З настаўніцай пачатковых класаў нарацкай сярэдняй школы № 2 Мядзельскага раёна Аленай Аляксандраўнай Бурко мне давялося пазнаёміцца на адным з семінараў, арганізаваным Мінскім абласным інстытутам развіцця адукацыі. Алена Аляксандраўна дзялілася з калегамі вопытам выкарыстання інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій на занятках з малодшымі школьнікамі. Яе выступленне выклікала непадробны інтарэс у педагогаў, і нават пасля заканчэння мерапрыемства яны не адпускалі настаўніцу, задаючы ёй шматлікія пытанні.
Сапраўды, урокі Алены Аляксандраўны, якая працуе ў школе ўжо 17 гадоў, яркія, інфарматыўныя, пазнавальна-выхаваўчыя. Іх асноўная адметнасць — інтэрактыўнасць. На занятках малодшыя школьнікі з’яўляюцца не пасіўнымі слухачамі, а актыўнымі ўдзельнікамі, сутворцамі, якія не баяцца памыліцца, якія імкнуцца выказацца, аргументаваць сваю думку, а калі трэба, і адстаяць яе.
Адказная прафесія
“Мы нараджаемся ў другі раз, калі выбіраем сваю прафесію, якая вызначае наш шлях у жыцці, — гаворыць Алена Аляксандраўна. — Я з дзяцінства хацела стаць настаўніцай. Мабыць, у гэтым вялікую ролю адыгралі мае цудоўныя настаўнікі, якія кожны дзень захоплена і ўмела перадавалі свае веды і ўменні. Гэта настаўніца пачатковых класаў Таццяна Сяргееўна Козел, настаўніца беларускай мовы і літаратуры Фаіна Вікенцьеўна Ліпніцкая, настаўнік матэматыкі Антон Францавіч Ляховіч, настаўнік хіміі Валянцін Вікенцьевіч Апанасёнак і іншыя. Зараз некаторыя з гэтых людзей — мае калегі. Я працую ў нарацкай школе, якую закончыла амаль 22 гады назад”.
Пасля заканчэння Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка з адзнакай і акадэмічнай ступенню бакалаўра адукацыі ў галіне педагогікі і методыкі пачатковага навучання ў 1996 годзе А.А.Бурко засталася працаваць у Мінску ў школе, якая зараз стала гімназіяй № 20.
“Добра памятаю свае першыя ўрокі і сваіх першых вучняў, — гаворыць настаўніца. — У першы год работы вучылася разам са сваімі вучнямі, шукала метады і прыёмы, якія б дапамаглі навучыць кожнае дзіця. Можа, гэта не заўсёды атрымлівалася з першага разу, але мне пашчасціла, што разам са мной працавалі таленавітыя настаўнікі, якія мне дапамагалі, — Валянціна Уладзіміраўна Варакіна, Таццяна Віктараўна Савінская. Я і зараз падтрымліваю сувязі з імі, хаця жыццё склалася так, што я вярнулася ў родную школу”.
Быць настаўнікам — вялікая адказнасць, быць настаўнікам пачатковых класаў — адказней яшчэ больш. “Я першы настаўнік, які ўваходзіць у жыццё дзіцяці і яго сям’і. Бацькі давяраюць мне самае дарагое, што ў іх ёсць, — сваіх дзяцей. Мабыць, няма на свеце ніводнага бацькі ці маці, якога б не хвалявала, як яго дзіця будзе вучыцца ў школе, якія ўзаемаадносіны складуцца з настаўнікам, з равеснікамі, наколькі навучанне будзе для яго радасным і карысным. І ад мяне — першага настаўніка — залежыць, якім будзе школьнае жыццё дзіцяці, як бацькі будуць адносіцца да школы, ці стануць вернымі памочнікамі і аднадумцамі, — заўважае Алена Аляксандраўна. — Думаю, што настаўнік павінен у любых сітуацыях паважаць пачуццё ўласнай годнасці кожнага вучня. Толькі глыбокая павага і давер, беражлівыя адносіны да пачуццяў дзяцей могуць стварыць атмасферу ўзаемаразумення. Маім педагагічным крэда сталі словы польскага педагога Януша Корчака: “Толькі той стане сапраўдным настаўнікам, хто ніколі не забывае, што ён сам быў дзіцем”. Важна быць прыкладам для сваіх навучэнцаў. Дзеці тонка ўмеюць бачыць фальш, непаважлівасць і абавязкова адкажуць тым жа. Думаю, што прызначэнне настаўніка ў тым, каб дапамагчы вучню раскрыцца як асобе, таму настаўнік павінен быць разумным, усебакова развітым чалавекам”.
