Не трэба баяцца новаўвядзенняў

Сёння складана ўявіць вучэбны працэс без якога-небудзь гаджэта: тэлефона, планшэта, камп’ютара, тэлевізара. Здавалася б, для паспяховага навучання ёсць усё, але прэзентацыямі здзівіць становіцца ўсё складаней, мабільныя тэлефоны і планшэты ёсць не ва ўсіх, загружанасць камп’ютарных класаў не дазваляе правесці тэст-апытанне ў анлайн-рэжыме на патрэбным уроку, педагогі сутыкаюцца з цяжкасцямі ў складанні інтэрактыўных заданняў.

З’яўляючыся маладым спецыялістам, я стараюся ісці ў нагу з часам: цікаўлюся новымі інфармацыйна-камунікацыйнымі тэхналогіямі як у нашай краіне, так і за мяжой. Знаходкай і адкрыццём пры пошуку навіны для бінарнага ўрока стала для мяне простая і зручная тэхналогія інтэрактыўнага тэсціравання Plickers.

Plickers — гэта праграма, якая дазваляе імгненна ацаніць адказы ўсяго класа ў час вучэбных заняткаў па пройдзеным ці бягучым матэрыяле, спрасціць апрацоўку даных і збор статыстыкі, арганізаваць хуткую зваротную сувязь з класам (аўдыторыяй бацькоў, слухачоў), імгненны ўлік наведвальнасці заняткаў. Працуе Plickers з прымяненнем QR-кодаў, больш прывычных нам у рэкламе, на квітках з магазінаў. Мабільны дадатак Plickers, устаноўлены на планшэце ці мабільным тэлефоне педагога, счытвае QR-коды з папяровых картак навучэнцаў. Сама картка квадратная і мае чатыры бакі. Кожнаму боку адпавядае свой варыянт адказу (А, В, С, D), які адзначаны на картцы.

Камп’ютар ці ноўтбук з адкрытым сайтам Plickers у рэжыме LiveView і тэлевізар ці праектар дазваляюць навучэнцам бачыць пытанне педагога, варыянты адказу. Ёсць магчымасць уставіць выяву ў пытанне. Такім чынам, настаўнік пры дапамозе мабільнага дадатку сканіруе адказы дзяцей у рэжыме рэальнага часу: педагог задае пытанне, навучэнцы выбіраюць варыянт адказу і падымаюць картку адпаведным бокам угору. У канцы апытання вынік можна вывесці на экран, таму што дадатак адлюстроўвае статыстыку адказаў і выбудоўвае дыяграму на аснове яе аналізу. Усе даныя захоўваюцца, іх можна раздрукоўваць. Станоўчым з’яўляецца тое, што праграма можа працаваць і пры адсутнасці інтэрнэту. У гэтым выпадку пытанні і варыянты адказаў навучэнцы ўспрымаюць на слых. Усе адказы захоўваюцца ў базе даных і даступны як непасрэдна ў мабільным дадатку, так і на сайце для імгненнага ці адкладзенага аналізу.

З чаго ж трэба пачынаць?

Для работы з Plickers неабходна прайсці рэгістрацыю на сайце дадатку www.plickers.com. У акаўнце ствараюцца спісы класаў, куды ўносяцца прозвішчы навучэнцаў па журнале, распрацоўваюцца тэсты і апытанні. Там жа ёсць магчымасць спампаваць карткі (пранумараваная картка з варыянтамі адказаў выдаецца вучню з адпаведным нумарам па спісе ў журнале). Далей устанаўліваецца дадатак Plickers на смартфон ці планшэт.

Апрабацыя гэтай тэхналогіі праходзіла на ўроках у першым класе. Меркавалася, што цяжкасці ўзнікнуць пры выбары правільнай літары (А, В, С, D), таму што не ўсе дзеці вывучалі лацінскі алфавіт. Але, як аказалася, хваляванні былі дарэмнымі.

