Жыццё даецца, каб у жыцці тварыць

У Віцебскім абласным інстытуце развіцця адукацыі для слухачоў курсаў павышэння кваліфікацыі “Удасканаленне прафесійнай кампетэнтнасці настаўніка беларускай мовы і літаратуры” прайшла прэзентацыя вопыту педагагічнай дзейнасці настаўнікаў сярэдняй школы № 12 Віцебска імя Л.М.Філіпенкі — Н.П.Кісялёвай, Ж.В.Дадэркінай, А.М.Клімянковай, А.Г.Арцямёнка, Т.У.Аляксеевай.

Ж.В.Дадэркіна расказала аб асаблівасцях сучаснага ўрока беларускай літаратуры. Па яе словах, зараз існуе такая сітуацыя, калі беларуская мова не з’яўляецца мовай дзіцячага мыслення. Навучэнцы рускамоўных школ сутыкаюцца з вялікімі цяжкасцямі пры вывучэнні беларускай мовы і літаратуры. А таму пастаянна непакояць пытанні: як зацікавіць вучняў беларускай мовай? Што зрабіць для таго, каб актывіза­ваць іх пазнавальную дзейнасць, каб вучні кожны раз адкрывалі для сябе нешта новае, лепш пазнавалі жыццё, не былі пасіўнымі сузіральнікамі па­дзей, а ішлі па жыцці з нястомным жаданнем змяніць яго ў лепшы бок? Як жа за невялікую коль­касць вучэбных га­дзін пера­даць вучням той аб’ём інфармацыі, які патрэбны для таго, каб сфарміраваць у навучэнцаў моўную, камунікатыўную, культуразнаўчую кампетэнтнасць, развіць пазнавальную дзей­насць? Якія прагрэсіўныя педагагічныя прыёмы і метады можна выкарыстоўваць на ўроках мовы і літаратуры?

Прымальным для сябе педагог лічыць наступныя метады: тлумачальна-ілюстрацыйны, рэпрадуктыўны, праблемны, даследчы і інш. Яны забяспечваюць тэхналагічнасць працэсу фарміравання ведаў і ўменняў, развіццё пазнавальнай дзейнасці вучняў.

На ўроках настаўніца практыкуе розныя формы дзейнасці: работа ў парах і групах, індывідуальныя творчыя заданні, віктарыны, работа з тэкстам, работа па зададзеным алгарытме, самастойная работа з падручнікам і дадатковай літаратурай, рознаўзроўневыя заданні. Разам з традыцыйнымі формамі яна выкарыстоўвае такія формы ўрокаў, як урок-гульня, урок-падарожжа, праблемны ўрок, урок-залік, урок-праект ці ўрок — абарона праекта і інш.

Па меркаванні Ж.В.Дадэр­кінай, метад праектаў — гэта якраз тое, што неабходна школе сёння. Яго актуаль­насць заключаецца ў тым, што ён поўнасцю адпавядае сучасным патрабаванням да літаратурнага навучання: з’яўляецца і практыка-арыентаваным, і асобасна арыентаваным. Праектная дзейнасць выконвае шматфункцыянальную ролю: навучэнцы сутыкаюцца з неабходнасцю адбору зместу, аналізу, структуравання дзеянняў, неабходных для стварэння прадукту праекта. Прадукцыйны пошук і матывуе пазнавальную дзей­насць, што вядзе да ўзмацнення дзейнасна-практычнага кампанента літаратурнай адукацыі.

У методыцы выкладання беларускай мовы і літаратуры метад праектаў займае асаблівае месца, бо дазваляе вучню самастойна шукаць і аналізаваць інфармацыю, фарміраваць уласныя інтэлектуальныя мадэлі, выхоўвае здольнасць да навучання, разваг, дзеян­ня. Метад праектаў фарміруе крэатыўна-інтэлектуальную актыў­насць, камунікатыўныя ўменні, шырокае засваенне інфармацыйных тэхналогій. Гэта дазваляе пераадолець сузіральнасць, рэфлексіўнасць і пасіўнасць вучняў у навучанні, падштурхоўвае да актывізацыі пазнавальнай дзейнасці. Такім чынам на практыцы рэалізоўваецца кампетэнтнасны падыход у сучаснай адукацыі. На думку Жанны Віктараўны, вучэбныя праекты становяцца своеасаблівай навукай для будучага самастойнага жыцця падлеткаў, бо, выконваючы іх, вучні набываюць вопыт вырашэння рэальных праблем. Так, напрыклад, у 8 класе пры вывучэнні апавядання В.Карамазава “Дзяльба кабанчыка” вучні працавалі над інфармацыйна-даследчым міні-праектам “Трэба дома бываць часцей?”:

Праблема: ці заўсёды дарослыя дзеці бываюць чулымі да сваіх састарэлых бацькоў? Ці патрэбна дапамога старым?

Абгрунтаванне: дзеці аддаляюцца ад бацькоўскага дому, забываюць свае карані, у штодзённых клопатах усё ра­дзей цікавяцца бацькамі.

Што рабіць? Адбіраць матэрыял з апавядання, неабходны для рашэння пастаўленай задачы.

Што атрымаць? Старонку буклета.

Прэзентацыя вынікаў: абарона сваёй старонкі буклета (выказванне, тлумачэнне, цытаванне, інтэрв’ю з героем, табліца, кластар).

