Не спыняйце свае парывы суровым голасам розуму

Што робіць чалавек, прафесійным абавязкам якога з’яўляецца ацэньванне, з ацэначнымі кручкамі ў адпачынку? Ці здае гэты інструмент на захоўванне, ці адкладвае ў доўгую скрыню, ці зачахляе і абыходзіць бокам, ці па-ранейшаму актыўна выкарыстоўвае, накіроўваючы яго вастрыё ў свой бок, пераўтвараючы сябе з прынцэсы ў Папялушку, а з прынца — у жабрака? Ці ляцяць стрэлы ў самаацэнку, вымушаючы яе вагацца ці зніжацца? Калі да адпачынку мы ў меру стаміліся і гібкасці дастаткова, то нашаму душэўнаму спакою нічога не пагражае. А вось калі ператаміліся, то можам здавацца сабе прайграўшымі і якасць самаацэнкі не дасць нам спакою.

Дыялог з чытачом

Мы хочам пра гэта пагаварыць, падтрымліваючы ўпэўненасць упэўненых і ствараючы душэўны камфорт стомленым і тым, хто разупэўніўся ў сваёй унікальнасці, звышкаштоўнасці. Дарэчы, самаацэнка залежыць і ад таго, галодны ты ці сыты, выспаўся ці не, пітушчы ці не, гэта значыць, не толькі ад жыццёвых акалічнасцей, дасягненняў, але і ад біяваганняў. Такім чынам выратавальны інструмент “паеў — выспаўся” ў нас заўсёды пад рукой, асабліва ў адпускны час.

Чалавек будуе сваю самаацэнку ўсё жыццё. Калі не будуе, то здабывае. Калі не зарабляць яе, не прыклад­ваць намаганні, то давядзецца карыстацца той, што даецца звонку, якую ўнушылі, што можа намі ўспрымацца як част­ковая страта свайго “Я”. Нават да гадоў 50 нямногія могуць адрозніваць самаацэнку ўласную і тую, што ўнушылі, прынятую за сваю. Вось нам і работа на лета па самапазнанні, па адрозненні свайго і чужароднага, па пошуку больш камфортнага месца ў свеце. Адэкватная высокая самаацэнка, акрамя іншага, дапамагае нам адчуваць сябе шчаслівымі. Давайце прымем рашэнне быць шчаслівымі, бо паміж няшчаснымі і шчаслівымі існуе ўсяго толькі адно адрозненне: тое, які стан чалавек лічыць натуральным для сябе — шчасце ці няшчасце. І хоць кожны чалавек жадае быць любімым і шчаслівым, усё гэта не даецца нам у якасці ўзнагароды за прыкладныя паводзіны. Усяму ў нашым свеце можна навучыцца, у тым ліку быць шчаслівымі. Лепшага часу для гэтага, чым летні, не знайсці. У гэты сезон лягчэй за ўсё адчуваць штодзённую радасць ад жыцця. Не засмучайцеся, калі не навучыцеся гэтаму імгненна.

Зробім першы крок: будзьце як дзеці! Трэніруйце гіб­касць псіхікі. Не засяроджвайцеся на негатыўных перажываннях. Як дзіця, хутка пераключайцеся з адной эмоцыі на іншую, з аднаго настрою на другі.

Асабліва трэніруйце кірунак ад негатыву да пазітыву. Хаця ў даросласці ёсць свае дасягненні, іншы раз варта ўспомніць і адрадзіць уменні дзяцінства — яркасць эмоцый, здоль­насць радавацца. Здольнасць радавацца можа быць народжана дзіцячай непасрэднасцю ці будзе вянцом мудрасці дарослага чалавека. Здольнасць радавацца звязана з уменнем чалавека быць толькі тут і цяпер. Лепш за ўсіх гэта ўмеюць дзеці. Пазнаёмім сваё ўнутранае дзіця са сваім унутраным дарослым. Іх саюз бу­дзе больш плённым, чым дзеянні ў адзіночку.

