Дэбаты — адукацыйная тэхналогія і захапляльная гульня

Настаўніца англійскай мовы гімназіі № 7 Мінска Алена Алегаўна Стэфановіч актыўна выкарыстоўвае адукацыйную тэхналогію дэбатаў на ўроках і ў пазакласнай рабоце са старшакласнікамі, што дазваляе ўдасканальваць іх ключавыя моўныя кампетэнцыі. Пад кіраўніцтвам педагога дзейнічае гімназічны клуб “Дэбаты”. За адпаведны вопыт работы педагог у 2018 годзе атрымала прэмію Мінгарвыканкама.

Пасля заканчэння Інстытута замежных моў у Мінску Алена Стэфановіч уладкавалася ў сталічную гімназію № 7 і амаль адразу далучылася да рэалізацыі міжнароднай адукацыйнай праграмы “Дэбаты”.

“Калі пачала выкладаць англійскую мову, заўважыла, што большасць маіх навучэнцаў добра ведае граматыку, выказвае думкі пісьмова, мае цудоўны слоўнікавы запас, але пры гэтым не можа правільна і пераканаўча будаваць сваё вуснае маўленне, — падкрэсліла педагог. — Чым больш цікавымі і спрэчнымі былі тэмы заняткаў, тым больш дзеці хваляваліся, не маглі сфармуляваць уласны пункт гледжання, часам пераходзілі на рускую мову. Нават выступаючы з тэматычнымі прэзентацыямі, яны часта завучвалі тэкст выступленняў на памяць або чыталі з паперы”.

Вясной 1998 года Алена Стэфановіч прыняла ўдзел у семінары, прысвечаным праграме “Дэбаты” ў Венгрыі, дзе выкладчыкі з розных краін абмяркоўвалі магчы­масць выкарыстання гэтай тэхналогіі на ўроках і ў пазаўрочнай дзейнасці. Самае галоўнае, па меркаванні спецыялістаў, якія ўжо працавалі па тэхналогіі дэбатаў, што яна садзейнічае матывацыі вучняў да самастойнага вывучэння замежнай мовы і прымянення яе ў розных жыццёвых сітуацыях. Дэбаты — гэта карысная інтэлектуальная гульня, якая развівае ўменне слухаць і дыскутаваць, чытаць і весці запісы на замежнай мове, а самае галоўнае, выклікае пазітыўныя эмоцыі.

Падчас дэбатаў дзве каманды, выкарыстоўваючы прамоўніцкае майстэрства сваіх удзельнікаў, павінны пры строга рэгламентаваных умовах даказаць праўдзі­васць уласнага пункту гледжання. Адукацыйны эфект гэтай тэхналогіі забяспечваецца толькі пры сур’ёзнай папярэдняй падрыхтоўцы да гульні.

“Нашы гімназісты знаёмяцца з тэхналогіяй з 13—14 гадоў: спачатку ва ўстанове адукацыі, затым дзеці спрабуюць свае сілы ў дэбатах на гарадскіх, абласных, рэгіянальных, рэспубліканскіх і міжнародных турнірах, — расказала Алена Алегаўна. — Падчас работы навучэнцы дзеляцца на групы (каля 3 чалавек у кожнай). Кожнай з іх даручаю распрацаваць аргументы па тэме будучай гульні. Уважліва назіраю за дзейнасцю груп і вызначаю вучня, які зможа найбольш ярка выступіць з прэзентацыяй вынікаў работы. Пасля дзеці размяркоўваюцца па камандах, выбіраюць, як яны будуць выступаць — “за” ці “супраць”, і пачынаюць рыхтавацца да дэбатаў. Пры падрыхтоўцы карпатліва працуюць з крыніцамі (прачытаць неабходна не адну сотню старонак па тэме), кансультуюцца са спецыялістамі, самастойна аналізуюць, абагульняюць і структуруюць інфармацыю з розных крыніц, у тым ліку з інтэрнэту і навуковай літаратуры. Спікеры (гульцы) складаюць апорныя канспекты, анатацыі, тэзісы, нататкі, падбіраюць цытаты, коратка запісваюць структуру выступленняў, шукаюць аргументы і факты для сцвярджэння або абвяржэння пэўных тэзісаў, рыхтуюць прамовы для каманд. Затым я праводжу з усім класам адзін пробны раўнд дэбатаў “Перакрыжаваныя пытанні”, калі выступоўца, адказваючы на пытанні, павінен пераканаўча адстаяць сваю пазіцыю. Часам прыношу цікавы артыкул па тэме дэбатаў, каб азнаёміць дзяцей з новымі фактамі, якія мне ўдалося знайсці, каб пашырыць іх слоўнікавы запас, дапамагчы зразумець і вывучыць спецыфічныя выразы. Падрыхтоўка займае прыкладна тры ўрокі і праходзіць у класе”.

