Усё пачынаецца са школы, а ў школе ўсё пачынаецца з настаўніка. І якія б метады ні адкрывалі, якое б абсталяванне ні прывозілі ў клас — інтэрактыўную дошку, тэлевізар ці камп’ютар — галоўным, вечным і нязменным у школе застаецца НАСТАЎНІК.
“…Как бы ни был компьютер хорош,
Без меня, человека живого,
Вся цена ему — ломаный грош”.
Я заўсёды марыла стаць настаўніцай. Сто разоў уяўляла сабе свой першы клас, першы ўрок, першы бацькоўскі сход, пракручвала ў галаве, як у кіно. Бачыла ў сне сваіх першых навучэнцаў. Дзеці, дзеці… Гэтыя няўрымслівыя чалавечкі кожны дзень загадваюць нам, дарослым, такія загадкі, што не адразу знойдзеш адказ, а іншым разам менавіта яны выкладаюць урокі жыцця. Трэба ўсяго толькі зразумець дзіця, усміхнуцца яму, узяць за руку. Заглянуць у яго душу і не пакінуць яго “загадку” без увагі. Усвядоміць, што любое дзіця — гэта Чалавек. Успрымаць яго як роўнага сабе, зрабіць яго сваім аднадумцам, абудзіць яго думку і даць яму магчымасць ганарыцца сабой. Менавіта з такой філасофіяй — філасофіяй дабра, павагі Чалавека ў дзіцяці — я ішла ў школу. І гэта ПЕРШАЕ.
ДРУГОЕ. Выхаванне ўпэўненасці ў сабе і ў сваіх навучэнцах.
Не трэба блытаць упэўненасць з самаўпэўненасцю і фанабэрыстасцю.
Упэўнены чалавек — гэта не той, хто выглядае ганарліва. Упэўненасць выяўляецца ў тым, што чалавек проста не задумваецца пра нейкае пытанне ці сітуацыю. Упэўненасць — гэта калі вашы эмоцыі па нейкай прычыне не ідуць ні ў плюс, ні ў мінус — вы проста робіце тое, што лічыце патрэбным, без страху і сумненняў.
Каб выхаваць у дзіцяці пачуццё ўпэўненасці, не трэба параўноўваць яго з іншымі дзецьмі. Больш правільны шлях — навучыць яго параўноўваць сябе “сённяшняга” з сабой “учарашнім” і бачыць сябе “заўтрашняга”. Вы можаце сказаць свайму навучэнцу: “Учора ты не мог гэта рабіць, але сёння ты гэта зрабіў. Я ганаруся табой”. Ці: “Сёння ты дрэнна падрыхтаваўся да ўрока. Але заўтра, калі зробіш тое і тое, можаш атрымаць лепшую адзнаку”. Заўсёды пакідайце дзіцяці шанс змяніцца да лепшага.
ТРЭЦЯЕ. Дазвольце вашаму навучэнцу паспрачацца з вамі, хаця б калі-нікалі. Калі вы зрабілі гэта, то рухайцеся далей: дазвольце яму пераканаць вас у нечым для яго важным. Пасля зрабіце наступны крок: дазвольце яму хаця б раз павесці сябе так, як ён лічыць патрэбным, нават калі вы катэгарычна не згодныя. Не памыляецца толькі той, хто нічога не робіць. Дабіцца таго, каб сумненні не перашкаджалі жыць, не псавалі якасць жыцця, можна толькі адным чынам — дзейнічаць насуперак ім.
Навучыце дзяцей часта паўтараць такія словы: “Мне заўсёды шанцуе”, “Я ўсё магу”, “У мяне ўсё атрымаецца”, “Усё будзе добра”.
Калі да слова “трэба”, дадаць “мне”, атрымаецца — “гэта трэба мне”. Тым больш усё атрымаецца, калі яшчэ і да няўпэўненага “змагу?” дадаць “я змагу!”. Адсюль: “Я хачу гэта рабіць, таму што гэта трэба мне, я змагу гэта зрабіць”.
ЧАЦВЁРТАЕ. ХХІ стагоддзе — час высокіх камп’ютарных тэхналогій. Сучаснае дзіця жыве ў свеце электроннай культуры. Мяняецца і роля настаўніка — ён павінен стаць каардынатарам інфармацыйнага патоку. Значыць, настаўніку неабходна валодаць сучаснымі методыкамі і новымі адукацыйнымі тэхналогіямі, каб гаварыць на адной мове з дзіцем.
