Інтэрактыўныя ўрокі гісторыі

Нестандартныя ўрокі дапамагаюць настаўніцы гісторыі і грамадазнаўства гімназіі № 33 Мінска выдатніку адукацыі Жанне Міхайлаўне Бічэўскай захапіць вучняў сваім прадметам. У пачатку ўрока педагог стараецца іх здзівіць. Калі ў 5 класе гэта зрабіць даволі проста, паколькі дзецям цікава літаральна ўсё, то старшакласнікаў, якія разважаюць больш рацыянальна, неабходна зацікавіць прадметам з практычнага пункту гледжання, зыходзячы з карысці вывучаемага матэрыялу для іх будучага прафесійнага або штодзённага жыцця. Інтэрактыўныя адукацыйныя тэхналогіі, якія выкарыстоўвае Жанна Міхайлаўна, спрыяюць пазнавальнай дзейнасці вучняў.

“Адразу пасля заканчэння школы я паступала ў інстытут грамадзянскай авіяцыі, хацела быць пілотам-інжынерам, але тады не прайшла па конкурсе, — успамінае Жанна Міхайлаўна. — Гэта была мая мара з дзяцінства, паколькі я займалася парашутным спортам. Да таго ж тата ў мяне быў ваенным. Каб не губляць год, уладкавалася старшай піянерважатай (сёння гэта педагог-арганізатар) у 126-ю школу Мінска. Займалася гэтай работай 10 гадоў, стала старшынёй савета піянерскіх важатых Фрунзенскага раёна. Завочна скончыла БДПУ імя Максіма Танка. Калі піянерская арганізацыя знікла, заняла пасаду завуча па выхаваўчай рабоце, а затым перайшла працаваць у школу-новабудоўлю № 211 (сёння гімназія № 33) настаўніцай гісторыі і грамадазнаўства. З часам у рамках перападрыхтоўкі ў БДУ атрымала эканамічную адукацыю. Агульны педагагічны стаж у мяне складае 38 гадоў. Зараз працую ў цудоўным калектыве гімназіі, дзе створаны ўсе ўмовы для эфектыўнай творчасці і прафесійнага росту”.

“Для чаго патрэбны веды па гісторыі і грамадазнаўстве? — разважае педагог. — Нават у штодзённай размове з сябрамі і роднымі, абмяркоўваючы падзеі, што адбываюцца навокал, даючы ім ацэнку і аналіз, выказваючы меркаванні, мы абапіраемся на пэўныя гістарычныя веды і досвед. І гісторыя, і грамадазнаўства — прадметы, якія патрэбны кожнаму, яны вучаць нас жыць сярод людзей, каб мы адчувалі сябе ў грамадстве ўпэўнена, ведалі пэўныя законы і правілы, выконвалі свае сацыяльныя ролі, памяталі пра свае правы і абавязкі. Мы жывём у інфармацыйнай цывілізацыі, перанасычанай інфармацыйнымі патокамі, таму вельмі важна сфарміраваць у дзяцей крытычнае мысленне, навучыць аналізаваць інфармацыю, а не прымаць усё на веру. Дарэчы, у новых падручніках па грамадазнаўстве за 10 клас разглядаецца тэма фейкаў і фактаў і іх адрозненняў. Неабходна асэнсоўваць і прапускаць праз сябе нават тую інфармацыю, якая падаецца ў падручніках. Гуманітарная навука адрозніваецца ад іншых тым, што ў ёй шмат суб’ектывізму, розных пунктаў гледжання. У грамадазнаўстве ёсць тэма філасофіі, і ў якасці прыкладу прыводзіцца некалькі падыходаў да тэорыі паходжання чалавека — рэлігійная, эвалюцыйная і іншаземная. Задача вучняў, зыходзячы са свайго вопыту і ведаў, зрабіць пэўны выбар. Але якім бы ні было меркаванне вучня, неабходна, каб у ім прысутнічала агульначалавечая мараль, каштоўнасці дабра і зла, гуманнасць”.

