясіце да губ і прагаворвайце вадзе тое, што хочаце мець у жыцці, якім хочаце быць. Напрыклад, я люблю, любімы(ая), прыгожы(ая), праспяховы(ая), удачлівы(ая). Потым выпівайце ваду, уяўляючы, што ўсё гэта ўліваецца ў вас разам з ёй”.
Выпіўшы “эліксір”, мы адчуваем сябе так, што гатовы закончыць наступныя сказы, дабаўляючы веру і сілы ў ажыццяўленне загаданага.
Я захапляюся сабой, калі… .
Я давяраю свайму… .
Я непараўнаны(ая)… .
Мне выдатна ўдаецца… .
Мне вельмі падабаецца ў сабе… .
Я ганаруся сабой, калі… .
Я верны (верная) сабе ў… .
Я хачу… .
Я магу… .
Я адчуваю… .
Я думаю… .
Я раблю… .
Для мяне гэта важна, таму што… .
Я падобны(на) да… .
Цяпер час падысці да люстэрка і павітаць свой адбітак радасна і з любоўю. Усміхнёмся сабе і ўспомнім, хто мы ёсць: унікальная, таленавітая, паспяховая асоба, выдатны чалавек, прыгожая жанчына або мужчына. Неабходна часцей нагадваць сабе пра гэта. У адпачынку ўжо ніяк нельга “адкруціцца” ад добрых слоў у свой адрас, спаслаўшыся на недахоп часу.
Калі раптам у вас не атрымаецца перад люстэркам шчыра сказаць сабе кампліменты, тэрмінова трэба задумацца і папрацаваць над найважнейшым у жыцці ўменнем — уменнем адабраць! Ніхто лепш за педагога не ведае, што ў душы кожнага чалавека жыве ўнутранае дзіця. Яно мае патрэбу ў адабрэнні і шчырых кампліментах. Толькі ў гэтым выпадку, калі мы падбадзёрваем, заахвочваем, падтрымліваем, хвалім, унутраны малыш радуецца і дае нам, дарослым, дадатковую веру ў сябе, упэўненасць у сваіх сілах, магчымасць наладжваць добрыя адносіны з іншымі.
Напішыце пахвальныя фразы, якія вы ўжо гаварылі сабе і навакольным, і тыя, што вы плануеце сказаць у найбліжэйшы час. Прадумайце і запішыце фразы на перспектыву.
Кожны ўклад у пашырэнне чалавечага вопыту здзяйсняўся дзякуючы намаганням асобнага чалавека, які ішоў па шляху пашырэння сваіх магчымасцей. Верце, што вы менавіта такі чалавек, і дзейнічайце. Ёсць адзін найважнейшы рычаг, які падахвочвае нас да актыўнасці, — асабістая цікавасць. Спадзяёмся, што ў нашым дыялогу ён набыў рэальную сілу.

Святлана РАДЗЬКОВА,
дацэнт кафедры псіхалогіі і прадметных методык МГІРА.