Экскурсія ў заказнік “Лябяжы”

У гэтым годзе для навучэнцаў школ Мінска было праведзена 40 экскурсій у Рэспубліканскі біялагічны заказнік “Лябяжы”. Арганізатарам гэтых экскурсій выступіла рэспубліканская арганізацыя “Ахова птушак Бацькаўшчыны”, сталічныя гімназія № 19 і сярэдняя школа № 126. У якасці экскурсаводаў працавалі настаўніцы Ірына Міхайлаўна Новік, Святлана Анатольеўна Мядзведзева, Наталля Уладзіміраўна Мураўёва, Інеса Аляксееўна Кніга. Падчас экскурсій дзеці пазнаёміліся з незвычайным і ўнікальным па сваім паходжанні месцам, якое знаходзіцца ў межах горада і з’яўляецца асабліва ахоўнай прыроднай тэрыторыяй для Беларусі.

Біялагічны заказнік “Лябяжы” з’яўляецца ўнікальным месцам па дзвюх асноўных прычынах: па-першае, ён размяшчаецца ў межах буйнога мегаполіса — Мінска, па-другое, мае антрапагеннае паходжанне — ён створаны на месцы торфараспрацовак. Спалучэнне некалькіх тыпаў экасістэм у межах заказніка, а таксама яго размяшчэнне дазволіла настаўнікам цалкам асвятліць тэмы гэтых заняткаў, а галоўнае — пазнаёміць навучэнцаў з відавой разнастайнасцю жывых арганізмаў гэтых экасістэм.
Заказнік “Лябяжы” быў створаны 27 снежня 1984 года з мэтай захавання каштоўных папуляцый вадаплаўных і балотных птушак, якія жывуць на яго тэрыторыі. Менавіта тады арнітолагі заўважылі пару лебедзяў-шыпуноў, занесеных у той час у Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь, і фактычна дзякуючы ім гэтая тэрыторыя і атрымала статус заказніка. Значная частка тэрыторыі заказніка занята нізіннымі асаковымі балотамі, якія служаць асноўным месцам гнездавання ахоўных відаў птушак, а таксама маладымі хваёвымі і бярозавымі лясамі. Агульная плошча Рэспубліканскага біялагічнага заказніка “Лябяжы” складае 51,5 гектара.
Настаўнікі-экскурсаводы намецілі экскурсійную сцежку, распрацавалі сцэнарый экскурсій з выкарыстаннем рознаўзроўневых і рознаўзроставых заданняў, гульняў і пытанняў, падрыхтавалі навучэнцаў, якія прынялі ўдзел у ролевых гульнях. Аляксандра Каранеўская, навучэнка гімназіі № 19, сыграла ролю Нязнайкі і ролю бабулі, навучэнцы сярэдняй школы № 126 Марыя Сіманава, Святлана Аўчыннікава, Лізавета Малмыга, Хрысціна Задарожная, Любоў Патапенка, Ганна Шайко правялі для дзяцей біялагічныя гульні. Рэспубліканская арганізацыя “Ахова птушак Бацькаўшчыны” выдзеліла экскурсійны аўтобус і абсталяванне — фотакамеру, біноклі, лупы, паходныя крэсліцы, блакноты, алоўкі. Загадзя дзяцей раздзялілі на рабочыя групы па 9—10 чалавек, якія пазней атрымалі заданні. Усе назіранні падчас экскурсіі дзеці вялі толькі з адведзеных для гэтага месцаў. У заказніку зроблены спецыяльны памост з агароджай для правядзення такіх назіранняў.
Перад пачаткам экскурсій экскурсаводы растлумачылі дзецям, што адным з напрамкаў прыродаахоўнай дзейнасці з’яўляецца захаванне рэдкіх відаў дзікіх жывёл і дзікарослых раслін, якія знаходзяцца пад пагрозай знікнення, і асветніцкая работа з моладдзю. Праводзячы экскурсію ў веснавы сезон, неабходна памятаць, што ў гэты перыяд ідзе гнездаванне многіх ахоўных відаў птушак, таму наведвальнікі павінны паводзіць сябе вельмі ціха, каб не выклікаць іх непакой.
