Сёння акцэнт у адукацыі дзяцей робіцца на фарміраванні ў іх здольнасці думаць самастойна, знаходзіць і прымяняць веды, эфектыўна працаваць у групах, быць адкрытымі да новых пазітыўных зносін. Менавіта гэтым і абумоўлена ўвядзенне ў адукацыйны працэс метадаў і тэхналогій, у аснове якіх знаходзіцца даследчая і праектная дзейнасць навучэнцаў.
Шукаем творчае заданне для кожнага навучэнца
Вельмі важна своечасова выяўляць адораных дзяцей і спрыяць іх развіццю. Але не менш важна адносіцца да звычайнага навучэнца, як да адоранага. Бо па меркаванні псіхолагаў, усе дзеці таленавітыя, але не ўсе праўляюць свае здольнасці. У педагагічнай практыцы адной з форм работы з адоранымі дзецьмі прынята лічыць даследчую дзейнасць, якая звязана з вырашэннем новых творчых задач і мае на ўвазе самастойнасць дзяцей пры назіранні за эксперыментам, пры аналізе вынікаў, фармуляванні вынікаў і заканамернасцей даследавання.
Апошнім часам у метадычнай літаратуры абмяркоўваецца пытанне аб тым, ці карэктна называць такую дзейнасць навучэнцаў навукова-даследчай. Мне падаецца, паставіць лагічную кропку ў гэтым пытанні можна толькі размежаваўшы паняцці навукова-даследчай дзейнасці і вучэбна-даследчай дзейнасці ў школе.
Навукова-даследчая дзейнасць — гэта від дзейнасці, мэтай якой з’яўляецца атрыманне новых навуковых ведаў. Мэтай жа вучэбна-даследчай дзейнасці ў школе з’яўляецца адукацыйны вынік. Яна накіравана на ўдасканальванне здольнасцей навучэнцаў, развіццё ў іх творчага мыслення. Галоўнае пры гэтым не столькі авалодванне новымі ведамі, колькі навучанне алгарытму вядзення даследавання, тым спецыфічным навыкам, якія могуць быць выкарыстаны потым у іншых даследаваннях любога ўзроўню складанасці і тэматыкі. Варта адзначыць, што самастойная творчая дзейнасць адыгрывае не толькі пазнавальную і развіццёвую ролю. Яна спрыяе сацыяльна-псіхалагічнай адаптацыі навучэнцаў, фарміраванню ў іх паспяховасці, рыхтуе іх да самастойнай жыццядзейнасці ў сучасных умовах. Нездарма ўсё часцей у апошні час дзяцей прыцягваюць даследаванні ў галіне эканомікі, палітыкі, сацыяльнай сферы.
У метадычнай скарбонцы маіх калег ёсць мноства сродкаў, умелае прымяненне якіх спрыяе фарміраванню ў навучэнцаў даследчага інтарэсу. Гэта і арыгінальная пастаноўка праблемных пытанняў, і нестандартнае вырашэнне спрэчных момантаў, і работа над вылучэннем асноўнай думкі ў вучэбным тэксце, і запаўненне пропускаў у лагічных схемах, і паступовае падвядзенне навучэнцаў да дакладнай фармулёўкі пытанняў, на якія яны хочуць атрымаць адказы ў канцы ўрока, і работа з дакументамі, даведачнай літаратурай. Усё гэта спрыяе ўсвядомленаму ўспрыманню і якаснаму засваенню дзецьмі матэрыялу, які вывучаецца.
У сваёй рабоце выкарыстоўваю наступны, важны, на мой погляд, прыём арганізацыі творчай дзейнасці навучэнцаў: асноўныя віды вучэбных работ і тэрміны іх выканання паведамляю дзецям у пачатку чвэрці. Гэта могуць быць заданні зрабіць макет, скласці дыдактычную гульню, прыдумаць віктарыну па гісторыі раёна, напісаць сачыненне ад імя ўдзельніка нейкай важнай гістарычнай падзеі. Навучэнцы выбіраюць тое заданне, якое іх зацікавіла, або прапаноўваюць сваё. Галоўнае — каб быў вынік, каб дзеці больш хутка і якасна засвойвалі школьную праграму і павышалі сваю вучэбную матывацыю.
