На ўроках па ўсіх без выключэння прадметах адным з абавязковых складнікаў поспеху з’яўляецца дысцыпліна. Без яе гаварыць пра эфектыўную работу не даводзіцца. Маладым настаўнікам асабліва важна знайсці свой рэцэпт таго, як кіраваць вучнёўскім калектывам і нацэліць дзяцей атрымліваць новыя веды і навыкі, не перашкаджаючы адно аднаму. Разбіраемся, як жа педагогі спраўляюцца з гэтай важнай задачай і якімі каштоўнымі парадамі могуць падзяліцца з калегамі.
Першым нашым суразмоўнікам стаў Дзмітрый Аляксандравіч Рагаўцоў, які трэці год працуе настаўнікам фізікі і інфарматыкі ў сярэдняй школе № 31 Бабруйска Магілёўскай вобласці. Першыя крокі ў прафесіі ён зрабіў, калі вучыўся на 3 курсе Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.А.Куляшова.
“Першая праблема, з якой сутыкаецца любы малады спецыяліст, — гэта дысцыпліна, — прыгадвае свой прафесійны старт Д.А.Рагаўцоў. — У старшых класах яна, як правіла, стаіць больш востра з-за невялікай розніцы ва ўзросце паміж вучнямі і педагогам. Асабіста ў мяне былі такія сітуацыі: некаторыя старшакласнікі спрабавалі звярнуцца да мяне на ты ці называць толькі па імені. Прыйшлося дакладна растлумачыць школьнікам: я тут для таго, каб іх вучыць, выхоўваць, быць ім таварышам і сябрам, але не ў тым разуменні, як яны гэта бачаць”.
Дзмітрый Аляксандравіч лічыць: спробы панібрацкага стаўлення неабходна спыняць адразу. Інтэлігентна, спакойна, словамі і дзеяннямі педагог павінен паказаць дзецям, што падобнае недапушчальна. Маладыя спецыялісты, якія парушаюць неабходную дыстанцыю і дапускаюць цеснае сяброўства з дзецьмі, тым самым падрываюць аўтарытэт — свoй і сваіх калег.
Падыход, які выбраў Дзмітрый Аляксандравіч, апраўдвае сябе. Яго першыя вучні ўжо скончылі школу, паступілі ў вышэйшыя і сярэднія спецыяльныя ўстановы адукацыі, але не страцілі сувязі з настаўнікам. Педагог рады навінам ад іх, у курсе змен і поспехаў у іх жыцці, але і зараз пэўныя ўстаноўленыя межы не пераходзіць.
“Каб наладзіць дысцыпліну ў класе, з дзецьмі трэба пастаянна размаўляць, — дзеліцца думкамі Д.А.Рагаўцоў. — Гэта павінны рабіць і настаўнік-прадметнік, і класны кіраўнік. Неабходна высветліць прычыну дрэнных паводзін навучэнцаў на ўроку і пастарацца вырашыць праблему. Магчыма, настаўніку неабходна памяняць стыль зносін з вучнямі або рыхтаваць урокі так, каб яны былі больш насычанымі і цікавымі. Педагогу трэба актыўна развівацца, каб быць цікавым для іншых. Тады вучні будуць прыслухоўвацца да свайго настаўніка і чакаць наступны ўрок з нецярпеннем”.
Рабіць урокі цікавымі для ўсіх без выключэння маладому настаўніку дапамагаюць такія тэставыя праграмы, як Kahoot і Quizizz. З іх дапамогай атрымліваецца ўцягнуць у вучэбны працэс і зацікавіць прадметам не толькі высокаматываваных вучняў, але і слабапаспяваючых.
Сёлета педагог дабавіў у свой арсенал новы метад рэфлексіі пад назвай “Ад кулака да пяці пальцаў”. Ён даведаўся аб ім у жніўні на фестывалі педагагічных ідэй “Педагагічная творчасць. Інавацыі. Вопыт”. Гэты метад настаўнік актыўна выкарыстоўвае на сваіх уроках, бо яго вучням ён адразу прыйшоўся даспадобы.
