Вядучы. Добры дзень, у эфіры ток-шоу “Выбар за вамі”.
Калі чалавек заканчвае школу, перад ім паўстае пытанне выбару прафесіі. Якую прафесію выбраць з велізарнай колькасці існуючых? Адны дзеці прыслухоўваюцца да парады бацькоў. Другія абмяркоўваюць гэтае пытанне з сябрамі. Трэція выбіраюць ВНУ ці каледж, якія знаходзяцца побач з домам. Ёсць тыя, хто яшчэ не вызначыўся. Паважаныя ўдзельнікі, адкажыце, калі ласка, на пытанне: “Што вы лічыце важным пры выбары прафесіі?” Варыянты: цікавасць да прафесіі, прэстыжнасць, высокая аплата, прыносіць задавальненне, па сілах чалавеку, запатрабаванасць на рынку працы, нарміраваны рабочы дзень, бяспека, добрыя ўмовы, адпаведнасць схільнасцям і здольнасцям, магчымасць кар’ернага росту, магчымасць працаваць творча, блізка да месца жыхарства, работа ў калектыве ці індывідуальна.
Выказванні ўдзельнікаў.
Вядучы. Бачыце, колькі людзей — столькі і думак. Сёння больш падрабязна мы пагаворым аб прафесіі настаўніка. Калі прамаўляеш слова “настаўнік”, заўсёды ахоплівае нейкае хваляванне. Быццам бы нічога асаблівага і няма ў гэтым слове. Самая звычайная назва прафесіі. Але калі яго прамаўляеш, то не проста назва прафесіі паўстае перад вачыма, а канкрэтны чалавек. І наша сённяшняя тэма гучыць так: “Настаўнік — гэта прафесія ці прызванне?” У нашай студыі прысутнічаюць дзве каманды — “Аптымісты” і “Скептыкі” (прадстаўленне ўдзельнікаў каманд па імёнах).
Каманда “Аптымісты”:
— Мы лічым, што сёння, як і ва ўсе часы, прафесія настаўніка вельмі важная. Гэта не проста прафесія, а хутчэй прызванне. Той, хто выбраў шлях педагога, павінен прысвяціць усяго сябе адукацыі, а іначай ён не зможа выхаваць у сваіх вучнях любоў да ведаў. Не кожны здольны стаць настаўнікам, бо для гэтага трэба не толькі атрымаць адукацыю, але і валодаць непадробленай цягай да прафесіі. Бо толькі развітыя і прагрэсіўныя педагогі, сапраўдныя прафесіяналы сваёй справы, змогуць выгадаваць дастойнае пакаленне.
Каманда “Скептыкі”:
— У адрозненне ад нашых апанентаў, мы лічым, што педагагічная прафесія — самая звычайная. Сёння жадаючых паступіць у педагагічныя каледжы і ўніверсітэты становіцца ўсё менш, а тыя, хто іх заканчвае, часта ўсімі сіламі спрабуюць знайсці работу не ў навучальных установах. Гэта звязана з тым, што на першае месца ставяцца інтарэсы вучня, а інтарэсы настаўніка другасныя. А жаданні і тых і другіх павінны ўлічвацца аднолькава.
Вядучы. Такім чынам, нашы каманды абазначылі асноўныя моманты сваіх выступленняў:
- Быць настаўнікам — гэта прызванне — думка каманды “Аптымісты”.
- Настаўнік — гэта хутчэй прафесія, чым прызванне — думка каманды “Скептыкі”.
А цяпер перапынімся на невялікую рэкламу.
Вядучы. Вы — будучы выпускнік, але яшчэ не вызначыліся з выбарам прафесіі. Вам надакучыла слухаць парады настаўнікаў, бацькоў і сяброў. Дык можа час прыслухацца да космасу? Даведаемся, што раяць нам зоркі.
Педагогіка, адукацыя, сацыялогія, псіхалогія, юрыспрудэнцыя, архітэктура — ва ўсіх гэтых сферах дзейнасці Вадалеі могуць дабіцца немалых вышынь.
Тыя, хто нарадзіўся пад знакам Рыбы, або залішне маўклівыя, або вельмі любяць “пагаварыць”. Для першых зоркі раяць звярнуць увагу на прафесіі праграміста і бухгалтара. Для другіх — на прафесіі ўрача, юрыста ці дэтэктыва.
