Парады для аўтараў урокаў, або Урокі, якім вераць

Газета ня часта друкуе настаўніцкія распрацоўкі ўрокаў. Мы абмяжоўваемся толькі матэрыяламі настаўнікаў-метадыстаў, бо гэта ў пэўнай ступені гарантуе якасць дасланых тэкстаў. Між тым у рэдакцыйным партфелі знаходзіцца мноства распрацовак вучэбных заняткаў, якія мы не можам надрукаваць з-за іх недасканаласці. Рэдакцыя прапанавала вядомым у адукацыйным асяроддзі педагогам напісаць артыкул, які б дапамог настаўнікам у праектаванні цікавых і карысных урокаў і падрыхтоўцы іх да друку.

Сапраўды, пераважная большасць урокаў, якія мы бачым у педагагічных СМІ, не выглядаюць эфектыўнымі. Іх проста не заўважае масавы чытач. Напэўна, вы не хацелі б такога лёсу для сваіх публікацый, праўда?

Дык якім павінен быць надрукаваны ўрок, каб на яго звярнулі ўвагу? Што трэба ў ім пісаць і якія фішкі выкарыстоўваць? Калі і праўда вы гэтага хочаце, тады варта паставіць цалкам лагічнае пытанне: “А як апі­саць урок, каб яго чыталі?” Паспрабуем адказаць.

Прычынай для пераносу ўрока на газетную старонку павінна быць арыгінальная педагагічная падзея, слушнае экспертнае меркаванне пры захаванні асноўных структурных элементаў урока. Прапанаваны вамі для “Настаўніцкай газеты” тэкст павінен нагадваць навіну. Калі педагог прапануе тое, што агульнавядома, то навошта такі артыкул? Таму аўтару пажадана мець добрую педагагічную эрудыцыю, быць дасведчаным у адукацыйных трэндах, начытаным, каб бачыць, што прымяняюць іншыя педагогі, каб не вынаходзіць веласіпед і не рэкламаваць ужо ўсім вядомае.

Дык вось, усе грамадска-палітычныя, дзелавыя, іншымі словамі, усе сур’ёзныя навіны выглядаюць так:

Першы абзац — адказ на пытанні: што? Дзе? Калі? З якой прычыны? Чаму пра гэты ўрок важна ведаць чытачам “НГ”? Аптымальна даць адказ 4—5 сказамі.

Далей — даць больш падрабязна інфармацыю — тое новае, што вы паспяхова прымянілі на занятках, тое, чым вы ганарыцеся, дзякуючы чаму вучні з асалодай і прадукцыйна працавалі. У канцы — экспертнае меркаванне. У якасці экспертаў могуць выступіць ці сам аўтар, які прапануе аналіз зробленага, ці намеснік дырэктара, метадыст, ці нават вучні. Менавіта гэта дазволіць, магчыма, сухі тэкст ператварыць у сапраўдную і цікавую навіну.

А зараз пра тое, што напісаць у асноўнай частцы артыкула — што адбывалася на ўроку. Ці трэба апісваць усе яго кампаненты? Прапануем невялічкі тэст: выберыце з прапанаваных структурных кампанетаў урока тое, што, на ваш погляд, абавязкова трэба прадставіць у тэксце:

1) навучальная мэта, выхаваўчыя і развіццёвыя задачы;

2) этапы ўрока і іх працягласць;

3) метад(ы) і сродак(дкі), якія прымяняліся на ўроку і працавалі на дасягненне мэты, на вырашэнне выхаваўчых і развіццёвых задач; што рабілі вучні, калі настаўнік выкарыстоўваў гэты метад ці сродак;

4) як па ходзе ўрока і на яго завяршэнні ажыццяўлялася зваротная сувязь настаўніку ад вучняў, вучням ад настаўніка.

Выбралі? А зараз наш адказ: 1, 3 і 4 пункты. Патлумачым, чаму.

Першы пункт мае вызначальны характар для поспеху ўрока, паколькі ўдала сфармуляваная мэта стварае перадумовы для адэкватнага выбару метадаў і сродкаў навучання, для мэтанакіраванай працы і настаўніка, і вучняў, дэманструе спосаб мэтавызначэння, які пажаданы для запазычання чытачамі.

