Жыццёвая геаграфія Ірыны Мажарскай

Зрабіць макет вулкана і прадугледзець змяненні клімата на нашай планеце з лёгкасцю могуць выхаванцы настаўніцы геаграфіі сталічнай гімназіі № 25 Ірыны Пятроўны Мажарскай. Педагог добра ведае, чым зачапіць вучняў на ўроку, як авалодаць іх увагай і заахвоціць да далейшай прадукцыйнай дзейнасці. Пра педагагічныя аксіёмы, сакрэты матывацыі і патэнцыял практыка-арыентаваных заданняў наша гутарка з І.П.МАЖАРСКАЙ.

— Ірына Пятроўна, што паўплывала на ваш прафесійны выбар?

— Кажуць, самая простая формула шчасця, гэта калі з радасцю ідзеш на работу і з радасцю вяртаешся дадому. Калі меркаваць па ёй, то я шчаслівая. Прафесія стала маім прызваннем, перада мной ніколі не стаяла пытанне, куды я пайду вучыцца і кім буду працаваць. У кожным чалавеку ёсць схільнасць да нейкага віду дзейнасці, а нашы педагагічныя гены перадаюцца па спадчыне. Бабуля, стрыечная сястра, цётка, пляменнікі — усе выкладчыкі. Можна сказаць, у нас цэлая настаўніцкая дынастыя, педагагічны стаж якой налічвае больш за 100 гадоў. Гэты факт і быў першай часцінкай поспеху ў маёй прафесійнай дзейнасці і надаваў упэўненасці, што толькі тут, менавіта ў выхаванні і ў навучанні дзяцей, я магу прынесці нейкую карысць грамадству.

Лёс падарыў мне шчаслівую магчы­масць вучыцца ў таленавітых, улюбёных у сваю справу педагогаў не толькі ў сярэдняй школе № 2 Жодзіна, але і на геаграфічным факультэце Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Кожны з іх унёс свой уклад у маё станаўленне.

Ужо 20 гадоў вялікая ўдача для мяне — работа ў сталічнай гімназіі № 25, дзе пануе асаблівая атмасфера сутворчасці (і гэта дае двайное натхненне), дзе працуе неверагодна працаздольная каманда педагогаў-прафесіяналаў, якія запальваюць сэрцы і адкрываюць гарызонты ведаў не толькі вучням, але і маладым настаўнікам.

Самая вялікая падзяка для педагога — выбар яго вучнямі такой жа прафесіі. І мне прыемна, што сярод маіх выпускнікоў ёсць тыя, хто звязаў з геаграфіяй сваё жыццё.

— Раскажыце, калі ласка, пра асноўныя прынцыпы работы з дзецьмі.

— Вядомае кітайскае выслоўе “Не бойся, што не ведаеш, бойся, што не вучышся” лічу асабістым дэвізам па жыцці. Як настаўнік я знаходжуся ў пастаянным творчым пошуку, наведваю разнастайныя курсы, семінары па вывучэнні сучасных адукацыйных тэхналогій раённага, гарадскога, рэспубліканскага ўзроўню, знаёмлюся з вопытам настаўнікаў-наватараў.

У сваёй рабоце прытрымліваюся трох асноў­ных прынцыпаў: зацікавіць, навучыцца, прымяніць. Акрамя таго, лічу, што педагог сам павінен быць прыкладам, паспяховай, кампетэнтнай, ініцыятыўнай асобай, бо я педагог да тых часоў, пакуль цікавая сабе і дзецям. Я толькі маленькая прыступка ў іх жыцці, але неабходная для таго, каб узняцца вышэй. Менавіта гэта мае ключавыя педагагічныя аксіёмы.

— Якім, на ваш погляд, павінен быць сучасны ўрок?

— Лічу, што на сучасным уроку самае важнае ў рабоце настаўніка, ці здолеў ён арганізаваць пазнавальную дзейнасць навучэнцаў, працэс мыслення, пошуку і прыняцця рашэння. Калі навучэнцы на ўроку самастойна здабывалі інфармацыю, працавалі з ёй, эксперыментавалі, напружана думалі, разважалі спрачаліся, — урок не прайшоў дарма.

— Сёння ў аснове навучання павінен быць практыка-арыентаваны падыход. Як вы звязваеце геаграфію з жыццём?

— Нельга выкладаць геаграфію, клапоцячыся толькі пра засваенне вучэбнага матэрыялу, таму што тады навука з жывой ператворыцца ў абстрактную. Гэта значыць, геаграфічныя назвы, паняцці, якія гучаць на ўроках геаграфіі, застануцца мёртвымі паняццямі і не ператворацца ў вобразы, з якіх фарміруецца светапогляд.

