Той жа доктар, толькі для душы

Асноўны прынцып у рабоце намесніка дырэктара па вучэбна-метадычнай рабоце настаўніцы беларускай мовы і літаратуры гімназіі № 7 Маладзечна Таццяны Іванаўны Радкевіч — “Не нашкодзь, спрабуй данесці да дзіцяці лепшае праз слова мастацтва, бо слова робіць чалавека чалавекам — няхай не сёння, але праз час”.

Вучні педагога паспяхова выступаюць на інтэлектуальных спаборніцтвах рознага ўзроўню. Выпускніцы Ксенія Капацэвіч, Вікторыя Шыбека, Ганна Бондар неаднаразова станавіліся прызёрамі і пераможцамі Рэспубліканскай прадметнай алімпіяды. А сёлета дзве вучаніцы настаўніцы — Ганна Коржык і Ксенія Капацэвіч — атрымалі стабальныя вынікі на цэнтралізаваным тэсціраванні па рускай мове. Пра тое, як дабіцца максімальнага выніку на ЦТ і якая сістэма работы склалася ў педагога пры падрыхтоўцы да алімпіяд, наш карэспандэнт гутарыць з Таццянай Іванаўнай РАДКЕВІЧ.

— Таццяна Іванаўна, як вы прыйшлі ў педагагічную прафесію? Гэта быў усвядомлены выбар?

— Скажу шчыра, стаць настаўніцай не марыла. Да 10 класа, ды і ў 10-м, думала паступаць у медыцынскі, вучыла фізіку, але “чацвёрка” на экзамене па рускай мове і літаратуры змяніла маё рашэнне. Вырашыла даказаць самой сабе, што магу больш, што гэта выпадковасць. Выбар прыпаў на беларускую мову і літаратуру, бо любіла творы У.Караткевіча і В.Быкава, І.Шамякіна і Я.Коласа. А заахвочвала мяне да чытання і вывучэння мовы мая настаўніца Яўгенія Аляксандраўна Барэйка. І пераканаць мяне было немагчыма. Настаўнік літаратуры — той жа доктар, толькі для душы.

У школе працую з 1990 года. Прыйшла яшчэ студэнткай 3 курса, ды так і засталася. Спачатку выкладала ў старшых класах, потым — у пачатковай школе, а затым зноў працавала са старшакласнікамі. Як толькі прыйшла ў школу, мяне накіравалі ў 11 і 9 класы, ад якіх усе адмовіліся. Прыгадваю, як у самой пасля ўрока дрыжаць каленкі і калоціцца сэрца, а класны кіраўнік вучняў, у якіх я праводзіла ўрок, гаворыць: “Дзеці сказалі, што прыйшоў другі Георгій Іванавіч” (Георгій Іванавіч Корсак — вядомы ў рэспубліцы настаўнік хіміі, Педагог з вялікай літары, які ўмеў знайсці падыход да кожнага дзіцяці, даходліва тлумачыў матэрыял; яго імем названа гімназія). Вучні, з якімі я працавала ў першыя гады прафесійнай дзейнасці, і сфарміравалі мяне, закалілі характар, а праз пэўны час я зразумела, што работа ў школе — гэта маё, я павінна быць з дзецьмі. І я люблю тое, чым займаюся. Прафесія прыцягвае найперш зносінамі з дзецьмі, пазнаннем чагосьці новага, бо не толькі ты іх вучыш, вельмі многаму яны цябе вучаць, асабліва ў сучасным свеце. Гэтая адкрытасць, зарад бадзёрасці, энергіі і настрою, агеньчык у іх вачах перадаюцца табе. Галоўнае для мяне — навучыць сваіх выхаванцаў бачыць прыгожае, адстойваць сваю думку, быць свабодным і цікавым чалавекам у зносінах у нашым бурлівым жыцці, выбраць з усёй разнастайнасці (асабліва ў літаратуры на прыкладзе герояў) штосьці важнае і патрэбнае для сябе і для жыцця.

