Думаць і размаўляць на роднай мове

Актыўнае авалоданне мовай немагчыма без трывалых маўленчых навыкаў. Вусная беларуская мова цесна звязана з пісьмовай, паколькі фанетычны прынцып правапісу з’яўляецца вядучым у нашай арфаграфіі. Таму недаацэнка работы па развіцці ў вучняў навыкаў літаратурнага вымаўлення прыводзіць да паяўлення ў іх мове шматлікіх памылак, якія абавязкова потым пранікнуць у пісьмо, ператвараючыся з арфаэпічных у арфаграфічныя.

Генетычная блізкасць дзвюх дзяржаўных моў стварае пэўныя цяжкасці ў авалоданні беларускай мовай для вучняў школ з рускай мовай навучання. Гэтыя цяжкасці звязаны з розным узроўнем маўленчых навыкаў у навучэнцаў, замацаваннем у свядомасці вучняў фактару ўяўнай тоеснасці моў, змешваннем фанетыка-арфаэпічных, марфалагічных і сінтаксічных асаблівасцей дзвюх моў.

Фарміраванне арфаэпічных норм праз актывізацыю маўленчых зносін, накіраваных на папярэджанне і выпрацоўку вымаўленчых навыкаў і ўменняў у вучняў рускамоўных школ — адна з мэт адукацыйнага працэсу.

Наступны алгарытм дзейнасці спрыяе дасягненню гэтай мэты: дасканалае вывучэнне навуковай літаратуры па пытаннях арфаэпіі, вызначэнне прычын парушэння арфаэпічных норм, выяўленне памылак у мове вучняў, вывучэнне метадычных прыёмаў фарміравання арфаэпічных норм, аналіз падручнікаў 1—4 класаў па беларускай мове, распрацоўка сістэмы практыкаванняў (фанематычных размінак) па выпрацоўцы арфаэпічных навыкаў, выкарыстанне арфаэпічных практыкаванняў на кожным уроку беларускай мовы і літаратурнага чытання, а пры магчымасці і на іншых уроках, у пазакласнай рабоце і, наогул, у штодзённым жыцці.

Фарміраванне арфаэпічных навыкаў у вучняў пачатковых класаў — складаны, паслядоўны, мэтанакіраваны працэс. Мэтазгодна выкарыстаць наступныя метады: артыкуляцыйна-слыхавы, артыкуляцыйна-супастаўляльны, інфармацыйны. Асаблівую ўвагу трэба звярнуць на наступныя метадычныя прыёмы: азнаямленне з адпаведным арфаэпічным правілам, кароткае вуснае апісанне артыкуляцыі гука, дэманстрацыя арфаэпічнага ўзору, выдзяленне гука з моўнай плыні, гукавы аналіз і  сінтэз, выкарыстанне розных практыкаванняў, якія са­дзейнічаюць фарміраванню арфаэпічных норм.

Спецыяльных практыкаванняў па выпрацоўцы арфаэпічных навыкаў у падручніках мала, бо змест і методыка навучання скіраваны на фарміраванне ўменняў і навыкаў чытаць і пісаць. На ўроках беларускай мовы і ў штодзённым жыцці вучняў неабходна актывізаваць маўленчыя зносіны для выпрацоўкі арфаэпічных навыкаў. Для гэтага на кожным уроку прапаноўваюцца разнастайныя арфаэпічныя размінкі. Напрыклад:

  1. Прачытайце словы хорам. Ненаціскныя галосныя вымаўляйце выразна. Той, хто памыліцца, паўторыць слова асобна. Звярніце ўвагу на вымаўленне зычных.

Вада, гара, дабраякасны, дарагаваты, загарэлы, зачапіцца, крычаць, пагаварыць, пачакайце, чалавек,  шосты, шматпавярховы, па­дзяка, саджу, сядзіць.

  1. Назавіце па парадку кожны сваё імя і імя па бацьку.

Заўвага: скарачэнне галосных або цэлых слоў — парушэнне літаратурнай мовы. Памятаем: беларуская мова плаўная, меладычная.

  1. Прачытайце скорагаворкі, запомніце. Хутка прагаварыце ўголас па тры разы.

Ткач ткаў хустку на таку і хукаў на руку.

