Нават клякса можа стаць чараўніцтвам!

Развіццё творчых здольнасцей малодшых школьнікаў складае аснову, фундамент працэсу навучання, з’яўляецца вечнай педагагічнай праблемай, якая з цягам часу не страчвае сваёй актуальнасці, патрабуючы пастаяннай павышанай увагі і далейшага развіцця.

Вельмі важным перыядам у развіцці і станаўленні асобы з’яўляецца пачатковы перыяд навучання. Менавіта ў гэтым узросце творчыя здольнасці навучэнцаў найбольш паддаюцца развіццю. На жаль, гэтыя магчымасці з часам незваротна страчваюцца, таму неабходна як мага эфектыўней выкарыстоўваць іх у малодшым школьным узросце.

Найбольш эфектыўны шлях развіцця індывідуальных здольнасцей ляжыць праз далучэнне школьнікаў да прадукцыйнай творчай дзейнасці. Пад творчасцю разумеецца дзейнасць па стварэнні новых і арыгінальных прадуктаў, якія маюць грамадскае значэнне. Таму сістэма навучання павінна выбудоўвацца такім чынам, каб адкрывалася магчымасць для развіцця індывідуальнасці кожнага навучэнца. Гэтага можна дасягнуць на ўроках выяўленчага мастацтва праз выкарыстанне нетрадыцыйных тэхнік малявання. Паколькі асноўнай дзейнасцю малодшых школьнікаў з’яўляецца гульня, то выкарыстанне незвычайных тэхнік малявання ў гульнявой форме будзе спрыяць развіццю гнуткасці і арыгінальнасці мыслення, створыць сітуацыю поспеху на кожных вучэбных занятках.

На ўроках выяўленчага мастацтва кожны навучэнец мае магчымасць не толькі пазнаёміцца з нетрадыцыйнымі тэхнікамі малявання, але і выбраць тыя, якія падабаюцца больш і дапамагаюць раскрыць індывідуальныя здольнасці. Вывучыўшы і апрабаваўшы ў сваёй педагагічнай дзейнасці розныя нетрадыцыйныя тэхнікі малявання па развіцці творчых здольнасцей навучэнцаў, я вылучыла самыя выніковыя: кляксаграфія, маляванне пальчыкамі, маляванне далонькамі, маляванне кропкамі, ніткаграфія, маляванне акварэллю і воскам, маляванне на мокрай паперы, маляванне губкамі.

Пры правядзенні ўрока выяўленчага мастацтва ў 2 класе па тэме “Творчасць і фантазія” выкарыстоўвала такую тэхніку нестандартнага малявання, як кляксаграфія. Дзеці ператваралі звычайную кляксу ў незвычайную жывёліну.

КЛЯКСАГРАФІЯ

Дзіця робіць кляксы рознага колеру, потым глядзіць на іх і бачыць у іх вобразы, прадметы ці асобныя дэталі. “На што падобна твая клякса?”, “Каго ці што яна табе нагадвае?” — гэтыя пытанні стымулююць навучэнцаў думаць, развіваюць уяўленне. Пасля рэкамендую перайсці да наступнага этапу — абвядзенне ці дамалёўка кляксаў. У выніку атрымліваецца цэлы сюжэт. Такім чынам, нават клякса можа стаць чараўніцтвам!

Адны з любімых тэхнік нестандартнага малявання ў малодшых школьнікаў — гэта маляванне пальчыкамі, маляванне далонькамі, кропкавы малюнак, ніткаграфія. Гэтыя тэхнікі я выкарыстоўвала пры навучанні маляванню птушак, жывёл, насякомых, грыбоў, ягад і г.д.

МАЛЯВАННЕ ПАЛЬЧЫКАМІ

Дзіця апускае ў гуаш пальчыкі. На кожны пальчык набіраецца фарба рознага колеру. Наносяцца кропкі, плямкі, лініі на паперу, злучаецца ўсё гэта і атрымліваецца незвычайны малюнак.

МАЛЯВАННЕ ДАЛОНЬКАЙ

Дзіця фарбуе далоньку з дапамогай пэндзліка і робіць адбітак на паперы. Малююць і правай і левай рукой, афарбаванымі рознымі колерамі. Пасля гэтага дзіця дамалёўвае далоньку і ператварае яе ў незвычайную жывёлу. Фантастычны сілуэт гатовы!

Кляксаграфія, маляванне далонькамі і маляванне губкамі спрыяюць развіццю ўяўлення, арыгінальнасці і гнуткасці мыслення ў малодшых школьнікаў.

На развіццё дакладнасці, бегласці мыслення, акуратнасці ўплываюць такія тэхнікі малявання, як “Кропкавы малюнак”, “Ніткаграфія”, “Васковая крэйда+акварэль” і “Маляванне на мокрай паперы”.