Падчас урока звяртаю ўвагу навучэнцаў на прысутнасць геаграфіі ў іншых школьных прадметах — літаратуры, гісторыі, фізіцы, матэматыцы, хіміі, а падчас экскурсій — на пастаянную сувязь геаграфіі з жыццём.

Геаграфія — гэта не сухая справаздача пра тое, дзе што размешчана на паверхні Зямлі. Геаграфія без людзей не існуе. Расказваючы дзецям пра падарожнікаў, першаадкрывальнікаў, навукоўцаў, якія стварылі і працягваюць развіваць гэтую навуку, важна выказаць сваё шчырае захапленне не толькі асабістымі якасцямі гэтых людзей, але і іх уменнем дакладна аналізаваць узаема­дзеянне сіл прыроды.

Цяжка рабіць адкрыцці, нават калі да іх толькі крок. Верагодна, зрабіць гэты крок сённяшняму школьніку будзе лягчэй, калі на ўроках геаграфіі ён зможа адчуваць прыналежнасць да тых адкрыццяў, вандровак, якія ўжо адбыліся, і закранаць тыя таямніцы прыроды, якія ім, магчыма, трэба будзе раскрыць.

Практыка-арыентаваныя заданні на ўроках геаграфіі, якія шматразова прымяняюцца, спрыяюць інтэграцыі ведаў, падахвочваюць навучэнцаў выкарыстоўваць дадатковую літаратуру, павышаюць іх цікавасць да вучобы ў цэлым, станоўча ўплываюць на трываласць ведаў і якасць адукацыі, што дазваляе ствараць не толькі пазнавальную матывацыю да вывучэння прадмета, але і праз развіццё цікавасці да прадмета ажыццяўляць прафарыентацыю.

— Як павысіць матывацыю дзяцей да вывучэння геаграфіі? Якія метады і прыёмы работы вы выкарыстоўваеце?

— На працягу многіх гадоў работы я імкнулася развіваць у сваіх навучэнцаў цікавасць да вывучэння геаграфіі, фарміраваць у іх пазнавальную матывацыю да прадмета, выкарыстоўваючы практыка-арыентаваныя заданні.

Для дасягнення станоўчых вынікаў прымяняю наступныя віды практыка-арыентаваных заданняў. Па-першае, кантэкстныя задачы. Гэта матывацыйныя задачы, ва ўмове якіх апісана пэўная жыццёвая сітуацыя або сітуацыя, якая, магчыма, адбудзецца. Напрыклад, пры вывучэнні тэмы “Паўднёвая Амерыка” ў 7 класе вучням даецца пытанне: “Якія змены ў прыродзе адбудуцца ў Паўднёвай Амерыцы пасля высякання экватарыяльных лясоў?”. Па-другое, практыка-арыентаваныя заданні-парадоксы. У іх прысутнічае нечаканы момант, які ідзе ў разрэз з прывычнымі ўяўленнямі сітуацыі. Выкананне такіх заданняў прадугледжвае пошук новых ведаў аб прыродзе, насельніцтве і гаспадарчай дзейнасці. Напрыклад, “Чаму ў Паўночнай Афрыцы на аднолькавай аддаленасці ад экватара клімат больш сухі, чым у Паўднёвай Афрыцы?”. Па-трэцяе, практыка-арыентаваныя заданні, у аснове якіх ляжыць навуковая гіпотэза. Так, у 7 класе па тэме “Тэорыя літасферных пліт” вучням даецца заданне: “Выкажыце здагадку, як будзе выглядаць планета Зямля ў далёкай будучыні, зыходзячы са становішча гіпотэзы дрэйфу мацерыкоў”. Па-чацвёртае, практыка-арыентаваныя задачы па вырашэнні праблемных сітуацый (на супастаўленне фактаў, аналіз сітуацыі), якія спрыяюць азнаямленню навучэнцаў з разнастайным геаграфічным матэрыялам, ма­юць прыкладны характар і развіваюць творчыя здольнасці і пазнавальную цікавасць дзяцей. Напрыклад, у 7 класе па тэме “Клімат Зямлі” выкарыстоўваю заданне: “Супастаўце фактары, што ўплываюць на фарміраванне экватарыяльнага і трапічнага клімату, растлумачце іх асаблівасці”. Па-пятае, творчыя заданні (канструяванне, мадэляванне, праектаванне) прымяняю на ўроках абагульняючага паўтарэння. Так, у 6 класе прапаноўваю навучэнцам спраектаваць з падручных сродкаў мадэль дзеючага вулкана.

