На розных этапах рэспубліканскай алімпіяды па рускай мове і літаратуры неаднаразова даводзілася чуць цёплыя словы ўдзячнасці за грунтоўную падрыхтоўку, цікавыя захапляльныя ўрокі ў адрас Наталлі Анатольеўны Гарбузавай, настаўніцы рускай мовы і літаратуры гімназіі № 24 Мінска (зараз педагог працуе ў сталічнай гімназіі № 11) ад яе выхаванцаў, якія год ад году становяцца ўладальнікамі дыпломаў. Так, у мінулым навучальным годзе вучаніца Н.А.Гарбузавай Юлія Семяненка заваявала дыплом І ступені. Аб сістэме работы педагога з высокаматываванымі дзецьмі, стварэнні станоўчай матывацыі на ўроках, сакрэтах паспяховасці навучэнцаў на інтэлектуальных спаборніцтвах наш карэспандэнт гутарыць з Наталляй Анатольеўнай.
— Наталля Анатольеўна, раскажыце, калі ласка, як вы прыйшлі ў прафесію?
— Шчыра кажучы, з дзіцячых гадоў я вельмі захаплялася гісторыяй. Нават марыла стаць архео-
лагам. Аднак паступова гэтая мара перарадзілася ў захапленне асобай, чалавекам. Мне стала цікава, як паводзілі сябе тыя ці іншыя гістарычныя дзеячы ў пэўную эпоху, што абумоўлівала іх дзеянні. Акрамя таго, у мяне дома ніколі не было бытавых тэм для абмеркавання і да сённяшняга дня вядуцца дыскусіі наконт літаратурных герояў, гістарычных асоб, нашых сучаснікаў, іх учынкаў: што прымусіла паступіць так ці інакш, як бы ты паступіў у такіх абставінах і г.д. Аднак звязаць жыццё з гісторыяй неяк не склалася. На выбар прафесіі ў многім паўплывала настаўніца рускай мовы і літаратуры Галіна Іосіфаўна Плясько. Мне вельмі падабаўся гэты чалавек, тое, як яна выкладала прадметы, і я нават захавала канспекты з яе ўрокаў.
Праўда, захапленне гісторыяй бясследна не знікла. Яно знаходзіць працяг на класных і інфармацыйных гадзінах. Я вельмі люблю чытаць мемуарную літаратуру і імкнуся прывіць гэтую любоў дзецям. Зразумець таго ці іншага пісьменніка як чалавека, асобу — гэта амаль напалову зразумець яго твор. У мае ўрокі, асабліва літаратуры, уплецены гістарычныя моманты. На ўроку мы з вучнямі імкнёмся праводзіць прычынна-выніковыя сувязі, аналізаваць, зазіраць у эпоху, каб дзеці паставілі сябе на месца таго ці іншага героя. Вучням, асабліва ў юнацтве, уласцівы максімалізм, яны гатовы адразу асуджаць, але потым, калі пастараюцца ўявіць сябе ў той эпосе, у тых абставінах, калі пачынаюць задумвацца, чаму герой зрабіў так ці інакш, прыходзяць да глыбокіх сур’ёзных высноў. Мне было вельмі прыемна, калі я ўбачыла, што мае выхаванцы ва “Укантакце” абмяркоўвалі Андрэя Балконскага і П’ера Бязухава: хто лепшы, хто больш перспектыўны і што лепш — розум ці сэрца? Гэта настолькі рэдкая з’ява ў наш час. Мабыць, мае вучні сапраўды зацікавіліся творам.
Мой працоўны шлях пачаўся ў політэхнічнай гімназіі № 6 Мінска піянерважатай — я заспела апошнія гады гэтага руху. А потым была куратарам гімназічных класаў і рабіла першыя крокі ў прафесіі пасля заканчэння БДПУ імя Максіма Танка. Аднак лічу, што як настаўніку-прадметніку мне дапамаглі адбыцца менавіта ў гімназіі № 24. Я перайшла туды ў 2002 годзе. На той час там была вельмі моцная кафедра настаўнікаў рускай мовы, зладжаная і адзіная ў сваіх патрабаваннях. Педагогі далі мне добрую тэхнічную базу, дапамаглі слушнай парадай і ўласным прыкладам.
