Літаратура стварае прэцэдэнт

Сённяшні свой матэрыял прысвячаю адзінаццацікласнікам гімназіі № 5 Віцебска, якія, нягледзячы на стомленасць, усё ж дачакаліся майго прыезду і падарылі незабыўныя пачуцці і эмоцыі ад урока. Вялікі дзякуй хачу сказаць дырэктару гімназіі Людміле Дзярыба, якая перажывала: як жа я даеду, калі цягнік зламаўся? А пасля гасцінна сустрэла і паклапацілася, каб я своечасова села ў маршрутку і шчасліва дабралася дадому. Ну а перад настаўнікам-метадыстам настаўніцай беларускай мовы і літаратуры Галінай Анатольеўнай Сухавай я чарговы раз знімаю капялюш. Нягледзячы на форс-мажор, яна правяла выдатны ўрок, які зачапіў не толькі формай, але і вельмі глыбокім зместам.

Гэта быў урок беларускай літаратуры ў 11 класе па апавяданні Івана Чыгрынава “Дзівак з Ганчарнай вуліцы”. Урок быў арганізаваны па тэхналогіі перавернутага навучання. Як пасля адзначыла Галіна Анатольеўна, гэта быў урок-трэйлер, на якім разглядаюцца адна ці некалькі актуальных праблем часу, узнятых у творы. Да ўрока адзінаццацікласнікі апавяданне не чыталі, таму ў самым пачатку настаўніца спытала, каго яны лічаць дзівакамі. А каб сарыентаваць, прапанавала выбраць адно з трох меркаванняў, выведзеных на інтэрактыўную дошку:

1. Дзівак — чалавек, які непрактычна падыходзіць да жыцця, ірацыянальны чалавек, жыве марамі.

2. Дзівак — звычайны чалавек, які мае як станоўчыя, так і адмоўныя рысы характару. Усё зале­жыць ад нашага ўспрымання. Здзіў­ляюць недапушчальныя для нас паво­дзіны.

3. Дзівак мае незвычайны лёс, трагічныя падзеі ў жыцці вымушаюць паводзіць сябе нестандартна.

Сярод старшакласнікаў знайшліся прыхільнікі ўсіх трох меркаванняў, што падкрэсліла іх рознасць і індывідуальнасць адначасова. Каб яшчэ больш развіць тэму дзівацтва, Галіна Анатольеўна прапанавала для прагляду ўрывак з фільма Валерыя Тадароўскага “Мой зводны брат Франкенштэйн”, дзе таксама ўзнімаецца праблема “не такіх” людзей. Там галоўны герой вяртаецца з чачэнскай вайны без вока. У Тадароўскага — дзіўны Павел, у Чыгрынава — дзіўны Дземі­дзёнак. Праблема апавядання і фільма яшчэ больш заглыбляе і прымушае задумацца: чаму людзі становяцца дзіўнымі і як мы ўсе разумеем гэтае дзівацтва? Якія ўмовы могуць уплы­ваць на з’яўленне дзівацтваў?

Пасля ўрыўка з фільма навучэнцы адказвалі на падрыхтаваныя настаўніцай пытанні:

· Галоўнага героя апавядання — старога Дземідзёнка — Іван Чыгрынаў называе дзіваком. Ці можна героя фільма Валерыя Тадароўскага назваць дзіваком?

· Як вы думаеце, што стала прычынай дзіўных паво­дзін Паўла?

· Успомніце, як ставіцца малодшая сястра Паўла да яго дзівацтваў.

· Як ставіцца брат Паўла да яго дзівацтваў?

· Як ставіцца бацька Паўла да яго дзівацтваў?

Дзівацтвы Паўла з’явіліся пасля таго, як ён вярнуўся з вайны. І калі малодшыя браты і сёстры глядзяць на яго, як на казачнага персанажа, то старэйшыя імкнуцца паздзекавацца з яго. Дзіўна? Жорстка? Магчыма. Мы бачым загадкавасць, неадназначнасць чалавечых зносін. А прырода чалавечых пачуццяў увогуле вельмі супярэчлівая. Тут усплывае ключавое пытанне: як правільна рэагаваць на дзівацтва? Хаця адразу ж хочацца удакладніць: што значыць правільна?

Для сваіх адзінаццацікласнікаў Галіна Анатольеўна таксама сфармулявала ключавое пытанне, якое стала мэтай урока.

