Беглае чытанне — перадумова поспеху

Дзеці прыходзяць у школу з розным узроўнем падрыхтоўкі: не ведаюць усіх літар; ведаюць літары, але не ўмеюць чытаць; слаба чытаюць і не чытаюць. Фарміраванне навыку беглага чытання пачынаю з правядзення дыягностыкі ў першыя дні дзіцяці ў школе, вынікі якой дапамагаюць паспяхова выбудаваць усю сістэму работы.

Улічваючы ўзровень падрыхтоўкі навучэнцаў, вынікі псіхалагічнай дыягностыкі, выбіраю спецыяльныя практыкаванні, накіраваныя на фарміраванне навыку бегласці чытання. Тут маюць месца два кірункі: практыкаванні на ўдасканаленне зрокавага ўспрымання, развіццё артыкуляцыйнага апарату, рэгуляцыю дыхання; практыкаванні, якія спрыяюць шматчытанню, прапанаваныя М.І.Амарокавай і апісаныя У.Г.Гарэцкім, Л.Ф.Кліманавай.

Разумеючы, што ў працэсе чытання ўдзельнічае не толькі маўленчы апарат, але і дыханне, я ўзяла за правіла ў кожны свой урок уклю­чаць такі этап, як размінка. Размінка можа праводзіцца ў пачатку, сярэдзіне ці ў канцы ўрока, выкарыстоўвацца як фізпаўза — усё залежыць ад прадмета і зместу ўрока. Размінка — гэта этап урока, які складаецца з практыкаванняў на пастаноўку дыхання, трэніроўкі маўленчага апарату, работы над дыкцыяй, развіцця аператыўнай памяці. Гэтыя практыкаванні праводзяцца сістэматычна з урока ва ўрок так, як толькі такая арганізацыя работы дазваляе дабіцца максімальнага эфекту.

Для паспяховага фарміравання навыку беглага чытання на першае месца стаўлю ўменне правільна дыхаць. Таму ў кожны свой урок уключаю дыхальныя практыкаванні.

Важным кампанентам размінкі на маіх уроках з’яўляецца маўленчая зарадка, якая спрыяе развіццю маўленчага апарату, дапамагае навучыць дзяцей усвядомлена назіраць за вымаўленнем кожнага гука, вучыць правільнаму вымаўленню гукаў, спрыяе развіццю выразнасці і правільнасці маўлення.

Маўленчая зарадка ўключае наступныя практыкаванні:

— “Забі гол” (рот закрыты, вусны без руху, язык кончыкам кранае шчокі);

— “Пачысці зубкі” (кончыкам языка пры закрытым роце чысцім зубкі);

— “Конік” (цмоканне);

— “Арэлі” (водзім ніжнюю сківіцу з боку ў бок, потым — уперад-назад);

— “Чаргаванне артыкуляцыі” (зрабі “о” і адразу шырокую ўсмешку — “і”).

Кожны ўрок праводжу 1—2 практыкаванні, пры гэтым лічу, што адно і тое ж практыкаванне можна адпрацоўваць і паўтараць на працягу тыдня па меры неабходнасці (пры знаёмстве з гукам, які патрабуе трэніроўкі маўленчага апарату).

Для разагрэву галасавых звязак выкарыстоўваю так званыя распеўныя практыкаванні. Напрыклад, “Медзведзяняты”: уявіце, што вы маленькія медзведзяняты і просіце ў мамы-мядзведзіцы есці. Словы трэба вымаўляць працягла, басам, выразна вымаўляючы гук [м]: “Мам, мёду б нам. Мам, малака б нам”.

Працягам практыкаванняў на развіццё маўленчага апарату дзіцяці з’яўляюцца практыкаванні на выразнае вымаўленне гукаў (работа над дыкцыяй). Да іх можна аднесці практыкаванні на артыкуляцыю гукаў і іх спалучэнняў, чыстагаворкі, скорагаворкі.

Адным з выніковых прыёмаў работы для развіцця аператыўнай памяці з’яўляюцца практыкаванні па чытанні блокаў. Матэрыял такіх практыкаванняў — гэта парныя літараспалучэнні і словы з такімі літараспалучэннямі. Літараспалучэнні ці блокі запісваюцца на дошцы ў слупок ці рад. Розныя варыянты размяшчэння на дошцы спрыяюць трэніроўцы вочных мышцаў і развіццю адвольнай увагі. Запіс блокаў можа праводзіцца непасрэдна ў час урока з патрабаваннем да навучэнцаў чытаць самім сабе па меры напісання. Потым блок прачытваецца хорам. Можна выкарыстоўваць ІКТ: прэзентацыі, праграмы, слайды.