З арыентацыяй на будучыню
У апошні час узнікла праблема зніжэння пазнавальнай цікавасці і матывацыі малодшых школьнікаў да навучання. У многім гэта тлумачыцца навучаннем па старых звы-чаях, калі настаўнік расказвае навучэнцам тое, што ведае сам, гэта значыць, дае веды ў гатовым выглядзе. На думку А.А.Бурко, адукацыя, арыентаваная толькі на атрыманне ведаў, азначае арыентацыю на мінулае. Сучасны настаўнік павінен зрабіць так, каб урок не толькі ўзбройваў навучэнцаў ведамі, а і дабіцца таго, каб усё, што адбываецца на ўроку, выклікала ў дзяцей сапраўдную зацікаўленасць. Вучань павінен навучыцца прымаць рашэнні і вырашаць праблемы, самастойна атрымліваць новыя веды і імкнуцца да самаадукацыі, умець працаваць у камандзе. Каб урок прайшоў паспяхова, настаўніку неабходна загадзя прадумаць кожны яго этап, прадбачыць розныя сітуацыі, падабраць эфектыўныя метады і прыёмы ў залежнасці ад здольнасцей кожнага навучэнца ў класе.
Імкнучыся зрабіць свае ўрокі цікавымі і прадукцыйнымі, Алена Аляксандраўна ў практыцы работы выкарыстоўвае элементы розных педагагічных тэхналогій. Эфектыўнымі і цікавымі для навучэнцаў яна лічыць метады праблемнага выкладання матэрыялу, часткова-пошукавыя, даследчыя, метад калектыўнага ўзаемадзеяння. Урокі настаўніцы не абыходзяцца без дыдактычнай гульні, групавой работы, работы ў парах. Падабаецца педагогу праводзіць інтэграваныя ўрокі, а калі гэта магчыма, выкарыстоўваць элементы тэхналогіі крытычнага мыслення.
Спалучыць цікавае з карысным
Інфармацыйна-камунікацыйныя тэхналогіі А.А.Бурко прымяняе даволі даўно. У 2008 годзе яна стала аўтарам адукацыйнага праекта “Выкарыстанне інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій у пачатковай школе”, які прадстаўляла на конкурсе “Настаўнік года — 2011”, дзе, дарэчы, заняла 2 месца на раённым этапе. Алена Аляксандраўна вывучае розныя камп’ютарныя праграмы, з дапамогай якіх стварае прэзентацыі, інтэрактыўныя плакаты, слайд-фільмы для тлумачэння новага матэрыялу, інтэрактыўныя заданні (крыжаванкі, запаўненне пропускаў і інш.) для замацавання пройдзенага, тэсты для кантролю ведаў. Прымяняюцца настаўніцай гатовыя вучэбныя праграмы па прадметах “Матэматыка, 2 — 4 класы”, “Как хорошо уметь считать, 1 — 3 класс”, “Беларуская мова”, “Чалавек і свет, 1 — 3 клас”, “Рыхтуемся да школы” і інш. Для замацавання ведаў вучняў у хатніх умовах Алена Аляксандраўна прапаноўвае навучэнцам праграмы “Выдатнік”, “Табліца множання”, “Беларуская лексіка”. Так, з дапамогай праграмы “Выдатнік” дзеці паляпшаюць якасць ведаў па матэматыцы і рускай мове. Праграма змяшчае правілы для паўтарэння тэарэтычнага матэрыялу з першага па чацвёрты клас і практыкаванні на замацаванне з ацэньваннем вынікаў выканання.
З дапамогай праграмы Test Master настаўніца стварае і затым выкарыстоўвае тэсты для кантролю ведаў кожнага навучэнца практычна па ўсіх вучэбных прадметах. Пытанні тэстаў могуць быць як тэкставымі, так і графічнымі, утрымліваць адну ці некалькі карцінак. Пытанні могуць ісці ў адвольным ці ў загадзя зададзеным парадку, ёсць таймер. Станоўчым момантам з’яўляецца тое, што вучань бачыць правільнасць кожнага адказу і вынік усяго тэста.