— Ці памятаеце свае першыя ўрокі? З якімі цяжкасцямі сутыкнуліся?
— Асабліва запомніўся мне ўрок, які я праводзіла яшчэ ў студэнцкія гады ў сярэдняй школе № 148 Мінска. Гэта быў мой першы адкрыты ўрок у 10 класе па тэме “Севастопольские рассказы” Л.Талстога. Гэты ўрок стаў для мяне сапраўдным шокам.
Я прыйшла ў клас з панарамай бітвы за Севастопаль, з цікавымі фактамі з жыцця і творчасці Л.Талстога. І вось, прагаварыўшы частку ўрока, высветліла, што твор прачытала толькі я сама. Для мяне гэта было вялікім ударам. Давялося неяк перабудоўваць урок і працаваць над жыццёвымі праблемнымі пытаннямі. І зараз, рыхтуючыся да ўрока, я імкнуся прадбачыць разгортванне падзей у залежнасці ад інтарэсаў дзяцей. Бо ўрокі атрымліваюцца неаднолькавымі, нават калі ў цябе чатыры класы ў паралелі. Я заўсёды працую на дзяцей, і таму мы паглыбляемся менавіта ў тую тэму, якая цікавая ім. Сёння як бы дзіця ні адказала, падрыхтавалася яно да ўрока ці не, гэта не застане мяне знянацку. Я прыкідваю дома пры падрыхтоўцы да ўрока, аб чым можна запытацца ў дзіцяці ў залежнасці ад узроўню яго развіцця. Чым старэйшыя дзеці, тым больш рыхтую індывідуальных заданняў.
— Наталля Анатольеўна, раскажыце, як вы зацікаўліваеце дзяцей сваімі прадметамі? Як фарміруеце станоўчую матывацыю да вучобы?
— Вельмі складана прывіць любоў да мовы ці літаратуры навучэнцу на старшай ступені навучання, а таму варта гэта рабіць як мага раней. Думаю, якія б ні былі сучасныя сродкі навучання, усё роўна асоба настаўніка адыгрывае важную ролю. Калі дзіцяці педагог цікавы, то ён з задавальненнем прыйдзе на ўрок і будзе вывучаць яго прадмет.
Як вядома, у пачатковай школе ўсе дзеці ў чымсьці таленавітыя: хтосьці танцуе, хтосьці спявае, хтосьці вышывае, хтосьці проста добра гаворыць. Яны ўсе цудоўныя і геніяльныя — так лічаць і дзеці, і іх бацькі. Роля настаўніка — не разгубіць таленты дзяцей на працягу навучання. Мы павінны выпусціць са школы чалавека, упэўненага ў сваёй геніяльнасці. Гэта не заўсёды поспех у адзнацы, гэта ўпэўненасць у сабе і магчымасць далей ісці па жыцці. Таму імкнуся матываваць дзяцей з разліку, што ўсе яны — таленавітыя. І ў гэтым дапамагае мне тэатралізацыя. Тэатралізаваныя пастаноўкі практыкую з 5 класа. Напрыклад, мы з дзецьмі паставілі ўрывак з казкі “Снежная каралева”. Прычым калі клас слабейшы, то ролі размяркоўваю сама, а калі моцны, актыўны, — прызначаю два-тры рэжысёры, задача якіх самім выбраць акцёраў і паставіць невялікую сцэнку. Тут праяўляюцца лідарскія якасці дзяцей. Прычым тэатрам навучэнцы так захапляюцца, што часам ёсць некалькі кандыдатаў на адну і тую ж ролю. І мы спрабуем кожнага. Гэта вельмі моцна яднае дзяцей. Часта ў тэатры іграюць не самыя паспяховыя ў вучобе дзеці, у іх раскрываецца іншы акцёрскі талент. Самае дзіўнае, нават калі дзеці ставяць толькі ўрывак з тэксту, каб увайсці ў вобраз, яны перачытваюць увесь твор. І гэта таксама добрая матывацыя.