Пры прачытанні блокаў абавязкова ўдзяляю ўвагу паняццям “націск”, “націскны склад”. Гэтыя заданні фарміруюць уменне вымаўляць слова з націскам на любым зада­дзеным складзе, а таксама навык вызначэння на слых, які склад націскны.

Пры чытанні блокаў арыентую навучэнцаў не на асобныя літары, а на цэлыя словы і словазлучэнні. Я лічу, што вучань павінен навучыцца ахопліваць позіркам цэлыя сэнсавыя блокі. Гэта дазваляе намнога хутчэй улоўліваць сувязь паміж словамі і больш дынамічна чытаць.

Для беглага чытання неабходна мець добра развіты перыферычны зрок, таму падбіраю практыкаванні па развіцці яго аператыўнага поля чытання і адначасова працую над развіццём памяці. Развіццю аператыўнай памяці спрыяюць і зрокавыя дыктоўкі, распрацаваныя прафесарам І.Т.Федарэнкам. Спампаваць прэзентацыі “Тэксты зрокавых дыктовак” можна па спасылцы http://sc3kor.org.ru/assets/files/Metodicheskaya_kopilka/Ped_nakhodki/Zritel’niy_diktant.zip.

Пашырэнню поля чытання спрыяюць практыкаванні:

— чытанне літар, складоў, запісаных пірамідкай, з фіксацыяй погляду на сярэдняй лініі (на ўроках матэматыкі гэта могуць быць лічбы ці лікі);

— чытанне першага і апошняга складоў (слоў) на радку;

— табліцы Шультэ (сутнасць работы з табліцамі Шультэ — у хуткім паслядоўным знаходжанні ўсіх лікаў або іншых аб’ектаў, размешчаных у табліцы; прычым акцэнт робіцца менавіта на хуткасць знаходжання, павысіць якую і дазваляе спецыяльная методыка работы з гэтымі табліцамі);

— гульнявое практыкаванне “Бачыш ці не?” (папрасіць дзіця гля­дзець перад сабой у пэўную кропку на сцяне; з боку ад яго (справа ці злева) паказваецца картка пэўнага колеру; задача дзіцяці — бакавым зрокам вызначыць колер).

Для павышэння хуткасці чытання і развіцця мыслення выкарыстоўваю прыём В.Б.Эдзігея, заснаваны на рэалізацыі законаў псіхікі, на стымуляванні цікавасці да працэсу чытання праз стварэнне слоў-ана­грам, а потым і сказаў, цэлых тэкстаў (гытр, еўл, філт — прачытай словы, знайдзі лішняе); выкананне матэматычных дзеянняў з літарамі, вынікам якіх павінна стаць слова (шина – а + ель = ?).

Эфектыўныя рэзервы фарміравання навыку беглага чытання можна знайсці ў наступных практыкаваннях: чытанне пункцірна напісаных слоў; чытанне радкоў са схаванай верхняй паловай; пошук у радку літар (у тэксце) зададзеных слоў; запаўненне пропускаў літар у словах; чытанне перавернутага тэксту; чытанне тэксту праз слова.

На ўроках выкарыстоўваю і практыкаванні хуткачытання: чытанне ў парах, чытанне за дыктарам, групавое чытанне, “гудучае” чытанне, чытанне-“рэха”, чытанне-“канон”, чытанне-“спрынт”, чытанне з прастукваннем рытму, чытанне з гукавымі перашкодамі (пад музыку), сэнсавая здагадка і многія іншыя віды работ.

Сістэма спецыяльных практыкаванняў, якія выкарыстоўваю ў сваёй рабоце, у спалучэнні з традыцыйнай методыкай дае станоўчыя вынікі.

Канечне, да канца першага года навучання не заканчваецца работа па фарміраванні бегласці чытання. Вынікі ж хуткасці чытання, якіх мы з вучнямі дасягнём да канца першага класа, паслужаць добрым фундаментам для далейшага ўдасканалення навыку чытання, не толькі бегласці, але і ўсвядомленасці, правільнасці і выразнасці.

Галіна ФІРСАВА,
настаўніца пачатковых класаў сярэдняй школы № 21 Баранавіч.

Comments are closed.