Для чалавека няма нічога больш карыснага, чым чалавек

Сабраўшы плады дзейнасці навучальнага года 2016/2017, дачакаўшыся жаданых адпускных дзён, мы выявім, што вечная супярэчнасць паміж “трэба” і “хочацца” рэзка хіснулася ў бок “хочацца”. Чаго хочацца педагогу летам: пагасціць у цудоўнай райскай краіне свабодных гультаёў ці быць, як і раней, прафесійна актыўным, толькі не ў школьным класе, а на прыродзе, у лесе?

Дыялог з чытачом

Калі вы з другой кагорты, то, хутчэй за ўсё, адшукаць вас летам можна будзе ў аздараўленчым дзіцячым летніку каля возера, ракі ці нават мора. У гэтым выпадку вам спатрэбяцца ідэі і парады па прычыне баўлення часу з дзецьмі. Важна, каб нашы агульныя з дзецьмі летнія дзянькі былі напоўнены шумнымі рухавымі гульнямі, творчымі праектамі і ціхім часам. Пра тое, чым можна заняцца ў летніку з цікавасцю і карысцю, мы сёння і пагаворым.


Знаёмімся адно з адным

Гульня “Пішам, як Агата Крысці”. Удзельнікі разбіваюцца на пары, выбіраючы ў партнёры таго, каго не ведаюць. Прапаноўваем дзецям лепш пазнаёміцца паміж сабой незвычайным спосабам. Для гэтага ім давядзецца спасцігнуць мову рэчаў. Кожны ўдзельнік паказвае партнёру 4—6 асабістых прадметаў. Пры гэтым ніхто нічога не гаворыць. Партнёры павінны будуць па гэтых асабістых прадметах зрабіць заключэнне і адказаць пісьмова на пытанне “Што за чалавек перада мной?”. Пасля гэтага партнёры прадстаўляюцца адно аднаму па імені, зачытваюць свае заметкі і дзеляцца ўражаннямі ад пачутага, адзначаючы, чаго, на іх думку, не хапае ў апісанні. Потым удзельнікі збіраюцца ў кола, кожны прадстаўляе групе свайго партнёра.

Гульні, якія аб’ядноўваюць

Гульня “Рэха”. Група дзеліцца на дзве каманды. Удзельнікі каманд становяцца, як пры перацягванні каната. Адлегласць паміж першымі гульцамі каманд павінна складаць 2 метры. Заданне заключаецца ў тым, каб перадаць гук ад гульца да гульца, каб ён станавіўся ўсё цішэйшы і цішэйшы, як рэха, якое лятае паміж схіламі цясніны, пакуль не змоўкне. Штуршок рэху дае кожная каманда. Першы гулец каманды № 1 крычыць асобнае слова ці кароткі сказ. Першы гулец каманды № 2 паўтарае слова ці сказ ужо цішэй, а потым гук ідзе ад аднаго гульца да другога, паступова затухаючы. Калі рэха ў камандзе № 2 адгучала, яе першы гулец прапаноўвае заданне камандзе № 1. У кожным новым раўндзе слова ці сказ павінны ісці ад наступнага гульца.

Падвядзіце вынікі гульні: як каманды справіліся з гульнёй, ці лёгка было настроіцца на гульню, ці ўдавалася правільна разлічыць сілу свайго голасу, калі ўменне валодаць голасам будзе асабліва карысным?

Гульня “Бабуліны ключы”. Адзін гулец выконвае ролю бабулі. Ён становіцца спінай да астатніх. За бабуляй ляжыць звязка ключоў, якую можна схаваць у адной руцэ. Астатнія гульцы размяшчаюцца на 6 метраў ззаду ад бабулі. Акрэсліце крэйдай лінію старту, каб выкрадальнікі ключоў ведалі, куды ім вяртацца. Кожны раз, калі бабуля паварочваецца, астатнія ўдзельнікі павінны замерці. Калі бабуля заўважыць рух якога-небудзь гульца, ён павінен будзе вярнуцца на старт. Бабуля паварочваецца без папярэджання. Мэта гульні ў тым, каб узяць ключы і прынесці іх на лінію старту. Пры гэтым бабуля не павінна бачыць ключоў, якія хавае ў руцэ гулец. Калі гулец схапіў звязку ключоў, ён павінен дакрануцца да кожнага гульца, перш чым дасягне лініі старту. Калі бабуля ўбачыць ключы ці заўважыць рух гульца з ключамі, то ключы вяртаюцца бабулі, а гулец ідзе на лінію старту.