Не пішыце мэту праз сваю дзейнасць: даць паняцце…, сфарміраваць веды аб …, паўтарыць …, сістэматызаваць …, стварыць умовы … і г.д. Па вялікім рахунку так пісаць не мае сэнсу. Больш за тое, такая фармулёўка не адпавядае самой сутнасці гэтага паняцця, бо мэта ёсць плануемы вынік дзейнасці. Гэта адпаведныя веды і ўменні вучняў. Іх фарміраваць, абагульняць, паўтараць — задачы педагога (па азначэнні, задачы — тое, што трэба рабіць, каб дасягнуць мэты). Зыходзячы з гэтых меркаванняў, рэкамендацый вучоных і вопыту паспяховых настаўнікаў, прапануем наступныя ўдалыя спосабы пастаноўкі навучальнай мэты:

  • валоданне вучнямі наступнымі ўменнямі (далей гэтыя ўменні пералічваюцца. Падставамі для іх выдзялення з’яўляюцца патрабаванні вучэбнай праграмы: “Вучні павінны ведаць… Вучні павінны ўмець…”);
  • плануецца, што ў канцы ўрока вучні будуць ведаць (далей пералік: правіла, формулу, азначэнне, прыклады і г.д.); умець (пералічваюцца ўменні);
  • плануецца, што вучні на ўроку навучацца расказваць аб, напрыклад, геаграфіі краіны па плане (далей прыводзіцца план адказу);
  • мяркуецца, што на выхадзе з урока вучні змогуць выканаць тэст (далей прыво­дзіцца сам тэст або спасылка на яго);
  • вучні змогуць (далей пералічваецца, што яны змогуць напрыканцы ўрока);
  • вучні знойдуць адказ на ключавое пытанне ўрока (запісваецца).

Сфармуляваная такім чынам мэта робіць работу на ўроку мэтазгоднай, арганізуецца авалоданне вучнямі адпаведным матэрыялам і спосабамі дзейнасці. Галоўным становіцца не «даванне» настаўнікам вучэбнага матэрыялу, а работа вучняў, што забяспечвае выніковасць адукацыйнага працэсу.

На ўроку мэта павінна быць не толькі ў настаўніка, але і ў вучняў (напішыце яе). Гэта тое, што вы ім сказалі, а лепш запісалі на дошцы, на экране або на асобным аркушы паперы для кожнага з вучняў. Магчыма, вы далучыце вучняў да фармулёўкі асабістай мэты, тады напішыце, як вы гэта рабілі. Поспех урока будзе больш верагодным, калі мэта настаўніка становіцца імкненнем вучня. Пры адсутнасці ў вучняў мэты ў іх бракуе матывацыі і адказнасці.

Мэта для вучняў можа быць запісана ад першай асобы:

Я змагу…

Я навучуся…

Я буду ўмець…

Я паспяхова выканаю…

або ад другой асобы:

Вы навучыцеся…

Вы зможаце…

Вы будзеце ведаць…

Калі напрыканцы ўрока нехта з вас выканае …, то зможа атрымаць 10, калі — …, то атрымае 8 і г.д. 

Важна, каб мэта была ўвесь урок перад вачамі вучняў, каб яны “прапіталіся мэтай”, вырашылі для сябе: “Я ведаю, што гэта будзе”.

Запішыце задачы выхавання і развіцця вучняў. Спадзяёмся, чытачы пагодзяцца з аўтарамі гэтага артыкула ў тым, што дакладныя мэты сфармуляваць немагчыма. Сапраўды, мэта — гэта запланаваны вынік дзейнасці. Ці можна спрагназаваць канкрэтны вынік на 45 мінут урока ў частках выхавання і развіцця? Як можна ацаніць, у адрозненне ад навучальнай мэты, наколькі за ўрок вучні сталі больш выхаванымі або інтэлектуальна, эмацыянальна развітымі? Прысваенне вучнямі той або іншай каштоўнасці, авалоданне пэўнай інтэлектуальнай здольнасцю носіць верагоднасны характар.

