Без манатоннасці і суму

Асновай адукацыйнага працэсу з’яўляецца ўрок. Якасць адукацыі залежыць ад якасці кожнага ўрока: прадумвання ўсіх этапаў пры яго падрыхтоўцы, выкарыстання форм, метадаў, сродкаў дасягнення пастаўленых мэт і задач, узроўню прафесіяналізму настаўніка. Эфектыўна арганізаваць дзейнасць навучэнцаў на ўроку дапамагаюць сучасныя адукацыйныя тэхналогіі. Мой педагагічны стаж — 35 гадоў, і на сваіх уроках я выкарыстоўваю элементы інфармацыйна-камунікацыйных, здароўезберагальных, гульнявых, ТРКМ, ТРВЗ-тэхналогіі, даследчую дзейнасць, праектаванне. Хачу падзяліцца вопытам па выкарыстанні некаторых з гэтых тэхналогій. Спадзяюся, ён будзе карысны маладым педагогам.

У сваёй дзейнасці я строга прытрымліваюся наступных прынцыпаў.
“Не нашкодзь!” — прымяняю метады, прыёмы, сродкі толькі правераныя на практыцы, якія не наносяць шкоды здароўю навучэнца і настаўніка. Прыярытэт клопату аб здароўі настаўніка і навучэнца праяўляецца ў бесперапыннасці і пераемнасці (работа вядзецца не ад выпадку да выпадку, а кожны дзень і на кожным уроку); аб’ём вучэбнай нагрузкі і ўзровень складанасці матэрыялу падбіраю ў адпаведнасці з узростам навучэнцаў; акцэнт раблю толькі на добрае: у любым учынку, дзеянні спачатку выдзяляю станоўчае, а толькі потым адзначаю недахопы. Актыўнае ўключэнне навучэнца ў дзейнасць зніжае рызыку ператамлення.
Акрамя вышэйсказанага, працую над фарміраваннем у навучэнца адказнасці за сваё здароўе, таму што толькі тады ён рэалізуе свае веды, уменні і навыкі па захаванні здароўя.
З кожным годам павялічваецца колькасць навучэнцаў з парушэннем зроку, паставы. Для захавання актыўнасці малодшых школьнікаў лічу абавязковымі дынамічныя паўзы на свежым паветры падчас вялікага перапынку. На ўроку — фізкультхвілінкі (асабліва рухавыя музычныя, вясёлыя і спецыяльныя практыкаванні для зняцця напружання з мышцаў апорна-рухальнага апарату), пальчыкавая гімнастыка, практыкаванні для ўмацавання мышцаў вачэй і паляпшэння зроку. Для прафілактыкі захворванняў органаў дыхання праводжу цэлы комплекс фізічных практыкаванняў і практыкаванні для фарміравання правільнага дыхання — артыкуляцыйная гімнастыка. Выкарыстоўваю выхаваўчы патэнцыял урока, каб мае вучні зразумелі важнасць правільнага паўнацэннага харчавання. Высокая актыўнасць навучэнцаў на кожным уроку пацвярджае, што, ствараючы атмасферу добразычлівасці, верачы ў іх, я дапамагаю ім усвядоміць паспяховасць у розных відах дзейнасці.
Здароўезберагальныя педагагічныя тэхналогіі дазваляюць выкарыстоўваць апераджальнае навучанне, узроўневую дыферэнцыяцыю.
Дзеці на гэтых уроках уцягнуты ў актыўную пазнавальную дзейнасць, не адчуваюць стомленасці, захоўваюць энергію на далейшае навучанне. Лічу, што клопат аб здароўі — гэта суадносіны аб’ёму і ўзроўню складанасці дамашняга задання з магчымасцямі навучэнца, таму дамашняе заданне для маіх выхаванцаў часцей за ўсё мае дыферэнцыраваны характар; гэта і ўважлівыя адносіны да ацэнкі навучэнца настаўнікам, таму што можна моцна паўплываць на самаацэнку дзіцяці, прычым не заўсёды станоўча.
У век хутка зменлівых тэхналогій мы часам забываем, што нашы навучэнцы — проста дзеці, і яны любяць гуляць. Гульня стварае ў дзяцей эмацыянальны настрой, выклікае станоўчыя адносіны да дзейнасці, якую яны выконваюць, паляпшае агульную працаздольнасць, дае магчымасць шматразова паўтарыць адзін і той жа матэрыял без манатоннасці і суму. Пры дапамозе гульні можна зняць псіхалагічнае стамленне; яе можна выкарыстоўваць для мабілізацыі разумовых намаганняў навучэнцаў, для развіцця ў іх арганізатарскіх здольнасцей, прыняцця навыкаў самадысцыпліны, стварэння сітуацыі радасці на занятках. Гэта перш за ўсё перадумова адыходу ад аўтарытарных метадаў навучання. Гульні садзейнічаюць псіхалагічнай разняволенасці на ўроках. Выкарыстанне гульнявых форм дазваляе павысіць цікавасць да прадмета. Віды гульнявых форм: кароткія гульні (для засваення канкрэтнага правіла, адпрацоўка навыку і інш.), гульнявыя абалонкі (прадстаўленне ўрока ў выглядзе цэласнай гульні), працяглыя развіццёвыя гульні (падрыхтоўка праекта).
Дзелавая гульня вырашае сур’ёзныя задачы, але ў гульнявой форме, што дазваляе навучэнцам эмацыянальна разняволіцца, праявіць творчасць (напрыклад, разыгрыванне роляў, абмеркаванне канфліктных сітуацый, імітацыя прафесійнай дзейнасці і г.д.).
У практыцы маёй работы гульня як тэхналогія правядзення ўрока заняла трывалае месца, і ў мяне выпрацаваліся пэўныя прынцыпы яе правядзення:
1. Гульня не павінна быць звычайным практыкаваннем з выкарыстаннем наглядных дапаможнікаў.
2. Пры выбары правіл гульні неабходна ўлічваць індывідуальныя асаблівасці дзяцей.
3. Абавязковая ўмова — гульня не павінна выпадаць з агульных мэт урока, садзейнічаць іх рэалізацыі.
4. Неабходна абавязковае падвядзенне вынікаў гульні, інакш губляецца адна з самых прывабных уласцівасцей — выяўленне пераможцы.
5. Разумовыя аперацыі, якія выконваюцца ў гульні, павінны дазіравацца.
У любы ўрок можна ўнесці элементы гульні. Напрыклад, на ўроку рашэння задач навучэнцаў класа трэба раздзяліць на некалькі каманд і правесці спаборніцтва. Каманда, якая рашыла большую колькасць задач, заахвочваецца добрымі адзнакамі. Замест традыцыйнага апытання можна наладзіць бліц-турнір, дзе навучэнцы ў хуткім тэмпе заканчваюць фразу настаўніка.
Таксама выкарыстоўваю гульнявую тэхналогію на ўроках рускай мовы. Напрыклад, слоўнікавую работу ў гульнявой форме, калі дзеці па чарзе выбягаюць да дошкі і на хуткасць запісваюць словы. Гэтыя гульнявыя тэхналогіі дапамагаюць вырашаць не толькі праблемы матывацыі, развіцця навучэнцаў, але і здароўезберажэння, сацыялізацыі. У гульні, незалежна ад свядомасці дзіцяці, працуюць розныя групы мышцаў, што станоўча ўплывае на здароўе.
Элементы гульні выкарыстоўваюцца ў якасці зваротнай сувязі і ацэнкі адказаў аднакласнікаў: плясканне ў далоні, тупанне нагамі, падыманне рукі ці сігнальных картак рознага колеру, які абазначае “так”, “не”, “прашу слова”. Рух, актыўнасць, вынаходніцтва, сацыялізацыя закладзены ў самой сістэме пачатковага навучання: “Пакажы, на што падобная гэтая літара”, “Намалюй сваё ўспрыманне прадмета”, “Пакажы свой настрой, адносіны да ўрока, да тэмы” і г.д.

