А ў нас у гасцях фізфак

Кожны вучань рана ці позна пачынае сутыкацца з праблемай выбару будучай прафесіі. Сёння ў свеце існуе больш за 7000 прафесій, але сярод выпускнікоў школ з году ў год папулярнасцю карыстаюцца толькі некалькі дзясяткаў з іх (эканаміст, урач, праграміст). У большасці выпадкаў малады чалавек выбірае прафесію не таму, што яго прыцягвае змест дзейнасці, хутчэй прываблівае пэўны лад жыцця, дзе прафесія толькі сродак для прэстыжу і папулярнасці ў грамадстве. Таму вельмі важна, каб пры выбары навучальнай установы выпускнікі мелі поўнае ўяўленне пра рэаліі будучага прафесійнага выбару.

Неабходна дапамагчы кожнаму дзіцяці вызначыцца з выбарам будучай прафесіі да моманту заканчэння вучобы, прычым зрабіць гэта так, каб праз некалькі гадоў выпускніку не прыйшлося шкадаваць аб прынятым рашэнні.

Прафарыентацыйная работа праводзіцца ў кожнай навучальнай установе. Але цікавай і карыснай для вучняў яна будзе тады, калі падыход да яе будзе нефармальным. Можна правесці класную гадзіну і распавесці пра навучальныя ўстановы нашай краіны. А можна пайсці далей — запрасіць іх прадстаўнікоў да сябе. Галоўнае, каб было прафесійна і цікава, як гэта зрабілі у гімназіі № 1 Жодзіна.


Напрыканцы навучальнага года ў госці да гімназістаў завіталі прадстаўнікі фізічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Расказаць пра свой факультэт прыехалі намеснік дэкана па вучэбнай рабоце Ігар Анатольевіч Саладухін і загадчык кафедры агульнай фізікі Анатоль Іванавіч Слабадзянюк. Але простыя лекцыі для такіх прафесіяналаў — гэта сумна. Яны прывезлі шмат абсталявання, каб гутарка была жывой і цікавай.

Выкладчыкі БДУ разам са сваімі студэнтамі правялі цікавыя заняткі для навучэнцаў гімназіі на чатырох пляцоўках. Кожная пляцоўка была прысвечана асобнаму раздзелу фізікі: механіка, оптыка, электрадынаміка і малекулярная фізіка. Каб павесці вучня, трэба яго здзівіць. А здзівіць было чым: жывая ружа, якая стала далікатнай, як шкло, пасля выпрабавання вадкім азотам; вымярэнне самага доўгага ланцуга з вучняў, якія праводзілі зарад ад электрафорнай машыны; запаволенае падзенне магніта ў металічнай трубе; назіранне незвычайных светлавых з’яў на пластыкавай скрынцы ад лазернага дыска. На кожнай пляцоўцы былі займальныя доследы, інтэрактыўныя эксперыменты, цікавыя пытанні. Можна было не толькі паназіраць, але і паўдзельнічаць, памацаць і абмеркаваць, нават паспрачацца.


Выбар профілю навучання і выбар прафесіі ўзаемаабумоўлены, таму дапрофільная падрыхтоўка павінна мець прафарыентацыйны характар, каб дапамагчы кожнаму вучню свядома зрабіць выбар профілю навучання і сферы будучай прафесійнай дзейнасці. Настаўнікі фізікі гімназіі Эла Якубоўская і Аляксей Бычкоўскі запрасілі паў-дзельнічаць у мерапрыемстве не толькі дзесяці- і адзінаццацікласнікаў фізіка-матэматычных профільных класаў, але і вучняў 8-х і 9-х класаў, якія толькі выбіраюць профіль навучання. І трэба аддаць належнае прафесіяналізму ўніверсітэцкіх выкладчыкаў, якія знаходзілі падыход да кожнай узроставай групы, расказваючы так, каб было даступна і зразумела кожнаму.

Анатоль Іванавіч Слабадзянюк прызнаўся: “Больш за ўсё люблю працаваць з малодшымі. Яны самыя цікаўныя і адкрытыя”. Трэба было бачыць дзяцей, калі з імі працаваў Анатоль Іванавіч: іх захопленыя позіркі, шчырае здзіўленне і непадробленую цікавасць. Паўтары гадзіны праляцелі як адно імгненне.

У заключэнне Ігар Анатольевіч Саладухін расказаў гімназістам аб фізічным факультэце БДУ, пра спецыяльнасці, па якіх зараз вядзецца падрыхтоўка на факультэце (“Ядзерная фізіка і тэхналогіі”, “Фізіка нанаструктур і нанаматэрыялаў”, “Камп’ютарная фізіка” і “Фізіка”), пра арганізацыю студэнцкага жыцця і размеркаванне выпускнікоў. Гаворка ішла пра фізіку, пра навуку, пра запатрабаванасць інжынерных спецыяльнасцей. Галоўным у выніку стала вельмі важная думка: запатрабаваныя прафесіі ёсць заўсёды, але іх спіс часта мяняецца, папаўняецца новымі спецыяльнасцямі. Абумоўлена гэта імклівым ростам рынку і развіццём тэхналогій. Узнікаюць і зусім новыя прафесіі.

Па гэтай прычыне варта засяродзіцца на тым, што больш за ўсё падабаецца, да чаго ёсць цікавасць. Для таго каб стаць паспяховым і заможным чалавекам, вельмі важна правільна выбраць прафесію. Чалавек павінен займацца не проста прыбытковай, але яшчэ і любімай справай, якая лёгка яму даецца і прыносіць задавальненне, таму да пытання прафесійнага самавызначэння варта падыходзіць вельмі сур’ёзна. І мы, дарослыя, можам гэтаму толькі спрыяць, але не рабіць выбар за саміх вучняў.

Эла ЯКУБОЎСКАЯ,
настаўнік-метадыст, настаўніца фізікі гімназіі № 1 Жодзіна.
Фота аўтара.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *

*