Інтэрактыўныя метады навучання Жанна Міхайлаўна прымяняе як у франтальнай рабоце з дзецьмі, так і ў групавой і парнай рабоце (спачатку ў парах, затым у групах), часам з элементамі вучэбнай гульні. Пры гэтым кожнае дзіця з’яўляецца не проста слухачом, але і само прымае ўдзел у вучэбным працэсе. Гэта карысна, бо адбываецца саманавучанне кожнага вучня з адначасовай трансляцыяй ведаў астатняму класу. У групавой рабоце можна вылучыць некалькі форм. Адна з іх — навучанне ў супрацоўніцтве. Напрыклад, разгле­дзім прыём “Піла”. Вучань атрымлівае пэўныя веды, перадае іх групе, тым самым дапаўняючы іх веды, а веды групы адпаведна дапаўняюць веды гэтага вучня і г.д. Аб’яднанне ў групы дзяцей у залежнасці ад узроўню навучанасці дае магчымасц­ь нізкаматываванаму вучню не “хавацца” за спінай высокаматываванага, а праявіць сябе. Напрыклад, па тэме “Краіны Усходу” фарміруюцца групы па 4—5 чалавек. Кожнай групе прапануецца вывучыць развіццё асобнай краіны і ахарактарызаваць яе, запаўняючы інфармацыйную табліцу па напрамках: эканамічны, палітычны, культурны, сацыяльны, нацыянальна-вызваленчы рух. Затым прадстаўнікі груп разыходзяцца па іншых групах і знаёмяць іх са сваім матэрыялам і г.д. У канцы ўрока ў кожнага вучня з’яўляецца інфармацыйная табліца па асноўных тэндэнцыях развіцця краін Усходу за пэўны перыяд. Для абагульнення ведаў да табліцы фармулююцца пытанні. Навучэнцы робяць пэўныя высновы аб асаблівасцях развіцця краін і высвятляюць прычыны гэтага.

Яшчэ адна форма работы — даследчая дзейнасць вучняў у групах (да 6 чалавек). Разгледзім у якасці прыкладу ўрок у 10 класе па тэме “Нацыянальныя традыцыі беларусаў”. Кожная група выбірае тэму для вывучэння пэўнага нацыянальнага свята, традыцыі. Унутры групы абмяркоўваецца падыход да вывучэння, прадстаўлення сваёй тэмы, вызначаецца, у якой форме і хто будзе выступаць, размяркоўваюцца заданні. На ўроку-прэзентацыі групы знаёмяць клас з засвоеным імі матэрыялам. Далей праводзіцца ўрок-канферэнцыя “Станаўленне беларускай нацыянальнай ідэі”.

Жанна Міхайлаўна актыўна выкарыстоўвае на ўроках метад праектаў. Гэтая педагагічная тэхналогія арыентавана на прымяненне вучнямі ведаў на практыцы і набыццё новых. Работа над групавым праектам дазваляе фарміраваць важныя асобасныя якасці: уменне працаваць у калектыве, брац­ь і падзяляць адказнасць за выбар, рашэнне, аналізаваць вынікі дзейнасці. У працэсе работы над тэмай праекта клас фарміруе групы па інтарэсах, агульных поглядах, а таксама могуць быць “адзіночкі”, якія жадаюць выказаць сваё меркаванне па пытанні. Адбываецца абарона праектаў, якія ацэньваюцца з дапамогай агульнага галасавання.