Авенам, якія любяць адстойваць сваю думку перад настаўнікамі і аднакласнікамі, зоркі рэкамендуюць выбраць прафесію настаўніка, акцёра, юрыста ці журналіста.
Фізічна вынослівым Цяльцам можна выбраць спартыўную кар’еру. Ну, а калі вы працуеце не складаючы рук, то работа ў сферы сацыяльнага абслугоўвання тое, што трэба.
Блізнятам зоркі прадказваюць нялёгкі выбар. Чаму аддаць перавагу: ваеннай кар’еры ў авіяцыі ці стаць інжынерам. У любым выпадку трэба добра валодаць замежнай мовай.
Тым, хто нарадзіўся пад сузор’ем Рака, вельмі падыдзе прафесія педагога. Таму што прадстаўнікам гэтага знака задыяка вельмі важна быць карыснымі, дапамагаць людзям ці несці ім святло, веды, дабро і радасць.
Львам проста неабходна вызначацца і кіраваць. Найлепшыя прафесіі: фінансіст, візажыст, цырульнік, тэлевядучы, журналіст забаўляльнага жанру.
Тым, хто нарадзіўся пад знакам Дзевы, зоркі раяць звярнуць увагу на прафесіі настаўніка, псіхолага, урача і журналіста. Бо Дзевы дастаткова таварысцкія, з пачуццём уласнай годнасці, актыўнай жыццёвай пазіцыяй.
Шалі неверагодна рознабаковыя. Яны з лёгкасцю знаходзяць сябе ў самых далёкіх адна ад адной сферах. Падыдуць прафесіі: дыпламат, кухар, акцёр, дызайнер (адзення, памяшканняў, ювелірных упрыгажэнняў), мастак, пісьменнік, музыкант, фатограф.
Тыя, хто нарадзіўся ў сузор’і Скарпіёна, любяць усё рабіць самастойна сваімі рукамі. Зоркі ім раяць выбраць прафесію, звязаную з тэхнікай (аўтамабілі, станкі) ці медыцынай, напрыклад, стаць урачом-хірургам.
Стральцы імкнуцца да падарожжаў, таму месца іх работы павінна быць звязана са зменай уражанняў. Часта яны добрыя спартсмены, гоншчыкі, рэпарцёры.
Казярогі — творчыя натуры з багатай фантазіяй. Такім людзям зоркі рэкамендуюць звярнуць увагу на вучэбныя ўстановы будаўнічай галіны, якія рыхтуюць, у прыватнасці, і архітэктараў.
Разгорнутая аргументацыя камандамі.
Вядучы. А цяпер слова нашым удзельнікам. Калі ласка.
Каманда “Аптымісты”:
— Акрамя таго, што асоба педагога ў працэсе разумовай работы ўдасканальваецца, яшчэ пазітыўны момант — пастаянныя зносіны з дзецьмі. Дзеці ўсе розныя. Яны могуць не толькі засмучаць, але і радаваць сваімі поспехамі. Прыемна, калі яны пішуць без памылак, захапляльна і цікава расказваюць, працуюць над праектамі, вядуць навуковую дзейнасць, захоплена іграюць у драматычным гуртку ці майструюць вырабы на ўроках працы. Пастаянныя зносіны з дзецьмі дазваляюць лепш зразумець іх унутраны свет, прымушаюць быць актыўнымі і сучаснымі. Навучэнцы бачаць у настаўніку не толькі прафесіянала, які шчыра любіць свой прадмет, але і старэйшага таварыша, лідара, які ўмее натхніць на добрыя справы, павесці за сабой. А для гэтага неабходна шырокая эрудыцыя, веданне педагагічных методык, высокія маральныя якасці і добрасумленныя адносіны да справы. Работу настаўніка можна смела назваць творчай. Яна прадугледжвае пастаяннае развіццё самога педагога. А поспехі навучэнцаў павышаюць аўтарытэт настаўніка, гэта і радасць за кожнае дасягненне вучня, як за сваё ўласнае. Педагога акружаюць маладыя людзі, поўныя сіл і энергіі. Гэта дае магчымасць глядзець на свет вачыма сучаснай моладзі.