Падчас дэбатаў абавязкова павінны прагучаць два пункты гледжання па тэме — “за” і “супраць”, бо ў гульні разглядаюцца факты і ідэі, а не сцвярджаецца ісціна. Нават моўныя клішэ ў публічных выступленнях гучаць вельмі дарэчы. Да іх ліку адносяцца наступныя: we suppose; we must confess; we would like to stress that; moreover; in addition; we suggest; we believe; the thing is; the fact is; we wonder; the point is; in our opinion; there is something in what you are saying but, we appreciate, thank you for your attention, thank you for the questions і іншыя.

Пасля падрыхтоўчага этапу пачынаюцца дэбаты. Пакуль шасцёра вучняў выступаюць, астатнія запісваюць ход абмеркаванняў. Затым суддзі з ліку вучняў выказваюцца аб пачутых меркаваннях і задаюць пытанні выступоўцам. Напрыканцы ўрока настаўніца аналізуе дзіцячыя прамовы і выстаўляе адзнакі ўдзельнікам дэбатаў. Алена Алегаўна звяртае ўвагу перш за ўсё на красамоў­насць і бегласць выступленняў, на якасць аргументаў і доказаў, а таксама ўменне весці зносіны пры дыскусіі.

Аптымальны час для вучэбных дэбатаў — 45 — 50 хвілін, таму на ўроках настаўніца пераважна прымяняе асобныя элементы гэтай гульні для актуалізацыі ведаў навучэнцаў, арганізацыі іх самастойнай дзейнасці, абагульнення, сістэматызацыі, замацавання вучэбнага матэрыялу, забеспячэння зваротнай сувязі і як форму ацэньвання і тэсціравання вучняў. Тым не менш гульня “Дэбаты” можа з поспехам стаць формай урока ў поўным фармаце, калі, напрыклад, падводзяцца вынікі тэмы.

Пры выкарыстанні прыёмаў гэтай адукацыйнай тэхналогіі ў настаўніка з’яўляецца магчымасць дыферэнцыраваць ступень складанасці заданняў для вучняў: для самых моцных — падрыхтаваць самастойнае выступленне, менш моцным дапамагчы падабраць факты або на аснове ўжо вядомых фактаў сфармуляваць аргументы. Больш слабым вучням можна прапанаваць выпі­саць з пачутай прамовы аргументы, а затым дома або ў класе падабраць ім пацвярджэнне. Навучэнцы могуць рыхтаваць праекты для дэбатаў на розныя тэмы, многія з якіх вызначаны ў змесце праграмы навучання англійскай мове ў школе. Напрыклад, на тэмы брытанскай і амерыканскай палітыкі, эканомікі, здаровага ладу жыцця, барацьбы з наркотыкамі і г.д.