Патапка пакаваў пакупкі ў пакункі.

— У ката — капыты, у каня — кіпцюры?

— Не, у каня — капыты, у ката — кіпцюры.

  1. Прачытайце скорагаворку, запісаную на картцы, запомніце. Хутка прагаварыце яе тры разы.

Каму маку — каму макаку.

Клара закрыла краму на крук.

  1. Пабудуйце выказванні ці кароткія дыялогі на аснове сітуацый, запісаных у картцы.

Сустрэліся двое знаёмых, павіталіся, пачалі гаворку.

Вы былі ў гасцях. Развітайцеся з гаспадарамі.

Наведалі хворага. Пачніце з ім размову.

Вы абедаеце (снедаеце, вячэраеце). Да вас у гэты час зайшла (зайшоў) сяброўка (сябар). Запрасіце яе (яго) да стала.

  1. Прачытайце словы. Звярніце ўвагу на вымаўленне спалучэнняў зычных:

адраджэнне, гляджу, папярэджу, ураджайны;

дзесяць, сядзець, падзяка, радзейшы;

вучышся, стараешся, мыешся, купаешся;

разважаць, расшыфраваць, адчыніць, лётчык.

  1. Давайце разгледзім пары слоў з беларускай і рускай моў:

палоззе — полозья;  ноччу — ночью;

калоссе — колосья;  зацішша — затишье;

суддзя — судья;          ружжо — ружьё;

сучча — сучья;             сталлю — сталью.

Выразна прачытайце ўголас словы, напісаныя па-беларуску (настаўнік прагаворвае). Як вымаўляюцца выдзеленыя зычныя? У якой пазіцыі яны стаяць (абавязкова паміж дзвюма галоснымі)?

Арфаэпічныя размінкі падбіраюцца ў адпаведнасці з тымі памылкамі, якія найчасцей сустракаюцца ў мове вучняў. Памылкі ў вуснай форме мовы выбіраюцца і сістэматызуюцца ў працэсе вусных адказаў на ўроках беларускай мовы і літаратуры. Найбольшую колькасць памылак вучні робяць пры вымаўленні спалучэнняў галосных і зычных.

Аналіз працэсу і вынік вопыту па фарміраванні афаэпічных норм  дазваляе прапанаваць наступныя рэкамендацыі для трывалага авалодання арфаэпічнымі нормамі літаратурнага вымаўлення:

  1. Дасканала ведаць прычыны парушэння арфаэпічных норм у мове вучняў.
  2. Мэтанакіравана выкарыстоўваць у сваёй працы метадычныя прыёмы па фарміраванні арфаэпічных норм у вучняў пачатковых класаў.
  3. Своечасова выяўляць памылкі ў мове вучняў і праводзіць адпаведную работу па іх выпраўленні.
  4. Карыстацца дыдактычным матэрыялам, разнастайнымі нагляднымі дапаможнікамі, а таксама тэхнічнымі сродкамі навучання.
  5. Практыкаванні, накіраваныя на папярэ­джанне памылак у мове вучняў і фарміраванне навыкаў літаратурнага вымаўлення, павінны быць разнастайнымі, насіць характар суразмоўніцтва.
  6. Шырока выкарыстоўваць займальны матэрыял.
  7. Мэтазгодна праводзіць арфаэпічныя хвілінкі на кожным уроку беларускай мовы і літаратурнага чытання. Яны могуць спалучацца з хвілінкамі па чыстапісанні, з фізкультурнымі хвілінкамі, могуць быть часткай выхаваўчай гутаркі.
  8. Рэгулярна сачыць за мовай вучняў. Накіроўваць іх работу на самастойнае выпраўленне арфаэпічных памылак.

Фарміраванне арфаэпічных норм грунтуецца на актывізацыі маўленчых зносін, накіраваных на папярэджанне і выпрацоўку вымаўленчых навыкаў і ўменняў, бо навучыцца гаварыць па-беларуску навучэнец рускамоўнай школы зможа толькі тады, калі мае суразмоўцу і будзе актыўна і мэтанакіравана займацца гэтым на кожным уроку.

Тамара САЛЕЙ,
намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце
сярэдняй школы № 5 Мастоў Гродзенскай вобласці.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *

*