Цікавы, знаёмы і асобасна значны матэрыял звычайна прымаецца навучэнцамі як менш цяжкі. Для правядзення ўрока геаграфіі ўлічваю рэкамендацыі, выкарыстанне якіх спрыяе ўзнікненню матывацыйных момантаў: ствараю атмасферу зацікаўленасці кожнага навучэнца; стымулюю дзяцей на выкарыстанне розных заданняў на ўроку без страху памыліцца, даць няправільны адказ; заахвочваю імкненне навучэнцаў да самастойнай работы, падтрымліваю ўсе віды дзейнасці, якія дазваляюць школьнікам дасягнуць мэты; ствараю ўмовы для праяўлення ініцыятывы. Акрамя таго, абмяркоўваю з навучэнцамі ў канцы ўрока не толькі тое, пра што даведаліся, але і што іх зацікавіла, што хацелі б выканаць яшчэ раз, а таксама аналізую падчас апытання на ўроку правільнасць адказу, яго арыгінальнасць, а таксама самастойнасць, жаданне навучэнцаў знаходзіць розныя спосабы выканання задання.

 Праведзеныя мной гутаркі і назіранні з навучэнцамі паказалі, што для іх найбольш цікавыя тыя ўрокі, на якіх яны актыўна працуюць: вывучаюць геаграфічныя аб’екты, выконваюць заданні па карце, працуюць у групе, вырашаюць вучэбную праблему, абменьваюцца думкамі і меркаваннямі, ажыццяўляюць узаемакантроль, таму я часта прымяняю нетрадыцыйныя формы ўрокаў: урок-практыкум, урок-падарожжа, урок-інтэрв’ю, урок-віктарына, урок-гульня.

— Ірына Пятроўна, на якіх этапах урока практыка-арыентаваныя заданні найбольш эфектыўныя?

— Практыка-арыентаваныя заданні выкарыстоўваю на розных этапах урока: пры вывучэнні новага матэрыялу такое заданне выступае ў ролі матывуючай задачы, бо выклікае ціка­васць навучэнцаў; на этапе засваення новага матэрыялу можа быць часткай задання, якое выконваецца пасля вывучэння тэарэтычнага матэрыялу па тэме ўрока. На этапе кантролю ведаў практыка-арыентаваныя заданні павышаюць матывацыю навучэнцаў, яны працуюць як самастойна, так і ўключаюцца ў сумесную дзейнасць, што дапамагае прымяняць атрыманыя веды і ўменні ў розных сітуацыях. Пры такой арганізацыі ўрока геаграфіі тэарэтычны матэрыял усведамляецца навучэнцамі адразу ў цеснай сувязі з практычнай дзейнасцю. Дзеці перастаюць быць пасіўнымі слухачамі, а становяцца актыўнымі ўдзельнікамі адукацыйнай дзейнасці.

Для лепшага ўспрымання і асэнсавання новага матэрыялу на ўроку геаграфіі прымяняю практыка-арыентаваныя заданні па структурна-лагічных схемах, якія дазваляюць дзяліць складаны вучэбны матэрыял на сэнсавыя блокі, сістэматызаваць, аналізаваць, параўноўваць, павышаюць эфектыўнасць навучання. Напрыклад, на ўроку геаграфіі ў 7 класе “Тэорыя літасферных пліт” прапаную заданне: “Закончыць структурна-лагічную схему “Гіпотэза аб дрэйфе кантынентаў”. Работу зручней праводзіць у групах. Пры складанні схем выкарыстоўваю методыку Шаталава. Спачатку схему пішу на дошцы, вучні — у сшытках. Затым заданні ўскладняюцца: прапаную дзецям дапрацаваць схему, замест пытальніка паставіць назву аб’екта; скласці схему самастойна, выкарыстоўваючы тэкст падручніка і карты атласа. У заключнай частцы ўрока на аснове структурна-лагічнай схемы праводжу кароткае паўтарэнне і абагульненне ключавога матэрыялу.     

— Карта  — другая мова геаграфіі?

— Так,  карта — гэта асаблівая другая мова геаграфіі, мова, без якой гэтая навука не можа абысціся. І на ўроках мова геаграфіі займае вядучае месца. У сваёй рабоце вялікую ўвагу ўдзяляю вывучэнню шырокага кола тэматычных карт, аналіз якіх пашырае геаграфічную дасведчанасць навучэнцаў: работа з тэматычнымі, фізічнымі картамі спрыяе фарміраванню і замацаванню ведаў і ўменняў, развіццю ўяўлення, лагічнага мыслення, памяці, навыку аналізаваць, супастаўляць, параўноўваць, ствараць вобраз тэрыторыі, рабіць высновы.