“Заўсёды важна памятаць пра зваротную сувязь з навучэнцамі, і гэты метад выдатна дапамагае яе адсочваць, — каменціруе Д.А.Рагаўцоў. — Сутнасць метаду ў тым, што на любым этапе ўрока я магу спытаць у дзяцей, ці зразумелы ім матэрыял. Яны не адказваюць мне словамі, а робяць гэта пры дапамозе рукі: ад кулака (гэта ноль) да пяці пальцаў. Я ж, калі не бачу пяцярню, удакладняю, што канкрэтна не зразумела, што выклікае цяжкасці ў вучняў. Падчас самастойнай работы падыходжу да дзяцей, каб яшчэ раз індывідуальна патлумачыць ім неабходныя моманты. Плюс такога метаду ў тым, што дзеці не баяцца паказаць сваё неразуменне чагосьці і падняць кулак ці два пальцы замест пяці. Яны ведаюць, што гэта не прывядзе да выстаўлення дрэннай адзнакі ці негатыўнай рэакцыі настаўніка, а з’яўляецца сігналам аб тым, што маецца патрэба ў дадатковай дапамозе. Падобных варыянтаў зваротнай сувязі можна падабраць мноства. Так, на ўроку па тэме “Электрычнасць” мае вучні запальвалі ліхтарыкі ў выпадку, калі матэрыял, які яны прайшлі на пэўным этапе, быў ім зразумелы. Такая зваротная сувязь была таксама прынята на ўра”.
Сваім меркаваннем падзялілася і настаўніца беларускай мовы і літаратуры гімназіі № 3 Баранавіч Брэсцкай вобласці Крысціна Генадзьеўна Руцкая, якая працуе трэці год. “Хочаш змяніць свет — пачні з сябе!” — акцэнтуе ўвагу маладая настаўніца. — Для мяне гэты выраз з’яўляецца дэвізам у пытанні дысцыпліны на занятках. Між іншым тэрмін “дысцыпліна” ў перакладзе з латыні азначае “выхаванне”, а не пакаранне. І нам усім — і педагогам, і бацькам — варта пра гэта памятаць, разважаць і паводзіць сябе адпаведна. Так, дысцыпліна ў класе пачынаецца з мяне. Я не спазняюся на ўрок, заўсёды падрыхтавана да заняткаў, прапаноўваю вучням нешта цікавае, стараюся іх здзівіць, заўсёды добразычлівая”.
Крысціна Генадзьеўна ўспамінае свае першыя крокі ў прафесіі. Гаворыць шчыра: ідучы на свой першы ўрок у новы клас, яшчэ не мела скарбонкі метадаў, якія збіралася прымяняць у рабоце. Але адразу ж паставіла перад сабой адну важную задачу — зацікавіць вучняў. З самага пачатку і па сённяшні дзень для яе гэта лепшы спосаб наладзіць дысцыпліну і ўтрымаць увагу вучняў. Прычым зацікавіць дзяцей трэба так, каб яны ведалі: інфармацыя, якую яны пачуюць ад настаўніка, каштоўная, таму не варта адцягвацца на дробязі.
Настаўніца пераканалася на ўласным вопыце: трэба ў самым пачатку абгаварыць з вучнямі правілы работы і паводзін на ўроку. Кожнаму настаўніку пажадана сфармуляваць некалькі патрабаванняў і прытрымлівацца іх. Аднак нельга і перагібаць палку з забаронамі. Важна ствараць і падтрымліваць на ўроку пазітыўны, добразычлівы настрой, а таксама заўсёды стрымліваць абяцанне, каб не страціць аўтарытэт у вучняў! Сваіх навучэнцаў неабходна адчуваць, любіць і не шкадаваць для іх слоў заахвочвання.
“Безумоўна, на справе рэалізоўваць гэтыя парады не так проста, заўсёды ёсць нюансы, — дадае Крысціна Генадзьеўна. — Калі гаварыць пра вучняў, у якіх я з’яўляюся класным кіраўніком, то, прызнацца, спачатку, калі дзеці былі пяцікласнікамі, мне было вельмі складана. Хлопчыкі і дзяўчынкі былі вельмі шумнымі, няўрымслівымі, энергічнымі. Часам сканцэнтраваць іх увагу для мяне было вельмі складаным заданнем. У моманты, калі мяне проста не чулі, я замаўкала і чакала, пакуль усе супакояцца. Як правіла, сітуацыя мянялася хутка, і тады я зноў працягвала весці ўрок. Так у нас паўтаралася некалькі разоў, а потым усё наладзілася. Я ніколі не пагражала дрэннымі адзнакамі, размовай з дырэктарам ці тым, што буду выклікаць у школу бацькоў. Лічыцца, што асноўны інструмент педагога — голас. Але мы не павінны павышаць голас, каб вучні заціхалі. Некалькі разоў у пачатку сваёй педагагічнай дзейнасці я спрабавала так рабіць — не дапамагло. Назіраючы за сваімі калегамі, якія практыкуюць павышэнне голасу, зрабіла для сябе выснову: кожны ўрок гэта трэба паўтараць, а значыць, станоўчага выніку не дае”.