Знаёмства з гэтай праграмай у дзяцей прайшло паспяхова і з вялікай цікавасцю. Пасля першага пробнага апытання навучэнцы задалі адзінае пытанне: “А заўтра правядзём яшчэ раз гэты тэст?” Парадавалі сваімі вынікамі і дзеці, якія вельмі хвалююцца ў час праверачных і тэставых работ. Звычайна перажыванні перашкаджаюць ім сканцэнтраваць увагу на заданнях. У дадзеным выпадку яны былі спакойныя і паказалі добрыя вынікі. Таму пры падрыхтоўцы бінарнага перавернутага ўрока па тэме “Органы пачуццяў чалавека. Органы слыху, нюху, дотыку, смаку” не ўзнікла сумненняў, што і навучэнцаў 3 класа гэтая праграма здзівіць і захопіць.

Адной з задач урока была праверка і ацэньванне ведаў навучэнцаў па згаданай тэме. Праграма Plickers дапамагла і тут. Навучэнцы, якія лепш успрымаюць пытанні візуальна, глядзелі на экран тэлевізара, а тыя, хто слоўна, — слухалі настаўніка. Як толькі я выбрала пытанне на мабільным тэлефоне, яно аўтаматычна адлюстравалася на экране праз рэжым LiveView. Гэта спецыяльны рэжым паказу пытанняў, якім можна кіраваць з мабільнага тэлефона. Не трэба знаходзіцца ля камп’ютара і пераключаць што-небудзь. Гэта істотна эканоміць час. Трэцякласнікам было прапанавана 5 пытанняў. У канцы агульныя вынікі тэста былі выведзены на экран з наступным вусным ацэньваннем. Для кожнага навучэнца былі раздрукаваны індывідуальныя лісты апытання з зазначэннем колькасці правільных адказаў у працэнтах.

Гэтую праграму я выкарыстоўваю для франтальнага апытання ў канцы ўрока (для вызначэння, што было засвоена за ўрок), у пачатку ўрока (так я бачу, што неабходна паўтарыць), для тэста ці праверачнай работы (візуалізацыя ўзроўню ведаў па пэўнай тэматыцы).

У канцы ўрока вывучэння новага матэрыялу, правёўшы апытанне, можна ўбачыць, з чым вучні справіліся лёгка, а што выклікала цяжкасці і было дрэнна засвоена. У пачатку наступнага ўрока можна правесці такое ж апытанне. Яшчэ ні разу вынікі не пагаршаліся.

Першапачаткова мне здавалася, што Plickers можа прымяняцца толькі на ўроках па прадмеце “Чалавек і свет”, але на сёння я апрабавала згаданую праграму на многіх вучэбных прадметах. У выглядзе вуснага лічэння праверыла на ўроку матэматыкі ўменне хутка і правільна вылічаць двухзначныя і адназначныя лікі; веданне адзінак вымярэння даўжыні, масы; уменне рашаць задачы ва ўскоснай форме, на рознаснае параўнанне, веданне тэрміналогіі і г.д. Plickers дапамагла дзецям запомніць, якой літары няма ў беларускай мове, але якая ёсць у рускай. Заўважыла, што гульні ў перакладчыка пры дапамозе гэтай праграмы павышаюць лексічны запас малодшых школьнікаў. Арфаграфічныя хвілінкі і праверка дамашняга задання сталі займаць менш часу. Павялічыўся ахоп навучэнцаў, якія апытваюцца. На ўроках літаратуры праграму прымяняю на этапе першаснага ўспрымання тэксту, у час абагульняльных заняткаў. Звярнула ўвагу, што навучэнцы сталі лепш запамінаць аўтараў і іх творы.

Перавагі Plickers: прастата ў выкарыстанні, даступнасць (наяўнасць смартфонаў ці камп’ютараў навучэнцам не патрабуецца), імгненнае атрыманне вынікаў апытання на занятках без працяглай праверкі, эканомія часу настаўнікам пры аналізе засваення ведаў навучэнцамі і маніторынгу ведаў дзяцей.

Plickers — гэта новая інфармацыйна-камунікацыйная форма навучання, якая выклікае велізарную цікавасць у навучэнцаў і ў мяне. Калі ёсць магчымасць зрабіць разнастайнымі сумныя апытанні, паскорыць праверку і аналіз праверачных работ, калі не патрэбны спецыяльныя навыкі для работы з гэтай праграмай, то чаму б і не ўключыць яе ў заняткі?!

Дзіяна КАВАЛЁВА,
настаўніца пачатковых класаў сярэдняй школы № 21 Баранавіч.