Практыка-арыентаваныя заданні па геа­графічнай карце выкарыстоўваю на кожным уроку. Напрыклад, пры вывучэнні берагавой лініі мацерыкоў або акіянаў у 7 класе прапаноўваю заданне: “Здзейсні падарожжа” (вакол мацерыка або па карце паўшар’яў ад берагоў паўвострава Індакітай да берагоў Паўночнай Амерыкі, называючы акіяны, моры, пралівы, залівы, выспы, паўвостравы, якія сустракаюцца на шляху). Заданні можна ўскладняць. Напрыклад, “Назавіце, якія народы пражываюць на гэтай тэрыторыі, якія жывёлы і расліны насяляюць яе і г.д”. У аснову вывучэння геаграфічнай наменклатуры пакладзены адзін з адукацыйных прынцыпаў: яно павінна быць цікавым. Цікавасць — гэта магутная рухаючая сіла: калі навучэнцам цікава працаваць на ўроку, яны свядома прыкладаюць намаганні для ажыццяўлення пастаўленай мэты.

У сваёй рабоце выкарыстоўваю гульнявыя заданні, напрыклад, “Трэці лішні”, якія развіваюць памяць, уяўленне, спрыяюць запамінанню аб’ектаў на карце. На аркушы паперы або на дошцы запісваю тры паняцці: Дунай, Ніл, Вікторыя. Навучэнцы павінны вызначыць “лішні аб’ект”.

Перад пачаткам тлумачэння новага матэрыялу прымяняю гульнявыя заданні “Лаві памылку географа”: на геаграфічнай карце паказваю аб’ект і наўмысна раблю памылку ў назве. Вучні павінны яе выправіць. Важна пазбягаць без асаблівай неабходнасці выкарыстання падобных “гульняў у карты” для кантролю і выстаўлення адзнак. Глядзець у атласы можна і трэба! Для замацавання матэрыялу можна папрасіць дзяцей загарнуць атласы і адразу паўтарыць тое ж самае.

Для праверкі ведання геаграфічнай наменклатуры выкарыстоўваю “Нямыя карты”. Трэба правільна назваць геаграфічны аб’ект, які знаходзіцца пад адпаведнай лічбай. Заданне можна ўскладніць, калі на “нямой карце” алічбаваных аб’ектаў больш, чым тых, якія трэба вызначыць. Больш складаныя заданні “Збяры карту” або “Геаграфічныя сілуэ­ты” выкарыстоўваю паступова пачынаючы з 6 класа. Спачатку вучань па абрысах толькі пазнае і называе мацярык, затым адказвае на пытанні: у якім паўшар’і ён знаходзіцца, якія акіяны яго абмываюць, якая берагавая лінія. У 7 класе пры вывучэнні мацерыкоў да сілуэтаў мацерыкоў дадаюцца контуры паўастравоў, выспаў, абрыс.

 — Як вы ставіцеся да выкарыстання гаджэтаў на ўроках?

— У стагоддзе інфармацыйных тэхналогій, напэўна, дзіўна не карыстацца рознымі мабільнымі электроннымі прыладамі. Разумею, што сучаснае дзіця па-іншаму засвойвае вучэбны матэрыял. Менавіта гаджэты могуць стаць добрым сродкам матывацыі да навучання. Мне як настаўніку пашанцавала вучыцца шмат чаму ў дзяцей, бо на ўроках геаграфіі выкарыстанне лёгка даступных мабільных тэхналогій цалкам лагічнае. Я прывыкла да традыцыйных папяровых карт, але разам з дзецьмі пачала асвойваць і інтэрактыўныя камп’ютарныя карты, на якіх з дапамогай навігацыі можна хутчэй знаходзіць той ці іншы аб’ект, праводзіць вымярэнні і вылічэнні, вызначаць каардынаты аб’ектаў з дапамогай ГІС. Такім чынам, частка дзяцей падобныя заданні выконвае, карыстаючыся тэлефонам, іншыя — на звычайных картах, а затым мы параўноўваем вынікі. У старшых класах навучэнцы па жаданні выкарыстоўваюць на ўроках электронныя версіі падручнікаў.

Гутарыла Наталля КАЛЯДЗІЧ.