Мэта ўрока:

Як правільна ставіцца да людзей, якія дзіўна сябе паводзяць? Чые адносіны з герояў апавядання Івана Чыгрынава да Дземі­дзёнка вам здаюцца правільнымі і чаму?

Паколькі вучні не чыталі апавяданне, настаўніца падрыхтавала (і раздрукавала) для іх чатыры варыянты адказу на пытанне: “Чаму Дземідзёнка лічылі дзіваком?” Старшакласнікам прапанавалася зрабіць свой прагноз.

Варыянты былі наступныя:

  • “Ён быў нeвыcoкaгa pocтy, згopблeны, з бeлaй бapoдкaй i тaкiмi ж бeлымi вaлacaмi, штo выбiвaлicя з-пaд caлaмянaгa бpыля. Нa незнаёмым былa вылiнялaя caцiнaвaя кaшyля з мaнiшкaй, пaдпяpaзaнaя пoяcaм з кyтacaмi, a нa pyбчыкaвыx штaнax вiднeлacя нeкaлькi нeвялiкix лaтaк”.
  • “Прыйшоў ён сюды аднойчы вясной і стаў жыць у Дакуліхі. А што за чалавек ды адкуль — каму рупіць. Ці мала людзей пасля вайны па наваколлі без прытулку хадзіла. Вайна нямногім так мінулася. І ў кожнага сваё гора. Можа, і яго гняздо параскідала. Ну, і прытупаў чалавек на нашу вуліцу дажываць свой век. Добра, што пенсія ў яго. Здаецца, і Дакуліха тады за гэтым пагналася…”
  • “Ветлівы Дземідзёнак гэты. Толькі чамусьці неразгаворлівы. Панурыцца і маўчыць. Нібы кляймо на ім якое. Усё ж адзін ды адзін дзень пры дні”.
  • “Ды прыспічыла яму па нейкай патрэбе пайсці ў нядзелю на рынак. То ніколі не хадзіў туды, а тут раптам пацягнула. Можа, што хацеў купіць сабе або Дакулісе. І вось якраз з таго часу чалавека быццам падмянілі. А ўсё з-за птушак. І хто іх там надумаў прадаваць — сама не ведаю, бо ніколі ж раней я не заўважала, каб хто прыносіў птушак на рынак наш.


Ну, там малако, яйкі, а то ж птушкі! Гандля­ваць птушкамі!.. Смяхоцце адно. Але ж ён купіў іх. І потым зачасціў на рынак. Убачыць птушку і купляе. А некаторым нібы аднаго гэтага і не хапала. Пачалі лавіць і прадаваць птушак. Сорам аж. Ну, а ён купляе іх і выпускае недзе”.

Прагнозы адзінаццацікласнікі рабілі розныя. Падлеткі разважалі, адштурхоўваючыся найперш ад уласнага вопыту. Тэма непадобнасці на іншых для іх надзвычай актуальная. Але Галіна Анатольеўна далікатна і вельмі прафесійна прааналізавала з вучнямі ўсе чатыры варыянты. Дзівацтва Дземі­дзёнка апісана ў чацвёртым варыянце. Пасля вайны нерацыянальнасць успрымалася асабліва востра. Людзі былі заклапочаны выжываннем, усе імкнуліся да хоць нейкага больш-менш забяспечанага жыцця. А тут чалавек купляе вераб’ёў і выпускае іх на волю. Дзівак!

“Як вы думаеце, ці існуе прычына такога дзівацтва?” — спыталася настаўніца. Апавяданне закранае і ваенныя дзеянні, у ім паказаны зверствы і здзекі фашыстаў. Вайна — першапрычына дзівацтва Дземідзёнка, хоць аднавяскоўцы шукаюць свае прычыны.

Як людзі тлумачылі прычыну гэтых дзівацтваў? Аўтар гаворыць:

“Людзі тым часам языкі чэшуць:

— Дык ён жа перапрадае іх і гэтым самым вунь якую капейку зарабляе.

Ніхто ж не ведае, што небарака на сваю пенсію тых птушак купляе. Часам без куска хлеба бывае. Дакуліха сваім корміць. Нарэшце дайшло да таго, што пачалі прыносіць птушак яму дадому”.