ПЯТАЕ. Вера і дзеянне. Менш бойцеся і перажывайце. Гэта перашкаджае прыняць правільнае рашэнне. Да таго ж, страх і перажыванні негатыўна ўплываюць на здароўе. І каб іх пазбавіцца, старайцеся больш усміхацца і смяяцца. Паверце, што значна лягчэй і цудоўней жыць, ідучы па жыцці з усмешкай і аптымізмам. Празмерна акцэнтуючы ўвагу на сваіх комплексах, людзі самі правакуюць іх развіццё. Часта тое, з чаго многія з нас ствараюць сабе комплексы, можна падаць як вартасць, як іскрынку, здольную выгадна нас адрозніць ад іншых. Але поспех залежыць толькі ад вашых адносін. Правільныя адносіны да сябе, да сваіх недахопаў і вартасцей дапамогуць вам пазбавіцца ад комплексаў.
Пастарайцеся спадабацца сабе, бо ўсім не спадабаешся. Вы павінны не толькі быць упэўненымі ў сабе і ў сваіх словах, але гаварыць ісціну і жыць у адпаведнасці з ёй. Гэта зробіць вас сапраўды шчаслівым чалавекам. Вас пачнуць паважаць іншыя, вас будуць любіць. А любоў жа з’яўляецца найвышэйшым паказчыкам любых адносін. Ваша жыццё стане цікавым і яркім. Запомніце: выніку ў барацьбе з комплексамі, ды і ў любых іншых пачынаннях, можна дасягнуць дзякуючы двум фактарам — веры і дзеянню. Таму верце ў свае сілы і дзейнічайце, і ўсё ў вас атрымаецца.
ШОСТАЕ. Унутраная матывацыя.
На жаль, аўтарытэт прафесіі настаўніка ў грамадстве не на належным узроўні. Таму вядучай у працэсе мадэрнізацыі настаўніка зараз з’яўляецца ўнутраная матывацыя. Жаданне працаваць у школе, няхай іншы раз не дзеля, а наперакор. Жаданне атрымліваць радасць ад маленькіх перамог сваіх навучэнцаў. Жаданне адчуваць сваю неабходнасць людзям. А яшчэ пастаянная незадаволенасць сабой. І менавіта гэтая незадаволенасць прымушае нас імкнуцца да новага, лепшага, каб ісці ў нагу з часам.
СЁМАЕ. Мабільнасць.
Настаўнік павінен стаць мабільным, цікавым, здольным адказаць на любое пытанне. Патрабавальнасць да сябе — перш за ўсё! Бо асоба настаўніка — асноўны фактар любога навучання. Я лічу, што майстэрства настаўніка не выпадковая знаходка, а сістэматычны, карпатлівы пошук і праца, часта чорная, будзённая, напоўненая трывожнымі роздумамі, адкрыццямі і няўдачамі.
ВОСЬМАЕ. Кваліфікацыя.
Сучасны настаўнік — прафесіянал, які валодае комплексам якасцей, якія садзейнічаюць паспяховай перадачы ведаў. Калі трэба, ён артыст, мастак, патрабуецца — пісьменнік, спявак. Адметнымі рысамі сучаснага педагога, педагога-майстра з’яўляюцца пастаяннае самаўдасканаленне, самакрытычнасць, эрудыцыя і высокая культура працы.
Сучасны настаўнік павінен быць канкурэнтаздольным. Так, гэта веянне новых часоў, вынік рыначнай эканомікі. Канкурэнцыя дае штуршок да развіцця прафесіяналізму, да павышэння кваліфікацыі. Але высокая кваліфікацыя не заўcёды дае поўную карціну настаўніка як асобы. Нельга, каб сучасны настаўнік думаў, перш за ўсё, пра здачу кваліфікацыйнага экзамену, а не пра стасункі з дзецьмі. Гэта праблема існуе ў сённяшняй школе. Нельга, каб прафесіяналізм зводзіўся толькі да здачы тэстаў, іначай мы атрымаем замест чалавека кібарга, які не здольны працаваць з дзецьмі, стасавацца з імі. Для прафесіянала важная ацэнка яго дзейнасці, у тым ліку, яго дзейнасці праз навучэнцаў.