Эфектыўным з’яўляецца і праблемнае навучанне — гэта такая арганізацыя педагагічнага працэсу, калі навучэнец сістэматычна ўключаецца ў пошук вырашэння новых для яго праблем праз праблемную сітуацыю, гэта значыць, стан інтэлектуальнай цяжкасці, якая патрабуе пошуку новых ведаў і новых спосабаў іх атрымання.
Умела створаныя праблемныя сітуацыі дапамагаюць правільна арганізаваць пачатак урока.
Вось некаторыя спосабы арганізацыі пачатку ўрока:
1. Прапаноўваецца задача, якая рашаецца толькі з апорай на жыццёвы вопыт дзяцей, на іх кемлівасць.
2. Даецца задача на трэніроўку памяці, назіральнасці, на пошук заканамернасцей па матэрыяле, які добра вядомы школьнікам.
3. На дошцы запісаны выразы і адказы да іх, сярод якіх ёсць як правільныя, так і няправільныя. Прапаноўваецца праверыць іх.
4. На дошцы запісана рашэнне якога-небудзь прыкладу ці задачы з традыцыйнымі памылкамі, якія часцей сустракаюцца. Трэба ажыццявіць праверку кожнага лагічнага ходу рашэння, стаіць мэта атрымаць найбольш поўнае абгрунтаванне крытычных заўваг.
5. На дошцы дадзены схематычны чарцёж да складанай задачы і ажыццяўляецца калектыўны пошук яе рашэння.
6. На стале ў кожнага навучэнца ляжыць чысты аркуш паперы. Аб’явіўшы тэму ўрока, настаўнік паведамляе, што ў канцы ўрока па некаторых разгледжаных на ўроку пытаннях будзе праведзена праверачная работа на 15 хвілін.
7. Абмяркоўваюцца розныя спосабы рашэння задачы, зададзенай на папярэднім уроку. Гэтая задача, рашэнне якой патрабуе даследчай работы, павінна быць незвычайнай, цікавай, але даступнай для ўсіх навучэнцаў.
8. Калі на дом было зададзена творчае заданне, то ўрок трэба пачынаць з прадстаўлення найбольш удалых работ.
9. Разглядаецца некаторая матэматычная праблема, якая яшчэ не абмяркоўвалася ў класе. Вучні складаюць план яе рашэння.
Акрамя гэтага, пастаноўка праблемных пытанняў садзейнічае арганізацыі парнай і групавой работы. Работа ідзе паэтапна: на першым этапе вучу дзяцей працаваць у парах пастаяннага і зменнага складу. Потым пераходжу да арганізацыі групавой работы. Спачатку працуем у групах пастаяннага складу. Напрыклад, тэма “Табліца множання на 7” у 3 класе. Навучэнцы з высокім узроўнем вучэбна-пазнавальнай дзейнасці складаюць прыклады на множанне самастойна, выкарыстоўваючы раздатачны матэрыял. Слабейшыя дзеці атрымліваюць картку-дапамагайку. Навучэнцы з нізкім узроўнем вучэбна-пазнавальнай дзейнасці працуюць пад кіраўніцтвам настаўніка.
Упершыню такая работа вядзецца пры вывучэнні цікавых тэм. Загадзя мы заключылі дагавор аб культуры зносін, эканоміі часу на ўроку, склалі правілы работы ў групе. Варта памятаць, што ў 1 класе групавая работа доўжыцца не больш як 10—15 хвілін, у другім — не больш як палову ўрока, у 3-4 класах да 30 хвілін. Інакш з’яўляецца стомленасць.
Па выніках прымянення тэхналогіі праблемна-дыялагічнага навучання магу з упэўненасцю сцвярджаць, што яна эфектыўная ў выхаванні актыўнай асобы, фарміраванні ініцыятыўнасці, адказнасці, здольнасці да супрацоўніцтва; у стымуляванні інтэлектуальнага развіцця (павялічваецца аб’ём памяці, павышаецца адвольнасць увагі, развіваецца мова); у трываласці засваення ведаў, таму што шляхам пастаноўкі праблемы забяспечваецца моцная матывацыя, а пры пошуку рашэння дасягаецца поўнае разуменне матэрыялу. Асобасна арыентаваная адукацыя мае на ўвазе арыентацыю на навучанне, выхаванне і развіццё ўсіх навучэнцаў з улікам іх індывідуальных асаблівасцей.