Другі крок таксама просты: не варта спяшацца! Не ўключайцеся ў вечную гонку. Нават калі вы чуеце з усіх бакоў, што калі не будзеце спяшацца, то не паспееце да свята жыцця, не спакушайцеся такімі заклікамі. Усё самае галоўнае адбываецца там, дзе вы цяпер знаходзіцеся. Мы не выступаем за бяздзейнасць, пасіўнасць і ляноту! Гаворка пра іншае. Няспешны рытм жыцця, без мітусні, можа быць дзейсным і насычаным. Не варта звязваць шчасце толькі з дасягнутай мэтай, бо жыццё — гэта тое, што адбываецца з намі, калі мы бяжым да пастаўленай мэты. Не спяшайцеся, каб не прапусціць яе!

Трэці крок запрашае нас кіравацца імкненнем. Многія людзі ўспамінаюць, што большасць шчаслівых рашэнняў у іх жыцці былі спантаннымі, народжанымі натхненнем моманту. Згадайце такія рашэнні ў вашым жыцці. Колькі іх ужо было: адно, тры, пяць? Якія яны былі? Як яны ўспамінаюцца? Напэўна, цёпла і з усмешкай… Не спыняйце сваіх парываў суровым голасам розуму ці хаця б рабіце гэта не заўсёды.

Крок чацвёрты найпрыемнейшы: успамінайце аб тым, што любіце. Нямногія мо­гуць пахваліцца балансам прыемных і непрыемных спраў у сваім жыцці. Давайце пачнём рэгуляваць гэты баланс. Свядома выдзяляйце час для любімых спраў. Складзіце спіс рэчаў і спраў, якія радуюць вас, і пазначце каля кожнага пункта, калі займаліся гэтым апошні раз. 50% са спіса ажыццявіце ў адпачынку, а заадно вылучыце з яго тыя пункты, якія абавязкова павінны прысутнічаць рэгулярна, нягледзячы на сезон, занятасць, іншых людзей, бо любімыя заняткі — гэта крыніцы жыццёвай энергіі. Для вас гэта чытанне вершаў, пасадка і догляд кветак, прагулкі, калекцыяніраванне, танцы басанож, язда на матацыкле, палёт на дэльтаплане, пляценне бісерам? Памятайце, што выключэнне любімых заняткаў з жыццёвага графіка абяцае нам стомленасць і страту смаку да жыцця. А там ужо і да хвароб цела рукой падаць. Не лянуйцеся піць з крыніцы сваіх радасцей — гэта напоўніць і зарадзіць вас.

Што зрабіць вельмі цікавага і суперпрактычнага, ды яшчэ і лёгенькага, каб зрушыць сябе ў правільны бок да прыемнай самаацэнкі і шчасця?

Практыкаванне “Безацэначнае сузіранне”. Падыдзіце да люстэрка, паглядзіце на сябе, вывучыце сваю знешнасць. Маналог у думках старайцеся спыняць. Глядзіце безацэначна. Разглядайце сябе, максімальна паглыбляючыся ў гэты працэс. Вы прымаеце тое, што бачыце, не ацэньваючы. Вазьміце аркуш паперы і паспрабуйце непрадузята апісаць сваю знешнасць. Папрасіце таго, каму давяраеце, таксама непрадузята апі­саць вашу знешнасць. Параўнайце гэтыя апісанні. Падумайце, што вам падабаецца, што б хацелася змяніць, як вы можаце гэта зрабіць.

Практыкаванне “Малюнак сасуда”. Вазьміце каляровыя алоўкі. Намалюйце сябе ў выглядзе сасуда. Падумайце, якой вы формы і якога памеру. Якое прызначэнне ў сасуда (гэта дэкаратыўная ваза для кветак, практычны збан для малака, закаркаваны сасуд з дарагім віном)? Якія асаблівасці? Апішыце сасуд.

