У жыцці дзіцяці, якое пераходзіць з пачатковай школы ў 5 клас, адбываюцца вялікія змены. Першая з іх звязана са своеасаблівым заканчэннем дзяцінства, другая — з новай сістэмай навучання: класны кіраўнік, настаўнікі-прадметнікі, якія выкладаюць дысцыпліны ў розных кабінетах, і трэцяя звязана, магчыма, нават з новым класным калектывам.
Многія пяцікласнікі ганарацца тым, што сталі старэйшымі і хутка прывыкаюць да новых умоў навучання, іншыя ж вельмі цяжка перажываюць змены ў школьным жыцці, таму працэс адаптацыі ў іх зацягваецца.
На думку псіхолагаў, цяжкасці працэсу адаптацыі перажываюць 70—80% школьнікаў. А паспяховасць гэтага працэсу залежыць не толькі ад інтэлектуальнай падрыхтоўкі, але і ад таго, ці ўмее дзіця наладжваць адносіны з педагогамі і аднакласнікамі, арыентавацца ў новых сітуацыях, прымаць правільныя рашэнні.
У сярэдняй школе № 12 імя Героя Савецкага Саюза І.К.Кабушкіна Баранавіч праблему адаптацыі ўдаецца вырашаць на працягу многіх гадоў (з 2012 года) дзякуючы рабоце адаптыўнай адукацыйнай мадэлі для пяцікласнікаў “Всезнайка”.
Ідэя адкрыцця гэтай школы (менавіта так педагогі часта называюць адаптыўную адукацыйную мадэль) належала кіраўніку нашай установы адукацыі В.У.Пшанічнай. На яе думку, першай умовай поспеху пяцікласніка ў школе з’яўляецца прыняцце кожнага дзіцяці педагогам, нягледзячы на няўдачы, з якімі яно можа сутыкнуцца. “Неабходна прыняць дзяцей у нашы пяшчотныя рукі, каб яны адчулі, што ім рады”, — не раз паўтарала і паўтарае В.У.Пшанічная.
Шлях, па якім будзе праходзіць станаўленне асобы ў падлеткавым узросце, шмат у чым залежыць ад таго, наколькі паспяхова пройдзены этап пераходу ад дзяцінства да юнацтва. А для гэтага трэба стварыць спрыяльныя ўмовы адукацыйнага асяроддзя: забяспечыць рост асобы, умацаваць веру ў сябе, раскрыць інтэлектуальны патэнцыял.
На жнівеньскім педагагічным савеце было прынята Палажэнне аб адаптыўнай адукацыйнай мадэлі для пяцікласнікаў “Всезнайка”. Папярэднічала гэтаму карпатлівая работа творчай групы настаўнікаў, сацыяльнай псіхалагічнай службы ўстановы адукацыі.
Работа над адаптыўнай адукацыйнай мадэллю праходзіла ў некалькі этапаў. Першы — падрыхтоўчы, які ўключаў работу школьнага педагога-псіхолага Т.Л.Руткоўскай з навучэнцамі 5-х класаў па выяўленні ўзроўню адаптацыі да новых умоў навучання (выкарыстоўваўся ўжо існуючы станоўчы вопыт). Далей было арганізавана абмеркаванне на пасяджэннях прадметных ВМА настаўнікаў рускай і беларускай мовы і літаратуры, матэматыкі, замежнай мовы сістэмы работы будучай адаптыўнай адукацыйнай мадэлі “Всезнайка”, унясенне прапаноў, вывучэнне жадання вучняў 4-х выпускных класаў наведваць у летні канікулярны перыяд школу “Всезнайка”. Праводзілася анкетаванне бацькоў вучняў 4-х класаў аб неабходнасці арганізацыі для іх дзяцей адаптыўнай адукацыйнай мадэлі. На педагагічным савеце абмяркоўвалася пытанне яе арганізацыі. Прайшло пасяджэнне метадычнага савета школы па распрацоўцы палажэння аб адаптыўнай адукацыйнай мадэлі.
Наступны этап — праектна-планіруючы: стварэнне аб’яднанняў “Дыялагічная пара” (настаўнік-прадметнік — настаўнік пачатковых класаў) з мэтай распрацоўкі трохузроўневай праграмы па прадметах “Беларуская мова”, “Руская мова”, “Матэматыка”, “Англійская мова”, абмеркаванне і зацвярджэнне праграм на пасяджэннях метадычнага савета школы.
