“Самы лепшы ўрок той, на якім пануе атмасфера творчасці, калі веды ад настаўніка да навучэнца перадаюцца натуральна, у працэсе вольнай зацікаўленай гутаркі, — гаворыць настаўніца геаграфіі сярэдняй школы №5 Наваполацка Аксана Аляксандраўна Борыс. — Скіроўваць дзяцей да асэнсаванага вывучэння геаграфіі мне дапамагаюць розныя педагагічныя тэхналогіі, а творчыя здольнасці навучэнцаў развіваю праз стваральную дзейнасць – маляванне, чытанне вершаў, абарону творчых праектаў. Разам складаем казкі, слухаем музыку, вучымся пісаць лісты”.
Як спрачаліся глобус і карта
На сваіх уроках настаўніца спалучае элементы розных педагагічных тэхналогій — “Развіцця крытычнага мыслення”, “Тэхналогіі французскіх майстэрняў”, ІКТ, “Метаду праектаў”, “Праблемнага навучання” і іншых — у залежнасці ад узроўню ведаў дзяцей, тэмы ўрока і нават настрою, які ў пэўны момант пануе ў класе. Дасягнуць добрых вынікаў пры вывучэнні геаграфіі можна хутчэй, лічыць Аксана Аляксандраўна, калі спалучаць пры гэтым веды з розных навук: гісторыі, матэматыкі, фізікі, літаратуры. Не перашкодзяць і навыкі па выяўленчым мастацтве, чарчэнні, працоўным навучанні, музыцы.
На першым уроку ў 6 класе настаўніца знаёміць дзяцей са сваім прадметам і робіць гэта не зусім звычайна. Яна расказвае, што планета Зямля — жывая істота, што рэкі — гэта яе сасуды, лясы — лёгкія, што зямля можа адчуваць боль. Яна прапаноўвае дзецям пабудаваць домік, дзе будзе жыць Геаграфія. Кожны навучэнец уяўляе яго па-свойму: для кагосьці гэта глобус з невялічкімі акенцамі, хтосьці малюе хатку, у якой сам хацеў бы жыць. Аксана Аляксандраўна таксама разам з дзецьмі малюе свой дом. Ён не просты, бо “пабудаваны” з мэтай пераканаць дзяцей у тым, што “падмурак ведаў” па геаграфіі закладваецца з самага пачатку яе вывучэння, у 6 класе. Калі ён добры, то домік выстаіць пры любых выпрабаваннях. Ды і “сцены ведаў” павінны быць трывалымі. Калі ж падмурак ды сцены ненадзейныя, то ён можа абрушыцца нават у 11 класе, калі вывучаецца выніковы агульны курс геаграфіі.
На ўроках геаграфіі навучэнцы шмат малююць у канспектах, такім чынам задзейнічаюць не толькі слыхавую памяць, але і зрокавую, і асацыятыўную. Настаўніца можа прапанаваць намаляваць вінаградную галінку або чаравікі, абрысы якіх нагадваюць абрысы Італіі, і напісаць на малюнку звесткі пра гэтую краіну, а інфармацыю пра Егіпет занатаваць на малюнку піраміды і г.д. Звяртаецца педагог і да метаду “кошык ідэй”: малюе кошык і дзеці “кладуць” у яго словы, якія, напрыклад, успомніліся ім у сувязі з Японіяй. Пасля ў працэсе ўрока настаўніца тлумачыць сэнс названых дзецьмі слоў.
Якім можа быць творчае заданне для шасцікласнікаў? Напрыклад, па тэме “Глобус і геаграфічная карта” навучэнцам прапануецца напісаць і аформіць у выглядзе кніжачкі казку пра тое, як спрачаліся глобус і карта, хто з іх больш важны для чалавека. Настаўніца заўсёды вітае дапамогу бацькоў у падрыхтоўцы падобных творчых заданняў. У 6 класе дзецям вельмі падабаецца тэма “Літасфера і рэльеф Зямлі”, у кабінеце, падчас яе вывучэння, праводзіцца выстава мастацкіх работ пад назвай “Конкурс прыгажосці сярод вулканаў”.