Фармулёўкі задач рэкамендуецца вызначаць з дапамогай дзеясловаў садзейні­чаць, спрыяць, стварыць умовы і інш. Напрыклад, многія вучні не валодаюць даследчымі ўменнямі, таму можа быць пастаўлена такая задача: стварыць умовы для развіцця даследчых здольнасцей вучняў. Яшчэ прыклад: многія вучні нядбайна адносяцца да вучобы. Таму патрэбна сфармуляваць і выра­шаць наступную задачу: арганізаваць сітуацыю выбару і выхавання ў школьнікаў адказнага стаўлення да вучобы. Увогуле, задача фармулюецца, калі ёсць супярэчнасць паміж уяўленнем аб ідэальным выпускніку школы і рэальнай праблемай, недахопам у выхаванні або развіцці вучняў. Пры гэтым у многіх выпадках важна ўлічваць выхаваўчыя і развіццёвыя магчымасці вучэбнага матэрыялу. Напрыклад, стварэнне ўмоў для патрыятычнага выхавання вучняў цяжка забяспечыць пры вывучэнні фізічных і хімічных уласцівасцей салянай кіслаты.

Вырашэнне задач выхавання і развіцця дасягаецца праз арганізацыю адпаведных сітуацый. Напрыклад: для фарміравання ўменняў весці дыялог на ўроку павінны быць дыялогі; для развіцця рэфлексіўных здольнасцей арганізуюцца рэфлексіўныя сітуацыі і г.д. Так, рэфлексіўная сітуацыя будзе ўяўляць сабой працэс асэнсавання школьнікамі таго, як яны авалодвалі пэўным уменнем. Для гэтага яны адказваюць на пытанні, як працавалі, на крытыку сваёй дзейнасці, на пошук больш рацыянальных спосабаў працы і ўзаемадзеяння. 

Другі пункт — пра этапы дзейнасці на ўроку. Чытачу неабавязкова ведаць, якія этапы ў вас былі на ўроку, як вы іх назвалі. Але пры гэтым важна, каб ужо на яго пачатку вучні ведалі сваю мэту, па ходзе ўрока да яе звярталіся, ацэньваючы, як набліжаюцца да яе, пры неабходнасці карэкціравалі сваю дзейнасць, а напрыканцы мелі магчымасць параўнаць тое, чаму навучыліся, з мэтай, каб была магчымасць ажыццяўляць карэкцыю.

Трэці пункт — пра метады і сродкі, прымяненне якіх зрабіла магчымым дасягненне мэты, якія сталі не толькі ўмовай поспеху, але і ўпрыгожылі ўрок, якімі вы ганарыцеся. Гэта могуць быць як запазычаныя спосабы і інструменты дзейнасці (пакуль рэдка прымяняюцца настаўнікамі), так і аўтарскія вынаходствы. У гэтых выпадках іх прымяненне створыць эфект навізны, падзеі, без якіх артыкул у прафесійнай газеце будзе нагадваць “пераліванне з пустога ў парожняе”.

Перавага, канечне ж, павінна аддавацца актыўным і інтэрактыўным метадам навучання, паколькі яны ўключаюць вучняў у прадукцыйную дзейнасць. Традыцыйныя сродкі, якія пераважаюць у тлумачальных і рэпрадуктыўных метадах навучання, павінны быць заменены на крэатыўныя, эўрыстычныя, даследчыя, дыялагічныя.

Прадстаўляючы чытачам артыкула метады і сродкі, якія вы выкарысталі на ўроку, падавайце іх праз прызму дзейнасці вучняў: што яны робяць, калі настаўнік арганізуе іх работу гэтым метадам, у якой паслядоўнасці працуюць, калі карыстаюцца гэтым сродкам.

Пункт чатыры — пішам пра зваротную сувязь на ўроку. Шматлікія даследаванні і вопыт паспяховых настаўнікаў паказваюць, што зваротная сувязь настаўніку ад вучняў, вучням ад настаўніка, вучню ад вучня з’яўляецца вядучым фактарам, які пазітыўна ўплывае на матывацыю, пазнавальную актыўнасць і паспяховасць вучняў. Існуе шмат метадаў для ажыццяўлення зваротнай сувязі:

 вучні і настаўнік на працягу ўрока звяртаюцца да мэты, даецца ацэнка таму, як наблізіліся да яе; пры неабходнасці арганізуецца карэкцыйная работа;

  • кожны вучань запісвае або гаворыць аб тым, ці дасягнуў ён мэты, наколькі добра працаваў;
  • вучні выконваюць тэст і параўноўва­юць свае адказы з эталонамі, пасля чаго арганізуюцца абмеркаванне вынікаў і карэкцыя;
  • вучні параўноўваюць сваю дзейнасць і яе вынікі з крытэрыямі, якія прапанаваў настаўнік ці якія яны выпрацавалі сумесна;
  • настаўнік адзначае моцныя бакі ў выкананай вучнем рабоце, чаго не хапае, дае парады, як палепшыць і г.д.