Этап укаранення прадугледжваў фарміраванне груп на аснове пажаданняў навучэнцаў, бацькоў і маніторынгу вучэбнай дзейнасці за навучальны год, складанне раскладу работы адаптыўнай школы і дыягностыку водгукаў настаўнікаў, бацькоў, вучняў пра эфектыўнасць адаптыўнай адукацыйнай мадэлі.
У чым жа сутнасць работы мадэлі? У кожнай установе адукацыі, несумненна, існуюць праграмы, планы работы над праблемай адаптацыі пяцікласнікаў. Але асаблівасць нашай адаптыўнай адукацыйнай мадэлі ў тым, што яна пачынае работу ў перыяд летніх канікул.
Палажэнне аб адаптыўнай адукацыйнай мадэлі рэгламентуе дзейнасць педагагічнага калектыву па арганізацыі адаптацыйнага перыяду пры пераходзе навучэнцаў з 4 у 5 клас. Асноўная мэта: спрыяць фарміраванню ўменняў пяцікласніка вучыцца ў сярэдняй школе. Асноўныя задачы: развіваць у пяцікласніка ўяўленне пра сябе як пра чалавека з вялікімі магчымасцямі, фарміраваць вучэбную матывацыю і прадметныя інтарэсы, вучыць супрацоўніцтву з аднагодкамі, падтрымліваць імкненне дабівацца поспеху і правільна ставіцца да поспехаў іншых.
У аснову работы мадэлі пакладзены прадметныя праграмы трох узроўняў: паўторны, паўторна-развіццёвы і развіццёвы. Напрыклад, у праграме рэпрадуктыўнага ўзроўню па рускай мове ёсць тэмы для паўтарэння асноўных граматычных правіл курса рускай мовы пачатковай школы. Выкарыстоўваючы праграму гэтага ўзроўню, настаўнік павінен дапамагчы вучню планаваць вучэбную дзейнасць праз паўтарэнне і выкананне практыкаванняў для ліквідацыі прабелаў у ведах, алгарытмізацыі дзейнасці па аналізе і ліквідацыі тыповых памылак. Эфектыўнымі формамі работы з’яўляюцца дадатковае інструктаванне ў ходзе выканання заданняў, абавязковае стымуляванне (заахвочванне, стварэнне сітуацыі поспеху, далучэнне да актыўнай дзейнасці), актывізацыя самакантролю, розныя формы ўзаемадапамогі. Акрамя гэтага, настаўнік плануе на занятках розныя віды дыферэнцыраванай дапамогі: дадатак да задання (малюнак, схема, алгарытм і г.д.), дапаможнае заданне, якое наводзіць на рашэнне, указанне правіла, на якім грунтуецца заданне, папярэджванне пра памылкі, якія могуць узнікнуць пры выкананні практыкаванняў. Выкарыстоўваюцца разнастайныя прыёмы паўтарэння: “Антыдыктоўка” (дапамагае праверыць веданне навучэнцамі правіл арфаграфіі), “Каса памылак” (спрыяе запамінанню правапісу цяжкіх слоў), “Лаві памылку”.
Рэпрадуктыўна-развіццёвы ўзровень праграмы таксама змяшчае тэмы для паўтарэння асноўных правіл прадметнага курса пачатковай школы. Акрамя гэтага, паўтарэнне кожнай тэмы праграмы ўключае заданні развіццёвага характару, якія спрыяюць развіццю дыялектычнага і лагічнага мыслення, рацыянальнай самаарганізацыі вучэбнай дзейнасці, валоданню сістэмай ведаў і ўменняў — іншымі словамі, развіццю інтэлектуальнай сферы навучэнца.
У развіццёвым узроўні праграмы змешчаны тэмы для паўтарэння на аснове развіцця інтэлектуальна-валявых якасцей навучэнца, актывізацыі навучання, развіцця самастойнасці, хуткасці рэакцыі, варыятыўнага прымянення ведаў і ўменняў, гнуткасці розуму, патрэбы да далейшага пазнання і дзеяння. Настаўнік, кіруючы творчай дзейнасцю вучняў, улічвае іх індывідуальныя здольнасці, дае магчымасць эксперыментаваць, ініцыятыўна дзейнічаць. Выкарыстоўваючы розныя прыёмы паўтарэння вучэбнага матэрыялу, педагог падбірае заданні, якія спрыяюць развіццю інтэлектуальнай сферы: “Пазнай напісанае”, “Знайдзі заканамернасць”, “Пабудуй сэнсавы радок”, “Даведайся па прыметах”, “Перадай адным сказам”, “Складзі план адказу”.