Выклікае ў дзяцей цікавасць і сістэма тэстаў, якую распрацоўваю ў канцы чвэрці. Яна ахоплівае ўвесь вывучаны па прадмеце за гэты перыяд матэрыял. Кожны тэст суправаджаю варыянтамі адказаў і правільным адказам. Вялікую ўвагу ўдзяляю распрацоўцы творчых дамашніх заданняў (ТДЗ). Асноўная іх мэта — навучыць школьнікаў карыстацца дадатковай літаратурай, навучыць вылучаць галоўнае з агульнай інфармацыі, фарміраваць уменне лаканічна і цікава выкладаць атрыманыя факты, выпрацоўваць аратарскія навыкі і, канечне ж, атрымліваць больш глыбокія веды па прадмеце. Дзецям прапаноўваецца алгарытм работы над ТДЗ: пачынаць перш за ўсё з пошуку літаратуры (у бібліятэках, у інтэрнэце); далей маецца на ўвазе работа з кнігай — вывучэнне назваў артыкулаў па змесце; затым ідзе работа з выбраным артыкулам: прачытаць яго, знайсці галоўную інфармацыю, скласці канспект і г.д.; пераўтварыць усю знойдзеную інфармацыю ў адзін агульны паслядоўны тэкст; затым аформіць работу ў адпаведнасці з пэўнымі патрабаваннямі; нарэшце, падрыхтаваць вуснае выступленне.
Прывяду некаторыя прыклады ТДЗ:
1. “Прыдумай праект” (па гісторыі, геаграфіі, біялогіі, хіміі, фізіцы, інфарматыцы) — гэта значыць, вывучаныя на ўроку з’ява (закон), праграма, уласцівасць і г.д. павінны знайсці прымяненне ў распрацаваных навучэнцамі праектах. Як паказвае практыка, навучэнцы могуць прыдумаць некалькі розных праектаў на адну і тую ж тэму.
2. “Віртуальная экскурсія” або “Віртуальная экспедыцыя” (па гісторыі, геаграфіі) — калі навучэнцы ствараюць прэзентацыі ў Microsoft PowerPoint альбо выкарыстоўваюць іншыя праграмныя сродкі і выступаюць у якасці гідаў (экскурсаводаў). Напрыклад, навучэнец выбірае пэўны геаграфічны маршрут і ажыццяўляе віртуальную экспедыцыю па ім, выкарыстоўваючы адкрыцці і дасягненні вядомых навукоўцаў і першаадкрывальнікаў.
3. “Перапішыце параграф падручніка па-новаму” — перад навучэнцамі ставіцца задача напісаць свой варыянт параграфа па тэме, што вывучаецца, выкарыстоўваючы пры гэтым дадатковую літаратуру.
Галоўнае — самарэалізацыя дзяцей
Асабісты вынік навучэнца — самае важнае ў яго адукацыі. Але да яго трэба мэтанакіравана ісці, яго неабходна арганізаваць. Напрыклад, замест таго, каб выкладаць тэорыю Ньютана аб прыродзе колеру, настаўнік на ўроку стварае практычныя перадумовы для таго, каб кожны навучэнец самастойна сфарміраваў свае ўласныя ўяўленні аб колеры.