На класных гадзінах Крысціна Генадзьеўна практыкуе цікавыя гутаркі і трэнінгі на актуальныя тэмы: “Прыметы дысцыплінаванасці”, “Хто для мяне прыклад?”, “Правілы ў жыцці чалавека”, “Адносься да іншых так, як ты хацеў бы, каб адносіліся да цябе”, “Сям’я — аснова выхавання, школа — даведнік”, “Настаўнік і вучань: бесканфліктныя адносіны”, “Паспяховы настаўнік — паспяховы вучань” і г.д. Такія гутаркі і магчымасць выгаварыцца вельмі збліжаюць вучняў і натуральным чынам наладжваюць дысцыпліну. Акрамя гэтага, настаўніца сістэматычна прыцягвае дзяцей да ўдзелу ў разнастайных дабрачынных акцыях. Гэта станоўча ўплывае на іх. Таксама педагог раіць наладзіць кантакт і ўзаемаразуменне з бацькамі навучэнцаў. Важна абмяркоўваць з імі праблемы, якія ўзнікаюць, і сумесна вырашаць іх.
Урокі Крысціна Генадзьеўна плануе так, каб кожны вучань быў заняты справай, матываваны. Заўвагі стараецца рабіць карэктна. Гэта таксама вельмі дапамагае ў пабудове эфектыўных зносін з класам. Настаўніца можа падысці да вучня асабіста, каб ціха выказаць заўвагу. Або робіць заўвагу гучна, не называючы пры гэтым імя парушальніка цішыні. Яе вучні ўжо прывыклі, што настаўніца можа камунікаваць з імі такім чынам, і разумеюць, каму адрасуюцца яе словы.
Праблема дысцыпліны не абмінула і Валерыю Андрэеўну Белую, якая шосты год выкладае біялогію і хімію ў гімназіі № 1 Жлобіна Гомельскай вобласці. “Прыйшоўшы на свой першы ўрок у 11“У” клас, зразумела, што для старшакласнікаў я малады спецыяліст, а не настаўнік,— гаворыць В.А.Белая. — Давялося шукаць падыход да навучэнцаў, каб іх адносіны да мяне змяніліся. Сумесна мы стварылі групу ў сацыяльных сетках, дзе гімназісты маглі задаваць свае пытанні, атрымліваць адказы ці арыенцір, дзе самастойна знайсці адказ. Дзякуючы гэтаму, старшакласнікі прынялі мяне як настаўніка і ўключыліся ў актыўную работу на ўроках”.
Аднак гэта была толькі адна прыступка ў практыцы маладога педагога. Нечакана для яе праблема дысцыпліны больш востра паўстала ў 6-х, 7-х класах. Вырашыць яе аказалася яшчэ больш складана. Дзеці ў гэтым узросце вельмі актыўныя, з велізарным запасам пытанняў (чаму? навошта? як? дзе? і г.д.). Праблема ў тым, што гэтыя пытанні ў іх узнікалі ў любую хвіліну ўрока. У выніку пачынаўся шум. Знайсці выйсце дапамагла вопытная калега. Менавіта на яе ўроках Валерыя Андрэеўна ўзяла сабе на заметку такі метад, як “Святлафор”. Калі ў дзяцей узнікае пытанне ці яны хочуць нешта ўдакладніць, то падымаюць картку з чырвоным сігналам святлафора. Каб паказаць, што ім усё зразумела і ўсё атрымліваецца, выкарыстоўваецца іншая картка — з зялёным сігналам. Аднак гэты метад не стаў універсальным, бо не прыжыўся ва ўсіх класах. У гэтым выпадку маладой настаўніцы дапамог метад назапашаных балаў. Так, калі пытанне вучня па тэме ўрока зададзена своечасова, то той атрымлівае адзін бал. Калі ж пытанне зусім не да месца, бал забіраецца. Такім чынам гімназісты вучацца кантраляваць свае выказванні на занятках і назапашваць балы, якія пасля можна прымяніць пры адказах на ўроку.