У 7 класе курс геаграфіі становіцца больш складаным, і для педагога галоўная задача — утрымаць і далей развіваць цікавасць дзяцей да прадмета. Тут таксама не абысціся без творчых заняткаў. Паколькі педагог сама нядрэнна малюе, яна не баіцца паказваць навучэнцам свае малюнкі, на якіх, напрыклад, у выглядзе казачных жывых істот адлюстраваны прыродныя з’явы (вецер, воблака, дождж і інш). Дзеці пранікаюцца ідэяй і прыносяць на ўрок свае дзіўныя малюнкі, а часам і вырабы (млын, карабель), дэманструюць такім чынам работу ветру. Яшчэ ім вельмі падабаецца шукаць або складаць загадкі, падбіраць вершы і музыку да розных з’яў прыроды. У самы бліжэйшы час настаўніца плануе правесці ўрок пад музыку.
“У 8 і 9 класах вывучаецца “Геаграфія мацерыкоў і краін”. На мой погляд, гэта самы цікавы для дзяцей курс геаграфіі, а для настаўніка тым больш, — заўважае Аксана Аляксандраўна. — Колькі разоў я ў думках падарожнічала па ўсім свеце. На жаль, дзіцячыя і юнацкія мары пакуль не збыліся. Аднак мае памкненні перадаліся старэйшаму сыну, і ён атрымаў прафесію штурмана. Цяпер, калі ён вяртаецца з плавання, я з захапленнем слухаю, як выглядаюць мае летуценні на самай справе. Мне ж застаецца пакуль падарожнічаць па краінах і кантынентах толькі ў думках і заклікаць у вандроўкі дзяцей. Пасля такіх уяўных вандровак яны пішуць пра свае ўражанні ў лістах з Японіі і Кітая, малююць візітоўкі мацерыкоў і акіянаў, перадаюць пасланні ад Хрыстафора Калумба і г.д. Асаблівую цікавасць выклікае ў навучэнцаў раслінны і жывёльны свет мацерыкоў. Я заўсёды вітаю і заахвочваю дзяцей маляваць расліны і жывёл. У кабінеце геаграфіі ўжо сабрана шмат дзіцячых прэзентацый па гэтай тэме. Шкада толькі, што ў 9 класе толькі адзін урок геаграфіі ў тыдзень. Не хапае часу на творчыя распрацоўкі, таму навучэнцы ажыццяўляюць свае творчыя планы дома. Напрыклад, пішуць эсэ (“учора я прыехаў з Італіі, Францыі, Украіны і г.д.”), рыхтуюць паведамленні і прэзентацыі: “Гэтая дзіўная краіна…” (краіну пры гэтым выбіраюць самі)”.
У 10 класе вывучаецца геаграфія Беларусі. Вельмі важна, каб дзеці творча падышлі да набыцця ведаў па названым курсе. На першым уроку настаўніца задае на дом падрыхтаваць шаблон тэрыторыі Беларусі. Пасля ён неаднаразова выкарыстоўваецца пры напісанні канспектаў.
Праекты даследчыя, аналітычныя і творчыя
Аксана Аляксандраўна стараецца захапіць працэсам навучання ўсіх старшакласнікаў, надае яму практычную накіраванасць, арганізоўвае работу над праектамі. Праекты могуць быць розных тыпаў у залежнасці ад таго, якую задачу трэба вырашаць у межах даследавання. Праект можа быць інтэлектуальна-эўрыстычным (інфармацыйным), накіраваным на пошук, аналіз і асобасную ацэнку пэўных ведаў. Падобныя праекты, як правіла, ствараюцца старшакласнікамі, паколькі змест курса ў старшых класах уключае шмат цікавых тэм для самастойнага вывучэння і абагульнення ведаў. У кожным класе настаўніца фарміруе часовыя творчыя групы, складае заданні для іх, кансультуе, паказвае праекты навучэнцаў мінулых гадоў, вызначае час, які будзе адведзены на прэзентацыю праекта. Пасля таго, як выбрана тэма праекта, пачынаецца збор і вывучэнне адпаведнай інфармацыі, дыферэнцыяцыя матэрыялу, выбіраецца структура расказвання і афармлення работы. Потым ствараецца мультымедыйная прэзентацыя і пачынаецца падрыхтоўка да абароны праекта, якая звычайна праходзіць на абагульняючых уроках.