Прыкладам арганізацыі такой дзейнасці з’яўляецца турнір юных фізікаў, у якім каманда школы прымае ўдзел. Заданні, прапанаваныя на турніры, не маюць аднаго канкрэтнага рашэння, яны дапускаюць наяўнасць некалькіх правільных рашэнняў. Гэта ў сваю чаргу дае навучэнцам магчымасць праверыць на практыцы самыя розныя тэорыі. На працягу ўдзелу ў гэтым турніры навучэнцы школы даследавалі самыя розныя з’явы: напрыклад, паводзіны кавалачка шакаладу ў газіраванай вадзе; змяненне колеру ляснога масіву ў залежнасці ад адлегласці да яго; паводзіны салявога раствору пры дабаўленні прэснай вады і наступнага яго награвання; залежнасць вышыні скачка ад глыбіні прысядання перад ім і г.д. Удзел у эксперыментах, якія папярэднічаюць рашэнню задач турніру, дазваляе навучэнцам школы рэалізаваць свае веды ў нестандартных сітуацыях, развівае іх творчае і лагічнае мысленне, спрыяе набыццю практычных навыкаў.
Такім чынам, выкарыстанне даследчага метаду пры навучанні патрабуе ад настаўніка пэўных падыходаў да арганізацыі сваёй дзейнасці:
* ён павінен быць не толькі пасіўным носьбітам ведаў, але перш за ўсё актыўным арганізатарам пазнавальнай дзейнасці навучэнцаў;
* ажыццяўляць сваю дзейнасць на ўроку па прынцыпе партнёрства, супрацоўніцтва з навучэнцамі і такім чынам фарміраваць у іх цікавасць да прадмета;
* арганізоўваць самастойную і творчую работу дзяцей на занятках;
* ствараць сітуацыю поспеху;
* вучыць дзяцей самааналізу і адэкватнай ацэнцы сваёй вучэбнай дзейнасці.
Ужо даказана, што выкарыстоўваць даследчы метад навучання можна ў дачыненні да любога матэрыялу і да любога ўзросту навучэнцаў.
Школьнікі могуць рэалізоўваць свой інтэлектуальны патэнцыял і падчас факультатыўных заняткаў. У нашай школе ў гэтым навучальным годзе працуе 22 факультатывы самай рознай накіраванасці. Кожны навучэнец можа вырашыць, што ён будзе развіваць у сабе: розум або рухальную актыўнасць, аддасць перавагу алімпіядам ці творчым конкурсам.
Большасць факультатываў пачатковай школы накіравана на агульнае інтэлектуальнае развіццё навучэнцаў (“Сем “Я”, “Падарожжа ў свет казкі”, “Мая Айчына”, “Матэматычная вясёлка”); навучэнцы II і III ступеней агульнай сярэдняй адукацыі, як правіла, выбіраюць факультатыўныя заняткі з мэтай паглыблення ведаў па пэўным прадмеце (“Цяжкія пытанні сінтаксісу і пунктуацыі”, “Алгебра вучыць разважаць”, “Сакрэты сінтаксісу і пунктуацыі”, “Лексіка-граматычны практыкум”).
Настаўнікі нашай школы змест факультатыўных заняткаў робяць практыка-арыентаваным. Практычныя заданні, вучэбныя гульні, дэбаты дазваляюць навучэнцам, якія наведваюць заняткі, набываць навыкі работы з літаратурай і асвойваць адначасова методыку даследчай работы. Вялікая ўвага ў школе ўдзяляецца распрацоўцы дыдактычных сродкаў для правядзення факультатываў.
Вельмі важная для самарэалізацыі навучэнцаў індывідуальная работа па правядзенні даследчай і праектнай дзейнасці. Школьнікі актыўна ўдзельнічаюць у ёй і накіроўваюць свае работы на раённыя, абласныя і рэспубліканскія конкурсы.
Вялікую цікавасць у навучэнцаў выклікаюць вочна-завочныя прадметныя школы і дыстанцыйныя алімпіяды. На працягу апошніх трох гадоў навучэнка нашай школы Ганна Вярышка з’яўлялася ўдзельніцай Рэспубліканскай завочнай (дыстанцыйнай) школы па біялогіі. Па выніках заняткаў у ёй яна двойчы запрашалася ў Мінск для ўдзелу ў вочным этапе школы, падчас якога наведвала навукова-даследчыя лабараторыі вядучых ВНУ краіны і асветніцкія цэнтры сталіцы.
