На ўрокі рускай — з настроем

Выкарыстанне патэнцыялу сацыяльнай сеткі ў адукацыйным працэсе

У сучасных умовах узрастае актуальнасць выкарыстання навучання на адлегласці і магчымасцей сацыяльных сетак. Хачу падзяліцца гісторыяй свайго сяброўства з сацсеткамі.

Да работы з сацсеткамі я звярнулася па некалькіх прычынах.

Па-першае, бацькі папрасілі выкладваць у “Аднакласніках” фота з мерапрыемстваў, якія я праводжу з дзецьмі.

Па-другое, першае даследаванне чытацкай дасведчанасці PISA ў Беларусі, у якім мы ўдзельнічалі, таксама паказала неабход­насць фарміравання ў навучэнцаў інфармацыйнай кампетэнцыі ў звязцы з чытацкай.

Па-трэцяе, школа была задзейнічана ў інавацыйным праекце “Чытач у сетцы” (кіраўнік Алена Волкава). Дзякуючы гэтай акалічнасці, у мяне кардынальна змяніўся пункт гледжання на праблему “дзеці не чытаюць”. Бо чытаюць жа! Іх увага бесперапынна прыкавана да смартфонаў, планшэтаў, манітораў ноўтбукаў. І праблема мяняе ракурс: што чытаюць? Адказ відавочны: зусім не тое, што б нам хацелася …

А хіба ёсць альтэрнатыва? Мне не хочацца пра сумнае: пра 2 камплекты “Вайны і міру” і 3 “Ціхага Дону”, 2 зачытаныя савецкага перыяду выдання брашуры “Лёсу чалавека” і ніводную “Бягучую па хвалях”, “Снежную каралеву” ў школьнай бібліятэцы… Не сакрэт, што, стаўшы лягчэйшым вагой, падручнік часткова страціў свой змест. Як гэта кампенсаваць? Можна сказаць, што ў інтэрнэце ёсць усё. А багацце інфармацыі — гэта плюс ці мінус? Наколькі дакладныя крыніцы, якія можа знайсці навучэнец, і што дарэчы ведаць у падлеткавым узросце? Якая рэклама размешчана на сайце, які прапануе да прачытання, напрыклад, поўны тэкст “Хлопчыка-зоркі” ці нават апавяданняў Чэхава?

З’явілася жаданне стаць лоцманам для дзяцей у моры інфармацыі. БЫЦЬ З ІМІ НА ІХ ТЭРЫТОРЫІ (асноўны пасыл “Чытача ў сетцы”). Так я з’явілася ва УК. Так нарадзіўся (па ўзоры ўбачаных у калег) першы маленькі праект — дамашняе заданне 10 класу па “Вайне і міры”: дзяўчынкі павінны былі стварыць “УКантакце” старонку Наташы Растовай, а хлопчыкі — Андрэя Балконскага з не менш чым 10 статусамі, фота, відэафрагментамі, якія найбольш ярка адлюстроўваюць знешні выгляд, характар героя, яго жыццёвую пазіцыю, духоўнае станаўленне. Атрымалася. Асабліва ўдала ў хлопчыкаў. І я адчула станоўчыя эмоцыі: было вельмі захапляюча, знаходзячыся ў сетцы адначасова з навучэнцамі, кансультаваць, карэкціраваць іх работу. Вельмі шкада, што такія праекты адміністрацыя УК хутка выдаляе, бо работу можна было б працягваць штогод пры вывучэнні твора.

Але перш чым “ісці” да вучняў са сваімі ідэямі, трэба грунтоўна падрыхтавацца. І тут маімі памочнікамі сталі сэрвісы, якія прапануюць навучанне на адлегласці (у тым ліку і бясплатныя курсы, вэбінары). Будучы чалавекам невыязным з прычыны жыццёвых акалічнасцей, я вельмі многа займалася (ды і займаюся) самаадукацыяй на розных сеткавых рэсурсах: “Фоксфард”, “Снейл—педагогу”, advance, etutorium, “Інфаўрокі”, videouroki.net (videouroki.by). Дарэчы, videouroki.net — мая асаблівая любоў, бо мы ўжо многа гадоў паспяхова супрацоўнічаем: я набываю ў іх комплексы відэаўрокаў, наведваю вэбінары; маю магчымасць выкарыстоўваць гэты Web 2.0 рэсурс у рабоце і інш. Так я атрымала ўяўленне пра асаблівасці арганізацыі анлайн-урокаў, вэбінараў і магчымасць пры жаданні стварыць свой вэбінарны пакой, сайт.