“Мы з навучэнцамі разглядаем тэмы, прысвечаныя адукацыі, навуцы, працы, спорту, а таксама эканоміцы і экалогіі, ахове навакольнага асяроддзя, жывёлам, хобі, забавам, — адзначае Алена Алегаўна. — Напрыклад, калі абмяркоўваецца тэма, прысвечаная жывёлам, я звяртаю ўвагу на праблемы іх размяшчэння ў заапарках, на эксперыменты з жывёламі, ужыванне іх мяса ў ежу. Размову пачынаю з мазгавога штурму, і ўся група выказвае розныя ідэі ў падтрымку або супраць маіх разважанняў. Падчас рэспубліканскага зімовага турніру, які праходзіў у ліцэі Барысава, навучэнцы разглядалі тэму анлайн-адукацыі, восенню выступалі на паказальных мерапрыемствах у гімназіі № 7, у МДПДіМ па тэме “Фаст-фуд”, у падтрымку або супраць жорсткіх відаў спорту. Тэма, якую мы зараз рыхтуем да міжнародных спаборніцтваў па інтэлектуальнай гульні “Дэбаты” ў Рызе, — барацьба з дыскрымінацыяй у свеце, у прыватнасці, закранаем тэму іміграцыйных працэсаў у Еўрасаюзе”.


Гульня “Дэбаты” дазваляе дзецям больш рацыянальна выкарыстоўваць вольны час. Яна ву­чыць не толькі выйграваць, але і годна прайграваць, спрыяе фарміраванню этычных норм. Нездарма пасля заканчэння кожнага тура гульні і абмеркавання яго вынікаў удзельнікі паціскаюць адно аднаму рукі. Алена Алегаўна адзначыла ролю клуба “Дэбаты”, якім кіруе, у пазаўрочнай дзейнасці. Заняткі ў клубе прахо­дзяць 2 разы на тыдзень у рознаўзроставай групе: разам рыхтуюцца навучэнцы з 8 па 11 клас. Старэйшыя асвойваюць ролю педагогаў, адказных за вынікі работы малодшых, тлумачаць ім тое, што яны не ведаюць, выступаючы такім чынам арганізатарамі групавой дзейнасці, ацэньваюць дасягненні групы і кожнага навучэнца. Дзеці разам падбіраюць факты, доказы, аргументы, абмяркоўваюць прачытаную літаратуру. Паміж імі арганізоўваюцца вучэбныя спаборніцтвы-гульні. Заняткі ў клубе спрыяюць развіццю ў вучняў лідарскіх якасцей.

Вынікам напрацаванага эфектыўнага педвопыту Алены Алегаўны па выкарыстанні тэхналогіі “Дэбаты” на працягу доўгіх гадоў з’яўляюцца поспехі і перамогі яе навучэнцаў на гарадскіх, рэспубліканскіх і міжнародных турнірах і чэмпіянатах па гэтай праграме. Як правіла, вучні, якія актыўна ўдзельнічаюць у ёй, дасягаюць значных вынікаў пры здачы ЦТ і на розных этапах рэспубліканскай алімпіяды па англійскай мове і інтэрнэт-алімпіядах, а таксама ў навукова-практычных канферэнцыях.

Удзельнікі гімназічнага клуба з’яўляюцца прызёрамі ўсіх дэбатных турніраў у Беларусі, неаднаразовымі пераможцамі турніраў у Санкт-Пецярбургу, Літве, Украіне, топ-спікерамі міжнародных форумаў у Балгарыі, Латвіі, Польшчы, Босніі, Расіі і іншых краінах. З 1995 года ўдзельнікі клуба становяцца пераможцамі міжнародных турніраў. Яркі прадстаўнік клуба “Дэбаты”— выпускнік гімназіі 2006 года Максім Жбанкоў, які ў 2004 годзе заняў 1-е месца на Міжнародным турніры ў Санкт-Пецярбургу. Максім з’яўляецца стыпендыятам спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў. Сёння юнак уваходзіць у пяцёрку лепшых сінхронных перакладчыкаў краіны.