Павысіць матывацыю дапамагаюць усемагчымыя гульні, удзел у конкурсах, алімпіядах, рознага роду спаборніцтвах. Амаль кожны раздзел, які вывучаецца ў школьнай праграме, неяк адлюстроўваецца і ў пазакласнай дзейнасці. Часам да мерапрыемстваў прыцягваюцца бацькі. Так, напрыклад, па тэме “Міфы Старажытнай Грэцыі” арганізуецца гульня, у якой раскрываюцца менавіта хлопчыкі. Мы вывучаем і адзенне, і старажытную зброю герояў, малюем волатаў. Кожнае дзіця бачыць той ці іншы вобраз па-свойму, і яно павінна не проста прадэманстраваць свой малюнак, але і абараніць яго, расказаць, як у малюнку адлюстравана эпоха. Гэта таксама цікава, і дзеці адразу бачаць, што атрымалася, а што — не.
Я імкнуся заахвоціць дзяцей і не ставіць ім дрэнных адзнак. Матэрыял звычайна вывучаецца блокамі і вучань сам выбірае, калі ён можа адказаць, калі ў яго ёсць час, якая тэма яго больш зацікавіла. Часам адзнака ставіцца за жаданне працаваць. Калі дзіця стараецца: выконвае ўсе заданні, калі на кожнае пытанне цягне руку, імкнецца знайсці адказ і разабрацца ў сабе, то атрымлівае станоўчую адзнаку.
На пачатку ўрока звычайна актывізую ўвагу дзяцей на мове (гэта можа быць некалькі слоў, сказаў з незвычайным заданнем) або стаўлю перад вучнямі праблемнае пытанне, якое прымушае задумацца. Напрыклад, вывучаючы “Вайну і мір” Л.Талстога перад навучэнцамі ставяцца пытанні: “Чаму Наташа зацікавілася Анатолем Курагіным?” альбо “Якая сям’я лепшая: Балконскіх ці Растовых? Чаму? У якой сям’і вы б хацелі жыць?”. І тут асабістая матывацыя дзяцей мае вельмі вялікае значэнне. У размову ўцягваюцца нават тыя, хто не чытаў твор, ім хочацца выказацца. А гэта і ёсць перамога настаўніка: прымусіць дзіця выказаць тое, што ён думае.
Даволі часта практыкую групавую работу, якая вылучае лідараў у класе. Прычым лідараў не тых, якія бачны на ўроку, а тых, якія ведаюць і могуць сябе праявіць, але саромеюцца яўных лідараў. І калі дзяцей размеркаваць па групах правільна, то такія дзеці пачынаюць актыўна сябе праяўляць. Яны ёсць практычна ў кожным класе. Яны глыбей, складаней, дзесьці цікавей могуць адказаць на пытанне. Але ў іх першая рэакцыя такая: “А раптам няправільна?”.
На маю думку, вельмі важна, каб дзіця да канца ўрока прыйшло са станоўчым вынікам, яно павінна быць задаволена сабой. Калі я задаю нейкае праблемнае пытанне, то абавязкова выслухоўваю ўсе адказы навучэнцаў і не гавару, які адказ правільны. Дзеці дапаўняюць адно аднаго. А потым ужо мы робім агульную выснову. Такая сістэма нікога не пакрыўдзіць. Усё роўна навучэнец думае, што зрабіў свой уклад у агульную справу. І гэты станоўчы вопыт адыгрывае важную ролю.
Я заўсёды падтрымліваю ініцыятыву дзяцей. Часам вучні падыходзяць і прапаноўваюць зрабіць паведамленне ці прэзентацыю. Я разумею, што адзнака, выстаўленая за зробленае, не зусім адлюстроўвае іх веды, але, лічу, жаданне павінна быць ацэнена, каб яно не згубілася.
— На ваш погляд, што з’яўляецца перадумовай паспяховага ўрока?
— Запраграмаваць штосьці вельмі складана. Формы ўрока, яго задачы, узровень ведаў навучэнцаў могуць быць рознымі, але пры ўсім гэтым вызначальную ролю, паўтаруся, адыгрывае асоба настаўніка. Не столькі яго веды, колькі настрой. Калі педагог не навічок, у яго ёсць запал і агонь, то ён у стане пераламаць настрой класа. Тая энергетыка, якая сыходзіць ад настаўніка, добра адчуваецца дзіцем. Калі ты любіш дзіця, то яно гэта адчувае. І калі ён паверыць у цябе, то будзе працаваць і з часам паверыць ва ўласныя сілы.