На тэрыторыі заказніка растуць 369 сасудзістых раслін, некаторыя з іх з’яўляюцца чырванакніжнікамі (відомец балоцісты, трыастрэннік балотны). Флора заказніка ў асноўным тыповая для прыгарадных зон буйных гарадоў. Асноўным дамінантным відам, які пераважае ў лясной экасістэме “Лябяжага”, з’яўляецца бяроза. Амаль 95 працэнтаў ляснога масіву прадстаўлена маладым бярэзнікам. У межах лясной экасістэмы расце вялікая колькасць вострых, меданосных і лекавых раслін. На адкрытай тэрыторыі заказніка сустракаюцца пераважна травяністыя формы раслін: сардэчнік пяцілапасны, канюшына раллёвая, канюшына лугавая, васілёк лугавы і іншыя. Пры руху па экалагічнай сцежцы ад ляснога масіву да вадаёма мяняецца і відавы склад флоры. Паблізу вадаёма можна ўбачыць такія расліны, як зябер, лазаніца, вятроўнік, паўночнік, капытнік, мята. Але перавага ўсё ж застаецца за такімі карэннымі насельнікамі ўвільготненых месцаў, як вярба, рагоз, чарот, сітнік, асака, аер і трыснёг.
На тэрыторыі заказніка сустракаецца 11 відаў млекакормячых. У лясным масіве жывуць такія млекакормячыя, як заяц-русак, звычайная вавёрка, белагруды вожык, амерыканская норка, звычайная палёўка, палявая і лясная мышы. Вельмі цікавым з’яўляецца факт жыхарства такіх дробных, але грозных звяркоў, як ласкі. Бліжэй да вадаёма можна ўбачыць андатру, вадзяную палёўку, з паўзуноў сустракаецца вуж звычайны, яшчарка жывародзячая.
Сучасная разнастайнасць арніталагічнай фаўны ўключае ў сябе такіх насельнікаў птушак, як азёрныя чайкі, крыжанкі, лысухі, трысняговыя аўсянкі (прадстаўнікоў гэтых відаў налічваецца тут больш за ўсё). Нямала птушак-чырванакніжнікаў можна было ўбачыць у межах заказніка — гэта турухтаны, малая крачка, малая чайка, малы бугай. У заказніку селяцца птушкі, якія маюць агульнаеўрапейскую прыродаахоўную значнасць, напрыклад: чырка-траскунок, вялікі вераценнік, траўнік, шэрая мухалоўка, звычайны жулан. Усяго на тэрыторыі заказніка жыве каля 98 відаў птушак. На момант росквіту заказніка (канец 80-х — пачатак 90-х гадоў) тут рэгістравалася каля 120 відаў розных птушак (каля 10 рэдкіх і ахоўных). У іх ліку былі як пералётныя, так і тыя, якія гняздзяцца. А гэта больш чым 30% ад відавога складу Беларусі. Тры гады назад у летнія месяцы ў перыяд гнездавання пры правядзенні ўліку птушак было налічана каля 55 відаў. Колькасць птушак ужо тады скарацілася амаль у тры разы. Вясной 2014 года арнітолагі зафіксавалі толькі 2 віды ахоўных птушак, з іх адзін залётны — арлан белахвост, які гняздуецца ў дуброве Мастоўскага раёна Гродзенскай вобласці. Значыць, можна зрабіць выснову, што на тэрыторыі заказніка большае ўздзеянне аказваюць адмоўныя антрапагенныя фактары. Самае яркае таму пацвярджэнне — значнае знікненне калоніі азёрных чаек, якія з’яўляюцца экалагічна пластычным відам. Ва ўсіх запаведных зонах ідзе павелічэнне колькасці ахоўных відаў. У заказніку “Лябяжы” назіраецца адваротная тэндэнцыя.
Сажалка Лебяжая — ядро заказніка. У вадаёме зарэгістравана 10 відаў рыб. На паверхні сажалкі можна бачыць раску малую, у самым вадаёме добра прыметна эладэя канадская. З беспазваночных сустракаюцца жукі-плывунцы і вадалюбы, вадзяны скарпіён, павук-серабранка, балацянікі і катушкі.
Пасля экскурсіі кожная група навучэнцаў зрабіла міні-справаздачу па разнастайнасці відаў гэтай тэрыторыі. Экскурсаводы падкрэслілі значэнне захавання біяразнастайнасці, узаемасувязь паміж будовай і ўмовамі існавання арганізмаў, што дазволіць у далейшым сфарміраваць такія паняцці, як “адаптацыя”, “ахоўная афарбоўка”, “перасцерагальная афарбоўка”. Падчас такой экскурсіі навучэнцы робяць выснову аб прычынах скарачэння колькасці ахоўных відаў птушак. Астатняя апрацоўка сабранага матэрыялу праходзіць у навучальных установах. На падвядзенні вынікаў настаўнікі прадэманстравалі слайды тых відаў, якія сустракаліся падчас экскурсіі. Створаны электронны экскурсійны альбом дазволіць праводзіць маніторынг экалагічнага стану гэтай тэрыторыі.

