Семінар-практыкум “Змест кампетэнцый для фарміравання дэмакратычнай культуры і іх дэскрыптары” прайшоў у Мінскім дзяржаўным лінгвістычным універсітэце. У рабоце семінара прынялі ўдзел 30 настаўнікаў англійскай мовы ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі Мінска, выкладчыкі ІПКіПК МДЛУ.
Сучасны свет, які глабалізуецца, дыктуе свае правілы: падрастаючае пакаленне павінна быць адукаваным і валодаць кампетэнцыямі міжкультурнага ўзаемадзеяння, прадукцыйных і бесканфліктных зносін, моўнымі навыкамі; праяўляць адказнасць пры прыняцці рашэнняў, справядлівасць і разуменне ў сітуацыях сацыяльна-культурнай разнастайнасці. Навучэнцы і студэнты павінны стаць актыўнымі грамадзянамі, і асноўная адказнасць у гэтай сферы кладзецца на адукацыю. У дэмакратычным грамадстве, якое вызначаецца культурнай разнастайнасцю, павінна быць створана магчымасць для актыўнага саўдзелу грамадзян. Вяршэнства законаў, павага да правоў чалавека, здольнасць слухаць адно аднаго, культура супрацоўніцтва, мірнае ўрэгуляванне канфліктаў, абарона правоў меншасцей, актыўны ўдзел у грамадскім жыцці розных культурных груп — усё гэта з’яўляецца складовай часткай дэмакратычнай культуры.
У мэтах садзейнічання ўдзелу моладзі ў грамадскім жыцці распрацоўваецца шэраг інструментаў, нараўне з сістэмай сумеснага кіравання, з дапамогай якой прадстаўнікі маладзёжных арганізацый і ўрадаў краін разам працуюць над фармуляваннем і рэалізацыяй маладзёжнай палітыкі Савета Еўропы. Асаблівай увагі заслугоўвае мадэль кампетэнтнасцей для фарміравання дэмакратычнай культуры. Менавіта гэтай тэме быў прысвечаны семінар-практыкум “Змест кампетэнцый для фарміравання дэмакратычнай культуры і іх дэскрыптары”.
У сваім прывітальным слове дырэктар ІПКіПК МДЛУ Л.А.Трыгубава сфакусіравала ўвагу ўдзельнікаў на ідэі перадачы сацыяльных і дэмакратычных каштоўнасцей праз адукацыю і падмацаванне іх рэальнай адукацыйнай практыкай: немагчыма навучыць навыкам дэмакратычнага жыцця па-за практыкай дэмакратычнага ўдзелу ў штодзённым жыцці школы. Фарміраванне кампетэнцый для дэмакратычнай культуры прадугледжвае ўключэнне ў змест навучання і вучэбнай дзейнасці (незалежна ад вучэбнага прадмета) агульначалавечых, гуманістычных каштоўнасцей і міжкультурнага кантэнту і дыялогу. Асваенне такога сацыяльна-культурнага кампанента будзе садзейнічаць прыняццю культурнай разнастайнасці свету, цярпімасці ў галіне міжкультурных адносін, гатоўнасці да дыялогу і ўзаемаразумення.
Асноўнай мэтай семінара стала знаёмства ўдзельнікаў з праектам Савета Еўропы “Кампетэнцыі для фарміравання дэмакратычнай культуры (Competences for Democratic Culture), які пілатуецца ў цяперашні момант яшчэ ў дванаццаці краінах Еўропы: Албаніі, Андоры, Арменіі, Бельгіі, Чэхіі, Эстоніі, Нарвегіі, Чарнагорыі, Грузіі, Люксембургу, Партугаліі, Румыніі.
Рэалізацыя праекта патрабуе пераходу ад “педагогікі няўдзелу” да асобасна арыентаванай адукацыі, якая прадугледжвае апору на сацыякультурны вопыт навучэнцаў, улік іх індывідуальных асаблівасцей, спалучэнне калектыўных і індывідуальных форм работы, шырокае выкарыстанне інтэрактыўнага навучання, уключэнне ў змест навучання актуальных сацыяльных сітуацый і праблем. Сучасная сістэма адукацыі на ўсіх яе ўзроўнях, арыентаваная на забеспячэнне ўстойлівага дэмакратычнага грамадства, павінна спрыяць фарміраванню ў навучэнцаў кампетэнцый, якія грунтуюцца на ведах, разуменні, здольнасцях і адносінах. Працэс развіцця гэтых кампетэнцый можа быць рэалізаваны праз навучанне дзеяннем, якое прадугледжвае стварэнне праблемных сітуацый, якія мадэлююць сацыяльныя праблемы жыцця ў грамадстве і ўцягненне навучэнцаў у працэс іх вырашэння. Такім чынам, у педагагічнай адукацыі і павышэнні кваліфікацыі настаўнікаў павінна ўзмацняцца так званая калектыўная стратэгія выкладання і навучання, якая ўключае ў сябе навучанне ў супрацоўніцтве, актыўнае навучанне, работу ў камандзе. Менавіта гэтая стратэгія, як сведчыць міжнародны вопыт, з’яўляецца найбольш эфектыўнай для фарміравання сацыяльных, культурных, этычных, палітычных ведаў і ўменняў у сферах грамадзянскай культуры, міжкультурнага ўзаемадзеяння, сацыяльнай адказнасці.
Старшы выкладчык кафедры паслядыпломнай моўнай адукацыі ІПКіПК МДЛУ І.У.Зубрыліна падрабязна апісала мадэль кампетэнцый для фарміравання дэмакратычнай культуры і дваццаць кампетэнцый, якія ўваходзяць у яе. Каб лепш зразумець змест кампетэнцый, удзельнікам семінара было прапанавана суаднесці кампетэнцыі з іх азначэннямі і размеркаваць іх па чатырох групах: “Каштоўнасці” (Values), “Адносіны” (Attitudes), “Уменні” (Skills), “Веды” (Knowledge).
Лагічным працягам знаёмства з мадэллю кампетэнцый для фарміравання дэмакратычнай культуры стала прадстаўленне шасці тэматычных апытальнікаў, якія ўключаюць некалькі кампетэнцый і дэскрыптараў (ад 10 да 57), якія апісваюць іх і з’яўляюцца апісаннем характарыстык, якасцей, уласцівасцей асобы ў працэсе фарміравання кожнай кампетэнцыі. Удзельнікі семінара працавалі ў групах, аналізавалі дэскрыптары і іх фармулёўкі, складалі спісы пытанняў, на аснове якіх будуць распрацаваны практычныя пакрокавыя рэкамендацыі для пілатавання гэтага праекта.
З мэтай пілатавання праекта і далейшага ўкаранення кампетэнцый у адукацыйны працэс удзельнікам семінара былі пададзены неабходныя матэрыялы. Наступны семінар-практыкум па гэтай праблематыцы плануецца ў верасні 2016 года.
Інеса ЗУБРЫЛІНА,
старшы выкладчык кафедры паслядыпломнай моўнай адукацыі
Інстытута павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў
Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта.