Чым шкодны мабільны тэлефон?

У самым простым разуменні біялогія — навука пра жыццё і развіццё жывых цел. Вывучэнне ў школе прадмета “Біялогія” на вярбальным узроўні не дае правільнага ўяўлення аб аб’ектах і з’явах, якія вывучаюцца. Метад праектаў дазваляе дапоўніць вучэбную дзейнасць і паказаць практычную значнасць біялагічных аб’ектаў і з’яў.

Нягледзячы на тое, што даследаванне носіць вучэбны характар, пры яго арганізацыі выкарыстоўваюцца агульнапрынятыя ў навуцы метады вывучэння — назіранне, дослед, аналогія, аналіз і сінтэз. Метад праектаў дазваляе развіваць даследчыя навыкі навучэнцаў, уменні самастойна канструяваць веды, арыентавацца ў інфармацыйнай прасторы.
Інфармацыйныя тэхналогіі, на мой погляд, узбагацілі метад праектаў новымі магчымасцямі і рэсурсамі. У нашай гімназіі назапашаны багаты вопыт выкарыстання інфармацыйных сродкаў навучання ў праектнай дзейнасці па біялогіі і хіміі. Улічваючы зацікаўленасць дзяцей і іх высокую матывацыю, а таксама жаданне пашырыць кола стасункаў, мы шырока выкарыстоўваем інтэрнэт-рэсурсы на ўсіх этапах арганізацыі праектаў.
Рэалізацыя праектаў праходзіць пры актыўным удзеле секцыі біялогіі і хіміі навуковага таварыства “Эверэст” нашай гімназіі. Дзелавыя гульні, інтэрактыўныя методыкі, даследчыя работы сёння дапоўнены ЭСН, што дазваляе больш рацыянальна і ярка раскрываць высокі патэнцыял гімназістаў у пазаўрочнай дзейнасці. Інфармацыйныя тэхналогіі дазваляюць сістэматызаваць праектную дзейнасць і рэалізаваць прынцып даступнасці і мабільнасці праектаў.
У выніку дзейнасці секцыі біялогіі і хіміі створаны камп’ютарны прадукт “Пазакласная праектная дзейнасць ва ўмовах гімназіі”. У ходзе рэалізацыі праектаў выкарыстоўваюцца: прэзентацыі MS PowerPoint, аўдыё і відэа, сэрвісы Web 2.0, 3D-мадэлі, Flash, інтэрактыў.
Іскрынка нашых праектаў — магчымасць выкарыстання эка-канструктара і інтэрактыўнай дошкі ў праграме Notebook на этапе прагназавання праекта. Найбольш значнымі з’яўляюцца праекты: “Першацветы гарадскога парку”, “Птушкі Дзятлаўскага раёна”, “Вясёлка здароўя”, “Беражы сябе, беражы краіну” і інш.
Праект “Першацветы гарадскога парку” дазволіў адпрацаваць навыкі вызначэння раслін (выкарыстанне вызначальнай карткі ў выглядзе вэб-старонкі для навучання рабоце з дзіхатамічным вызначальнікам). Было праведзена мадэліраванне фітадызайну парку пры дапамозе інтэрактыўнай дошкі ў праграме Notebook. Электронная візітоўка праекта — графічнае адлюстраванне ў JPG-фармаце з разрашэннем 800х600 p.
У ходзе рэалізацыі праекта “Птушкі Дзятлаўскага раёна” адпрацаваны навыкі выкарыстання гукавых файлаў: параўнанне рэальных галасоў птушак і гукаперайманняў, вызначэнне птушак па гукаперайманнях і фанаграмах; падборка кругавых фанаграм з галасамі птушак, выкарыстанне відэафрагментаў і Flash-анімацый; распрацоўка тэстаў для самаправеркі з графічным заданнем; пошук у інтэрнэце выяў птушак і стварэнне калекцыі.
