Каб працаваць максімальна эфектыўна ў наша тэхналагічнае стагоддзе, настаўніку трэба пастаянна быць у пошуку і няспынна вучыцца самому. У гімназіі № 1 Навагрудка Гродзенскай вобласці калектыву стараюцца дапамагаць ісці ў нагу з часам і своечасова асвойваць новыя тэхналогіі. На працягу мінулага навучальнага года тут працавала творчая група педагогаў, якая займалася вывучэннем актуальнай тэмы “Выкарыстанне ў адукацыйным працэсе элементаў дыстанцыйнага навучання”.
Да новага пакалення — новы падыход
За год агульнымі намаганнямі ўдалося зрабіць многае. У чацвёртай чвэрці ўдзельнікі творчай групы дзяліліся назапашаным вопытам і вынікамі праведзенай работы з калегамі са сваёй гімназіі і з іншых устаноў адукацыі.
Намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце навагрудскай гімназіі № 1 Вольга Мікалаеўна Зяньковіч упэўнена: элементы дыстанцыйнага навучання павінны стаць абавязковай часткай сённяшняга адукацыйнага працэсу. Таму ёй было важна нацэліць калектыў на вывучэнне новых магчымасцей. Гэта можа дапамагчы настаўніку ў самых розных сітуацыях. Напрыклад, публікаваць цікавыя задачы па сваім прадмеце, ліквідаваць прабелы, якія ўзнікаюць у вучняў з-за прапушчаных падчас хваробы ўрокаў, ці ствараць індывідуальную праграму навучання для класаў адной паралелі, калі ў іх розны ўзровень ведаў. Пры гэтым рэжым работы настаўнік і вучань могуць выбіраць сабе самі.
— На старонках часопісаў, газет, сайтаў часта сустракаюцца выразы “новае пакаленне”, “новыя дзеці”, — разважае В.М.Зяньковіч. — Сённяшнія школьнікі сапраўды даволі моцна адрозніваюцца ад ранейшых. Яны маюць велізарны зарад энергіі, які нам неабходна направіць у правільнае рэчышча. З гэтых дзяцей ужо нельга “ляпіць”, каб выхаваць іх такімі, як нам хочацца. Псіхолагі лічаць, што ў новага пакалення ёсць пэўная трывала сфарміраваная структура і ўнутраныя механізмы самаразвіцця. І задача настаўніка — разабрацца ў гэтай структуры, правільна яе выкарыстоўваць, умела падтрымліваючы механізмы самаразвіцця дзіцяці.
Хуткасць мыслення новага пакалення настолькі вялікая, што часам гэтым дзецям цяжка ўтрымацца ў тэмпе традыцыйнага выкладання матэрыялу. Значыць, ёсць рызыка, што яны могуць выпасці са стандартнага, звыклага вучэбнага працэсу і адправіцца ў свет сваіх фантазій. Таму асабліва важным становіцца індывідуальны падыход. У сучасных умовах шырокага ўкаранення ў адукацыю інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій якраз дыстанцыйнае навучанне дае магчымасць працаваць значна больш эфектыўна. Бо ў яго аснове — педагагічныя тэхналогіі разнатэмпавага навучання, выхаванне ў вучняў самастойнасці ў адукацыйным працэсе, розныя нестандартныя метады і прыёмы ўзаемадзеяння настаўніка і вучняў.
Для педагогаў ёсць шмат плюсоў ва ўвядзенні элементаў дыстанцыйнага навучання ў сваю дзейнасць. Самыя відавочныя з іх — магчымасць алічбаваць свае веды і напрацаваныя гадамі матэрыялы, знайсці альтэрнатыву звыклым формам, нарэшце разабрацца з электроннымі інструментамі і зрабіць іх сваімі надзейнымі памочнікамі.