Праграмы па прадметах ствараюцца дыялагічнымі парамі настаўнікаў-прадметнікаў і настаўнікаў пачатковых класаў, якія прызначаюцца загадам кіраўніка ўстановы. Зацвярджаюцца праграмы на пасяджэнні метадычнага савета школы. Іх змест пераглядаецца па меры неабходнасці.
У школе “Всезнайка” выкладаюцца беларуская мова, руская мова, матэматыка, замежная мова. Пры неабходнасці і па жаданні бацькоў арганізоўваецца выкладанне іншых прадметаў вучэбнага плана. Заняткі пачынаюцца ў жніўні па зацверджаным кіраўніком установы раскладзе (але не больш за 4 урокі на дзень). Настаўнікі шырока выкарыстоўваюць магчымасці мультыбордаў, камп’ютарнага класа.
Абавязковай умовай дзейнасці адаптыўнай школы з’яўляецца тое, што ў ёй працуюць настаўнікі-прадметнікі, якія будуць выкладаць у 5-х класах. Групы пяцікласнікаў рухомыя: яны фарміруюцца на аснове вынікаў вучэбнай дзейнасці па прадметах вучэбнага плана за навучальны год і вынікаў анкетавання матывацыйнай сферы вучняў, праведзенага педагогам-псіхолагам, а таксама зыходзячы з пажаданняў дзяцей і іх бацькоў. Заняткі могуць быць арганізаваны за кошт грашовых сродкаў бацькоў (пазабюджэтных сродкаў).
У палажэнні прадугледжана сувязь з бацькамі праз індывідуальнае кансультаванне, трэнінгі, інфармацыйныя лісткі, рэгулярную справаздачнасць аб развіцці дзяцей (па запыце). Бацькі будучых пяцікласнікаў на сайце школы яшчэ ў чэрвені могуць убачыць расклад заняткаў, віртуальна пазнаёміцца з настаўнікамі, прачытаць неабходныя рэкамендацыі.
Практыка работы паказвае, што лепш за ўсё фарміраваць групы дзяцей у канцы мая. Тады ж неабходна змясціць на інфармацыйным стэндзе аб’яву аб пачатку работы школы “Всезнайка”, расклад заняткаў, пазначыць прозвішчы, імёны і імёны па бацьку настаўнікаў-прадметнікаў.
Наша аб’ява пачынаецца з вершаванага тэксту, які прыцягвае ўвагу дзяцей:
Слыхали радостную весть?
“Всезнайка” открывается!
И пятиклассников не счесть
У школы собирается.
Займутся важным делом:
Уроки впереди.
И сразу повзрослеют
Мои ученики…
Такім чынам, дзеці, якія пераходзяць з 4 у 5 клас, пачынаюць знаёмства з новымі ўмовамі навучання яшчэ ў жніўні, што, несумненна, добра ўздзейнічае на іх псіхалагічны стан. Настаўнікі-прадметнікі, якія пазнаёміліся з пяцікласнікамі да пачатку навучальнага года, могуць абазначыць праблемы, якія неабходна будзе вырашаць сумесна з бацькамі і педагогам-псіхолагам школы.
Штогод на жнівеньскім пасяджэнні метадычнага савета праводзіцца аналіз работы адаптыўнай школы. У якасці рэкламы на агульнашкольным бацькоўскім сходзе паказваецца відэафільм аб школе “Всезнайка”.
Адаптыўная адукацыйная мадэль — адзіная ў нашым горадзе летняя школа для хлопчыкаў і дзяўчынак, якія ідуць у 5 клас. Станоўчыя водгукі вучняў і іх бацькоў на працягу многіх гадоў работы школы кажуць пра важную справу, якую мы робім для нашых дзяцей.
Думаецца, многія навучэнцы разумеюць, што 5 клас — гэта шанс пачаць новае школьнае жыццё, наладзіць адносіны з аднакласнікамі і педагогамі. Давайце ж будзем уважлівымі да нашых дзяцей! Давайце верыць, што жаданне добра вучыцца ў нашых пяцікласнікаў вялікае і шчырае. Падтрымаем іх у гэтым! Спадзяёмся, што ў хлопчыкаў і дзяўчынак не ўзнікне адчування адзіноты, таму што мы будзем адкрыта дэманстраваць ім наша разуменне, спагаду і суперажыванне. І тады нашы дзеці з гордасцю скажуць: “Я — вучань 5 класа!”
Аксана СЛЯМНЁВА,
настаўніца рускай мовы і літаратуры сярэдняй школы № 12 імя Героя Савецкага Саюза І.К.Кабушкіна Баранавіч Брэсцкай вобласці.