Практычныя навыкі разліку харчовых рацыёнаў і каларыйнасці ежы з выкарыстаннем сэрвісу Web 2.0 былі сфарміраваны ў навучэнцаў падчас рэалізацыі праекта “Вясёлка здароўя”. Анлайнавы разлік каларыйнасці рацыёну ў Макдональдсе і работа з этыкеткамі прадуктаў дапамаглі сфарміраваць навыкі здаровага харчавання. У праекце “Вясёлка здароўя” вывучаліся таксама ўласцівасці вады (выкарыстанне найпрасцейшага візуалізатара малекул; паведамленне аб ўласцівасцях вады і яе значэнні для жывых арганізмаў), вялася работа па мадэліраванні біяпалімераў (распрацоўка групавой практычнай работы — групы працуюць з камп’ютарнымі RasMol і ProteinDataBank і з аналагавымі мадэлямі. Была праведзена экскурсія па адным з рэсурсаў інтэрнэту — ProteinDataBank — з мэтай навучыць школьнікаў шукаць мадэлі бялка, якія іх цікавяць.
Найбольш актуальным мы сёння лічым праект “Беражы сябе, беражы краіну”, прысвечаны ўплыву мабільнай сувязі на здароўе чалавека. Выкарыстанне Flash-анімацыі і інтэрактыву дазволіла ўцягнуць у праект практычна ўсіх гімназістаў і педагогаў. У рамках праекта праводзілася анкетаванне. Высветлілася, што дзяўчынкі размаўляюць па мабільным тэлефоне прыкладна 35 хвілін у дзень, хлопцы — 15. Падчас мабільнай размовы павышаецца тэмпература ў скроневай долі, і змяняюцца паказчыкі ціску і пульсу. Падчас рэалізацыі гэтага праекта шырока выкарыстоўваўся інтэрнэт. Доктар біялагічных навук, прафесар Аляксандр Мікалаевіч Стажараў сцвярджае, што электрамагнітная энергія, якая выпраменьваецца сотавым тэлефонам, выклікае ўзмацненне вагальных вярчальных рухаў малекул, што адбіваецца ў павелічэнні тэмпературы тканкі. У выніку эндакрынная сістэма чалавека пераходзіць ва ўзбуджаны стан, што ўплывае на паказчыкі ціску і пульсу. Нашы даследаванні супадаюць з тэарэтычна чаканымі. Думаем, што пагаршэнне зроку многіх гімназістаў таксама выклікана электрамагнітным выпраменьваннем мабільных тэлефонаў. Выпрацаваны практычныя рэкамендацыі:
1. Гаварыць па мабільным тэлефоне не больш як 2-3 хвіліны.
2. Максімальна выкарыстоўваць стацыянарную сувязь.
3. Захоўваць мабільнік ў метры ад сябе.
4. Не размаўляць у машыне і любой замкнёнай прасторы.
5. Ва ўмовах гімназіі вызначыць дзень адмаўлення ад мабільнай сувязі.
6. Правесці акцыю сярод жыхароў Дзятлава “Мабільнік і здароўе”.
Выкарыстанне інфармацыйных рэсурсаў у праектнай дзейнасці дазваляе пабудаваць адкрытую сістэму адукацыі, якая забяспечвае кожнаму школьніку ўласную траекторыю навучання, вывучаць з’явы і працэсы ўнутры складаных тэхнічных і біялагічных сістэм на аснове выкарыстання сродкаў камп’ютарнай графікі і мадэліравання.
У адрозненне ад звычайных тэхнічных сродкаў навучання ІКТ дазваляюць не толькі даваць навучэнцам шмат гатовых, строга выбраных, адпаведным чынам арганізаваных ведаў, але і развіваць інтэлектуальныя, творчыя здольнасці, уменне самастойна набываць новыя веды, працаваць з рознымі крыніцамі інфармацыі.

Валянціна БАГДАНОВІЧ,
настаўніца біялогіі.