Разгледзьце малюнак. Сасуд — гэта вы. Наколькі ён празрысты ці шчыльны (гэта азначае, як вы праяўляецеся ў навакольным свеце, наколькі вас заўважаюць і адчуваюць іншыя)?

Паглядзіце, заняў малюнак увесь аркуш або толькі яго частку (колькі прасторы ў свеце вы дазваляеце сабе займаць)?

Практыкаванне “Пошук нязведанага”. Звярніце ўвагу, што яшчэ ёсць на малюнку. Ці ёсць паветра вакол, аснова, на якой стаіць сасуд? Наколькі ўстойлівым вы адчуваеце стан свайго сасуда?

А цяпер падумайце, што б вы хацелі змяніць у сваім малюнку. Колер? Насычанасць? Дадаць падстаўку пад сасуд, каб не вісеў у паветры? Магчыма, вам нічога не захочацца мяняць.

Вазьміце аркуш паперы і напішыце загаловак “Калі б гэта не здавалася безразважным, то я б…”. А далей стварыце спіс мінімум з 10 пунктаў. Потым новы аркуш з загалоўкам “Калі б гэта было рэальным, то я б…”, наступны “Калі б я не клапаціўся пра грошы…”, далей — “Калі б я не непакоіўся аб будучыні…”.

Запоўніўшы спісы ці частку іх, вы ўспомніце забытыя жаданні і патрэбы, якія цалкам годны стаць рэальнымі планамі на лета.

Складнікі нашага жыцця, прыемныя і непрыемныя, бесперапынна перасыпаюцца і перамешваюцца, як шкельцы ў калейдаскопе, ствараючы праз кожнае імгненне новы ўзор. У нашых сілах змяняць узоры, падбіраючы спрыяльныя для сябе, эксперыментаваць, даследаваць. На гэта здольны толькі чалавек разумны, актыўны, які імкнецца да ўдасканалення. Хіба мы не такія людзі?

Псіхалагічнае люстэрка

Хоць паверце, хоць праверце

Якія непрыемныя бакі жыцця могуць раскрыцца перад намі, калі раптам наша самаацэнка папаўзе ўніз? Мы можам прыняць на сябе ролю Папялушкі. Што дрэннага ў гэтым, бо Папялушка з часам пераўтварылася ў прынцэсу? У нашым выпадку Папялушцы давядзецца абыходзіцца без дапамогі феі. І яшчэ пытанне: ці атрымаецца лёгка выбрацца з гэтай ролі, як было ў казцы? Даведайцеся, ці існуе для вас такая праблема, што вы ўсё робіце для каго заўгодна, толькі не для сябе.

Ці пакутуеце вы на “сіндром Папялушкі”?

Адзначце тыя сцвярджэнні, якія хаця б часткова апісваюць вашы адчуванні.