На думку А.А.Бурко, выкарыстанне такіх тэстаў зручна для праверкі першаснага засваення новага матэрыялу, а таксама для кантролю ведаў на абагульняючых уроках у якасці тэматычнага кантролю. Такое тэсціраванне дазваляе настаўніку на ўроку эканоміць час, а таксама прадугледжвае павышэнне ўзроўню падрыхтоўкі навучэнцаў у галіне сучасных інфармацыйных тэхналогій, дэманструе магчымасці камп’ютара не толькі як сродку для гульні.
Дастаткова цікавым і эфектыўным уяўляецца настаўніцы стварэнне інтэрактыўных заданняў з дапамогай праграмы Hot Рotatoes і прымяненне іх на ўроку. Дзякуючы праграме, Алена Аляксандраўна распрацоўвае практыкаванні розных тыпаў: пытанні з множным выбарам адказу, запаўненне пропускаў, устанаўленне адпаведнасцей, узнаўленне паслядоўнасці, крыжаванкі. Створаныя заданні захоўваюцца ў стандартным фармаце вэб-старонкі.
Дзейнасны падыход у дзеянні
У аснове сістэмы работы настаўніцы — дзейнасны падыход, на якім грунтуецца інтэрактыўнае навучанне. Настаўніца пераканана: для таго каб навучыць школьнікаў самастойна і творча вучыцца, трэба ўключыць іх у спецыяльна арганізаваную дзейнасць, выпрацаваць у іх матывы і мэты вучэбнай дзейнасці (“навошта вучыцца”) і навучыць спосабам яе ажыццяўлення (“як вучыцца”).
Асноўнай формай рэалізацыі інтэрактыўнага навучання з’яўляецца інтэрактыўны ўрок. Яго галоўная мэта — набыццё ведаў навучэнцамі пры непасрэдным дзейсным іх удзеле. На думку А.А.Бурко, інтэрактыўная дошка — лепшае, што існуе сёння ў школе з тэхнічных сродкаў навучання для ўзаемадзеяння настаўніка з класам, для рэалізацыі тэхналогіі інтэрактыўнага навучання. Інтэрактыўнае камп’ютарнае абсталяванне адпавядае таму спосабу ўспрымання інфармацыі, якім адрозніваецца новае пакаленне школьнікаў, якое вырасла на ТБ, камп’ютарах і мабільных тэлефонах, у якога значна вышэй патрэба ў тэмпераментнай візуальнай інфармацыі і зрокавай стымуляцыі. У інтэрактыўнай дошцы аб’ядноўваюцца праекцыйныя тэхналогіі з сэнсарным устройствам, таму такая дошка не проста адлюстроўвае тое, што адбываецца на камп’ютары, а дазваляе кіраваць працэсам прэзентацыі, уносіць папраўкі і карэктывы, рабіць колерам занатоўкі і каментарыі, захоўваць матэрыялы ўрока для далейшага выкарыстання і рэдагавання. Інтэрактыўная дошка дазваляе зрабіць любыя заняткі дынамічнымі, дзякуючы чаму можна зацікавіць вучняў на пачатковым этапе ўрока і падтрымліваць гэтую цікавасць на працягу ўсіх заняткаў.
У 2011/2012 навучальным годзе ў АПА Алена Аляксандраўна набыла навык стварэння аўтарскіх электронных матэрыялаў у праграме-дадатку для інтэрактыўнай дошкі Smart Notebook 10.
“Кожная старонка Notebook у працэсе ўрока інтэрактыўная. З ёй могуць працаваць настаўнік і навучэнцы, мяняючы яе змест, уносячы любы тэкст, дабаўляючы альбо ліквідуючы розныя аб’екты з дапамогай набору прадастаўленых інструментаў. І ўсё гэта непасрэдна каля дошкі! Частку экрана можна схаваць і паказаць, калі трэба будзе, можна вылучыць “пражэктарам” участкі экрана і сфакусіраваць увагу на іх. Усё, што адлюстравана на дошцы, было напісана, перасунута, згрупавана і г.д., можна захаваць, а праз некаторы час паглядзець і раздрукаваць. Праграма суправаджаецца некалькімі калекцыямі, якія дазваляюць ствараць флэш-анімацыю, выкарыстоўваць 3D-аб’екты, ствараць цікавыя эфекты, — тлумачыць Алена Аляксандраўна. — Навучэнцы лічаць, што працаваць з інтэрактыўнай дошкай цікавей, чым са звычайнай ці друкаваным раздатачным матэрыялам. Яны прызнаюць, што інтэрактыўны падыход дапамагае прымаць актыўны ўдзел ва ўроку”.