Стаж на адміністрацыйнай пасадзе ў мяне зусім маленькі: толькі другі год. Груз вялікай адказнасці адчула менавіта ў першы год работы, калі была яшчэ і класным кіраўніком у 11 класе. Не магла пакінуць сваіх дзяцей — не дазволіла сумленне. Складана было сумяшчаць і адміністрацыйную работу, і настаўніцтва, і класнае кіраўніцтва. Нягледзячы на гэта, разумею, што адмовіцца ад настаўніцтва проста не змагу. Я — настаўнік да мозгу касцей. Для сябе вырашыла: “Найди, во что верить, и вставай по утрам с улыбкой”, таму што “жыццё даецца, каб жыццё тварыць. Не марнаваць, не нішчыць, не бурыць… Інакш — якая ад жыцця карысць?”

— Адна з праблем сённяшняй школы — падзенне чытацкай цікавасці школьнікаў. Як прывіць вучням матывацыю да чытання? Якія метады і прыёмы для гэтага прымяняеце вы?

— Часта можна пачуць, што дзеці больш непісьменныя ў наш час, не ўмеюць лагічна мысліць, не арыентуюцца ў жыцці, іх маральныя якасці пакідаюць жадаць лепшага і інш. А паглядзіш на колькасць гадзін па літаратуры і мове — і разумееш, што вельмі складана ўцягнуць дзяцей у размову, абмеркаваць прачытанае так, каб закрануць струны іх душы, навучыць разважаць над праблемай.

У наш час, час інтэрнэту, трэба імкнуцца не адбіць цікавасць вучня да кнігі, сфарміраваць станоўчыя адносіны да літаратуры, даць трывалыя веды па мове. Вучня трэба заразіць, каб з’явілася жаданне прачытаць: урыўкам, цікавай сцэнай, незвычайным пытаннем, праз малюнак. Так, напрыклад, пры вывучэнні казкі “Нямоглы бацька” прашу намаляваць маленькае дрэўца, а на яго начапіць тое, што можа быць станоўчае ў чалавеку, і расфарбаваць. А потым вучні даказваюць, што ў гэтым творы такія якасці прысутнічаюць, абмяркоўваюць, ці патрэбны яны чалавеку ўвогуле.

Адзін з самых незвычайных прыёмаў, які апошнім часам даволі часта выкарыстоўваецца на ўроках, — пабудова геаметрычнай фігуры, якая асацыіруецца з пэўным вобразам у творы, і аргументаванне вучнем зробленага. Так, нядаўна вучні прадстаўлялі свае асацыяцыі на вобразы з твора І.Шамякіна “Сэрца на далоні”. Старшакласнікі да кожнага героя прыводзілі розныя геаметрычныя фігуры. Адзін хлопец намаляваў адкрытую сферу і ў гэтую сферу змясціў вялікую колькасць трохвугольнікаў. Яркае параўнанне ішло з Шыковічам. У выніку такой работы адкрываеш навучэнца з зусім іншага боку і зацікаўліваеш вучняў да прачытання твора.

А вось сачыненняў па літаратуры апошнім часам не прымаю: думак самога вучня там не вельмі шмат. Таму асацыятыўны кластар — для мяне глыбокая творчая работа. Мае вучні ведаюць, што скласці сінквейн да ўсяго твора нялёгка, тут трэба прачытаць, падумаць.

Да скарочанага варыянта твораў стаўлюся адмоўна. Гэта ні аб чым. Так думае і большасць маіх вучняў. Мы імкнёмся чытаць творы цалкам. У мяне цікавыя і творчыя дзеці. Сказаць, што чытаюць усе, было б няшчыра. Канечне, не. Але калі 60—70% у класе прачыталі раман ці аповесць цалкам, то лічу, што гэта здорава.

— Таццяна Іванаўна, наколькі цікавыя сённяшнім вучням творы, прапанаваныя для вывучэння школьнай праграмай?

