Эстафета знаўцаў

Дыдактычныя гульні на ўроках беларускай мовы

Практыка паказвае, што выкарыстанне дыдактычных гульняў садзейнічае развіццю лексічнага складу мовы малодшага школьніка. У адукацыйным працэсе дыдактычныя гульні выкарыстоўваюцца ў якасці самастойнага метаду навучання пры засваенні пэўнай вучэбнай тэмы, элемента іншага метаду навучання, формы правядзення вучэбнага занятку цалкам або яго частак.

Выкарыстанне дыдактычных гульняў на вучэбных занятках адбываецца па асноўных напрамках:

– мэта перад навучэнцамі ставіцца ў форме гульнявой задачы;

– вучэбная дзейнасць падпарадкоўваецца правілам гульні;

– вучэбны матэрыял выкарыстоўваецца ў якасці сродку гульні;

– у вучэбную дзейнасць уводзіцца элемент спаборніцтва, які пераводзіць дыдактычную задачу ў гульнявую.

Імкнуся стварыць на ўроку такую сітуа­цыю, якая б дазволіла кожнаму дзіцяці ­праявіць сябе, зрабіць сур’ёзную працу займальнай і пазнавальнай. З вялікім поспехам праходзяць такія дыдактычныя гульні, як “Пагавары з іншапланецянінам”, ­“Цягнік”.

Гульня “Пагавары з іншапланецянінам”

Мэта: вучыць устанаўліваць значэнне слова, фарміраваць асэнсаванае ўспрыманне беларускай мовы.

Правілы: растлумач слова так даступна, каб зразумеў іншапланецянін, які ніколі не бачыў гэтага прадмета ці з’явы.

Гульня “Цягнік”

Мэта: замацоўваць (абагульняць) вывучаны матэрыял.

Абсталяванне: выявы цягнікоў з назвамі вывучаных тэм, картачкі ў выглядзе вагончыкаў з заданнямі на вызначаныя тэмы.

Правілы: кожны вучань атрымлівае ­картачку з заданнем. У розных месцах дошкі прымацаваны “вагончыкі” з назвамі тэм. Пасля выканання задання дзеці ўтвараюць “цягнікі”, выбраўшы той, тэма якога суадносіцца з выкананымі імі заданнямі. Аб’яднаўшыся ў групы, вучні рыхтуюць паведамленне па ўказанай тэме.

Гульні выкарыстоўваюцца на працягу ўсяго перыяду навучання, паколькі іх змест можа мець варыяцыі на аснове рознага вучэбнага матэрыялу. У правядзенні дыдактычных гульняў існуе вялікі патэнцыял для міжпрадметных сувязей, адаптацыі зместу ўрока да рэчаіснасці. Яны эфектыўна суадносяцца з індывідуальнай, групавой і франтальнай формамі арганізацыі ўрокаў. Прычым адна і тая ж гульня можа падыхо­дзіць да любога віду дзейнасці. Прыкладам могуць служыць гульні “Эстафетнае кола”, “Алігарх”, “Шпаргалка”.

Гульня “Алігарх” (гл. схему).

Мэта: фарміраваць веды, уменні і навыкі па пэўнай тэме (у залежнасці ад вучэбнага матэрыялу, які выкарыстоўваецца ў гульні).

Абсталяванне: заданні рознай цяжкасці, гульнявыя грошы.

Правілы: на наборным палатне выстаўлены каляровыя канверты, на якіх указаны кошт заданняў. Клас дзеліцца на каманды. Кожная атрымлівае заданне (заданні могуць быць дыферэнцыраванымі). Перамагае тая каманда, якая заробіць больш грошай.

Гульня “Шпаргалка”

Мэта:  фарміраваць веды, уменні і навыкі па пэўнай тэме (у залежнасці ад вучэбнага матэрыялу, які выкарыстоўваецца ў гульні).

Абсталяванне: аркушы паперы аднолькавага фармату, падручнік.

Правілы: у гульні ўдзельнічае ўвесь клас. Вучням прапануецца скласці шпаргалку па вывучаных раней тэмах. Яна павінна быць мінімальнай па аб’ёме і максімальнай па інфармацыі, каб зразумець яе мог любы, каму яна пападзе ў рукі. Пры складанні шпаргалак дазваляецца карыстацца падручнікам. Пасля выканання задання вучні садзяцца ў круг і па сігнале настаўніка перадаюць зробленыя шпаргалкі з рук у рукі. Па сігнале “стоп” перадача шпаргалак заканчваецца. Выбраны вучань адкрывае шпаргалку, якая аказваецца ў яго і пераказвае зашыфраваны ў ёй вучэбны матэрыял.