Заўсёды на сувязі
Творчая група адразу ўзяла арыенцір на тое, каб не толькі асвойваць новае, але і актыўна дзяліцца сваімі адкрыццямі. На працягу навучальнага года было праведзена некалькі семінараў-практыкумаў на тэмы “Інтэрактыўныя плакаты як сродак візуалізацыі адукацыйнага працэсу”, “Стварэнне курса ў Google Classroom”, “Стварэнне адукацыйный курсаў на платформе Coreapp”. Вынікам работы творчай групы з’яўляюцца створаныя курсы па хіміі для вучняў 7—11 класаў, па матэматыцы для вучняў 7, 9, 11-х класаў у сэрвісе Google Classroom, серыя вучэбных заняткаў для пачатковай школы на платформе Coreapp, курс па інфарматыцы на адукацыйнай платформе і ў канструктары анлайн-курсаў Stepik.
З чаго пачыналі работу па ўвядзенні элементаў дыстанцыйнага навучання? Перш-наперш трэба было вызначыцца, для каго будзе прызначаны той ці іншы курс. Напрыклад, для дзяцей, якія прапусцілі заняткі ў сувязі з захворваннямі, ці для работы з высокаматываванымі вучнямі. Пры гэтым можна выкарыстоўваць прыём “Перавернуты клас”, калі вучні самастойна вывучаюць матэрыял, а затым адпрацоўваюць атрыманыя веды. Змест курса будуецца ў залежнасці ад аўдыторыі і яе ўзросту.
Для стварэння курсаў можна карыстацца рознымі платформамі. Творчая група прытрымліваецца меркавання: для вучняў 1—6 класаў добра падыходзіць Coreapp. У гэтай платформы просты інтэрфейс, да таго ж можна праходзіць курс без рэгістрацыі. Для вучняў старшых класаў большасць педагогаў выбралі Google Classroom ці Stepik.
Спачатку неабходна прадумаць структуру і часавыя рамкі курса (урока), адабраць для яго патрэбны матэрыял, прадумаць формы кантролю і зваротную сувязь. Пры стварэнні дыстанцыйнага курса настаўнік павінен прытрымлівацца пэўнай структуры заняткаў:
— матывацыйны блок. Як і пры правядзенні звычайнага ўрока, матывацыя — неабходны складнік, які павінен на працягу ўсяго часу падтрымліваць цікавасць дзяцей. Пры гэтым перад вучнямі трэба дакладна вызначыць тэмы і задачы. Але калі пастаўленыя задачы не адпавядаюць узроўню падрыхтоўкі дзяцей, матывацыя будзе хутка зніжацца;
— інструктыўны блок. Неабходна мець сфарміраваныя інструкцыі і рэкамендацыі па выкананні заданняў урока;
— інфармацыйны блок (сістэма інфармацыйнага напаўнення, якая адлюстроўвае змест урока);
— кантрольны блок (сістэма тэсціравання і кантролю, якая дазваляе ацэньваць узровень засваення матэрыялу);
— камунікацыйны і кансультацыйны блок (сістэма інтэрактыўнага ўзаемадзеяння ўдзельнікаў дыстанцыйнага ўрока).
Мысленне педагога, калі ён прымяняе элементы дыстанцыйнага навучання, паступова мяняецца. Настаўнік рыхтуе вучэбны матэрыял не для праверкі памяці ці ўмення вучняў нешта рабіць, а для таго, каб навучыць іх. Варта ўсё прадумаць, каб новыя веды набываліся вучнямі ва ўмовах самастойнай працы.
Адна з частых памылак — складанне спіса заданняў для вучня (як дамашняя работа, да якой усе прывыклі). Задача настаўніка — не даць вучню заданні, а арганізаваць яго навучанне. Яшчэ адна распаўсюджаная памылка — думаць пра тое, як кантраляваць веды вучняў. У гэтым выпадку настаўнік у першую чаргу будзе пастанна акцэнтаваць увагу на тым, як і за што выставіць адзнаку, а не на тым, як дапамагчы дзіцяці вучыцца. Памылкова таксама выстаўляць адзнаку за працэс навучання, а не за вынік. Калі вучань асвойвае вучэбны матэрыял, працуе з тэстамі для самаправеркі, задае пытанні, памыляецца — ён вучыцца. Гэты працэс настаўнік падтрымлівае зваротнай сувяззю. Толькі калі вучань ужо навучыўся, праводзіцца работа на адзнаку, як вынік таго, што рабілася на працягу пэўнага часу.