Цікавасць да ўрокаў гісторыі Жанна Міхайлаўна падтрымлівае праз арганізацыю і правядзенне дзелавых і інтэлектуальных гульняў, такіх як “Што? Дзе? Калі?”, рыцарскіх турніраў, якія часам, пачаўшыся ў класе, выходзяць на ўзровень установы і арганізуюцца паміж класамі. У працэсе такіх заняткаў вучні прайграюць пэўныя сацыяльныя ролі, разбіраюць як сучасныя, так і гістарычныя сітуацыі з палітычнага, эканамічнага або сацыяльнага жыцця. Такія нестандартныя падыходы дапамагаюць вучням лепш запамінаць вучэбны матэрыял, разбірацца ў складанай тэме, прысвечанай, напрыклад, буржуазнай ці кастрычніцкай рэвалюцыі, буржуазным рэформам1860—1870 гг. у Расійскай імперыі і іх асаблівасцям на беларускіх землях. Гімназісты ўдзельнічаюць у вучэбнай гульні “Школьны парламент” пры вывучэнні тэмы “Палітычная сфера грамадства”. Пры вывучэнні пытанняў, звязаных з рыначнай эканомікай, педагог можа арганізаваць дзелавую гульню “Я прадпрымальнік”, у працэсе якой вучні ствараюць імідж сваіх прадпрыемстваў (назву, гандлёвую або фірменную марку), вызначаюць, што будуць вырабляць, выбіраюць менеджара, дырэктара, маркетолага. Пралічваюць цэны продажу вырабленай прадукцыі, акупнасць сваёй фірмы і г.д. Нават “вырабляюць” падчас урокаў некаторыя тавары, у прыватнасці, фотарамкі, разлічваюць іх сабе­кошт, рэкламуюць і спрабуюць прадаць.

Жанна Міхайлаўна праводзіць дыдактычныя гульні на замацаванне матэрыялу. Напрыклад, у 5 класе — аўкцыён гістарычных ведаў у Старажытным свеце падчас замацавання матэрыялу па старажытнаўсходніх цывілізацыях. Кожная група вучняў прадстаўляе сваю краіну, стварае адпаведны выраб, які можна набыць, прадэманстраваўшы пэўныя веды па тэме. Можна правесці і конкурс прамоўцаў Старажытнай Грэцыі. Вучням прапануецца ад імя Фемістокла звярнуцца да класа. Ёсць перыяд у Старажытнай Грэцыі, які называецца “гамераўскі”, калі не было пісьменнасці. Пра той час мы можам меркаваць толькі па легендах. Дзецям прапануецца зрабіць малюнак па любым з міфаў і разгледзець міф як крыніцу інфармацыі пра жыццё Грэцыі. Прадставіць яго і абараніць. У форме вучэбнай гульні праходзіць урок па тэме “Народны каляндар, фальклор”. Выкарыстоўваючы вынікі даследаванняў у сваіх вёсках, вучні вывучаюць дадатковы матэрыял аб датах народнага календара і абрадах, звязаных з ім у X—XIII стагоддзях, рыхтуюць па групах сцэнарый аднаго з абрадаў, выкарыстоўваючы касцюмы, песні, гульні і г.д.

