(Прыклады пастаноўкі ключавых пытанняў на ўроках біялогіі)
На першым уроку ў класах, дзе толькі пачынаю працаваць, стаўлю пытанне навучэнцам: “Навошта вы ходзіце ў школу?” Адказ: “Каб вучыцца, атрымліваць веды”. Я працягваю: “А навошта вам патрэбны веды?” Адказваюць: “Каб атрымліваць добрыя адзнакі, добра вучыцца”. — “А навошта вам добрыя адзнакі?”. У адказ: “Каб не лаялі бацькі”. Знаёмая сітуацыя, ці не так? Канечне, мы як настаўнікі павінны ацаніць веды навучэнцаў, выстаўляць ім адзнакі. Калі 3—4 адзнакі (чым больш, тым лепш) за ўрок выстаўлены, значыць, урок удаўся. Ура! Але… Ці часта мы задумваемся, ідучы на ўрок, чаму навучыцца сёння вучань на маім уроку, што ён запомніць з новага матэрыялу, як атрыманыя веды спатрэбяцца яму ў жыцці? У пагоні за адзнакамі, паказчыкамі мы часам забываем пра гэта. А навучэнец жа за дзень наведвае па 6—7 урокаў.
І на кожным яму трэба атрымаць добрую адзнаку.
А што ён успомніць з гэтых урокаў сёння, заўтра, праз тыдзень?
І яшчэ. Ці заўсёды матываваны нашы навучэнцы на ўроку, ці цікава ім працаваць, акрамя таго, што трэба атрымаць добрую адзнаку? А што рабіць з навучэнцамі, інтэ-лектуальныя здольнасці якіх адпавядаюць 2—3 узроўням? Такіх навучэнцаў, як правіла, больш за палову класа (калі гаварыць пра звычайныя школы). А на ўроку павінны працаваць усе, не толькі выдатнікі і харашысты.
Тэндэнцыя развіцця сучаснага грамадства ў Беларусі паказвае, што на рынку працы патрабуюцца спецыялісты, якія крытычна мысляць, маюць свой пункт гледжання і ўмеюць яго выказваць. Як гэта сумясціць на адным уроку?
Згодна з Кодэксам аб адукацыі, мэтамі адукацыі з’яўляюцца фарміраванне ведаў, уменняў, навыкаў і інтэлектуальнае, маральнае, творчае і фізічнае развіццё асобы навучэнца. Асноўнымі патрабаваннямі да арганізацыі адукацыйнага працэсу нараўне з забеспячэннем якасці адукацыі з’яўляецца кампетэнтнасны падыход. Каб развіваць вучэбна-пазнавальную кампетэнцыю навучэнцаў, павышаць матывацыю да работы на ўроку, паказаць значнасць атрыманых ведаў у жыцці, я для сябе знайшла наступнае рашэнне. У стратэгіі актыўнай ацэнкі ёсць такі элемент, як пастаноўка ключавых пытанняў. Ключавыя пытанні — гэта пытанні, цесна звязаныя з тэмай і мэтай урока, якія паказваюць навучэнцам больш шырокі кантэкст тэмы, падахвочваюць іх шукаць адказы і матывуюць да навучання. Ключавое пытанне ставіцца перад пачаткам вывучэння новай тэмы. Яно можа адносіцца або да аднаго ўрока, або да ўсяго раздзела тэмы, якая вывучаецца.
Навошта патрэбны ключавыя пытанні? Яны захопліваюць увагу навучэнцаў; навучэнцы актыўна ўключаюцца ў работу, прычым не толькі на ўроку, але і дома; актывізуюць разумовую дзейнасць, прымушаюць крытычна ставіцца да інфармацыі; фарміруюць у навучэнцаў уласнае меркаванне і ўменне выказваць свой пункт гледжання.Ключавое пытанне павінна быць сфармулявана так, каб на яго нельга было адназначна адказаць “так” ці “не”, каб на яго нельга было адказаць у пачатку ўрока і каб вучань хацеў шукаць на яго адказы на працягу ўсяго ўрока. Пытанне задаю ў пачатку вывучэння тэмы. Навучэнцы ў парах абмяркоўваюць яго на працягу 1 мінуты. Потым па жэрабі выклікаю навучэнцаў, выслухоўваю іх меркаванне. Адказы вучняў не каменцірую, не даю ацэнкі правільнасці або няправільнасці меркаванняў. Хвалю за цікавыя версіі. Прашу навучэнцаў запомніць адказы. Ствараю інтрыгу на ўвесь урок, не адкрываю сакрэт, ці быў дадзены правільны адказ.
У канцы ўрока зноў вяртаюся да ключавога пытання, мы разам выслухоўваем адказы. Вучні самі прыходзяць да правільнага рашэння і самі робяць высновы. Чым мне яшчэ падабаецца гэты прыём? У работу ўключаюцца ўсе: як моцныя, так і слабыя. Абмеркаванне ў парах і групах дапамагае фарміраваць свой пункт гледжання ў слабых вучняў і зніжае страх адказу перад класам або страх перад няведаннем. А гэта павышае іх значнасць на ўроку і самаацэнку.