Сапраўдны педагог, колькі жыве і працуе, столькі і вучыцца, таму што жыццё, няхай гэта і банальна, не стаіць на месцы. А калі ты настаўнік і хочаш быць для свайго навучэнца цікавым, то вырашэнне тут ёсць адно — вучыся. Але ж можа, атрымаўшы дыплом аб адукацыі, больш самому “не самаадукоўвацца”? Але тады вам у школе з дзецьмі проста не па дарозе. Л.М.Талстой сказаў аднойчы, што добраму настаўніку дастаткова мець толькі дзве якасці — вялікія веды і вялікае сэрца. І якія падзякі могуць параўнацца з гэтым шчасцем!
ДЗЯВЯТАЕ. Як настаўнік я абавязана перадаваць прадметныя веды, але яшчэ я бачу сваю задачу ў тым, каб вучыць дзяцей любіць і вучыцца любіць. Усё гэта, з майго пункта гледжання, не толькі робіць з маіх навучэнцаў пісьменных і самабытных асоб, але і, што немалаважна, дапамагае ім вучыцца быць Чалавекам — гуманным, міласэрным да ўсяго навокал, жыць без насілля, без страху, ставіцца да чалавечага жыцця як да вышэйшай каштоўнасці. Дарэчы тут будуць словы С.В.Бяловай:
Думала: главное — формировать,
Делать, ваять, лепить.
Думала: верный маршрут показать,
Править, лечить, учить.
Думала: рваться, бороться, рубить,
Мчаться, коль сила несет.
А оказалось — всего лишь любить.
Только любить. Вот и всё.
ДЗЯСЯТАЕ. Настаўнік пачатковых класаў — прафесія асаблівая. Вельмі вялікія задачы стаяць перад ім. Вялікая адказнасць і вялікая любоў. Любоў — вызначальная якасць гэтай спецыяльнасці: любоў да дзяцей — наўрад ці без яе можна стаць Настаўнікам; любоў да працы — прафесія прадугледжвае штодзённую ўпартую працу; любоў да жыцця — без аптымізму ў школе сёння не выжыць. Трэба шмат сіл для таго, каб навучыць чытаць, лічыць, пісаць, сябраваць, жыць па школьных і агульначалавечых правілах.
Унікальнасць прафесіі ў тым, што не ўсе, хто паступаюць у педагагічныя ўніверсітэты, становяцца настаўнікамі. А хто ж можа стаць Настаўнікам? Ды той, у каго аснова педагагічнага майстэрства — Любоў і Талент!
Як часта на тварах незнаёмых людзей я чытаю спачуванне пры адказе на пытанне кім і дзе я працую.
— Няўжо ад гэтай вар’яцкай работы яшчэ можна атрымліваць задавальненне? — з жахам пытаюцца мае знаёмыя.
— Так, можна працаваць і за невялікую зарплату і адчуваць сябе шчаслівым чалавекам, — адказваю я ім.
Працуючы настаўнікам, стараешся часта адчуць, асэнсаваць, можа, да гэтага часу не раскрытую для сябе ісціну: “Хто ж ты, педагог? У чым сэнс тваёй працы?” Пекар праз некалькі гадзін радуецца спечанаму хлебу, цырульнік ужо праз гадзіну бачыць вынік сваёй працы, аграном бачыць ніву, якую ён вырасціў. І толькі настаўніку трэба працаваць і працаваць, чакаць гадамі, каб убачыць вынік свайго тварэння і адчуць сябе шчаслівым. Настаўнік больш і часцей за іншых незадаволены сабой і сваёй работай, а памылкі, дапушчаныя ў настаўніцкай працы, куды больш страшныя, чым іншыя памылкі: бо яны раняць дзіцячыя душы. Педагог у нейкай меры акцёр. Ён не мае права пераносіць “на сцэну” свае асабістыя перажыванні. Настаўніку заўсёды трэба ўваходзіць у клас са светлай душой, усмешкай, што б ні здарылася, якія б ні сустрэліся цяжкасці ў жыцці.
Вельмі дакладна і трапна пра настаўніка напісаў вядомы пісьменнік С.Л.Салавейчык: “Ён артыст, але яго слухачы і гледачы не апладзіруюць яму. Ён — скульптар, але яго працы ніхто не бачыць. Ён — урач, але яго пацыенты рэдка дзякуюць яму за лячэнне і далёка не заўсёды хочуць лячыцца. Дзе ж яму ўзяць сілы для штодзённага натхнення? Толькі ў самім сабе, толькі ва ўсведамленні велічы сваёй справы”.
Віялета ПАПКОВІЧ,
настаўніца пачатковых класаў сярэдняй школы № 3 Жабінкі Брэсцкай вобласці,
фіналістка конкурсу «Настаўнік года Рэспублікі Беларусь-2009».