Але ж у чым сапраўдная прычына дзівацтваў? Тут Галіна Анатольеўна прапануе пачытаць вучням падрыхтаваны ёю тэкст, у якім раскрываецца трагедыя Дземідзёнка. А пасля ўключае аўдыязапіс урыўка з апавядання, дзе апісваецца, як ён трымае і дзе адпускае птушак, як мяняецца пры гэтым: “Твар яго ўвесь свяціўся!”

У чым жа трагедыя Дземідзёнка? Ён не збярог унучку, якую пакінула яму дачка падчас вайны. Пакуль немцы яго дапытвалі і ўтрымлівалі пад арыштам, дзіця заставалася ў хаце адно. А праз два тыдні, калі яго нарэшце адпусцілі, Дземідзёнак не знайшоў унучкі. На месцы была толькі сінічка. І ніхто нічога не мог яму сказаць. Каб хоць трохі супакоіць душу, ён змяніў месца жыхарства і стаў кватарантам Дакуліхі.

А некаторыя аднавяскоўцы да дзівацтва Дземідзёнка паставіліся вельмі нават практычна:

“Малыя дзеці сталі асноўнымі пастаўшчыкамі птушак.

Дарослыя таксама не ўпускалі магчымасці зарабіць:

— Колькі ён даў табе?

Адказаў ёй танклявы голас з хаты.

— А божухна! Дык ты ж танна аддаў! — заенчыла кабета.

— А што яны варты, вераб’і тыя, — спрабаваў нехта давесці.

— Варты! Варты! Закаркаў… Што табе, чужых грошай шкада? Не будзь дурнем. Хай пускае на вецер, калі ў яго многа іх!

Жанчына сказала гэтак і захіхікала”.

“Як ставіцца да Дземідзёнка?” — спытала Галіна Анатольеўна ў сваіх адзінаццацікласнікаў. І тут жа на экране інтэрактыўнай дошкі з’явіліся варыянты:

  • Неабходна рушыць ілюзіі і мары Дземідзёнка, бо ён непрактычна падыходзіць да жыцця. Такія дзівацтвы героя дазваляюць амаральным людзям нажывацца на добрым і бяскрыўдным чалавеку.
  • Дземідзёнак здагадваецца, што людзі карыстаюцца яго дабрынёй, аднак гэта яго не турбуе. Для чалавека важнейшае за матэрыяльныя выгоды душэўнае заспакаенне, нельга разбураць мары.

Дземідзёнак знайшоў свой спосаб суцішыць душэўны боль. Ці маем мы права асуджаць яго за гэта? Як і таго ж Паўла з фільма “Мой зводны брат Франкенштэйн” за тое, што хоча паставіць сабе брыльянтавае вока? Напэўна, не. Мы павінны паважліва ставіцца да чалавека. У канцы апавядання аўтар-апавядальнік прымае рашэнне:

“…Дні праз два я паклікаў да сябе хлапчукоў і расказаў ім усё, што ведаў пра Дземідзёнка. Яны разышліся прыціхлыя, з апушчанымі галовамі. Мне здавалася, што гэтым самым я зрабіў нешта добрае, нават, калі хочаце, абараніў спакутаванага старога ад людской надакучлівасці”.

“Якая пазіцыя з прапанаваных вам бліжэйшая?” — зноў звярнулася да вучняў настаўніца.

— У людзей асоба Дземідзёнка не павінна выклікаць павышаных эмоцый. Нічога дрэннага не робіць. Навошта яму ў душу лезці.

— Дземідзёнак — варты жалю чалавек. Толькі дзеці і аўтар-апавядальнік звяртаюць на яго ўвагу як чуйныя да ўсяго незвычайнага асобы. Трэба дапамагаць чалавеку загаіць рану ў душы, калі бачыш праблему.

Тут Галіна Анатольеўна зноў звярнулася да мэты ўрока:

— Як жа правільна ставіцца да людзей, якія дзіўна сябе паводзяць? Чые адносіны з герояў апавядання Івана Чыгрынава да Дземідзёнка вам здаюцца правільнымі і чаму?

Старшакласнікі агучылі вельмі гуманны падыход да дзівакоў: калі ты можаш дапамагчы чалавеку, то зрабі гэта, калі ж не, то не лезь у душу і не кпі.