КРОПКАВЫ МАЛЮНАК

Для рэалізацыі гэтай тэхнікі патрабуюцца ватныя палачкі, якія апускаюцца ў густую фарбу, кропкі наносяцца на малюнак на альбомны ліст.

НІТКАГРАФІЯ

У аснове гэтай тэхнікі ляжыць навучанне маляванню ніткамі. Нітку фарбуем у патрэбны колер і прыкладаем на альбомны ліст. Нітачкі размяшчаем на лісце паперы рознымі ўзорамі і потым іх афарбоўваем. Атрымліваецца аб’ёмная выява.

Нетрадыцыйныя тэхнікі малявання, такія як “Васковая крэйда+акварэль”, “Маляванне губкамі” і “Маляванне на мокрай паперы”, выкарыстоўваю пры навучанні маляванню пейзажаў, жывёл.

ВАСКОВАЯ КРЭЙДА+АКВАРЭЛЬ

Спачатку дзіця наносіць малюнак васковай крэйдай на белай паперы, потым зафарбоўвае ліст акварэллю ў ад зін ці некалькі колераў. Малюнак крэйдай застаецца некранутым, таму што асноўная ўласцівасць такой крэйды — адштурхоўваць ваду. Месцы на паперы, не зафарбаваныя крэйдай, афарбоўваюцца самі. Малюнак, зроблены крэйдай, выяўляецца ярчэй. Атрымліваюцца сапраўдныя шэдэўры.

МАЛЯВАННЕ НА МОКРАЙ ПАПЕРЫ

Гэтую тэхніку выкарыстоўваю пры правядзенні ўрокаў, дзе патрэбна невыразнасць, расплывістасць у выяўленні прадметаў. Напрыклад, пры выяўленні захаду сонца, дажджлівага дня, начнога пейзажу і г.д. Спачатку вучу дзяцей рабіць паперу крыху вільготнай, таму што калі яна будзе залішне мокрай, то малюнка можа не атрымацца. Рэкамендую намачыць у чыстай вадзе пэндзлік і, злёгку адціснуўшы яго, правесці па ўсім лісце паперы. Далей наносім выяву па мокрым месцы, якое атрымліваецца невыразным.

МАЛЯВАННЕ ГУБКАМІ

Тэхніка малявання губкамі з’яўляецца вельмі простай для дзяцей любога ўзросту. З паралону выразаем розныя фігуры: квадрат, ромб, зорка, круг і г.д. Акунаем губку ў фарбу і наносім адбітак на паперу. Атрымліваюцца цікавыя работы, калі на губку нанесці адразу некалькі колераў.

Такім чынам, выкарыстанне нетрадыцыйных тэхнік малявання спрыяе развіццю творчых здольнасцей навучэнцаў пачатковых класаў на ўроках выяўленчага мастацтва; дапамагае навучэнцам творча асэнсоўваць рэчаіснасць, па-новаму яе адлюстроўваць, фарміруе арыгінальнасць і нестандартнасць мыслення. Розныя матэрыялы выклікаюць у навучэнцаў імкненне вывучыць, даследаваць іх магчымасці на практыцы. Работа ў розных тэхніках, з разнастайнымі матэрыяламі пашырае магчымасці малодшых школьнікаў, вучыць адчуванню колеру і гармоніі, прастораваму ўяўленню, вобразнаму мысленню і, такім чынам, развівае творчыя здольнасці. У дзяцей значна павысілася цікавасць да выяўленчай дзейнасці.

Навучаючы дзяцей нетрадыцыйным тэхнікам малявання, прыйшла да высновы: калі табе падабаецца, калі вочы дзяцей гараць ад захаплення на занятках, калі ты хочаш, каб кожныя заняткі былі святам, калі ты жадаеш смяяцца, здзіўляцца і мець зносіны з разумнымі, творчымі дзецьмі — трэба больш з імі назіраць, маляваць і імправізаваць.

Прырода шчодра надзяліла кожнае дзіця магчымасцямі развівацца, і кожнае дзіця можа ўзняцца на самыя неверагодныя вышыні творчай дзейнасці. Радасць творчасці — адна з самых вялікіх радасцей на зямлі, перамога над сабой, сцвярджэнне маленькай асобы ў свеце разнастайнасці фарбаў, гукаў, маральных пачуццяў. Мой абавязак як настаўніка выяўленчага мастацтва — дапамагчы навучэнцам у развіцці іх творчых здольнасцей.

Святлана МАШЭЙ,
настаўніца вучэбнага прадмета “Мастацтва” сярэдняй школы № 1 Ляхавіч Брэсцкай вобласці.