Старонкі буклета (з прыблізным тэматычным полем): 1) вобраз Сцяпана (ці часта бывае дома, па якіх дэталях можна меркаваць пра гэта?), характар героя (праз дзеянні і ўчынкі, падаб­раць эпізоды); 2) вобразы дачок і зяця (ці часта наведваюць маці, дэталі ў адзенні і знешнім выглядзе, паводзіны за сталом); 3) інтэрв’ю з маці (адлюстра­ваць яе жыццёвую пазіцыю, адносіны да дарослых дзяцей); 4) інтэрв’ю з суседам Лёнікам (адлюстраваць яго жыццёвую пазіцыю, адносіны да чужой маці); 5) пазіцыя аўтара ў адносінах да герояў (падабраць эпітэты, дзеясловы і інш., па якіх можна меркаваць пра аўтарскую пазіцыю).

На этапе абагульнення вучні адказалі на праблемныя пытанні: “Чаму сёстры не заехалі на могілкі да бацькі?”, “Якія радкі з верша Р.Барадуліна “Трэба дома бываць часцей” суадносяцца з гэтым эпізодам?”.     

Настаўніца А.М.Клімянкова расказала прысутным аб выкарыстанні на ўроках інтэрактыўных метадаў і прыёмаў навучання, у прыватнасці тэхналогіі “лэпбук”.

Што такое лэпбук? У даслоўным перакла­дзе з англійскай мовы азначае “накаленная кніга” (lap — калені, book — кніга). Лэпбук — інтэрактыўная тэматычная папка. Гэта самаробная папяровая кніжка з кішэнямі, дзверцамі, акенцамі, якія вучань можа даставаць, складваць на свой густ.

Лэпбук можа быць вынікам праектнай і самастойнай дзейнасці дзяцей. У ім збіраецца матэрыял па пэўнай тэме. Лэпбук — гэта не проста кніга. Гэта заключны этап самастойнай даследчай дзейнасці, якую вучань робіць падчас вывучэння той ці іншай тэмы. Стварэнне лэпбука дапамагае самастойна збі­раць інфармацыю, замацаваць і сістэматызаваць вывучаны матэрыял.

Пры стварэнні лэпбука неабходна ўлічваць эстэтычнасць (павінна з’явіцца жаданне ўзяць лэпбук у рукі), даўгавечнасць (ён павінен быць з цвёрдай паперы), лаканічнасць (мінімум подпісаў, ніякай лішняй інфармацыі).

На наступным этапе мерапрыем­ства настаўнікі Ж.В.Дадэркіна і А.М.Клімянкова правялі майстар-клас “Адзіны шлях, што вядзе да ведаў, — гэта дзейнасць” (Б.Шоу) — урок-праект “Жыццёвы і творчы шлях У.Дубоўкі”.

Слухачы курсаў падзяліліся на дзве групы, атрымалі аднолькавую падборку матэрыялаў па жыццёвым і творчым шляху У.Дубоўкі і пад кіраўніцтвам настаўнікаў сярэдняй школы № 12 сталі працаваць над сваім праектам. У адной групы слухачоў атрымаўся буклет, а ў другой — лэпбук. Падчас работы над буклетам члены групы вызначыліся з назвамі старонак, выразалі, клеілі матэрыял, малявалі. І спрачаліся…

Вельмі ажыўлена прайшла работа над лэпбукам. Члены групы імкнуліся цікава падаць прапанаваны матэрыял: у кішэньцы, у выглядзе кніжкі, гармоніка.

Слухачам курсаў быў прадастаўлены матэрыял па жыццёвым і творчым шляху У.Дубоўкі ў гатовым выглядзе, а вучням трэба было знайсці гэты матэрыял самастойна і зрабіць сваю падборку.

Наступным этапам прэзентацыі дзейнасці настаўнікаў было правядзенне квеста “Ты верны рыцар слоў крывіцкіх…”, прысвечанага 90-годдзю У.Караткевіча. Прысутныя павінны былі сабраць кветкі ў букет У.Караткевічу і з гэтых кветак скласці афарызмы самога Уладзіміра Сямёнавіча. Гэтыя кветкі яны атрымлівалі на станцыях, дзе і трэба было выканаць ланцужок заданняў.

Настаўніца Н.П.Кісялёва падрыхтавала заданні да станцыі “Біяграфічная”, на якой трэба было ў храналагічнай паслядоўнасці скласці факты з біяграфіі аўтара, знайсці адказы на пытанні. Ж.В.Дадэркіна прадставіла заданні да станцыі “Лінгвістычная”, дзе прапаноўвалася ва ўрыўках з розных твораў У.Караткевіча расставіць знакі прыпынку, уставіць літары, назваць ­стылістычныя асаблівасці тэксту і інш. А.М.Клімянкова падрых­тавала матэрыял да станцыі “Малавядомы У.Карат­кевіч”, дзе трэба было, праслухаўшы пэўную біяграфічную інфармацыю, вызначыць, ці мае яна дачыненне да асобы аўтара. Т.У.Аляксеева прадставіла матэрыял да станцыі “Паэтычная”, дзе ўдзельнікам прапаноўвалася падаб­раць рыфмы, скласці вершаваныя радкі па апорных словах, якія звязаны з жыццём і творчасцю У.Караткевіча, рашыць шыфраграму на цыферблаце, каб прачытаць назвы паэтычных зборнікаў аўтара і інш.

Слухачы курсаў з поспехам выканалі заданні, атрымаўшы за іх пэўную колькасць балаў (было адзначана ў маршрутным лісце), сабралі букет У.Караткевічу і змаглі прачытаць афарызмы самога аўтара. Дарэчы, па колькасці набраных на станцыях балаў вучні былі ацэнены.

Мерапрыемства яскрава засведчыла, што прадстаўленыя на ім формы работы дазваляюць вучням самастойна канструяваць свае веды, арыентавацца ў інфармацыйнай прасторы, развіва­юць крытычнае і творчае мысленне.

Жанна ДАДЭРКІНА, Таццяна АЛЯКСЕЕВА,
настаўніцы беларускаймовы і літаратуры сярэдняй школы № 12 Віцебска імя Л.М.Філіпенкі.