Настаўніца прымяняе ІКТ на пэўным этапе таго ці іншага ўрока ў залежнасці ад яго мэт і задач, спалучаючы з традыцыйнымі метадамі. Так, пры тлумачэнні новага матэрыялу ў 4 класе на ўроках па тэмах “Дзяленне з астачай”, “Пісьмовае складанне мнагазначных лікаў” выкарыстоўваецца інтэрактыўная дошка. Пры замацаванні матэрыялу ў 1 класе па тэмах “Дзяленне на склады”, “Націскны склад” выкарыстоўваецца ЭСН “Рыхтуемся да школы”, а пры вывучэнні табліцы множання ў 3 класе навучэнцам прапануецца ЭСН “Матэматыка, 2 — 4 класы”.
Па словах А.А.Бурко, выкарыстанне ІКТ у вучэбным працэсе дазваляе павысіць якасць засваення матэрыялу, ажыццявіць дыферэнцыраваны падыход да навучэнцаў з розным узроўнем гатоўнасці да навучання, уключыць адначасова ў работу дзяцей, якія валодаюць рознымі здольнасцямі і магчымасцямі, арганізаваць прамежкавы і выніковы кантроль ведаў з дапамогай камп’ютарных праграм. Урокі з выкарыстаннем інфармацыйных тэхналогій прыводзяць да станоўчых вынікаў малодшых школьнікаў і робяць навучанне цікавым, развіваюць матывацыю, дазваляюць лягчэй успрымаць і засвойваць складаныя пытанні ў выніку больш яснай, эфектыўнай і дынамічнай падачы матэрыялу; школьнікі пачынаюць працаваць больш творча і становяцца ўпэўненымі ў сабе.
ІКТ дапамагаюць настаўніцы і ў пазакласнай рабоце пры арганізацыі розных мерапрыемстваў. Яны выкарыстоўваліся пры напісанні даследчай работы “Я памятаю! Я ганаруся!” з вучаніцай Настассяй Блізнюк у мінулым навучальным годзе. Работа заняла 1 месца на абласным этапе конкурсу “Я — даследчык” у секцыі “Гуманітарныя веды”.
Персанальны сайт настаўніка — для вучняў, бацькоў, калег
Алена Аляксандраўна — чалавек, які ніколі не стаіць на адным месцы, а пастаянна знаходзіцца ў творчым пошуку. Ёй заўсёды цікава даведацца пра штосьці новае і паспрабаваць рэалізаваць гэта на практыцы. Сёлета настаўніца зрабіла партфоліа для кожнага навучэнца класа. Дзецям падабаецца накопліваць свае дасягненні. Ды і бацькі з задавальненнем праглядаюць, чытаюць рэкамендацыі, як і ў чым дапамагчы дзіцяці, на што звярнуць увагу.
З мэтай інтэрактыўных зносін з калегамі, навучэнцамі і іх бацькамі настаўніцай быў створаны персанальны сайт (адрас сайта: burko.of.by). Існаванне сайта дае магчымасць інтэрактыўнага навучання дзяцей у хатніх умовах. У раздзеле “Для вучняў” дзеці знаходзяць заданні для паўтарэння, замацавання пройдзенага матэрыялу, а таксама для падрыхтоўкі да кантрольнай работы. Акрамя таго, бацькі могуць не толькі пачытаць карысную інфармацыю аб выхаванні і навучанні дзяцей, але і атрымаць уяўленне аб патрабаваннях вучэбнай праграмы, узроўні ведаў дзіцяці па пройдзенай тэме.
Зараз Алена Аляксандраўна актыўна супрацоўнічае з калегамі з Мінска па пытаннях выкарыстання ІКТ у адукацыйным працэсе і рыхтуецца да правядзення семінара для настаўнікаў пачатковых класаў у МАІРА.
Наталля КАЛЯДЗІЧ.