Пры вывучэнні раздзела вучэбнай праграмы “Часціны мовы” ў 4 класе часта праводжу ўрокі ў форме гульні-падарожжа. Займальна, з захапленнем дзеці спасцігаюць граматычныя прыметы назоўніка, прыметніка, дзеяслова. Маршрут падарожжа адзначаны на контурных картах-блоках, якія раздаюцца вучням. У ходзе “вандровак” дзеці зафарбоўваюць на картах тыя мясціны, якія наведалі падчас урока. У выніку ў вучняў застаюцца маляўнічыя карты — своеасаблівыя апорныя схемы па тэмах. Яны ў далейшым дапамогуць  арганізаваць работу па замацаванні і паўтарэнні пройдзенага матэрыялу.

Пры вывучэнні назоўніка дзецям прапануецца адправіцца ў падарожжа па дзівоснай краіне Назовіі, у якой жывуць не лю­дзі, а словы-прадметы. З выкарыстаннем карты-блока праводзяцца гульні “Адвя­дзі слова дадому”, “Знайдзі суседзяў” (групы назоўнікаў у пэўным склоне), “Пераезд” (назоўнік мяняе склон і “засяляецца” ў новую хатку). Вывучэнне раздзела “Прыметнік” прадстаўляецца ў выглядзе займальна-даследчага дэтэктыву “У пошуках Прыметніка”. Пры распрацоўцы карты-блока да раздзела “Дзеяслоў” слова “дзея­слоў” расшыфравана як “Дзівосная зямля бЕларуская — Яснае Сонца, Ласкавы пОдых вятроЎ”. Зроблена гэта невыпадкова. На ўроках плануецца не толькі сфарміраваць у вучняў пэўныя граматычныя паняцці, але і праз мастацкае слова пазнаёміць з дзівосамі і прыгажосцю роднай Беларусі, яе краявідамі і прасторамі.

Вывучэнне тэмы “Склад слова” право­джу з выкарыстаннем дыдактычных гульняў “Лішняе слова” (вучні знаходзяць лішняе слова, аднакаранёвыя словы разбіраюць па саставе), “Аўкцыён” (падбор як мага больш аднакаранёвых слоў), “Збяры слова”, “Пераўтварэнні слоў” (утварэнне новых слоў з прапанаваных частак). Яны  даюць магчымасць пазнаёміць дзяцей з напісаннямі, за­снаванымі на марфалагічным прынцыпе правапісу.

Своечасовая і свядомая работа вучняў па выпраўленні сваіх памылак — найважнейшая ўмова забеспячэння іх арфаграфічнай пісьменнасці на будучыню. Сістэматычная і мэтанакіраваная работа над памылкамі развівае ў вучняў арфаграфічную піль­насць, адказныя адносіны да пісьма, імкненне афармляць свае думкі пісьменна. Гульнявыя формы ў гэтым напрамку работы пабуджа­юць дзяцей працаваць актыўна і плённа. Так, суадносіць гукі і літары дапамагае дыдактычная гульня з выкарыстаннем “Гукавічкоў” (дзеці маюць магчы­масць праз гульню рабіць фанетычны разбор, па­дзяляць вымаўленне слова на гукі, а на­друкаванае — на літары, параўноўваць асабістае вымаўленне слова з яго напісаннем). Для запамінання графічнага складу слова, яго вобраза выкарыстоўваецца прыём пісьма “чароўнай вадзічкай”, каляровай крэйдай, магнітнымі літаркамі на дошцы. Праз гульнявое спаборніцтва “Хто хутчэй?” адшукваецца ў арфаграфічным слоўніку і запісваецца пэўнае слова. Эфектыўнымі пры рабоце над памылкамі будуць дыдактычныя гульні “Бюро знаходак”, “Фатографы”.

Гульня “Бюро знаходак” (“Рэдактары”)

Мэта: фарміраваць арфаграфічную пільнасць.

Абсталяванне: літары і знакі прыпынку на магнітных картках.

Правілы: на дошцы запісаны словы (тэкст) з прапушчанымі арфаграмамі (знакамі прыпынку). Дзеці чытаюць словы (тэкст), знаходзяць у “бюро знаходак” па­трэбныя літары (знакі прыпынку) і ўстаўляюць іх на прапушчанае месца, тлумачаць свой выбар.

Гульня “Фатографы”

Мэта: замацоўваць вывучаны матэрыял, развіваць увагу.

Правілы: на дошцы запісаны словы з памылкамі. Неабходна запомніць варыянт напісання, запісаць словы, выправіўшы памылку, і растлумачыць магчымую прычыну яе ўзнікнення.

Вучыць устанаўліваць значэнне ­слова, фарміраваць асэнсаванае ўспрыманне беларускай мовы дапамагае дыдактычная гульня “Складальнікі слоўніка”. Для замацавання вывучанага матэрыялу, абагульнення ведаў выкарыстоўваю гульні “Каляровыя сцяжынкі”, “Цягнік”, “Ключавыя словы”.