“Вельмі карысныя, асабліва ў старшых класах, урокі прэс-канферэнцыі, урокі-дыспуты, урокі-суды (але не ў сэн­се асуджаць, а ў сэнсе праводзіць расследаванне, улічваючы ўмовы гістарычнай эпохі, у якую жылі людзі), — гаворыц­ь Жанна Міхайлаўна. — У 7 класе мы, напрыклад, можам правесці гістарычны суд над палітычнай дзейнасцю Івана IV — рускага цара (Івана Грознага), а ў старшых класах — над бальшавікамі і іх палітыкай, але ў выпадку, калі я бачу, што дзеці справяцца з гэтай задачай, калі яны ўніклі ў сітуацыю рэвалюцыі. На такіх уроках вучні павінны ўмець аргументавац­ь сваю пазіцыю. Загадзя класу прапануецца праблема, пытанне. Напрыклад, у чым мы можам папракнуць Івана Грознага? Клас дзеліцца на тры часткі: адвакатаў, пракурораў і сведак. Пракурор можа вынесці абвінавачанне, напрыклад: “Расія XVI стагоддзя характарызуецца як эпоха катастроф, народнай пакуты і абурэння, бо ў Расіі ўсталявалася такая форма ўлады, як манархія, і, такім чынам, палітыка дзяржавы, якая праводзіцца, звязана з асобай манарха, гэта значыць, мы лічым, што варта разгледзець асобу цара”. Хтосьці папракае цара за забойства сына, хоць вядомая карціна з’яўляецца гістарычнай памылкай. Некаторыя яго асуджаюць за палітыку апрычніны, якая стала прычынай спусташэння народа і заняпаду дзяржавы. Тым не менш дзеці даказваюць тое, як ён асабіста паўплываў на палітыку дзяржавы. У працэсе падрыхтоўкі да такога ўрока вучні актыўна вывучаюць дадатковы матэрыял, шукаюць факты. Часам выкарыстоўваюцца касцюмы, элементы тэатралізацыі. Пазіцыя абароны складаецца ў тым, што яна павінна прывесці аргументы, выявіць прычыны тых ці іншых дзеянняў Івана Грознага. Праводзіцца і суд прысяжных, задача якога — выслухаць усе бакі (адвакатаў і іх сведак, абарону і іх сведак) і выбраць, хто быў найбольш пераканаўчы. Ацэньваецца выступленне кожнага. У канцы такога ўрока-суда выносіцца прысуд. Ступень віны цара можа быць па-рознаму даказана. Гэта залежыць ад адваката або пракурора, таго, як яны падрыхтавалі сваіх сведак. Я падчас суда працую сакратаром, вяду працэс. Пасля такіх захапляючых урокаў вучні часта працягваюць дыскутаваць па тэме на працягу ўсяго вучэбнага дня”.

Жанна Міхайлаўна рыхтуе ўдзельнікаў і пераможцаў канферэнцый, алімпіяд, у тым ліку інтэрнэт-алімпіяды, алімпіяды па фінансавай дасведчанасці. Апошнія 6 гадоў яе вучні перамагаюць на заключных этапах рэспубліканскіх алімпіяд па гісторыі і грамадазнаўстве. Педагог з’яўляецца лаўрэатам прэміі спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.