— Усё залежыць ад таго, як педагог дзецям прадставіць пэўны твор, наколькі зацікавіць ім. Імкнуся выбіраць для абмеркавання пытанні, актуальныя для вучняў пэўнага класа, часам адыходжу ад праграмы. Вывучаючы раман Я.Коласа “На ростанях”, у адным класе вучняў цікавяць праблемы калектывізацыі, бо там вучацца гісторыкі, а ў паралельным класе гэтыя праблемы будуць нецікавыя — фізікам трэба гаварыць пра каханне, узаемаадносіны паміж маладымі людзьмі. Наўрад ці дзецям сёння будзе цікава жыццё палешукоў. Хаця іх жыццё ў параўнанні з жыццём сённяшняй глыбінкі таксама можна разглядаць. Вучні любяць параўноўваць вобраз сённяшняга настаўніка з вобразам коласаўскага настаўніка.

— Якім педагагічным тэхналогіям вы аддаяце перавагу ў сваёй дзейнасці? Які ён, ваш сучасны ўрок?

— Мы жывём у час, калі высокія патрабаванні да ведаў выпускніка навучальнай установы і сацыяльны заказ дзяржавы перавялі работу настаўніка ў іншае рэчышча, дзе побач з творчасцю — тэхналагічная алгарытмізаванасць дзейнасці. Таму і аддаём перавагу тым ці іншым педагагічным тэхналогіям. Але я філолаг, і гэта патрабуе гнуткасці ў іх выкарыстанні, таму часцей выкарыстоўваю метады з тэхналогій развіцця крытычнага мыслення, рознаўзроўневага навучання, праблемнага навучання. Люблю выкарыстоўваць логіка-сэнсавую мадэль і актыўныя метады навучання, бо яны будуюцца на дыялогу, што прадугледжвае свабодны абмен меркаваннямі пры вырашэнні праблемы, і арыентаваны ў асноўным на павышэнне цікавасці да навучання. Калі гаварыць пра ІКТ, у прыватнасці мультымедыя, то гэта частка сучаснага ўрока, яго візуальнасць. Гэта і эканомія часу, фарміраванне крытычнага ўмення працаваць з інфармацыяй, знаходзіць яе, рабіць адбор, перапрацоўваць.

Сучасны ўрок для мяне — гэта прыступка ў авалоданні вучнем новых ведаў, у яго асабістым развіцці. Гэта часцінка жыцця настаўніка і вучня, і трэба імкнуцца, каб яна была запамінальнай, пражыта яскрава, эмацыянальна, актыўна, дзе настаўнік — аднадумец для вучня ў пошуку ісціны.

— Як атрымаць 100 балаў на ЦТ? Якая сістэма работы прывяла да поспеху вучняў?

— Дасягнуць стабальнага выніку можна толькі карпатлівай сумеснай працай настаўніка і вучня. Абавязкова павінна быць сістэмная работа, псіхалагічны настрой і крышачку ўдачы. Я люблю сваіх вучняў і веру ў іх.

Работа пачынаецца з падрыхтоўкі да ўрокаў. Калі настаўнік задаў пэўнае дамашняе заданне, то абавязкова павінен спытаць дзяцей, разабраць незразумелыя моманты (нават па-за межамі ўрока), а не пускаць усё на самацёк. Акрамя таго, важна прарашаць вялікую колькасць тэстаў і добра арыентавацца ў іх. Таксама важна навучыць школьнікаў чытаць заданне, знаходзіць у ім ключавыя словы, на якія трэба звярнуць увагу, бо дзеці з-за няправільнага разумення дапускаюць памылкі. Пасля выканання кожнага задання абавязкова разглядаюцца памылкі. Вучні не саромеюцца задаваць пытанні. Тэорыя не проста завучваецца, а зазубрываецца. Лічу, што без тэорыі няма чаго рабіць на ЦТ. Вынік за 80 балаў і далей — гэта веданне тэарэтычнага матэрыялу, адпрацоўка тэорыі на практыцы, а 2 балы да 100 — гэта ўдача, бо хваляванне існуе, як бы мы ні імкнуліся яго пазбавіцца. Важна таксама рэкамендаваць вучням паспрабаваць свае сілы на рэпетыцыйным тэсціраванні. Мае навучэнцы хадзілі тройчы на ўсе этапы, бо там ствараюцца ўмовы, набліжаныя да ЦТ, і вучні псіхалагічна рыхтуюць сябе да гэтага выпрабавання.