Дамашнім заданнем стала прачытаць фінал апавядання, каб зразумець, якое ж стаўленне да Дземідзёнка было правільным. А за апошнія 4 мінуты вучні напісалі свае прагнозы.

Урок пакінуў моцнае ўражанне. Ён атрымаўся напружаным, поўным роздумаў і эмоцый, за якія хочацца яшчэ раз падзякаваць 11 класу і Галіне Анатольеўне.

Пасля яна правяла рэфлексію:

— На вывучэнне апавядання праграмай адводзіцца адна гадзіна. Твор невялікі па аб’ёме, таму была спакуса прапанаваць дзецям прачытаць яго дома ў якасці дамашняга задання для папярэдняга ўрока, на якім завяршалі знаёмства з творчасцю Ніла Гілевіча. Аднак з вопыту ведаю, што такое заданне не апраўдвае сябе. Па-першае, каб твор “зайшоў” дзецям, неабходна эмацыянальнае паглыбленне, настроенасць на ўспрыманне чалавечай трагедыі. Па-другое, самастойнае чытанне без задання не дасць магчымасці дзецям адзначыць, запомніць патрэбныя факты. Па-трэцяе, фармальнае чытанне ніяк не спрыяе вучнёўскай матывацыі да вывучэння літаратуры.

У нейкім сэнсе ўжо шмат гадоў мае ўрокі “перавернутыя”: самастойнаму вучнёўскаму чытанню папярэднічае мой урок-трэйлер, на якім разглядаецца адна ці некалькі актуальных праблем часу, якія ілюструе пісьменнік. Калі мне ўдасца на такім уроку пасеяць сумненні, стварыць інтрыгу, пахіснуць вучнёўскае меркаванне, то дзеці чытаюць творы без прымусу, для сябе, а не для адзнакі. Так, на маю думку, чытанне можна зрабіць духоўнай патрэбай.

Да таго ж праверыць сфарміраванасць літаратурных кампетэнцый можна толькі на новым, невядомым матэрыяле: вучню не трэба ўзнаўляць завучаную ацэнку твора, а трэба разам з настаўнікам прааналізаваць тэкст, каб потым вырасціць уласны сэнс. Абавязкова з настаўнікам, паколькі аўтарская пазіцыя як аўтарская рэцэпцыя ўласнага тэксту нярэдка разыходзіцца з успрыманнем яго твора чытачамі ў розныя перыяды існавання гэтага тэксту.

Тэкст — гэта факт. На традыцыйным уроку літаратуры настаўнік правярае веданне фактаў. Але галоўная сіла літаратуры — у фарміраванні меркавання на аснове факта. Факты забудуцца праз тыдзень, а калі іх не паўтараць, забудуцца назаўсёды. А меркаванне, выпакутаванае на аснове асэнсавання фактаў, фарміруе жыццёвую пазіцыю і літаратурныя кампетэнцыі вучня. Сумленна з боку настаўніка гэтыя факты даць вучню, а далей час урока прысвяціць іх інтэрпрэтацыі (разуменню), абмеркаванню. Разуменне будзе розным, паколькі культурны ўзровень кожнага вучня розны. Роля настаўніка-фасілітатара — не завучыць ацэнку твора, а вырасціць уласны сэнс і скарэкціраваць.

Гадоў 10 назад паглядзела фільм Валерыя Тадароўскага “Мой зводны брат Франкенштэйн”. Заўважыла падабенства паміж Паўлам, галоўным героем фільма, і старым Дземідзёнкам. Пяці-мінутная нарэзка з фільма і стала апорнымі ведамі для мэтавызначэння на ўрок. Трэба прызнацца, што ніхто з вучняў яшчэ не адмовіўся ад пошуку адказу на пытанне: “Як ставіцца да людзей, якія дзіўна сябе паводзяць?” Канечне, сваё меркаванне вучні фармулююць на прыкладах паводзін герояў апавядання.

Літаратура — не падручнік па матэматыцы з правільнымі адказамі ў канцы. Літаратура стварае прэцэдэнт для думак і разваг. Задача настаўніка — карэкціраваць думкі вучняў, падмацоўваючы разважанні мастацкім тэкстам.

Толькі на такіх уроках можна правесці дыскусію. А, як вядома, толькі ў спрэчках нараджаецца ісціна.

Вольга ДУБОЎСКАЯ.
Фота аўтара.