Арганізацыя ўзаемаабмену заданнямі на ўроках матэматыкі ва ўмовах стратавай дыферэнцыяцыі

Індывідуальная, парная, групавая формы арганізацыі вучэбных заняткаў — традыцыйныя. Ніводная з гэтых форм не з’яўляецца калектыўнай. Калектыўная форма арганізацыі працэсу навучання гэта толькі работа ў парах зменнага складу. Яна з’яўляецца асноўнай у страце высокага ўзроўню на ІІІ ступені навучання.

У рабоце з навучэнцамі са страты высокага ўзроў­ню я імкнуся вырашаць наступныя задачы: навучанне тэхналогіі пошуку новых ведаў, стымуляванне работы з дадатковымі крыніцамі інфармацыі; фарміраванне навыкаў самакантролю за засваеннем ведаў; прыцягненне да пошукавай дзейнасці, выкарыстанне творчых, даследчых заданняў.

Гэтыя задачы стараюся вырашаць праз арганізацыю калектыўных спосабаў навучання і прымяненне методыкі ўзаемаабмену заданнямі, у прыватнасці. Як арганізоўваецца работа па гэтай методыцы? У страце, напрыклад, 12 навучэнцаў. Яны дзеляцца на дзве групы — па шэсць у кожнай. Настаўнік рыхтуе для кожнага вучня ў групе карткі. У кожнай картцы па два ці тры аналагічныя заданні, але ў кожнага вучня яны розных тыпаў па адной тэме.

Алгарытм работы, калі ў картцы па два заданні:

— кожны навучэнец самастойна рашае свае задачы, яго правярае настаўнік;

— далей у кожнай групе ідзе работа ў парах, кожны навучэнец з пары першую задачу разбірае з напарнікам;

— затым другія задачы свайго партнёра кожны вучань з пары рашае самастойна і толькі ў рэдкіх выпадках звяртаецца па дапамогу да партнёра;

— потым вучні ствараюць новыя пары, работа працягваецца па аналогіі.

Калі ў групе шэсць навучэнцаў, то кожны па сваёй картцы навучае і правярае пяць чалавек, а ўсяго рашаецца 12 задач. Можна ствараць групы і з меншай колькасцю навучэнцаў. Калі ў групе 5 чалавек, то будзе рэшана 10 задач; калі 4 чалавекі — то 8 задач.

Прывяду прыклады картак па тэме “Трыганаметрычныя ўраўненні”.

1 вучань — трыганаметрычныя ўраўненні з выкарыстаннем формул прывядзення;

2 вучань — трыганаметрычныя ўраўненні з выкарыстаннем формул складання;

3 вучань — трыганаметрычныя ўраўненні з выкарыстаннем формул двайнога аргумента;

4 вучань — трыганаметрычныя ўраўненні з выкарыстаннем формул пераўтварэння сумы (рознасці) трыганаметрычных функцый у здабытак;

5 вучань — аднародныя трыганаметрычныя ўраўненні;

6 вучань — рашэнне трыганаметрычных ураўненняў метадам увядзення новай пераменнай.

Такія ж заданні раздаюцца і навучэнцам другой групы. Кожная група — гэта калектыў, які працуе аўтаномна. Ці трэба гаварыць, што ў настаўніка для хуткасці праверкі загадзя рэшаны ўсе задачы.

Прывяду прыклады картак з двума заданнямі (Дадатак 1).

Алгарытм работы, калі ў картцы па тры заданні:

— кожны навучэнец самастойна рашае свае задачы і яго правярае настаўнік;

— рашэнне першага задання тлумачыць “настаўнік”;

— другое рашае навучэнец, але яму дапамагае “настаўнік”;

— трэцяе — поўная самастойнасць навучэнца ў рашэнні задання;

— потым навучэнцы ствараюць новыя пары, работа працягваецца па аналогіі.

Калі ў групе шэсць навучэнцаў, то кожны па сваёй картцы вучыць і правярае пяць чалавек, а ўсяго рашаецца 18 задач. Можна ствараць групы і з меншай колькасцю навучэнцаў. Калі ў групе 5 чалавек, то бу­дзе рэшана 15 задач; калі 4 чалавекі — то 12 задач. Усё залежыць ад тэмпу работы навучэнцаў гэтай страты. Практыка паказвае, што аптымальным для работы з’яўляецца па два заданні ў картцы.

Прывяду прыклады картак з трыма заданнямі (Дадатак 2) па той жа тэме “Трыганаметрычныя ўраўненні”.

Аналізуючы арганізацыю работы па методыцы ўзаемаабмену заданнямі, можна вылучыць перавагі і недахопы ўзаеманавучання (Дадатак 3).

У рабоце пры дапамозе методыкі ўзаемаабмену заданнямі вельмі каштоўным з’яўляецца пастаянны дыялог навучэнцаў, абмеркаванне выканання задання, нават рознагалоссі, якія ўзніка­юць (напрыклад, у спосабе рашэння задачы). У навучэнцаў заўсёды ёсць магчымасць звярнуцца па дапамогу да настаўніка. Методыка ўзаемаабмену заданнямі развівае ў навучэнцаў цікавасць да навучання, робіць атрыманне ведаў актыўным, што спрыяе ўсвядомленаму засваенню інфармацыі, выключае вымуштроўванне, механічнае запамінанне.

Наталля ЛЕБЯДЗЕВІЧ,
настаўніца матэматыкі, намеснік дырэктара
па вучэбнай рабоце сярэдняй школы № 7 Гродна.