Стварэнне адукацыйных курсаў
Адна з удзельніц творчай групы — настаўніца пачатковых класаў гімназіі № 1 Аксана Уладзіміраўна Логін — з цікавасцю паспрабавала штосьці новае для сябе. Яна выбрала бясплатны сэрвіс Coreарp — анлайн-платформу канструявання адукацыйных матэрыялаў і праверкі ведаў са зваротнай сувяззю, з дапамогай якой можна ствараць інтэрактыўныя ўрокі.
— Такая платформа выдатна падышла для маіх другакласнікаў, — адзначыла А.У.Логін. — Мне было зручна працаваць. Не трэба было рабіць асобны блог для інтэрактыўнага ўрока з ратацыяй груп. Вучням для работы не абавязкова ствараць акаўнты, бо можна выбраць варыянт без рэгістрацыі.
Пасля стварэння свайго акаўнту настаўнік атрымлівае доступ да стварэння інтэрактыўнага ўрока. Пры гэтым можна карыстацца шаблонам ці пачаць канструяваць урок з нуля. Інструменты знаходзяцца ў левай частцы панэлі: можна ўставіць тэксты, выявы, відэа, замацаваць дакументы, увесці тэкст, арганізаваць апытанне.
Прадугледжана некалькі тыпаў кантрольных заданняў:
— адкрытае пытанне (дазваляе ўвесці заданне з адкрытым адказам, дзе вучань можа не толькі адказаць, але і замацаваць файл);
— запоўніць пропускі (тут можна стварыць інтэрактыўную дыктоўку, дзе вучню неабходна запоўніць прапушчаныя словы ці літары);
— класіфікацыя (дазваляе скласці заданні, у якіх вучань павінен размеркаваць шэраг паняццяў па катэгорыях);
— пытанні з аўтаправеркай (можна прапанаваць вучням заданне, у якім вучань павінен выбраць адзін ці некалькі разгорнутых адказаў).
Настаўніца хіміі Вольга Лаўрэнцьеўна Амельяновіч выбрала для сябе іншы кірунак. На ўроках хіміі з 7 па 11 клас, уключаючы профільны 10, яна на працягу 2019/2020 навучальнага года спрабавала сэрвіс Google Classroom. Збіраецца і далей актыўна ім карыстацца.
— З рознымі сэрвісамі Google я знаёма даўно і актыўна выкарыстоўваю іх у вучэбным працэсе, — расказвае В.Л.Амельяновіч. — Усю інфармацыю, неабходную мне для прадукцыйнага навучання, захоўваю на сваім Google Дыску. Стварыла шмат разнастайных заданняў з выкарыстаннем сэрвісаў Google Дакументы і Google Табліцы (для сумеснай работы з вучнямі); тэкстаў пры дапамозе Google Форм (для праверкі ўзроўню асваення тэмы); Google Прэзентацый (для больш нагляднага выкладання і лепшага ўспрымання вучэбнага матэрыялу). Таксама на Google Дыску захоўваю відэаўрокі і відэадоследы, самастойныя і кантрольныя работы і шмат іншай карыснай інфармацыі. Менавіта таму для мяне найбольш зручным стаў яшчэ адзін сэрвіс Googlе — Google Сlassroom. Ён даступны ўсім, у каго ёсць асабісты Google-акаўнт.
У выкарыстанні Google Сlassroom дастаткова просты. Для работы з ім можна ўстанавіць дадатак на тэлефон (гэта зручна і для вучняў, і для настаўніка пры праверцы работ) ці ўваходзіць праз браўзер Google з ноўтбука ці камп’ютара. На галоўнай старонцы сэрвісу адлюстроўваюцца курсы, якія выкладае ці ў якіх прымае ўдзел настаўнік.
На старонцы курса для пэўнага класа ёсць чатыры асноўныя ўкладкі.
Стужка. У ёй адлюстроўваюцца ўсе падзеі, якія адбываюцца ў курсе. Можна напісаць аб’яву для ўсіх вучняў ці выбраць таго, каму яна будзе адрасавана; інструкцыі па карыстанні курсам; напаміны і інш. Таксама тут з’яўляюцца ўсе новыя заданні, дабаўленыя ў курс. Вучні могуць пакінуць свае каментарыі да апублікаваных пастоў.