Каманда “Скептыкі”:
— Любая работа прадугледжвае адказнасць, асабліва работа з дзецьмі. Жыццё дзіцяці ўяўляе асаблівую каштоўнасць, таму на плячах настаўніка ляжыць клопат аб здароўі і жыцці дзяцей. Настаўнікі кантралююць правядзенне часу навучэнцамі ў сценах школы і за яе межамі. Бяда, якая здараецца з вучнямі, заўсёды праецыруецца на школу, незалежна ад часу і месца. Таксама работа настаўніка звязана з пастаянным нервовым напружаннем, якое адбіваецца на здароўі. Пасля выканання ўсіх службовых абавязкаў практычна не застаецца вольнага часу. Пры гэтым узровень аддачы ад сучасных вучняў не вельмі высокі. На жаль, далёка не ўсе навучэнцы імкнуцца атрымаць добрыя веды. Работа настаўніка — гэта работа на перспектыву. Часам можа прайсці некалькі гадоў, пакуль настаўнік убачыць пэўныя поспехі сваіх вучняў. Ну і, вядома, заўсёды цяжка развітвацца з навучэнцамі, якія былі з табой на працягу многіх гадоў.
Дэбаты. Абмен думкамі паміж камандамі.
Вядучы. У ходзе падрыхтоўкі перадачы па сённяшняй тэме мы зрабілі відэаапытанне, у якім выказалі сваю думку педагогі, што прынялі ўдзел у конкурсе “Настаўнік года”. Увага на экран (відэасюжэт).
Мы выслухалі думкі каманд. А цяпер каманды могуць задаць пытанні адна адной.
“Аптымісты”. Ці ёсць супрацьпаказанні да выбару прафесіі настаўніка? Якія?
“Скептыкі”. Вас запрасілі на тэлебачанне, каб расказаць аб прафесіі настаўніка. Якім чынам вы агітавалі б маладых людзей паступаць у педагагічныя ВНУ?
Вядучы. Увага. Паслухаем пытанні гледачоў.
Глядач 1. У мяне пытанне да каманды “Аптымісты”. Ці ёсць сярод вашых знаёмых тыя, каму выбраная прафесія настаўніка па душы?
Глядач 2. Я хачу спытаць у каманды “Скептыкі”: ці згодны вы з тым, што некаторыя дзеці зараз выбіраюць педагагічную прафесію толькі таму, што ў ВНУ на яе не вельмі высокі прахадны бал?
Вядучы. А цяпер паслухаем думку нашых гледачоў. Вам слова.
1 глядач. Я лічу, што прафесія педагога — самая звычайная. Атрымаць педагагічную адукацыю, як і любую іншую, можа кожны жадаючы. Настаўнік, як і спецыяліст у любой іншай сферы, працуе пэўны прамежак часу, выконваючы свае абавязкі, атрымліваючы за гэта заработную плату.
2 глядач. Несумненна, функцыі настаўніка можа выконваць кожны чалавек: дарослыя вучаць сваім прыкладам дзяцей, а дзеці вучаць дарослых радаснаму ўспрыманню жыцця, шчырасці і празе новага. Але толькі педагог нясе адказнасць за ўсе свае словы і дзеянні, бо на яго глядзяць дзясяткі пар дзіцячых вачэй і з яго бяруць прыклад дзясяткі дзяцей. Педагог па прызванні — гэта ўзор шчырасці, чалавечнасці, уважлівых і паважлівых адносін да дзіцяці. Прафесія педагога — адна з самых высакародных.
Вядучы. Я думаю, што пазіцыі нашых каманд зразумелыя ўсім. Жадаю вам зрабіць правільны выбар. А зараз прапаную гледачам выбраць тую каманду, якая была, на вашу думку, найбольш пераканаўчай. На дошцы вы бачыце чысты ватман. Ён асацыіруецца з вучнямі, якія толькі прыйшлі ў школу. І ад настаўніка залежыць, чым будзе гэты чысты ліст напоўнены. З дапамогай далонек вы павінны зрабіць чысты ліст рознакаляровым (навучэнцы наклейваюць далонькі на ватманы).
Падвядзенне вынікаў дэбатаў.
Вольга ГУДЗЕНЬ,
намеснік дырэктара па вучэбна-метадычнай рабоце гімназіі Шчучына.