Гісторыя дасягненняў

Каб прывіць навучэнцам цікавасць да гісторыі, трэба зрабіць яе займальнай і пазнавальнай праз творчыя заданні, якія развіваюць уяўленне, не даюць сумаваць на ўроках і быць безыніцыятыўнымі. Менавіта на такіх уроках, дзе выкарыстоўваецца творчасць, можна сфарміраваць актыўных, мэтанакіраваных, жыццярадасных навучэнцаў, якія думаюць і валодаюць высокай культурай.

Цікавасць школьнікаў да гісторыі абуджаецца, як правіла, значна раней, чым захапленне хіміяй ці фізікай. Але ў нямногіх падлеткаў атрымліваецца захаваць гэтую цікавасць да канца школьных гадоў. У большасці сучасных падручнікаў не ў поўнай меры ўлічваецца магчымасць актывізаваць мысленне навучэнцаў і паказаць ім сваю індывідуальнасць. Таму трэба імкнуцца да такой пабудовы ўрока, якая стымулявала б самастойную разумовую дзейнасць школьнікаў, фармулявала ў іх патрэбу ў ведах праз творчасць і матывацыйную цікавасць да прадмета.

Пры вывучэнні гісторыі ў навучэнцаў няма магчымасці непасрэдна ўспрымаць падзеі мінулага. І гэта можа паслужыць стратай цікавасці да гэтага цудоўнага школьнага прадмета. У гэтым выпадку задача настаўніка заключаецца ў тым, каб арганізаваць работу на ўроку так, каб гэта дазволіла навучэнцам уявіць і рэканструяваць жыццё грамадства ў розныя перыяды гісторыі, у розныя эпохі і дазволіла б дзецям адчуць сябе часткай гістарычнага мінулага праз непасрэдны саўдзел у творчым узнаўленні вучэбнага матэрыялу.
Прымяненне і развіццё розных відаў творчасці — складанне крыжаванак; напісанне эсэ; малюнкі на гістарычную тэматыку; стварэнне міні-кніг і брашур; складанне кластараў, схем і табліц, інтэлектуальных пытанняў і заданняў; стварэнне гістарычных макетаў і г.д. — у працэсе навучання гісторыі паглыбляе веды навучэнцаў, выклікае цікавасць да працэсу навучання. Развіццё творчых здольнасцей вядзе да фарміравання інтэлектуальнай, гарманічна развітой асобы. Працэс развіцця творчых здольнасцей на ўроках гісторыі павінен быць бесперапынным, праводзіцца не ад выпадку да выпадку, а сістэматычна.
Прывіць цягу да новага, сістэматычнасць, адказнасць за сваю работу дапамагае вядзенне навучэнцамі партфоліа па гісторыі. Партфоліа — скарбонка ведаў, творчых уменняў, новых ініцыятыў і крэатыўных ідэй навучэнцаў.

Партфоліа пачынаецца з тытульнага ліста, у якім змяшчаецца асноўная інфармацыя: прозвішча, імя, кантактная інфармацыя, клас, па жаданні фота навучэнца (можна яго любімае выказванне, дэвіз, крэда). Яно становіцца “гісторыяй поспеху”, якая дапамагае прасачыць індывідуальны прагрэс школьніка, пачынаючы з таго, чаго ён не ведае і не ўмее, да таго, што ведае і ўмее, чым цікавіцца, што яго захапляе ў гісторыі. Асноўны сэнс вучэбнага партфоліа навучэнца — паказаць усё, на што ён здольны і да чаго яму трэба імкнуцца.
Партфоліа па гісторыі перш за ўсё мае навучальны характар. Гэта не форма ацэньвання навучэнцаў, а “інструмент”, з дапамогай якога ў школьнікаў фарміруецца кантрольна-ацэначная самастойнасць.
Асноўныя мэты і задачы вядзення партфоліа па гісторыі:
— стварэнне сітуацыі поспеху для кожнага навучэнца, павышэнне самаацэнкі і ўпэўненасці ва ўласных магчымасцях і дасягненнях;
— раскрыццё індывідуальных здольнасцей кожнага школьніка, стварэнне ўмоў для яго самарэалізацыі і самаактуалізацыі ў розных галінах школьнага і пазашкольнага жыцця;
— развіццё пазнавальных інтарэсаў навучэнцаў і фарміраванне гатоўнасці да самастойнага пазнання;
— фарміраванне ўстаноўкі на творчую дзейнасць і ўменняў творчай дзейнасці, развіццё матывацыі далейшага творчага росту;
— фарміраванне станоўчых маральных якасцей асобы; стымуляванне да самаўдасканалення;
— набыццё навыкаў самарэфлексіі,
фарміраванне ўмення аналізаваць уласныя інтарэсы, схільнасці, патрэбы і суадносіць іх з наяўнымі магчымасцямі.
Матэрыял партфоліа па гісторыі збіраецца не адзін год, а на працягу ўсяго перыяду навучання з 5 па 9 класы. Партфоліа — гэта форма аўтэнтычнага ацэньвання адукацыйных вынікаў па прадукце, створаным навучэнцам падчас вучэбнай, творчай, сацыяльнай і іншых відаў дзейнасці. Яно адпавядае мэтам, задачам і ідэалогіі практыка-арыентаванага навучання.
У працэсе работы па назапашванні матэрыялаў партфоліа непазбежна адбываецца працэс асэнсавання навучэнцамі сваіх дасягненняў, фарміраванне асабістага стаўлення да атрыманых вынікаў і ўсведамленне сваіх магчымасцей.

Наталля МІХНО,
настаўніца гісторыі сярэдняй школы № 3 Лепеля
Віцебскай вобласці.