Гульня “Каляровыя сцяжынкі”

Мэта: замацоўваць вывучаны матэрыял, вучыць абагульняць веды.

Абсталяванне: карткі рознага колеру з заданнямі на вывучаныя тэмы (заданні па адной тэме змешчаны на картках аднолькавага колеру).

Правілы: вучні, якія дастаюць са скрыначкі карткі аднолькавага колеру, збіраюцца ў адну групу. Удзельнікам групы неабходна сістэматызаваць усю атрыманую на картках інфармацыю, вызначыць тэму або раска­заць правіла.

Важную ролю ў адукацыйным працэсе адыгрывае самастойная работа. Для яе падбіраецца матэрыял, які не ўключае ў сябе зусім новыя і складаныя правілы. Віды кантролю розныя. Пры рабоце над слоўнікавымі словамі прапаную вучням адправіцца ў “Плаванне пад ветразем”. У словы ўстаўляюцца прапушчаныя літары на асобных лістках. Пры праверцы на месцы памылкі з’яўляецца “дзірка ў ветразі”. Дзеці імкнуцца не пашко­дзіць свой “ветразь” і для гэтага запаміна­юць напісанне слоўнікавых слоў. Сярод  агульнавучэбных навыкаў і ўменняў асобае месца займаюць уменні кантролю і ацэнкі сваёй дзейнасці і дзейнасці сваіх таварышаў. Гэтыя ўменні фарміруюцца пры выкарыстанні дыдактычнай гульні “Эстафета знаўцаў” і могуць рэалізоўвацца ў групавой рабоце і ў парах.

Гульня “Эстафета знаўцаў”

Мэта: фарміраваць веды, уменні і навыкі па пэўнай тэме (у залежнасці ад вучэбнага матэрыялу, які выкарыстоўваецца ў гульні).

Абсталяванне: маршрутныя лісты, карткі з заданнямі.

Правілы: вучні размеркаваны па групах. Парты, на якіх стаяць таблічкі з назвай пункта, расставіць у чатыры куты класа. Кіраўнік групы выбірае маршрутны ліст з інструк­цыяй да заданняў. Выканаўшы заданні, дзеці астаўляюць іх на партах для другой групы і перахо­дзяць да наступнай парты. Аднак перад пачаткам выканання новага задання праводзіцца ўзаемаправерка. Калі група гатова перай­сці да наступнай парты, а там яшчэ працу­юць вучні другой групы, “перадавікі” выконва­юць дадатковае заданне, якое атрымліваюць разам з маршрутным лістом. Перамагае тая група, у якой будзе найменш памылак, а таксама выканана дадатковае заданне.

Асаблівую цікавасць у  вучняў выклікаюць сюжэтныя гульні. Яны не патрабуюць асаблівай падрыхтоўкі, трэба толькі прадумаць ход такіх гульняў. Сюжэтныя гульні право­дзяцца на працягу ўсяго вучэбнага дня, падпарадкоўваючы работу адзінай мэце. Тэматыка такіх гульняў разнастайная: “У свеце казак”, “Падарожжа ў горад Адгадайск”. ­Малодшыя школьнікі актыўна ўдзельнічаюць у ролевых гульнях, спектаклях, уроках-віктарынах, уроках-падарожжах, уроках-аўкцыёнах, але гульня на ўроку не  з’яўляецца сама­мэтай, арганізуецца не дзеля забавы, а заўсёды падпарадкоўваецца рашэнню адукацыйных задач.

***

Якое месца павінна займаць гульня на ўроку? Вядома, не можа быць канкрэтнага адказу на гэтае пытанне. Галоўнае, каб гульня дапамагала дасягнуць вучэбнай і выхаваўчай мэт. Колькасць дыдактычных гульняў на ўроку павінна быць разумнай. У пачатку ўрока гульня павінна дапамагчы зацікавіць, арганізаваць вучняў, у сярэдзіне — дапамагчы засвоіць вучэбны матэрыял, а напрыканцы яна можа насіць пошукавы характар. Але на любым этапе гульня павінна быць цікавай, даступнай, спрыяць уключэнню розных відаў дзейнасці вучняў.

Дзякуючы выкарыстанню дыдактычных гульняў, мова вучняў стала больш дасканалай, значна пашырыўся слоўнікавы ­запас вучняў, дзеці навучыліся выказваць свае думкі на роднай мове, размяжоўваць беларускую і рускую мову, павысіліся іх творчыя здольнасці.

Люцыя КАСПЯРОВІЧ,
настаўніца пачатковых класаў
Юрацішкаўскага ясляў-сада — сярэдняй школы Іўеўскага раёна.