Рэкамендацыі па правядзенні экскурсіі

Урок-экскурсія ў 5 класе па прадмеце “Чалавек і свет” “Чалавек у свеце культуры”, урок-экскурсія ў 6 класе “Роля чалавека ў прыродзе. Ахова жывой прыроды”, экскурсія № 2 у 7 класе “Разнастайнасць кветкавых раслін, іх месцаў жыхарства. Веснавыя з’явы ў жыцці раслін”, экскурсія ў 8 класе “Відавая разнастайнасць жывых арганізмаў розных экасістэм”, урок-экскурсія ў 11 класе “Запаведная справа і ахова прыроды” прадугледжаны вучэбнай праграмай. Гэтыя экскурсіі (урокі-экскурсіі) можна праводзіць на тэрыторыі заказніка “Лябяжы”, выкарыстоўваючы яго багатую відавую разнастайнасць раслін і жывёл (за выключэннем ахоўных і атрутных). Іх мэта — сістэматызацыя і абагульненне практычных ведаў навучэнцаў па пройдзеных тэмах на прыкладзе жывых аб’ектаў.
Прыродаахоўная дзейнасць павінна пачынацца з асветніцкай работы. Назву экскурсіі № 2 у 7 класе неабходна змяніць. Замест “Разнастайнасць кветкавых раслін, іх месцаў жыхарства. Веснавыя з’явы ў жыцці раслін” прапанаваць больш шырокую тэму “Разнастайнасць раслін, іх месцаў жыхарства. Веснавыя з’явы ў жыцці раслін”, бо многія драўняныя формы раслін, папараці і мхі не адносяцца да кветкавых раслін. Экскурсіі можна праводзіць у рамках праграмы факультатыўных заняткаў “Дзікая прырода Беларусі”, якая накіравана на пашырэнне ведаў навучэнцаў аб прыродных згуртаваннях, узаемадзеянні паміж арганізмамі, прыродзе Беларусі. У класах з высокім узроўнем навучанасці рэкамендую выкарыстоўваць праблемны метад навучання, з сярэднім — пошукавы, а з нізкім — тлумачальна-ілюстрацыйны. Мае месца таксама спалучэнне розных метадаў на розных этапах экскурсіі.
Асветніцкай работай пра гісторыю стварэння заказніка “Лябяжы”, экалагічныя праблемы заказніка, класіфікацыю балот, тарфяна-балотныя вобласці і раёны Беларусі, карыснасць балот, пра балотазнаўства, пра творы, у якіх згадваецца балота, настаўнік займаецца па дарозе ў заказнік. Ролевыя тэатралізаваныя паказы (“Гутарка Нязнайкі з экскурсаводам”, “Бабуля пасля генеральнай уборкі”) дазволяць навучэнцам лёгка засвоіць вучэбны матэрыял. У гутарцы аб разнастайнасці раслін водных і балотных месцаў жыхарства, асаблівасцях розных жыццёвых форм раслін, веснавых з’явах у жыцці раслін настаўнік можа спасылацца на літаратурныя крыніцы, біялагічныя вызначальнікі раслін. Найбольш цікаўным навучэнцам можна прапанаваць вызначыць расліны самастойна. З мэтай кантролю ведаў навучэнцаў на кожным этапе ўрока-экскурсіі або ў канцы яго настаўнік праводзіць рэфлексію ў форме франтальнага апытання, рознаўзроўневых заданняў, біялагічных гульняў.
Распрацаваны дадаткі да матэрыялаў экскурсій, дзе дадзены атлас раслін, якія найбольш часта сустракаюцца, атрутныя і ахоўныя расліны заказніка “Лябяжы”, спосабы першай медыцынскай дапамогі ў выпадках атручвання, правілы афармлення віртуальнага гербарыя.
Як можна выкарыстоўваць матэрыялы экскурсій (урокаў-экскурсій) у вучэбнай дзейнасці? Тэму ўрока ў 6 класе “Царства жывых арганізмаў” навучэнцам прасцей будзе ўспрымаць, калі яны ў 5 класе наведалі заказнік “Лябяжы”. Характарызуючы прадстаўнікоў 5 царстваў, навучэнцам лягчэй будзе правільна вызначыць іх прыметы. Вывучаючы тэмы ў 7 класе, мэтазгодна выкарыстоўваць наглядны матэрыял, сабраны ў 6 класе.