“Яшчэ адзін спосаб, які спрыяе дысцыпліне на ўроку, мне ўдалося знайсці дзякуючы вучням і таму, што я прыслухоўвалася да іх пажаданняў, — дадае Валерыя Андрэеўна. — Ім стаў метад размеркавання роляў. Перад пачаткам урока можна раздаць ці палажыць вучням на парты карткі, дзе прапісаны іх абавязкі. Так, нехта з навучэнцаў на працягу ўрока задае пытанні па тэме. Таксама прадугледжана такая роля, як памочнік настаўніка. Ёсць і той, хто сочыць за дысцыплінай і работай іншых навучэнцаў. Яшчэ адна задача для кагосьці з вучняў — падвесці вынікі ўрока. Дзякуючы такому падыходу, дзеці хутка і з цікавасцю ўключаюцца ў работу. Адным словам, ёсць шмат спосабаў зацікавіць усіх вучняў. Аднак галоўным сакрэтам настаўніцы з’яўляецца любоў да дзяцей! Часам неабходна проста паглядзець на навучэнцаў, шчыра ўсміхнуцца, пахваліць іх, і яны адкажуць вам тым жа. Як казаў старажытны філосаф Платон, “дбаючы пра шчасце іншых, мы знаходзім сваё ўласнае”.
Сваім прафесійным поглядам на праблему дысцыпліны падзялілася педагог-псіхолаг Заслаўскай гімназіі Мінскага раёна Інеса Янушаўна Лузан: “Бясспрэчна, кожны педагог хаця б аднойчы задумваўся над пытаннем, якія існуюць сакрэты падтрымання дысцыпліны на ўроках. Падзялюся ўласнымі вывадамі, якія грунтуюцца на зносінах з вучнямі і вопытнымі педагогамі. Каб не мець праблем з дысцыплінай, трэба:
- Паважліва ставіцца да навучэнцаў. Ніякія поспехі ў вучобе не прынясуць карысці, калі яны заснаваны на страху перад дарослымі, падаўленні асобы дзіцяці. Паэт Барыс Слуцкі пісаў:
Ничему меня не научит
То, что тычет, талдычит, жучит…
- Улічваць асаблівасці ўзросту. У прыватнасці, варта памятаць пра тое, што вядучым відам дзейнасці малодшых школьнікаў ад 6 да 10—11 гадоў з’яўляецца вучэбная дзейнасць, у той час як для падлеткаў ва ўзросце ад 10—11 да 15 гадоў — галоўныя зносіны ў розных відах дзейнасці (працоўнай, вучэбнай, спартыўнай, мастацкай і г.д.). Гэта значыць, што падлеткі фізічна маюць патрэбу ў зносінах, таму пажадана арганізоўваць для іх работу ў групах.
- Імкнуцца зацікавіць вучняў прадметам, садзейнічаць развіццю пазнавальнай актыўнасці, матывацыі. Важную ролю тут адыгрываюць і скрупулёзная падрыхтоўка да ўрока, і настрой, з якім настаўнік прыходзіць на заняткі. Варта выкарыстоўваць разнастайныя метады, прыёмы і нагляднасць, каб урок быў цікавым і змястоўным. Знаходзьце спосабы ствараць такія ўмовы на ўроку, каб нават дзеці з цяжкасцямі ў навучанні маглі адчуць сябе паспяховымі.
- Мець дастаткова смеласці, каб прызнаваць свае памылкі. Варта гаварыць пра іх з усмешкай і шчырасцю, каб навучэнцы таксама не баяліся рабіць памылкі.
- Расстаўляць асабістыя межы, а не асіміляваць, улівацца ў асяроддзе навучэнцаў. Настаўніку варта самому ўсведамляць сваё месца ў класным калектыве і ў адпаведнасці з гэтым выбудоўваць заснаваныя на ўзаемнай павазе адносіны з навучэнцамі.
- Развіваць аратарскія навыкі. Важным кампанентам прафесійнага майстэрства педагога з’яўляецца ўменне валодаць голасам. Неабходна сачыць за прамовай, старацца гаварыць роўным, спакойным голасам. Для прыцягнення ўвагі можна перайсці на шэпт або выкарыстоўваць незвычайную манеру гаварыць.
- Захоўваць пачуццё гумару. У некаторых сітуацыях дастаткова добрага жарту, каб канфлікт быў вычарпаны.
Навык падтрымання дысцыпліны на ўроку з’яўляецца адным з самых важных для кожнага настаўніка. Многія праблемы, звязаныя з паводзінамі вучняў на занятках, узнікаюць з-за таго, што яны не ведаюць і, адпаведна, не прытрымліваюцца правіл, патрабаванняў, якія ёсць у пэўнага настаўніка. Вельмі важна ўжо пры знаёмстве з класам выразна сфармуляваць і растлумачыць вучням свае правілы і патрабаванні, каб папярэдзіць магчымасць узнікнення канфліктных сітуацый”.
Таццяна ШЫМКО.