І яшчэ, кожнае дасягненне прадугледжвае ў першую чаргу штодзённую працу, у якой абавязкова прысутнічае элемент творчасці. Аўра творчасці павінна прысутнічаць на кожным уроку, таму што дзейнасць, у якой адсутнічае творчы пачатак, не прыносіць радасці, не можа зацікавіць дзіця.
— Наталля Анатольеўна, як даўно вы ў алімпіядным руху? Як рыхтуеце навучэнцаў да алімпіяд? У чым сакрэт іх паспяховасці?
— З адоранымі дзецьмі я працую апошніх пяць гадоў. Па сутнасці, з таго часу, як адчула, што той узровень ведаў, які я набыла сама, можна перадаць сваім выхаванцам. У мяне якраз падабраліся такія дапытлівыя дзеці, якія па-сапраўднаму зацікавіліся прадметамі, ім уласцівы былі дух спаборніцтва і жаданне спазнаваць усё больш і больш новага. І з гэтай групай мы пачалі працаваць з 7 класа.
Некаторыя складанасці выклікае тое, што ў алімпіядным руху навучэнцы пачынаюць удзельнічаць у 8-9 класе, а гэта такі ўзрост, калі дзеці не зусім разумеюць, што яны хочуць, і не ўсведамляюць сваіх сіл. І роля настаўніка — дапамагчы дзіцяці, крышачку падштурхнуць яго. Магчыма, нават сілай. Заўсёды за перамогай стаіць не адзін настаўнік. Гэта яшчэ і сістэма работы ўсяго калектыву. І калі гэтая работа пастаўлена на адпаведным узроўні, то і поспех абавязкова прыйдзе.
Практыка сведчыць, што ў алімпіядзе перамагае не заўсёды самы моцны. Да фінішу даходзіць самы працаздольны і ўпарты. Увесь час даказваю навучэнцам, што нават калі яны не ўпэўнены ў сваіх сілах, то ўсё роўна павінны паспрабаваць іх.
Звычайна мы працуем групамі, гэта паскарае працэс і ўносіць элемент спаборніцтва. Паступова дзеці пачынаюць задаваць свой тэмп. І часам ужо педагогу складана вытрымаць яго.
Спачатку мы займаемся лінгвістыкай. Яшчэ з 5 класа вучні вядуць канспекты. І калі штосьці не ведаюць, то звяртаюцца да іх. Прапаноўваю навучэнцам расійскія і беларускія распрацоўкі, дзе прадстаўлены алімпіяды па мове і літаратуры па кожнай паралелі. Мы разбіраем гэтыя заданні разам. Прычым пачынаючы працаваць з групай дзяцей, захапляюся заданнем не менш, чым яны. Мы разам шукаем нестандартныя рашэнні, самі падбіраем складаныя пытанні.
Кожны тыдзень на працягу навучальнага года мы збіраемся і займаемся з дзецьмі па дзве гадзіны. А непасрэдна перад алімпіядай заняткі праходзяць кожны дзень — ідзе паглыбленне ў прадмет. Згадзіцеся, нават дарослы чалавек не можа ахапіць усё, паралельна займаючыся іншымі справамі. Таму калі вучань будзе займацца толькі мовай і літаратурай, то ў яго зусім па-іншаму будзе праходзіць успрыманне і запамінанне матэрыялу.
З 7 класа мае вучні пачынаюць удзельнічаць у інтэрнэт-алімпіядах, усемагчымых спаборніцтвах, а з 9 класа — у рэспубліканскай прадметнай алімпіядзе. Дарэчы, перамогі ў гэтых спаборніцтвах маюць вялікі сэнс. Гэта дае зарад і пазітыў на будучыню.
Я б хацела і ў далейшым працягнуць работу з адоранымі дзецьмі: мэтанакіравана, сістэмна, з разлікам не на выпадковы, а на аддалены вынік. Сёння магу з упэўненасцю сказаць, што многія мае вучні больш таленавітыя за мяне, проста ў мяне больш жыццёвага вопыту. Але пройдзе пэўны час і яны набудуць гэты вопыт, абгоняць мяне і пойдуць далей. Так, мяркую, і павінна быць.
— Вялікі дзякуй за гутарку і поспехаў вам, натхнення і творчасці! Са Святам настаўніка!
Гутарыла Наталля КАЛЯДЗІЧ.