Ёсць навукова-даследчыя праекты — яны маюць выразна акрэсленую даследчую праблему. Такі тып праектаў складаны, іх могуць выконваць не ўсе школьнікі, а толькі тыя, якія маюць вялікую цікавасць да даследчай работы і адпаведную падрыхтоўку. Усе даследчыя праекты доўгатэрміновыя, з’яўляюцца монапраектамі, гэта значыць, выконваюцца адным навучэнцам і складаюцца з дзвюх частак: з тэарэтычнага абгрунтавання даследчай праблемы (кантэнт — аналіз літаратуры) і даследавання (эксперымент), праведзенага на аснове аналізу статыстычных даных, картаграфічнай інфармацыі і інш. Ва ўводзінах абавязкова пазначаецца метадалагічны апарат даследавання (актуальнасць работы, яе мэта, задачы, аб’екты і прадмет даследавання, гіпотэза, метады даследавання, практычная значнасць работы, яе навізна і г.д.). Праз тэму работы абавязкова адлюстроўваецца яе даследчы характар, таму пошук тэмы і яе граматнае фармуляванне вельмі важныя. Прыкладам такой работы, праведзенай навучэнцамі, з’яўляецца наступная: “Утылізацыя бытавых адходаў у Навагрудскім раёне”. Такія работы абараняюцца, як правіла, на навукова-практычных канферэнцыях, яны спрыяюць фарміраванню ў школьнікаў даследчай кампетэнтнасці, рыхтуюць іх да напісання ў будучым курсавых работ ва ўстановах вышэйшай адукацыі.
Існуюць аналітычныя праекты, якія накіраваны на выкананне заданняў аналітычнага і прагнознага характару. Напрыклад: праект, прысвечаны дэмаграфічнай палітыцы для Навагрудскага раёна (10 клас), “Аналіз рэсурсазабяспечанасці краін і рэгіёнаў, прагназаванне асноўных напрамкаў і праблем іх эканамічнага развіцця” (9 клас), “Аналіз прыродна-рэсурснага патэнцыялу краін або рэгіёнаў для іх эканамічнага развіцця” (9 клас). Работа над гэтымі праектамі садзейнічае развіццю ўмення інтэграваць атрыманыя веды, вырашаць задачы кампетэнтнаснага характару.
І, нарэшце, творчыя праекты. Гэты тып праектаў разлічаны на школьнікаў, арыентаваных на творчую дзейнасць. Такія праекты для настаўніцы найбольш цікавыя, а дзецям яны даюць магчымасць развіваць свае мастацкія, паэтычныя, тэатральныя здольнасці. Творчыя праекты спрыяюць развіццю міжпрадметных сувязей. Яны патрабуюць ад навучэнцаў ведаў не толькі па геаграфіі, але і па гісторыі, біялогіі, інфарматыцы і г.д. У ліку творчых праектаў, рэалізаваных навучэнцамі Аксаны Аляксандраўны, можна назваць праект-калаж “Акіяны Зямлі”; “Конкурс прыгажосці сярод вулканаў”; праект — рэкламны ролік “Зялёнае ўбранне школе”; праект-буклет “Падарожжа па Беларусі”; праект “Дом будучага”(будоўля дома пад дэвізам “Купляйце беларускае”); мастацкі калаж “Візітка акіянаў” і іншыя.