Канечне, спатрэбіўся час, каб сарыентавацца ў патоку магчымасцей, інфармацыі, асэнсаваўшы і структураваўшы якую, я прыняла рашэнне, найбольш прымальнае ў маіх умовах — стварыць суполку ў самай папулярнай сацсетцы ў маіх вучняў — “УКантакце”. Так з’явілася суполка “На ўрокі рускай — з настроем”, асноўная задача якой — супрацоўніцтва з вучнямі, калегамі, зацікаўленымі бацькамі ў імя ўрока. З часам сфарміраваўся асаблівы стыль маіх пастоў, яны лёгка пазнаюцца нават на чужых старонках, куды іх “падкрадаюць”.

Як жа выглядае пост, напрыклад, па літаратуры?

Матэрыял да ўрока адрасуецца канкрэтнаму класу і мае спасылкі на:

— самы чытэльны тэкст твора (пры неабходнасці), які я выбіраю з дзясяткаў (з добрым шрыфтам, фонам, ілюстрацыямі);

— аўдыякнігу з таленавітым выкананнем;

— найбольш удалую (на мой погляд), набліжаную да тэксту экранізацыю, мультфільм (калі такія ёсць);

— ілюстрацыі да твора ці такія, што адлюстроўваюць тэматыку;

— аўдыядадаткі: музычны фрагмент, песню, запіс гукаў прыроды;

— схемы малюнкаў для размалёўвання;

— фота;

— спасылку на мой тэкст на videouroki.by.

Гэты цудоўны рэсурс прадугледжвае канструктар тэстаў, якім я карыстаюся даўно і паспяхова. Вялікая колькасць характарыстык, якія можна задаваць, дазваляе стварыць тэкст любога тыпу і ўзроўню складанасці. Ацэньванне таксама рэгулюецца і адбываецца аўтаматычна: навучэнец адразу бачыць свой вынік, можа прааналізаваць свае памылкі, а я атрымліваю інфармацыю ў асабістым кабінеце. Так дасягаецца адна з важных характарыстык сучаснага ўрока — выніковасць. Пры гэтым час урока не затрачваецца зусім. Яшчэ адной добрай якасцю гэтых тэстаў з’яўляецца тое, што іх можна лічыць у нейкай ступені асобасна арыентаванымі, бо яны пабудаваны на тым аб’ёме матэрыялу, які навучэнцамі атрыманы на нашым уроку.

Галоўная вартасць праекта — тое, што я ў любы час знаходжуся ў зоне доступу сваіх навучэнцаў, а значыць, яны ў любы час могуць атрымаць кансультацыю. Для дзяцей важны аспект даступнасці тэста з любога месца (у тым ліку аздараўленне ў санаторыях нават за мяжой), з любога гаджэта, які мае доступ у сетку.

Так ужо больш за 5 гадоў мы рэалізоўваем аспект дыстанцыйнасці навучання. Дарэчы, колькасць праглядаў, спампоўванняў і выкананняў маіх тэстаў большая за 87 600, што гаворыць пра іх запатрабаванасць у інтэрнэт-прасторы.

Такім чынам, кожны пост — гэта цэлы вучэбны комплекс, які можна выкарыстоў­ваць на ўроку, пры падрыхтоўцы дамашняга задання, чытанні летам ды і проста ў вольны час.

Каб ажывіць матэрыял, зрабіць яго яшчэ больш інтэрактыўным, размяшчаю апытанні па тэме паста, якія адразу ж даюць уяўленне пра тое, ці ўважліва наведвальнікі старонкі азнаёміліся з прапанаваным матэрыялам.