§4. Жыццядзейнасць клеткі. Вывучаючы працэс фотасінтэзу, настаўнік ставіць праблемнае пытанне: “Падумайце і раскажыце, адкуль бярэцца крухмал у карэнішчах касача балотнага, плюшча простага, хвашчу лугавога, разака звычайнага і іншых балотных раслін. Што дазваляе гэтым раслінам перазімоўваць?”
§7. Жыццядзейнасць бактэрый. У параграфе прыводзіцца наступнае азначэнне: “Сімбіёз — сумеснае пастаяннае жыхарства пэўнага віду бактэрый з арганізмамі іншых відаў”. Гэтае азначэнне ў школьнікаў пасля экскурсіі ў “Лябяжы” павінна асацыіравацца з прадстаўнікамі лішайнікаў.
§8. Значэнне бактэрый. Цыянабактэрыі жывуць практычна ва ўсіх вадаёмах. Такіх прадстаўнікоў цыянабактэрый, як анабена, насток і асцылаторыя, можна сабраць для школьнага акварыума, для жывой нагляднасці ўрока, для падрыхтоўкі мікрапрэпаратаў.
§13. Аднаклетачныя водарасці, § 15. Мнагаклетачныя водарасці. У возеры Лябяжым сустракаюцца мнагатклетачныя і каланіяльныя водарасці, прэснаводныя насельнікі, такія як хларэла, эўглена зялёная, ульва, хламідаманада, вольвакс, улотрыкс, спірагіра. Кіраўніку рэкамендуецца на экскурсію браць падхватнік, пустыя слоікі для збору жывых нагляднасцей. Пасля экскурсіі з’явіцца магчымасць вывучаць асаблівасці будовы і жыццядзейнасці спірагіры не толькі падчас правядзення лабараторнай работы, але і на кожным уроку, дзе яны будуць бачыць яе ў акварыуме.
§20. Грыбы-паразіты. Губа сапраўдная і губа ілжывая — грыбы-паразіты, якія паразітуюць на бярозе, хвоі, елцы — асноўных пародах нізінных балот.
§22. Жыццёвыя формы і працягласць жыцця раслін. На экскурсіі “Разнастайнасць раслін заказніка “Лябяжы” школьнікі ўбачаць усе жыццёвыя формы. Творчае заданне па гэтай тэме можна прапанаваць наступнае: “Дайце характарыстыку ўсім жыццёвым формам раслін. Прывядзіце прыклады раслін, якія растуць у заказніку “Лябяжы”, вынікі запішыце ў сшытак”.
§39—59. Раздзелы “Споравыя расліны”, “Насенныя расліны”. Вывучаючы гэтыя раздзелы падручніка, можна выкарыстоўваць матэрыялы віртуальнага гербарыя, сабраныя навучэнцамі. Экскурсіі ў “Лябяжы” навучаць дзяцей бачыць праблему, шукаць варыянты вырашэння, камбінаваць розныя аналітычныя падыходы, версіі, пазіцыі, сінтэзаваць іх, фармуляваць высновы. Матэрыялы гэтай экскурсіі шырока будуць выкарыстаны пры вывучэнні курсаў біялогіі ў 8, 11 классах, курсаў медыцынскай падрыхтоўкі ў 10 і 11 класах.
Наведваючы экскурсію ў 8 класе, навучэнцы набудуць навык назіраць за аб’ектамі жывой прыроды (самі заданні прадугледжваюць гэта), даваць ім характарыстыку (апісваць афарбоўку жывёлы, экалагічную групу, асаблівасць харчавання, паводзін, перамяшчэння, палёту, будовы канечнасцей і крылаў, прыстасаванняў у птушак да палёту); праводзіць маніторынг відавой разнастайнасці жывых арганізмаў. У курсе біялогіі 11 класа яны атрымаюць экалагічныя веды. Матэрыял, сабраны падчас папярэдніх экскурсій, дапаможа ім зразумець законы існавання жывой прыроды на розных узроўнях яе арганізацыі. Урок-экскурсія ў 11 класе дазволіць навучэнцам пазнаёміцца з прыродаахоўнымі мерапрыемствамі на канкрэтным прыкладзе заказніка “Лябяжы”, унесці свой уклад у ахову прыроды сваёй мясцовасці.
Экалагічная асвета моладзі дазволіць змяніць свядомасць людзей у цэлым. Паважаныя калегі, настаўнікі біялогіі мінскіх школ, паспрабуйце сваю асветніцкую работу павярнуць у бок аховы відавой разнастайнасці жывых арганізмаў заказніка “Лябяжы”!

Ірына НОВІК,
настаўніца біялогіі сярэдняй школы № 126 Мінска.