Гульню можна спыніць праз 15 хвілін. Калі ж дзеці атрымліваюць вялікае задавальненне, час можна павялічыць, пакуль яны не дасягнуць мэты.

Гульня “Расказваем гісторыі”. Прачытайце дзецям гісторыю. Дайце інструкцыю: “Выслухайце ўважліва гісторыю. Задавайце пытанні, на якія можна адказаць “так” ці “не”. Адкідвайце непатрэбную інфармацыю. Выбудоўвайце лагічны ланцужок, грунтуючыся на правільных адказах. Раскрыйце сэнс апісанай сітуацыі”.

Адзін студэнт расказвае другому: “Учора баскетбольная каманда нашага каледжа выйграла сустрэчу па баскетболе з лікам 74:40. Цікава, што ні адзін баскетбаліст у гэтым матчы не закінуў ніводнага мяча.

(Гулялі жаночыя каманды.)

Учора мая жонка была ў тэатры. Ішла вельмі сумная п’еса. Яна не вытрымала і пайшла з другога акта. Пасля яе сыходу адбыўся жахлівы скандал.

(Жонка выконвала галоўную ролю.)

Дзевяцікласнік выходзіць з вялікага дома. Нясе ў руцэ прадмет. Насустрач яму — сябар. Пытаецца: “Шэсць?”. “Не, сем”. Аб чым гаворка?

(Аб струнах гітары.)

Стаіць пыласос, труба яго заткнута рукавіцай. Чаму?

(Лавілі камароў.)

У адным бразільскім горадзе на вячэрні сеанс кіно прыйшоў мужчына, у якога вакол пояса абвіўся ўдаў. І хоць у Бразіліі няма закона, які забараняе прыходзіць у кіно з удавам, яго ўсё роўна не пусцілі. Чаму?

(Удаву не было 16 гадоў.)

Гульні, якія дапамагаюць стаць прынятым і прызнаным

Гульня “Бег рук”. Удзельнікі разбіваюцца на каманды па 6 чалавек. Кожная каманда ўтварае кола. Усе гульцы выцягваюць правыя рукі да цэнтра і кладуць далоні адна на адну. Потым удзельнікі перакладваюць далоні: ніжняя рука пачынае падарожжа наверх, за ёй — рука другога гульца, якая цяпер апынулася знізу і г.д. Прычым у адзін і той жа момант рухаць рукой можа толькі адзін гулец. Пасля таго як члены каманд навучацца працаваць хутка і зладжана, пачынаюцца спаборніцтвы паміж камандамі, хто хутчэй зменіць стан рук. Калі каманда паспяхова завершыць перагрупоўку, усе гульцы павінны закрычаць у адзін голас: “Гатова!” Згуляйце некалькі разоў і спытайце дзяцей, як змяніліся іх адчуванні ад рук партнёраў.

Для зручнасці адсочвання канца спаборніцтва можна пазначыць руку першага гульца крыжыкам. Калі ў вас дастаткова часу, то правядзіце спаборніцтвы з левымі рукамі ці абедзвюма, што даволі цяжка.

“Я таксама”. Удзельнікі групы адвольна рассаджваюцца на падлозе ў кола. У цэнтры яго размяшчаецца вядучы. Ён уважліва сочыць за дзецьмі, якія сядзяць вакол яго. Вядучы павінен заўважыць якую-небудзь агульную для некаторых гульцоў (якая кідаецца ў вочы) дэталь, але не называць яе ўголас, а прамовіць толькі імёны людзей, якіх гэта тычыцца, затым папрасіць іх стаць побач з сабой. Гульцы, якія засталіся сядзець, павінны вызначыць, што ж ёсць падобнае ў тых, каго выклікалі ў цэнтр. Гульню важна правесці некалькі разоў, каб кожны гулец быў выбраны.

Спачатку агульнай рысай можа быць нейкая характэрная дэталь знешнасці, адзення. Паступова ўскладняйце прынцып адбору. У цэнтр выходзяць толькі дзяўчынкі, толькі смяшлівыя гульцы, тыя, чыё імя мае пэўную літару, і г.д.

Давер замест канкурэнцыі

Гульня “Майстар”. Удзельнікі групы разыходзяцца па гульнявой зале. Растлумачце ўсім правілы гульні. Кожны ўдзельнік з заплюшчанымі вачыма выпраўляецца на пошукі майстра. У пачатку гульні ніхто не ведае, хто з’яўляецца майстрам. Дзеці павінны пачуць ад дарослага, што вы стаіце на варце з расплюшчанымі вачыма і ўважліва сочыце за тым, каб усе былі ў поўнай бяспецы.