Разам з тым існуюць 2 праблемы ў выкарыстанні ключавога пытання. Па-першае, не заўсёды ўдаецца прыдумаць, знайсці ў літаратуры ключавое пытанне, якое падыходзіць. Па-другое, неабходна затраціць многа часу на яго пошук, перапрацаваць вялікі аб’ём інфармацыі.
Якія могуць быць формы ключавых пытанняў? Я выкарыстоўваю такія, як адкрытае пытанне; нагляднасць або біялагічныя аб’екты; гіпотэзы; біялагічныя задачы; малюнак або фота, калажы. У апошні час з’явілася паняцце “лайфхак”, з якім таксама можна папрацаваць на ўроку.
Адкрытае пытанне (у крытычным мысленні “тоўстае пытанне”) патрабуе разважання навучэнцаў, умення аналізаваць і разумець глыбіню пытання. Прыклад адкрытага пытання на ўроку ў 10 класе па тэме “Арганічныя рэчывы. Амінакіслоты. Бялкі”: “Вегетарыянцы цалкам адмаўляюцца ад ежы жывёльнага паходжання. Ці лічыце вы апраўданым такое харчаванне і чаму?” Пры вывучэнні матэрыялу параграфа навучэнцы вывучаюць паняцці заменных і незаменных амінакіслот, даведваюцца, што частка амінакіслот (заменныя) сінтэзуецца ў арганізме чалавека, а незаменныя павінны паступаць з ежай як жывёльнага, так і расліннага паходжання. Такім чынам, навучэнцы прыходзяць да высновы, што ежа павінна быць паўнацэннай і разнастайнай. Работу з гэтым пытаннем можна працягнуць на наступным уроку, дзе вывучаюцца функцыі бялкоў. Тут неабходна звярнуць увагу на шматфункцыянальнасць бялкоў, што пры іх адсутнасці арганізм не будзе функцыянаваць і развівацца паўнацэнна.
Прыклад выкарыстання нагляднасці і біялагічных аб’ектаў на ўроку ў 7 класе па тэме “Знешняя будова ліста”. Паказваю навучэнцам раскрытую далонь, пяро голуба, лісце клёна, каштана, дуба і задаю пытанне: “Што агульнага паміж пералічанымі аб’ектамі і як яны дапамогуць нам сёння на ўроку?” Навучэнцы прапрацоўваюць матэрыял падручніка, вывучаюць простыя і складаныя лісты, жылкаванне лістоў, выконваюць практычную работу. У канцы ўрока яны павінны выйсці на адказ, што далонь падобна да ліста клёна і каштана, пяро — да ліста дуба. Пальцы рукі і пяро дапамагаюць скласці аналогію з жылкамі лістка: пальцы — пальчатае жылкаванне (у клёна), пяро — перыстае жылкаванне (у дуба, каштана). Такім чынам, нагляднасць можна выкарыстоўваць як прыём асацыяцыі. Дзеці добра запамінаюць тэрміны, калі прасочваюцца асацыяцыі, як у гэтым выпадку.
Прыклад пастаноўкі праблемы на ўроку ў 10 класе па тэме “Меёз і яго біялагічнае значэнне”. Пытанне: “Чаму мы не падобны ні да мамы, ні да таты, хаця атрымліваем аднолькавую колькасць генетычнага матэрыялу ад абодвух бацькоў?”
Прыклад прымянення біялагічных задач пры вывучэнні тэмы ў 10 класе “Першы закон Мендэля. Монагібрыднае скрыжаванне”. “Вы генетык-селекцыянер. Да вас звярнуўся ваш сябар, сабакавод-заводчык. Яму прапанавалі шчаня хаскі за 400 рублёў, пераконваючы, што ён чыстакроўны. Які спосаб праверкі чыстакроўнасці гэтага шчаняці вы можаце прапанаваць свайму сябру як генетык?” Увогуле, раздзел “Генетыка” любімы для вывучэння ў маіх вучняў. Тут можна прыдумаць мноства жыццёвых сітуацый, якія матывуюць навучэнцаў на авалоданне спосабамі рашэння генетычных задач. Напрыклад, пры вывучэнні ў 10 класе тэмы “Узаемадзеянне алельных генаў” можна скарыстацца такой задачай у якасці ключавога пытання: “Жанчына з ІІІ групай крыві завяла справу аб сысканні аліментаў з мужчыны, які мае І групу, сцвярджаючы, што ён бацька дзіцяці. У дзіцяці І група. Якое рашэнне павінен вынесці суд? У якіх выпадках судовая экспертыза можа даць адназначны адказ пра бацькоўства дзіцяці?”