Сучасныя педагагічныя тэхналогіі, якімі я карыстаюся, станоўча паўплывалі на якасць ведаў. Пры гэтым здароўе вучняў засталося на ранейшым узроўні. У выніку гэтай работы высветліўся яшчэ адзін аспект: удалося стварыць умовы для прадметнага развіцця адораных і высокаматываваных навучэнцаў, заахвоціць іх да пазакласнай работы па прадметах, а гэта дазволіла развіваць іх творчыя і інтэлектуальныя здольнасці, што і пацвярджае іх творчая дзейнасць. Мае навучэнцы — актыўныя ўдзельнікі розных конкурсаў, выстаў, фестываляў, навукова-практычных канферэнцый, прадметных алімпіяд.
На працягу некалькіх выпускаў мае выхаванцы з’яўляюцца пераможцамі і прызёрамі раённых алімпіяд па рускай і беларускай мовах, па курсе “Чалавек і свет”. Так, у 2013 годзе Максім Дэрвіс заняў 3 месца ў раённай алімпіядзе па матэматыцы і 3 месца ў алімпіядзе “Кенгуру”. На думку калег, дзеці з майго класа вызначаюцца сярод іншых навучэнцаў ініцыятыўнасцю, развітымі інтэлектуальнымі і творчымі здольнасцямі.
У наступным годзе хачу паспрабаваць работу з “Разумнымі картамі” і асвоіць тэхналогію інтэрактыўнага навучання, дзе ўзаемадзеянне педагога і навучэнцаў стварае аптымальныя ўмовы для развіцця дзяцей.

Тэрэса АСІНСКАЯ,
настаўніца пачатковых класаў сярэдняй школы № 3
Ашмян Гродзенскай вобласці.