— Таццяна Іванаўна, як рыхтуеце сваіх выхаванцаў да алімпіяды?

— Алімпіяднікі — гэта асаблівыя дзеці. Яны і больш ранімыя, і загружаныя. Ім патрэбна падтрымка, а не толькі веды. Сістэма работы з імі ўключае ў сябе работу на ўроках, на факультатыўных і дадатковых занятках, групавую і індывідуальную работу. Падрыхтоўка да алімпіяды — гэта заняткі круглы год (і не адзін), аднак апошнія тыдні ўсё распісваецца да дробязей, бо неабходна паўтарыць усё, што пройдзена, сістэматызаваць, шмат вывучыць на памяць. Вельмі важна не сапсаваць дзіцяці настрой, каб яно магло сабрацца, псіхалагічна настроіцца.

Алімпіяда па беларускай мове ахоплівае ўсе раздзелы школьнага курса па мове, патрабуе ведання тэорыі літаратуры, зместу літаратурных твораў, звестак пра пісьменнікаў, уменняў аналізаваць мастацкія творы, будаваць звязныя выказванні, прыгожа гаварыць, праяўляць эрудыцыю. Гэтыя спаборніцтвы патрабуюць многіх намаганняў, часу, душэўных перажыванняў. Таму работу з дзецьмі трэба наладжваць так, каб не губляць дарэмна часу, каб фізічных і псіхалагічных затрат было як мага менш.

Пасля вызначэння ступені здольнасці вучняў, зацікаўленасці, жадання працаваць, павінна быць жаданне пазнаёміцца з бацькамі. Вялікае значэнне мае падтрымка з іх боку. Трэба, каб бацькі бачылі поспехі сваіх дзяцей, каб з іх боку было разуменне, каб не адчувалася дваістых падыходаў: дома гавораць адно, а ў школе — другое. Бацькі абавязкова павінны быць саюзнікамі.

У рабоце з алімпіяднікамі выкарыстоўваю разнастайныя формы і метады. Гэта пошукавы метад, засваенне новага матэрыялу ў праблемнай сітуацыі, прыёмы прамоўніцкага майстэрства. Для практычных (групавых) заняткаў падбіраю матэрыял павышанага ўзроўню цяжкасці і эўрыстычнага харак-тару, што садзейнічае развіццю інтэлектуальных і творчых здольнасцей вучняў. Слуханне, чытанне, гаварэнне, пісьмо — на занятках выкарыстоўваюцца ўсе чатыры віды дзейнасці. Практычна на кожных даюцца заданні пошукава-даследчага характару, якія патрабуюць работы з дадатковай літаратурай, слоўнікамі рознага тыпу і даведнікамі. Карыснымі лічу і такія формы работы з адоранымі вучнямі, як праблемная лекцыя, дыскусія, семінар, канферэнцыя, абарона праектаў, дыспут, экскурсія, творчы ўрок і інш., што дазваляе сфарміраваць актыўную жыццёвую пазіцыю дзіцяці, вучыць яго быць незалежным, свабодным, адчуваць уласную значнасць.

Асноўны інструмент работы — пытанне, таму што пытанне — гэта адзін з найважнейшых сродкаў навучання. Прыём работы з пытаннямі часта выкарыстоўваю перад прачытаннем твораў, перад разглядам тэм, пры паглыбленні ў тэму. Выкарыстоўваючы такі прыём у рабоце з адоранымі дзецьмі, мы не робім за іх работу, а даём магчымасць выйсці на праблемы, якія іх цікавяць.