Прыклад выкарыстання фота з сацыяльных сетак. У гэтым выпадку можна выкарыстоўваць інтэрнэт і інфармацыю, якую можна знайсці ў сацыяльных сетках. Гэта прыклад медыяадукацыі на ўроку, калі навучэнцы вучацца з дапамогай і на матэрыяле сродкаў масавай камунікацыі. У гэтым выпадку інтэрнэт і сацыяльныя сеткі могуць стаць памочнікамі і саюзнікамі для навучання дзяцей. У “Аднакласніках” я знайшла наступнае фота і подпіс да яго (арфаграфію я захавала, памылкі не выпраўляла): “Самая крупная в мире Анаконда убитая в Джунглях Амазонки — длина её состовляет 134 анг.фута (около 40 метров). Она убила 257 людей и 2325 животных”. Гэтую інфармацыю я выкарыстала ў якасці ключавога пытання пры вывучэнні раздзела “Клас Паўзуны”. Пытанне: “Ці могуць дасягаць такіх памераў паўзуны? Растлумачце з біялагічнага пункту гледжання праўдзівасць або фэйкавасць гэтага фота”. Навучэнцы шукалі пытанне на працягу вывучэння ўсяго раздзела ў падручніку і ў інтэрнэце як на ўроку, так і дома, выказвалі вельмі цікавыя пункты гледжання. Прычым некаторыя лічылі, што гэта праўдзівая інфармацыя. Калі мы ўсё ж такі прыйшлі да правільнага адказу, што не могуць паўзуны дасягаць такіх памераў, і растлумачылі чаму, то навучэнцы засвоілі яшчэ некалькі ўрокаў. Урок першы — нельга давяраць усёй інфармацыі, якую размяшчаюць у сацыяльных сетках, яе трэба аналізаваць, каб не даць сябе падмануць або ўвесці ў зман. А для гэтага неабходны веды. Урок другі — каб размяшчаць інфармацыю, трэба ўмець правільна пісаць (мы выправілі граматычныя памылкі ў тэксце).
Яшчэ адзін прыклад медыяадукацыі на ўроку ў якасці ключавога пытання з рубрыкі “Пра што нам гавораць этыкеткі?”. Напрыклад, тэма ў 9 класе “Асновы рацыянальнага харчавання”. Прапаную навучэнцам фота этыкеткі шакаладу вядомай маркі і стаўлю пытанне: “Вы захацелі купіць шакалад. Якую інфармацыю нясе этыкетка і што трэба ведаць, каб быць дасведчаным карыстальнікам прадукцыі?”
Прыклад выкарыстання лайфхакаў.
Лайфхак (ад “лайфхакінг”, англ. lifehacking) — на слэнгу азначае “хітрасці жыцця”, “народная мудрасць”, “карысная парада, якая дапамагае вырашаць бытавыя праблемы, эканомячы тым самым час”. Гэта набор методык і прыёмаў “узлому” навакольнага жыцця для спрашчэння працэсу дасягнення пастаўленых мэт пры дапамозе розных карысных парад і хітрых трукаў. У інтэрнэце зараз можна знайсці мноства такіх прыёмаў, якія тычацца і біялогіі. Многія з іх маюць дачыненне да вядзення здаровага ладу жыцця. Пытанням ЗЛЖ удзяляецца ўвага на кожным уроку. Таму я вырашыла выкарыстоўваць гэтую форму на ўроках у якасці ключавога пытання. Напрыклад, урок біялогіі ў 10 класе па тэме “Хімічныя кампаненты жывых арганізмаў”. Прыкалад лайфхаку: “Усюды і заўсёды насіце з сабой бутэльку вады. Зрабіце звычкай з самай раніцы класці ў сумку бутэльку вады незалежна ад таго, куды вы сабраліся ісці”.
Урок у 9 класе па тэме “Будова і функцыі органаў стрававальнай сістэмы”. Лайфхак: як прадухіліць пякотку: “Нягледзячы на тое, што пякотка можа быць выклікана самымі рознымі прычынамі, вы можаце панізіць верагоднасць яе ўзнікнення, калі будзе спаць на левым баку”. Пытанне ў гэтых выпадках можа быць наступным: “Ці трэба прыслухоўвацца да гэтай парады і чаму? Растлумачце параду з прымяненнем біялагічных ведаў”.
Прыведзеныя прыклады ключавых пытанняў — усяго толькі невялікая частка маёй педагагічнай скарбонкі. Думаю, што ключавыя пытанні можа выкарыстоўваць кожны настаўнік. Усё залежыць ад таго, з якой мэтай ідзе настаўнік на ўрок: толькі паставіць адзнаку за веды або яшчэ выклікаць цікавасць да свайго прадмета і паказаць значнасць атрыманых ведаў у жыцці.
Вольга ЖЫТКАЯ,
настаўніца біялогіі Ушацкай сярэдняй школы Віцебскай вобласці.