  1. Вы рэдка выказваеце сваю думку ў агульных размовах, нават калі вам ёсць што сказаць і калі вам хочацца гэта зрабіць. Вы схільны выказвацца, толькі калі вас напрамую папросяць аб гэтым.
  2. Калі абмяркоўваецца нейкая агульная справа, вы не ўступаеце ў спрэчку або спыняеце спрэчку, як толькі апаненты праяўляюць націск і агрэсію. Пасля гэтага вы пагаджаецеся з рашэннем большасці, нават калі не лічыце яго найлепшым.
  3. Вы саромеецеся ўслых гаварыць аб сваіх поспехах і выніках.
  4. Вам вельмі цяжка хваліць сябе, асабліва ўслых і пры лю­дзях. А вось за што сябе пакрытыкаваць, вы знаходзіце заўсёды.
  5. Вы вельмі рэдка задаволены вынікам сваёй работы.
  6. Вас раздражняюць выскачкі і тыя, хто моцна агучвае сваю думку, публічна дзеліцца добрымі навінамі са свайго жыцця. Калі чалавек услых выказвае высокую думку аб сабе і сваіх вартасцях (напрыклад, прафесійных), вам гэта здаецца недарэчным/раздражняльным/саманадзейным.
  7. Вам цяжка крычаць. Вы з цяжкасцю ўспамінаеце, калі гэта рабілі апошні раз.
  8. Вы апранаецеся пераважна ў адзенне няяркіх, цёмных ці бледных афарбовак. Яркія фарбы, кідкае, незвычайнае адзенне і біжутэрыя здаюцца вам вульгарнымі.
  9. Вам вельмі цяжка павышаць голас на людзей.
  10. Вам цяжка гаварыць “не” і адмаўляць, асабліва калі просяць аб дапамозе.
  11. Вы адчуваеце сорам і няёмкасць, калі вас прылюдна хваляць ці гавораць яркія кампліменты. Можаце ў адказ ска­заць штосьці накшталт: “Дзякуй”, “Нічога асаблівага”.
  12. Вы лічыце сціпласць годнасцю.
  13. Вам цяжка прасіць аб дапамозе. Вы адчуваеце сорам, калі не можаце справіцца з праблемай сваімі сіламі.
  14. Вы пазбягаеце зваротаў да іншых людзей з пытаннем ці просьбай, думаючы, што можаце перашкодзіць ім. У цэлым вы схільны хвалявацца аб спакоі іншых людзей больш, чым аб сваім. Вам уласцівы такія думкі: “А што, калі я адцягну яго/яе/іх ад важнай справы?”, “А раптам я перашкоджу?”
  15. У вашым жыцці здараліся/здараюцца сітуацыі, калі вы моўчкі церпіце знявагі, хамства ці грубасць у ваш адрас. Сутыкаючыся з гэтым, вы не ведаеце, як рэагаваць (адчуваеце боль, страх, сорам), але не можаце даць адпор адразу ж. Разуменне таго, як трэба было адрэагаваць, прыходзіць ужо пастфактум.
  16. Вы лічыце, што шчасце іншых людзей (напрыклад, вашай сям’і ці сяброў) часта значна важнейшае, чым ваша.
  17. Вам лягчэй мірыцца з нязручнасцямі/парушэннем абяцанняў/тэрмінаў, чым патрабаваць ад іншых людзей выпраўлення (нават калі гэта іх работа). Вы не з тых, хто скардзіцца на дрэннае абслугоўванне і сэрвіс, дзе б тое ні было. А калі сусе­дзі вас затапілі, вам прыйдзецца патраціцца на рамонт.
  18. Калі вам прапануюць павышэнне ці новы праект, вы заў­сёды сумняваецеся, ці справіцеся. Вам у цэлым уласціва сумнявацца ў сабе. Новыя сферы дзейнасці вас пужаюць.
  19. Вы не любіце вылучацца з натоўпу (адзеннем, манерай паводзін — чым заўгодна).
  20. Вы сутуліцеся.
  21. Вы саромеецеся, калі на вас глядзяць ва ўпор, асабліва мужчыны. Не любіце прыцяг­ваць да сябе ўвагу. У кампаніі выбіраеце ролю назіральніка.
  22. Вы часта і многа фантазіруеце, але рэдка ажыццяўляеце фантазіі. Лічыце, што ў большасці выпадкаў гэта немагчыма.
  23. У вашым блізкім акружэнні ёсць непрыемныя людзі, прысутнасць якіх вы вымушаны цярпець. Час ад часу вам даводзіцца выслухоўваць ад іх выказванні, якія вас зусім не радуюць.

Падлічыце колькасць адзначаных сцвярджэнняў.

Не больш за 5 адзнак — вы не пакутуеце на “сіндром Папялушкі”.

Ад 5 да 10 адзнак — пакуль яшчэ не пакутуеце, але ёсць небяспечныя прыкметы.

Больш за 10 адзнак — на жаль, можна канстатаваць наяўнасць захворвання.

Больш за 15 адзнак — здаецца, у вас запушчаная стадыя сіндрому.

Святлана РАДЗЬКОВА.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *

*