Гучным можа быць толькі ўнутраны голас настаўніка

Уявім сабе, што мы робім штосьці ўпершыню або знаходзімся ў краіне з традыцыямі, якія адрозніваюцца ад нашых кардынальна. А лепш нават не ўявім, а ўспомнім такога кшталту сітуацыі ў сваім жыцці. Што мы адчувалі тады, што нам дапамагала асвоіць і асвойтацца? Што перашкаджала і здавалася непрымальным? Уласны эмацыянальны вопыт дапаможа нам выдатна разумець іншага чалавека ў падобных сітуацыях.

Раздзел
Дыялог з чытачом

Трэба толькі не страчваць упэўненасці ў тым, што тое, што было важным для вас у рамках псіхалагічнага камфорту пры навучанні, адаптацыі, таксама важна і для іншых. Падтрымлівайце “свежасць” і “аб’ём” уласнай эмацыянальнай памяці, і гэта дапаможа вам быць любімым педагогам для сваіх вучняў і іх бацькоў.
Наўрад ці на свеце знойдзецца хаця б адзін чалавек, чыя нервовая сістэма не давала б збой. Гэта і нядзіўна. Кожны дзень мы перажываем цэлы шэраг стрэсавых сітуацый і станаў. Настаўнік, акрамя асабістых стрэсаў, сустракаецца яшчэ і з прафесійным. Таму важнай з’яўляецца размова аб тым, як не прыйсці да сітуацыі, калі раздражненне, грубасць, крык, вербальная агрэсія прарвуцца ў наш дыялог з вучнем, з уласным дзіцем і далей. Раздражненне, грубасць і крык часцей за ўсё правакуюць знясіленне (астэнія) або захворванні, звязаныя з празмернай фізічнай або псіхічнай нагрузкай. Павышэнне голасу, вербальная агрэсія — гэта своеасаблівы крык прафесіянала аб дапамозе. Будзем смелымі і сумленнымі, прызнаючы, што дарослы крычыць, калі адчувае сваё бяссілле, стомленасць, раздражненне і гнеў. У гэты момант вучань адчувае страх, які паралізуе, віну і збянтэжанасць. Акрамя таго, што ён не засвоіць тое, чаму яго хочуць навучыць, ён не навучыцца якасным мадэлям паводзін. Ён не даведаецца, як падтрымаць і дапамагчы, суцешыць і пашкадаваць, супакоіць і паклапаціцца, што значыць быць чулым і ўважлівым. Затое будзе добра ўмець пагражаць, пужаць, лаяць, сароміць і вінаваціць. Дзіця, акружанае крытыкай, вучыцца абвінавачваць. Калі з яго смяюцца, вучыцца быць недаверлівым. Дзіця, якое адчувае варожасць, вучыцца бачыць ворагаў. Дзіця, акружанае злосцю, вучыцца рабіць боль. Калі мы падтрымліваем вучня, то вучым абараняць, калі цярпліва чакаем, то і ён становіцца цярплівым.
Дзіця, якога хваляць, становіцца ўпэўненым. Дзіця, акружанае бяспекай, вучыцца даверу. Дзіця ў атмасферы адабрэння вучыцца паважаць сябе. Не будзем забываць, што ў душы кожнага чалавека (і педагог не выключэнне) ідзе барацьба, вельмі падобная да барацьбы двух ваўкоў. Адзін уяўляе зло: зайздрасць, рэўнасць, гнеў, адчай, страх, крыўду, эгаізм, амбіцыі, хлусню. Другі — дабро: гармонію, мір, любоў, надзею, ісціну, дабрыню, дапамогу. Нават у самых складаных стрэсавых абставінах у нас пераможа той воўк, якога мы падтрымліваем і кормім. Як культываваць у сабе гармонію, мір, любоў, надзею, ісціну, дабрыню, дапамогу? Дзе ўзяць сілы і рэсурсы для прафілактыкі астэнічнага стану і яго праяў? Як, нягледзячы на наяўнасць прафесійных стрэсаў і наступнага эмацыянальнага знясілення, настаўніку быць цярпімым і талерантным?
Важна валодаць спецыяльнымі ўменнямі і тэхнікамі. Іх выкарыстанне дазволіць педагогу адчуваць сябе ў прафесіі больш камфортна, пазбягаць эмацыянальных перагрузак і стрэсаў. Камунікатыўная кампетэнтнасць найбольш часта абмяркоўваецца як сродак прафілактыкі стрэсаў, астэнічнага стану ў прафесіі настаўніка. І ў нашай рубрыцы мы згадвалі ўменне актыўна слухаць і адпаведныя тэхнікі (рэха, падтрымка, рэзюмаванне), тэхніку я-выказвання, варыянты аказання псіхалагічнай падтрымкі сабе і вучням. Абмяркоўвалі мы таксама змест і карысць дыхальных, рэлаксацыйных практыкаванняў. Сёння мы пагаворым пра складнік стрэс-менеджменту, які да гэтай пары заставаўся па-за фокусам нашай увагі, — кіраванне часам. Самадапамога ў рамках гэтага напрамку дапаможа падтрымаць тонус настаўніцкай талерантнасці, добразычлівасці, эфектыўнасці.