Усе члены групы з заплюшчанымі вачыма пачынаюць рух па камандзе. Педагог у гэты час кладзе руку на плячо аднаму з удзельнікаў, не прамаўляючы пры гэтым ні слова. Так педагог выбірае майстра. У яго ёсць некаторыя прывілеі: падчас гульні ён можа маўчаць і расплюшчваць вочы. Майстар ведае, што ўсе яго шукаюць. Усе ідуць з заплюшчанымі вачыма адно каля аднаго, трымаючы рукі перад сабой далонямі наверх. Калі гульцы сустракаюцца, яны пытаюцца адно ў аднаго: “Майстар?” Майстар не адказвае. Гулец, які знайшоў майстра, можа расплюшчыць вочы, пакласці майстру руку на плячо і ісці за ім. Наступны гулец, які знайшоў майстра, таксама расплюшчвае вочы і далучаецца да іх. Усе ўдзельнікі, якія іду ць за майстрам, таксама павінны маўчаць. Праз нейкі час за майстрам ідзе ўся група вучняў у адным ланцужку.

Гэта цудоўная сімвалічная гульня, якая дапамагае лепш адчуць адзінства і згуртаванасць групы.

Яшчэ Спіноза зразумеў і сказаў, што для чалавека няма нічога больш карыснага, чым чалавек. Мы можам перайначыць гэтыя словы, удакладніўшы іх сэнс так: “Няма нічога больш карыснага для дзіцяці летам, чым удумлівыя, гарэзлівыя бацькі і педагог, які ўжываецца ў інтарэсы дзіцяці і яго светаўспрыманне. А бацькам і педагогу — вясёлае, жыццярадаснае і здаровае дзіця”.

Псіхалагічнае люстэрка

Лета — час для весялосці!

Здараецца, што наш настрой адпавядае надвор’ю. А гэта значыць, што летам ёсць усе шансы адчуваць сябе больш вясёлымі, чым у іншыя сезоны. Як гэта ў нас атрымліваецца, ці майстры мы ў гэтым, высветлім пры дапамозе тэста “Ці ўмееце вы весяліцца?”. Адкажыце на пытанні тэста “так” ці “не” і даведайцеся, ці можна вас называць веселуном.

1. Вас пастаянна непакоіць музыка суседа з верхняга паверха. Нядаўна вы даведаліся, што яго музычны цэнтр сапсаваўся. Ці парадуе вас гэта?

2. Ці любіце вы розыгрышы?

3. Ці падабаецца вам слухаць анекдоты?

4. Ці будзеце вы смяяцца з сябе ў незнаёмай кампаніі?

5. Ці пайшлі б вы на канцэрт артыста гумарыстычнага жанру ў дрэннае надвор’е?

6. Ці любіце вы камедыі?

7. Ці засмуціцеся вы, калі вецер панясе ваш капялюш і кіне ў лужыну?

8. Ці будзеце вы працягваць смяяцца, калі ўбачыце, што іншым гэта не смешна?

9. Вам расказваюць стары анекдот. Ці будзеце вы паводзіць сябе так, быццам ніколі не чулі яго раней?

10. Ці можна смяяцца проста так або гэта прыкмета невялікага розуму?

А цяпер падлічыце колькасць станоўчых і адмоўных адказаў.

Калі вы набралі роўную колькасць станоўчых і адмоўных адказаў — вас можна назваць цалкам вясёлым чалавекам. У вас, без сумнення, прысутнічае пачуццё гумару, таму вы ахвотна глядзіце розныя гумарыстычныя перадачы і ад душы смеяцеся з жартаў гумарыстаў. Вас цалкам можна назваць раскаваным і таварыскім чалавекам.

Калі колькасць сказаных “так” большая, чым “не” ў два разы, то вас можна назваць веселуном. Вы любіце пагаварыць і павесяліцца, можна нават сказаць, што вы адносіцеся да тыпу людзей, якія лепш, чым іншыя, успрымаюць камічнае. Вам падабаецца разыгрываць іншых. У прынцыпе, вы робіце гэта, каб быць у цэнтры ўвагі і прыемна правесці час.

Калі ў вашых адказах пераважае слова “не” — з гумарам у вас праблемы. Вы вельмі сур’ёзны і разважлівы. Вы далёкі ад свавольстваў і розыгрышаў, прычым вы абсалютна не разумееце, навошта гэта рабіць, таму можаце іх расцаніць і як знявагу.

Святлана РАДЗЬКОВА,
дацэнт кафедры псіхалогіі і прадметных методык
Мінскага гарадскога інстытута развіцця адукацыі.

Фота Алега ІГНАТОВІЧА.