Часта на этапе матывацыі пры вывучэнні твора прашу скласці пытанні на аснове твора, але якія б зацікавілі большасць класа, былі актуальнымі, каб у вучняў узнікла жаданне прачытаць. Як прыклад можна прывесці складзеныя пытанні навучэнцамі розных гадоў да твора Івана Мележа “Людзі на балоце”:

— Ці можна лічыць, што “людзі на балоце” — увасабленне сучаснасці?

— Па якой прычыне Васіль жадаў Ганну, ці можна сказаць, што ён яе кахаў?

— Як вы лічыце, ці змаглі б вы закахацца ў Яўхіма?

— Як вы ставіцеся да людзей, якія робяць аборты? Як вы пракаменціруеце ўчынак Хадоські і ці правільна паводзіў сябе ў гэтым выпадку Яўхім?

— Ці прысутнічаюць у вас рысы характару Яўхіма?

Яшчэ адным прыёмам, запазычаным з цьютарскага навучання, з’яўляецца складанне рэсурснай карты — сумеснага сродку работы настаўніка і вучня. З боку вучня гэта работа са сваім уяўленнем аб адукацыйнай прасторы, якая акружае, аб рэсурсах, якія ёсць. Карта ўтрымлівае некалькі модуляў, сярод якіх — рэфлексіўны (складаецца вучнем у пачатку і напрыканцы года; яго змест прадугледжвае, што вучань хоча атрымаць і чаго дасягнуў) і прадметны модуль (робіць настаўнік па кожнай тэме, якая вывучаецца, плануе спосабы якаснага засваення ведаў).

Пасля ўзнікла ідэя стварыць карту “Крыніца ведаў”, каб пашырыць магчымасці рэалізацыі задуманага (пакарэнне вяршынь алімпіяды). На аснове карты ствараецца рэсурсная схема з мэтай пашырыць пазнавальны інтарэс, фарміраваць культуру работы з уласнай адукацыяй, складаць сваю індывідуальную адукацыйную праграму па прыкладзе вектарнасці і модуля.

У рабоце з адоранымі вучнямі на ўроках мне больш падабаецца сітуацыя праектавання ці сітуацыя, якая патрабуе праектавання. Яна ўзнікае ў той момант, калі суб’ект сутыкаецца з праблемай, вырашыць якую ён абавязаны, а звыклыя, раней засвоеныя спосабы не працуюць. Уласна кажучы, праблема — гэта і ёсць задача, у якой няма вядомага алгарытму рашэння. Акрамя таго, у сваёй рабоце прытрымліваюся больш тэхналогіі адкрытай адукацыі. Адпаведна, і дзеці падбіраюцца такія ж: ім патрэбна індывідуалізацыя, творчасць, магчымасць выбару, нефармальныя зносіны.

Увогуле, як кажуць дзеці, алімпіяднасць — гэта хвароба. Ад яе вылечыцца немагчыма, з ёй трэба жыць. А каб гэтая хвароба перадавалася, мы, дарослыя, “павінны быць для дзіцяці і ўрадлівай глебай, і вільгаццю, якая жывіць, і цёплым сонейкам, якое сагрэе кветку дзіцячай душы. Менавіта тады раскрыюцца ўнікальныя здольнасці, якія дадзены кожнаму дзіцяці ад нараджэння”.

— Якія планы на найбліжэйшы час?

— Цяжка загадваць, бо жыццё вірлівае, таму “дай Бог всего, но лишь того, за что потом не будет стыдно” (Я.Еўтушэнка). Планую абагульніць вопыт работы па падрыхтоўцы вучняў да ЦТ. Таксама хочацца знайсці час і пачытаць для душы, без спешкі, у спакоі.

Гутарыла Наталля КАЛЯДЗІЧ.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *

*