З часам сфарміраваліся пастаянныя рубрыкі: “Выхадны з карысцю”, дзе я дзялюся кароткай анатацыяй і спасылкамі на свежыя артыкулы на педагагічных сайтах (“Дыдактар” і інш.); “Школа маладога спецыяліста”; “Ёсць нагода” — пра падзеі, святы, цікавы матэрыял, які дапаможа дзецям глыбей зразумець тэксты твораў; “Для вас, бацькі” дапаможа быць карысным сваім дзецям, арыен­тавацца ў матэрыяле, які вывучае дзіця; “З вопыту работы” — мае асабістыя педагагічныя знаходкі, распрацоўкі, у прыватнасці, спасылкі на іх публікацыі ў блогу на videouroki.by, “Інфаўрок.ру” і інш.; “Малышам” — інфармацыя, якая дазваляе ў гульнявой форме атрымліваць веды з прыцэлам на моўную і літаратурную кампетэнцыі і збліжаць дзяцей у сям’і; “Гэта мы можам” — найбольш удалыя праекты маіх вучняў; “Гартаючы архівы” — пра падзеі ранейшых гадоў, героямі якіх былі ўжо выпускнікі школы, і г.д.

Сабрана калекцыя відэа, створана некалькі фотаальбомаў. Асобна трэба ска­заць пра альбом “Калекцыя”, дзе сабраны пасведчанні і сертыфікаты, атрыманыя мной за размешчаныя ў сетцы матэрыялы. У яго асаблівая функцыя: нумар сертыфіката — гэта падказка для дзяцей нумара тэста, які трэба ўвесці, каб яго выканаць. А для калег — гэта магчымасць пазнаёміцца з існуючымі маімі аўтарскімі распрацоўкамі, якія я прапаную: прэзентацыямі, карткамі, прадметам асаблівай гордасці — “Ілюстраваным слоўнікам “Слова аб палку Ігаравым” і інш., даступным для бясплатнага (як і ўсе матэрыялы) спампоўвання, раздрукоўкі і выкарыстання ў сваёй практыцы.

Ствараючы пост, я многа ўвагі ўдзяляю эстэтычнасці матэрыялу, які падаецца.

У выніку атрымаўся паўнавартасны сеткавы адукацыйны праект, які стаў маім памочнікам, служыць сучасным наглядным інструментам у адукацыйным працэсе. На сёння ён змяшчае каля 400 пастоў. Я не займаюся яго прасоўваннем “УКантакце”, тым не менш статыстыка паказвае, што на старонцы рэгулярна бываюць госці з Вялікабрытаніі, Нідэрландаў, Францыі, ЗША, Аўстраліі і нават Новай Зеландыі.

Суполка з’яўляецца адкрытай, любы жадаючы можа пазнаёміцца з яе напаўненнем, скарыстацца яе матэрыяламі, якія дапамогуць зрабіць разнастайным урок, аформіць кабінет, правесці прадметны тыдзень, проста падрыхтаваць творчую работу дзякуючы спасылкам на Генератары рэбусаў, крыжаванак, атрымаць матэрыялы для стварэння наглядных дапаможнікаў і інш. Безумоўна, я знаёма з вялікай колькасцю інтэрнэт-рэсурсаў, якія можна выкарыстоўваць на ўроку, але важным момантам работы ў праекце “На ўрокі рускай — з настроем” з’яўляецца прастата: дастаткова быць зарэгістраваным ва “УКантакце”.

Праблемай у выкарыстанні матэрыялаў у час урока з’яўляецца нізкая хуткасць інтэрнэту. Па-за ўрокам — адсутнасць у дзяцей камп’ютара ці тэлефона, а таксама забарона бацькоў карыстацца сеткай. Гэтыя дзеці выконваюць тэсты ў школе.

Па прапанове кіраўніка Столінскага РВМК В.А.Грэчкі і метадыста В.В.Марчанка я праводзіла майстар-класы па гэтай тэме для калег з раёна.

Безумоўна, не ўсе настаўнікі вітаюць гэты кірунак работы: “Дзеці і так увесь час у тэлефонах, а тут яшчэ і вы”. Падзеі апошняга часу паказваюць, што мой вопыт актуальны. Безумоўна, патэнцыял “УКантакце” для навучання на адлегласці значна шырэйшы. Буду рада, калі калегі скарыстаюцца маімі матэрыяламі ці возьмуць для сябе якія-небудзь карысныя ідэі.

Валянціна ШУБІЧ,
настаўніца рускай мовы і літаратуры Белавушскай сярэдняй школы Столінскага раёна Брэсцкай вобласці.