У 2017/2018 навучальным го­дзе топ-спікерамі Міжнароднага турніру ў Санкт-Пецярбургу сталі Аляксей Гардзеяўскі, Ілья Куцаў, Аляксандр Сінькевіч. Восенню 2018 года Вікторыя Кокліна і Соф’я Базык занялі 2-е месца на турніры ў Санкт-Пецярбургу. 1-е месца на Міжнародным чэмпіянаце “Мастацтва палемікі” зноў жа заваяваў Аляксей Гардзяеўскі, а таксама Валерый Ляшко і Аляксей Андрэеў. Нашы навучэнцы займалі 1-е месца на Рэспубліканскім турніры ў Барысаве, выйгравалі ў супер-фінале Рэспубліканскага конкурсу “Спікер года”, былі топ-спікерамі рэспубліканскага вясновага турніру.

Алена Алегаўна Стэфановіч была ўзнагароджана Ганаровай граматай камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама, заняла 1-е месца на Міжнароднай алімпіядзе для выкладчыкаў “Сонечнае святло” ў намінацыі “Лексіка”, атрымала прэмію спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў за ўклад у развіццё здольнасцей таленавітай моладзі. Алена Алегаўна правяла серыю адкрытых урокаў для педагогаў гімназіі № 7, майстар-клас для настаўнікаў Партызанскага раёна па выкарыстанні магчымасцей тэхналогіі, прадставіла дэманстрацыйныя дэбаты як від пазакласнага мерапрыемства, а таксама падзялілася вопытам работы на курсах Мінскага абласнога ІРА. Настаўніца прыняла ўдзел у міжнародным метадычным праекце па праграме “Дэбаты” (Мінск — Браціслава) і ў міжнародных канферэнцыях IDEA-exchange ў Нідэрландах і Літве. Дарэчы, у рамках праграмы міжнароднага абмену “Дэбаты” з 2010 года гімназія № 7 Мінска супрацоўнічае з літоўскай гімназіяй імя Адольфаса Шапокі горада Уцена.

Штогод сумесна з МДПДіМ у гімназіі № 7 праходзіць Міжнародны восеньскі чэмпіянат па дэбатах “Мастацтва палемікі” і Рэспубліканскі конкурс “Спікер года”. Гэта ўжо не камандная гульня, а індывідуальныя спаборніцтвы па аратарскім майстэрстве. Падобны турнір па рыторыцы праводзіцца і для навучэнцаў гімназіі — пачынаючы з 4 класа. Гімназічны клуб “Дэбаты” ўключаны ў залаты фонд Палаца дзяцей і моладзі горада.

Аўтары А.А.Стэфановіч і Н.П.Шапо выдалі дапаможнік па методыцы выкарыстання тэхналогіі “Дэбаты” пад назвай “Мастацтва палемікі. Метадычнае кіраўніцтва для трэнераў, суддзяў па правя­дзенні дэбатнай праграмы”.


Прыкладныя тэмы для дыскусіі на ўроках:

Education:
• Education should be free.
• School exams should be abolished.
• Home schooling should be banned.
• School attendance should be voluntary.
• School days are the best days of our lives.
• School uniforms should be compulsory.
• Schools should focus more on preparing students for jobs.

Ecology:
• Dams should be damned.
• Recreational fishing and hunting should be banned.
• We should abandon fossil fuels.
• Eco-tourism has failed.
• The use of nuclear energy: for and against.
• Zoos should be closed.

Science and technology:
• Kids spend too much time on the Internet.
• We should fear Google.
• We should ban all experimentation on animals.
• We should colonise outer space.
• Social networks bring more harm than good.

The media:
• The media have become too powerful.
• TV news coverage is too violent.
• Hollywood celebrities are a poor model for our youth.
• Advertising does more harm than good.

Health and sports:
• Vegetarianism: for and against.
• We should close McDonalds.
• Genetically modified products should be banned.
• We should ban all tobacco advertising.
• Medical service should be free.
• Dangerous sports should be banned.
• Legalization of performance-enhancing drugs in sports: for and against.

Travel and tourism:
• We should welcome space tourism.
• We should develop eco-tourism.
• Tourism brings more harm than good.

The city:
• Country life is better than city life.
• We should make traffic laws stricter.
• We should restrict vehicle access to the city.
• All museums should be free.

Надзея ЦЕРАХАВА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.