Заданні. На гэтай укладцы фарміруецца ўвесь курс. Тут можна раздзяліць курс па тэмах, устанавіць чарговасць публікацыі заданняў, стварыць розныя тыпы заданняў для вучняў. Напрыклад, ёсць магчымасць дабавіць відэаўрок ці прэзентацыю з Google Дыска ці YouTube. У заданні можна замацаваць Google-дакумент, раздаць копіі ўсім вучням, каб кожны мог мяняць яго. Пры гэтым настаўнік убачыць дакументы кожнага. В.Л.Амельяновіч выкарыстоўвае такую форму работы для стварэння апорнага канспекта шляхам запаўнення пропускаў у дакуменце пасля вывучэння матэрыялу.
Яшчэ адным варыянтам заданняў могуць быць практыкаванні, створаныя з дапамогай іншых сэрвісаў, напрыклад Learningapps ці Liveworksheets, якія можна замацаваць у выглядзе спасылкі. Таксама ёсць магчымасць прымацаваць да задання тэкст, створаны з дапамогай сэрвісу Google Формы, пасля чаго вучань адразу ўбачыць свой вынік. Яго можна адправіць настаўніку ў выглядзе скрыншота экрана ці спасылкай.
Пры стварэнні заданняў ёсць магчымасць выставіць балы за выкананую работу і назначыць тэрмін здачы з дапамогай Google Календара. А ўсе заданні і адказы вучняў захоўваюцца ў папцы курса, якая аўтаматычна ствараецца на Google Дыску. Гэта зручна, бо так нічога не згубіцца і няма неабходнасці захоўваць матэрыялы дадаткова.
Для таго каб прагледзець усіх, хто адправіў выкананае заданне, дастаткова націснуць на само заданне. Вучні ж могуць зрабіць заданне ў сшытку, сфатаграфаваць, а затым прымацаваць здымак як адказ. У настаўніка ёсць магчымасць рабіць паметкі ў тых месцах, дзе дапушчаны памылкі, і адпраўляць назад вучню. Таксама да работы кожнага вучня можна напісаць асабісты каментарый.
Карыстальнікі. На гэтай укладцы можна бачыць усіх удзельнікаў, якія працуюць з дадзеным курсам. Для таго каб дабавіць вучня, трэба выслаць запрашэнне на яго асабісты Google-акаўнт ці даслаць яму код курса.
Адзнакі. Дадзеная ўкладка можа служыць своеасаблівым журналам. Менавіта тут найбольш зручна адсачыць, хто з вучняў здаў работу, а хто яшчэ не ўзяўся за выкананне заданняў, хто прапусціў тэрмін здачы. Таксама можна паглядзець работу, выправіць у ёй памылкі, паставіць адзнаку, напісаць каментарый і вярнуць вучню. Такім чынам, зваротная сувязь у гэтым сэрвісе наладжана вельмі добра.
— Для тых педагогаў, у якіх ёсць шмат напрацовак у розных Google-сэрвісах (тэсты, тэарэтычны матэрыял, апорныя лісты, апытальнікі, заданні ў электронным выглядзе, што захоўваюцца на Google Дыску), сэрвіс Google Сlassroom будзе аптымальным варыянтам. У такім выпадку яго абавязкова трэба прымяняць у працэсе навучання, — робіць выснову В.Л.Амельяновіч. — Мне асабліва падабаецца тое, што Google Classroom дазваляе ствараць курсы, размяркоўваць заданні, адпраўляць водгукі і праглядаць усё ў адным месцы. І абнаўляецца ўсё ў рэжыме рэальнага часу. Хутка, лёгка і без папер!
Галоўная выснова, да якой пасля праведзенай работы прыйшлі педагогі творчай групы: элементы дыстанцыйнага навучання дапамагаюць стварыць больш камфортнае адукацыйнае асяроддзе — без стрэсаў, ва ўмовах супрацоўніцтва, калі тэзіс “Я сам” становіцца галоўным фактарам развіцця і самавызначэння вучня. Педагогі гімназіі і далей збіраюцца актыўна прымяняць набытыя веды і навыкі, якія дазваляюць працаваць цікава і сучасна, заўсёды быць на сувязі з вучнямі, даюць нашмат больш магчымасцей для індывідуальнай работы.
Таццяна ШЫМКО.