Матэрыял аб спосабах ажыццяўлення зваротнай cувязі падрабязна выкладзены ў кнізе аўтараў гэтага артыкула “Дыялогі пра актыўную ацэнку” (Мінск: Сэр-Віт, 2018, с. 58—67).

Завяршаць апісанне кожнага з пунктаў пажадана тлумачэннем аўтара: па першым — чаму менавіта такая мэта і такія задачы былі пастаўлены на ўрок; па трэцім — чаму менавіта такія метады і сродкі выкарыстаны; па чацвёртым — чаму менавіта такім чынам ажыццяўлялася зваротная сувязь.

Напачатку мы пісалі пра пажаданасць экспертнай ацэнкі гэтага ўрока. Тут у невялікім па аб’ёме тэксце даецца аналіз падзеі, пра якую напісаў аўтар у сваіх нататках.

Намеснік дырэктара, метадыст або настаўнік-метадыст, якія наведалі ўрок і прачыталі папярэдні тэкст, могуць напісаць, на­прыклад, наступнае:

• наколькі пісьменна сфармулявана мэта, адэкватна выбраны метады і сродкі навучання, умела ажыццяўлялася зваротная сувязь;

• наколькі закладзеныя ва ўрок метадычныя ідэі і практыка актуальныя з пункту гле­джання адукацыйных трэндаў, тыповых цяжкасцей, якія пакуль назіраюцца ў масавай практыцы;

• наколькі прадэманстраваны вопыт блізкі да праблематыкі метадычнай работы ў школе;

• што аўтарскае прадэманстраваў аўтар урока;

• ці ангажавалі вучняў у адукацыйны працэс тыя метады і сродкі, якія прымяніў настаўнік;

• наколькі была дасягнута мэта ўрока і вырашаны задачы выхавання і развіцця вучняў;

• у якім кірунку настаўніку пажадана і далей развіваць сваю практыку.

Па просьбе свайго настаўніка вучні могуць таксама выказаць “экспертнае заключэнне”, для гэтага ім можна прапана­ваць наступныя пытанні: вы працавалі з такім сродкам ці такім метадам? Наколькі гэты метад дапамог вам дасягнуць сваёй мэты? Як бы вы яго ўдасканалілі? Калі наступны раз будзеце працаваць у межах гэтага метаду, як вы зменіце сваю работу? Чым спадабалася вам работа на ўроку? Заўважце, трэба прасіць вучняў ацэньваць не ўрок, а іх асабістую дзейнасць на ўроку і яе вынікі.

Добрым дапаўненнем да артыкула можа быць і самаэкспертыза настаўніка: пакажыце выніковасць урока; яго моцныя бакі; наколькі добрымі былі ўмовы для выхавання і развіцця вучняў; наколькі спрацаваў ваш метад ці сродак навучання; за кошт чаго быў забяспечаны спрыяльны псіхалагічны клімат; якія высновы вы для сябе зрабілі.

Варыянт прадстаўлення ўрока, які тут прапанавалі аўтары артыкула, не з’яўляецца адзіна магчымым. Вы можаце гэта зрабіць па-іншаму. Але, па-першае, у вашым тэксце павінна быць тлумачэнне, чаму менавіта так вы праводзілі свой урок. Па-другое, варта ўлічваць, што, чым бліжэй да прыведзеных рэкамендацый настаўнікі прадстаўлялі апісанні сваіх урокаў, тым больш яны былі паспяховымі на конкурсах урокаў, конкурсах прафесійнага майстэрства настаўнікаў.

Мікалай ЗАПРУДСКІ,
прафесар кафедры педагогікі і менеджменту адукацыі АПА;
Галіна СУХАВА,
настаўніца беларускай мовы і літаратуры гімназіі № 5 Віцебска, настаўнік-метадыст.
Фота Вольгі ДУБОЎСКАЙ.