Калі супаставіць размеркаванне часавых рэсурсаў у людзей, якія жылі некалькі стагоддзяў назад, і ў нашых сучаснікаў, то стане відавочным, што жыццё чалавека з далёкага мінулага адрознівалася няспешнасцю, мернасцю і адсутнасцю мэтанакіраванага планавання свайго часу. Для кожнага з нас зараз час становіцца найбольш дэфіцытным рэсурсам. Сучаснай тэндэнцыяй у грамадстве з’яўляецца павелічэнне нефармальнай працягласці працоўнага дня і агульнай колькасці часу ўцягнення ў працэс працоўнай дзейнасці. Гэта прыводзіць да павелічэння нагрузак. Аднак магчымасці чалавека не эвалюцыяніравалі разам з патрабаваннямі тэхнічнага прагрэсу. Відавочна, што ў сучасных напружаных умовах эфектыўная арганізацыя часу неабходна, таму што ад умення правільна размяркоўваць часавыя рэсурсы залежаць асабісты поспех, наяўнасць псіхалагічнага і фізічнага здароўя.
Для таго каб авалодаць майстэрствам хранасэйвінгу, або аптымальнага абыходжання са сваім часам, важна ведаць складнікі правільнага планавання. Такім чынам, алгарытм эфектыўнага планавання: пастаноўка мэт, уласна планаванне, прыняцце рашэнняў, рэалізацыя і арганізацыя — гэта значыць увасабленне ў рэчаіснасць, кантроль і ацэнка дасягнутага. Каб алгарытм запрацаваў, неабходна мець інструмент эфектыўнага планавання — штодзённік.
1. Мэты могуць быць прафесійнымі і асабістымі; доўгатэрміновымі, нацэленымі на перспектыву, або кароткатэрміновымі. Значнасць пастаноўкі мэты падкрэслівае прымаўка маракоў: “Плыву не туды, куды вецер дзьме, а куды парус пастаўлю”. Усе мэты лепш запісваць і вызначаць тэрміны іх дасягнення. Мэты можна размеркаваць па наступных катэгорыях:
1. “Чаму” — гэта значыць чаму хачу дасягнуць.
2. “Што” — гэта значыць чаго іменна хачу дасягнуць.
3. “Як” — гэта значыць як я буду дасягаць.
Калі вы адкажаце на гэтыя пытанні, то набудзеце дапаможныя арыенціры, своеасаблівыя маякі. Уключайце ў свае мэты і такія дасягненні, як наладжванне больш даверлівых, цёплых узаемаадносін з вучнямі.
2. Планаванне — гэта падрыхтоўка да рэалізацыі намечаных мэт, гэта структураванне, упарадкаванне часу. Найбольш практычным і зручным з’яўляецца планаванне кожнага дня. Ёсць залатое правіла рэзервавання плануемага часу: 60% ахопліваецца планам, а 40% рэзервуецца для нечаканых спраў. Планаваць лепш напярэдадні вечарам.
А) Складанне задач. Распішыце задачы: бягучыя актуальныя, задачы з тыднёвага або больш доўгатэрміновага плана, нявыкананыя напярэдадні задачы, час для аднаўлення і сну.
Б) Ацэнка часу, неабходнага для выканання кожнай задачы, гэта значыць вызначэнне тэрмінаў кожнай задачы.
В) Запіс у штодзённік. Прыкладна ў такім парадку. Спачатку ўпісваюцца ўсе задачы. Потым побач з кожнай ставяцца тэрміны. Далей кожную задачу ацэньваюць па тэрміновасці і важнасці.
3. Прыняцце рашэнняў — рацыянальнае ранжыраванне задач.
Улічваючы правіла Вільфрэда Парэта, якое гаворыць, што за 20% працоўнага часу, які расходуецца, дасягаецца 80% выніку, варта зрабіць выснову: перш за ўсё трэба пачынаць выкананне прыярытэтных, адказных задач, якія забяспечваюць дасягненні і патрабуюць значных затрат сіл. Акрамя таго, ведаючы пікі сваёй індывідуальнай актыўнасці, можна старацца планаваць самыя значныя справы менавіта на гэты перыяд. Кожную задачу можна размеркаваць па катэгорыях значнасці. Катэгорыя А — найважнейшыя задачы, катэгорыя В — важныя, катэгорыя С — менш важныя і нетэрміновыя. Практыкуйце дэлегаванне задач. Не забывайце інструктаваць і матываваць пры гэтым таго, каму задачу давяраеце. Ваш запіс прыярытэтнасці можа выглядаць так: 1— тэрміновыя важныя, неабходна зрабіць без прамаруджвання, іх зраблю сам у першую чаргу; 2 — важныя, але не тэрміновыя, зраблю сам, але пазней; 3 — тэрміновыя, але менш важныя, іх перадаручаю; 4 — задачы, якія адпраўляюцца ў “кошык”, нетэрміновыя і няважныя.