У госці да землякоў
“Прэзентацыя творчых праектаў на ўроку — вялікая падзея для навучэнцаў, — адзначае Аксана Аляксандраўна, — хацелася б больш падрабязна расказаць аб адным з праектаў — “Турыстычнае агенцтва “Землякі”. Ідэя яго ўзнікла ў выніку вывучэння раздзела “Прыродныя ўмовы і рэсурсы Беларусі”, з якога навучэнцы даведаліся пра асаблівасці прыроды роднага краю: рэльеф, клімат, водныя аб’екты, флору і фаўну. Часам дзесяцікласнікі нават не здагадваюцца, што на прасторах роднай краіны ёсць дзівосныя мясціны, якія нічым не саступаюць замежным. Пры вывучэнні тэм “Прыродаахоўныя тэрыторыі” і “Рэкрэацыйныя рэсурсы”, я прапаную стварыць у класе турыстычнае агенцтва “Землякі”. Навучэнцы самі вырашаюць, аб’ядноўвацца ім у пары ці ў групы, некаторыя працуюць індывідуальна, а я выконваю ролю дырэктара агенцтва. Потым выбіраем кірунак работы. Антыкрызісныя менеджары распрацоўваюць буклет “10 прычын наведаць Беларусь”. Менеджары па рэкламе прыдумваюць слоганы і вершы аб агенцтве, крэатыўныя менеджары распрацоўваюць новыя маршруты па Беларусі і прадстаўляюць іх у выглядзе буклетаў, рэкламных ролікаў або прэзентацый. Для работы турыстычнай фірмы я заўсёды адводжу асобны ўрок, і ўсе падобныя ўрокі праходзяць цікава. Атмасферу дзіцячай творчасці і крэатыву немагчыма перадаць на паперы. Яны прыдумалі, напрыклад, рэкламны слоган для агенцтва: “Тихий отдых у реки вам предложат “Землякі”! А вучаніца 10 класа Дзіяна Валынец склала рэкламны верш”.
Кожны год навучэнцы прыдумваюць усё новыя і новыя экскурсійныя маршруты па Беларусі: маршрут “Прышэльцы са Скандынавіі” пралягае па месцах скаплення валуноў; удзельнікі маршруту “У пошуках скарбаў” шукаюць скарб Напалеона і Крыж Ефрасінні Полацкай; “У Пошуку Цмока” — маршрут па беларускім Палессі; не пакідае абыякавым маршрут “Шлях караля Міндоўга” і многія іншыя. План такога ўрока не напішаш стандартна — гэта ўрок — ролевая гульня, урок-шоу, урок адаптацыі да жыцця, урок патрыятызму і гонару за сваю Радзіму. На такім уроку дзеці і настаўнік з’яўляюцца аднадумцамі.
Да вывучэння курсу “Агульная геаграфія” ў 11 класе навучэнцы падыходзяць з пэўным багажом ведаў і ўменняў. Простымі гульнямі і заданнямі цікавасць да прадмета ў іх ужо не выклічаш, неабходна шукаць новыя кірункі і заданні. Напрыклад, у рамках тэмы “Прыродна-тэрытарыяльныя комплексы. Ландшафты” навучэнцы распрацоўваюць праект ландшафту рэкрэацыйнай тэрыторыі, дзіцячай спартыўнай пляцоўкі, спартыўнага комплексу і г.д., складаюць і абараняюць праект па тэме “Геаграфічныя паясы Зямлі”, пішуць эсэ “Гісторыя чалавецтва — гэта бесперапынныя пошукі гармоніі ў зносінах яго з прыродай”.“Галоўны паказчык паспяховасці ўрока для мяне — гэта добры настрой навучэнцаў, калі вочы іх свецяцца, а на тварах адкрытыя ўсмешкі, — гаворыць Аксана Аляксандраўна. — Як бальзам на сэрца словы ў канцы заняткаў: “Дзякуй, было вельмі цікава”, “Я і не заўважыў, як праляцеў урок”, “Пабольш бы такіх урокаў”. Як і ў любой рабоце, для мяне важны вынік. Мае навучэнцы становяцца пераможцамі раённых алімпіяд па геаграфіі. Заўсёды адчуваю сапраўднае задавальненне, калі бачу перад сабой разумнага, інтэлігентнага чалавека, які ўмее самастойна думаць і вырашаць розныя праблемы, валодае крытычным і творчым мысленнем, мае багаты слоўнікавы запас, заснаваны на глыбокіх ведах. Радуюся, калі вучань прызнаецца, што пры чытанні мастацкай літаратуры ці газеты, пры праглядзе фільмаў або паказе якога-небудзь аб’екта ў навінах уяўляе, дзе ён размешчаны на карце, ведае асаблівасці прыроды пэўных мясцін, традыцыі насельніцтва, — для мяне гэта гімн у гонар геаграфіі і маёй сціплай працы!”.
Надзея ЦЕРАХАВА.