“Складанасць падрыхтоўкі да інтэлектуальных спаборніцтваў заключаецца ў тым, што алімпіяды па гісторыі і грамадазнаўстве пачынаюцца з 10 класа, а па астатніх прадметах — з 8—9 класа, таму некаторыя высокаматываваныя вучні, на жаль, сыходзяць на іншыя алімпіяды, —  гаворыць педагог. — Алімпіяднік — гэта той чалавек, які з самага дзяцінства пастаянна цікавіцца пэўнымі пытаннямі і тэмамі, захоплены якой-небудзь справай. Такіх вучняў складана знайсці. Вялікім дасягненнем тры гады назад стаў атрыманы Марынай Лосевой дыплом I ступені па грамадазнаўстве на заключным этапе алімпіяды. Яна таксама набрала найбольшую колькасць балаў па ЦТ сярод абітурыентаў юрыдычнага факультэта БДУ. Два гады запар Уладзіслаў Чысцякоў заваёўваў дыпломы II ступені на заключным этапе Рэспубліканскай алімпіяды па гісторыі, ён вучыўся разам з Марынай у адной паралелі, стаў студэнтам гістфака БДУ. Уладзіслаў Скапюк — двойчы ўладальнік дыпломаў III ступені на заключным этапе Рэспубліканскай алімпіяды па грамадазнаўстве. Зараз юнак вучыцца на эканамічным факультэце БДУ. Мае алімпіяднікі — гэта не нейкія сумныя людзі, якія днямі напралёт сядзяць за кнігамі. Яны — сапраўдныя лідары ў нашай гімназіі. Спяваюць, танцуюць, займаюцца актыўнай грамадскай дзейнасцю. Іх адкрытасць свету дазваляе паглынаць разнастайную інфармацыю і мець выразную жыццёвую пазіцыю. І гэта, дарэчы, дапамагае ім падчас алімпіяд. У грамадазнаўстве, напрыклад, акрамя ведаў, ім трэба паказаць сваё стаўленне да таго або іншага пытання, прадставіць у выглядзе эсэ свой аналіз падзей. За доўгія гады работы ў мяне сфарміравалася цэлая алімпіядная каманда. Выпускнікі-алімпіяднікі прыходзяць падтрымаць маіх цяперашніх інтэлектуалаў падчас спаборніцтваў. Таксама яны прыходзяць у гімназію, для таго каб падрыхтаваць вучняў да алімпіяд. Студэнты юрыдычнага факультэта, напрыклад, могуць правесці заняткі па прававых тэмах. Мае вучні займаюцца даследчай дзейнасцю, у асноўным па тэматыцы Вялікай Айчыннай вайны. Але ёсць і іншыя актуальныя тэмы. Цікавую даследчую работу пра Тадэвуша Касцюшку правялі васьмікласнікі Арцём Шпілеўскі і Герман Астроўскі. А з тэмай бежанцаў на VII Усерасійскай канферэнцыі “З навукай у будучыню” Маргарыта Драхлова атрымала дыплом І ступені. Галоўнае ў даследчай дзейнасці, каб дзіця само яе праводзіла, каб жаданне пісаць работу зыходзіла ад яго. Мае вучні ўдзельнічаюць і перамагаюць у раённых і гарадскіх інтэлектуальных гульнях “Ад стагоддзя да стагоддзя” (для 7 класа), “Падарожжа па стагоддзях” (для 6 класа), “ХІХ стагоддзе — стагоддзе перамен” (для 9 класа), “Беларуская літаратура і гісторыя” (9 класы), “Беларусь і свет” (для 10 класа)”.

У кабінеце гісторыі ў Жанны Міхайлаўны на працягу 10 гадоў дзейнічае экспазіцыя “І подзвіг, і памяць, і боль назаўжды”, прысвечаная ветэранам мікрараёна Сухарава, дзе размешчана гімназія № 33 Мінска. У свой час стварыць экспазіцыю на аснове ўспамінаў ветэранаў прапанаваў савет ветэранаў мікрараёна. У ёй сабраны матэрыялы дзіцячых творчых даследчых работ. Напрыклад, успаміны Ларысы Іванаўны Пятровай, удзельніцы Сталінградскай бітвы. У кожнай з гэтых работ ёсць пэўная структура. Спачатку аўтар разглядае якую-небудзь падзею Другой сусветнай вайны, затым Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі. У далейшым вучань піша пра прадстаўнікоў сваёй сям’і ў гады вайны, прыкладае фотаздымкі ордэнаў і ўзнагародных лістоў і складае эсэ “Урокі вайны”. Абарона работ адбываецца падчас урока-рэквіума. З навукова-даследчымі работамі па тэме вайны нашы вучні ўдзельнічаюць у міжнароднай канферэнцыі “Памяць Вялікай Айчыннай вайны”, якая праходзіць на базе 174-й гімназіі Мінска. Мы распрацоўваем пешаходныя экскурсіі, якія ў нас заказваюць нават іншыя школы Мінска. Створаны пешаходны маршрут “Мінск гераічны”, дзе падчас яго праходжання гідамі выступаюць старшакласнікі нашай гімназіі. Яны і суправаджаюць вучняў па маршруце, падчас якога загадваюць ім загадкі, задаюць цікавыя пытанні. Таксама распрацаваны пешаходныя экскурсіі ў кірунку гістарычна-культурнага комплексу “Лінія Сталіна”, па Мінску і Мінскім гета і па Малым Трасцянцы”.

Надзея ЦЕРАХАВА.
Фота аўтара.