Прыродазнаўчанавуковы напрамак праектнай дзейнасці навучэнцаў школы курыруюць настаўніца фізікі Ларыса Анатольеўна Арышчанка і настаўніца хіміі і біялогіі Марына Раманаўна Бурая. Тэмы праектаў, якія яны вядуць, змястоўнае напаўненне даследаванняў вельмі разнастайныя. Вось некалькі прыкладаў: “Крыніца — крыніца жыцця”, “Уплыў мікрадоз медзі на таматы”, “Экалагічная сцежка як ахоўная тэрыторыя”, “Выкарыстоўваем энергію ветру”, “Эканомім мы, эканоміць дзяржава — выйграе Зямля”, “Мурашкі — грамадскія насякомыя”, “Вывучэнне розных гатункаў астраў”, “Крыніцы Бераставіччыны”.
Вельмі зацікавіў школьнікаў удзел у міжнародным праекце. Са снежня 2010 года наша школа ўдзельнічае ў праграме “Зялёныя школы” ў рамках сумеснага праекта Еўрапейскага Саюза і Праграмы развіцця ААН у Рэспубліцы Беларусь “Садзейнічанне развіццю ўсёабдымнай структуры міжнароднага супрацоўніцтва ў галіне аховы навакольнага асяроддзя ў Рэспубліцы Беларусь”. Праграма “Зялёныя школы” ўключае ў сябе работу па наступных напрамках: біяразнастайнасць на тэрыторыі школы, энергазберажэнне, водазберажэнне. Кіраўніком праекта з’яўляецца Марына Раманаўна Бурая.
Даследчая дзейнасць нашых навучэнцаў таксама дае пэўныя вынікі: за апошнія тры гады яны прынялі ўдзел у навукова-практычных канферэнцыях рознага ўзроўню. Так, напрыклад, у сакавіку гэтага года дзеці ўдзельнічалі ў канферэнцыі, якая праходзіла ў Мастах. За работу “Сонечная печ” Мікалай Арышчанка (кіраўнік — настаўніца фізікі Ларыса Анатольеўна Арышчанка) атрымаў дыплом III ступені, Дар’я Швец за даследаванне на тэму “Вясельныя традыцыі на Гродзеншчыне (XIX — пачатак XX ст.)” пад кіраўніцтвам настаўніцы гісторыі Вольгі Леанідаўны Шчукі атрымала дыплом II ступені. У гэтай канферэнцыі прынялі ўдзел Паліна Радзевіч і Уладзіслаў Капіца з работай “Гэты просты просты аловак” пад кіраўніцтвам настаўніц пачатковай школы Таццяны Пятроўны Даніловіч і Жанны Якаўлеўны Кейпаш. У 2009 — 2012 гадах нашы навучэнцы ўдзельнічалі ў раённых канферэнцыях з работамі на наступныя тэмы: “Спадчына — люстэрка народа”, “Яўрэйская нацыянальная кухня”, “Рацыянальнае асвятленне працоўнага месца вучня”, “Палітыка генацыду і “выпаленай” зямлі на Гродзеншчыне”, “Вяртлявая чарацянка”, “Роля моладзі ў сучасным беларускім грамадстве” і інш.
Творчае ўдасканальванне, рэалізацыя здольнасцей школьніка робяць яго больш самастойным у сваіх меркаваннях. Ён паступова і паслядоўна прыходзіць да сваёй думкі, умела і аргументавана адстойвае яе. Але галоўнае — развіваецца яго эмацыянальная сфера, яго пачуцці, душэўныя якасці. А калі развіты эмоцыі, то будзе развівацца і мысленне. Чалавек, які думае і адчувае, — гэта і ёсць той чалавек, выхаваць якога мы імкнёмся.
Андрэй ШЧУКА,
дырэктар Канюхоўскага ясляў-сада — сярэдняй школы
Бераставіцкага раёна.