4. Рэалізацыя і арганізацыя. Вызначыўшы для сябе “што”, “як” і “калі”, увасабляем, робім метку ў штодзённіку аб выкананні задачы або аб прычынах невыканання і даце наступнага выканання.
5. Кантроль і ацэнка дасягнутага. Параўноўваем план і факт. Нявыкананае пераносім або перадаручаем ці выконваем за кошт звышурочнай работы. Калі ўсё запланаванае зроблена, то фарміруецца пазітыўнае адчуванне поспеху. Пры рэгулярнай практыцы прыйдзе пачуццё ўпэўненасці. А гэта адзін з важных антыстрэс-фактараў. Калі вам здалася работа па планаванні цяжкай і нерэальнай, то настаў час усвядоміць свае шкодныя ўстаноўкі на выкарыстанне часу і пазмагацца з імі.
Вось невялікі іх спіс: я неарганізаваны чалавек; стараннасць — адзіны спосаб зрабіць больш; мая працаздольнасць не мяняецца на працягу ўсяго рабочага дня; цалкам спланаванае жыццё — гэта сумна; мне планаванне не патрэбна, калі я ведаю, што заўтра апошні тэрмін, то зраблю ўсё; каб быць паспяховым, трэба цалкам кантраляваць свой час; я стараюся ўсё рабіць сам, бо толькі ў гэтым выпадку ўпэўнены, што работа будзе выканана добра; адзіны спосаб сэканоміць час — гэта перадаручыць работу; я так загружаны работай, што мне не да планавання; дакладнасць — ветлівасць каралёў.
А зараз прапаноўваем зрабіць выбар, якая катэгорыя людзей па параметры “адносіны да часу” вам больш сімпатычная. Хранафагі — людзі, якія марнатраўна выкарыстоўваюць свой і чужы часавы рэсурс, або хранасэйверы, якія ўмеюць “злавіць хвалю” і перамяшчацца разам з ёй, атрымліваючы максімум задавальнення і дасягаючы пастаўленых вынікаў. Спадзяюся, што другая група спадабалася больш і гатоўнасць прыкладаць некаторыя намаганні па эфектыўнай арганізацыі часу фарміруецца. Хай на намаганні па тайм-менеджменце нас натхняе парадокс часу, які гучыць так: “Мала хто валодае дастатковым часам, і ўсё ж кожны валодае сваім часам, які ў яго ёсць”. Будзем жа траціць яго на дабро, падтрымку, самаразвіццё і любоў да дзяцей.
Раздзел
“Псіхалагічнае люстэрка”

Змерайце ступень выяўленасці астэнічнага стану
Як мы пераканаліся, астэнія — дрэнны памочнік як у прафесійнай дзейнасці, так і ў асабістым жыцці. Чалавек, які ўвайшоў у такі стан, мае патрэбу ў самадапамозе і падтрымцы звонку. Пераканаемся ў наяўнасці ці адсутнасці астэніі ў сябе. І, калі неабходна, прымем меры па гарманізацыі і аднаўленні сябе і свайго патэнцыялу.
Шкала астэнічнага стану (ШАС) створана Л.Д.Майкавай і адаптавана Т.Г.Чартовай на базе даных клініка-псіхалагічных назіранняў і вядомага апытальніка ММРІ. Шкала складаецца з 30 пунктаў-сцвярджэнняў, якія адлюстроўваюць характарыстыкі астэнічнага стану.
Інструкцыя падыспытнаму. “Уважліва прачытайце кожны сказ і, ацаніўшы яго ў адносінах да вашага стану ў гэты момант, абвядзіце кружком адзін з чатырох варыянтаў адказу.
Варыянты адказу:
1 — не, напэўна;
2 — бадай, так;
3 — правільна;
4 — абсалютна правільна.
Апытальнік
1. Я працую з вялікім напружаннем. 1234
2. Мне цяжка засяродзіцца на нечым. 1234
3. Маё палавое жыццё не задавальняе мяне. 1234
4. Чаканне нервуе мяне. 1234
5. Я адчуваю мышачную слабасць. 1234
6. Мне не хочацца хадзіць у кіно або ў тэатр. 1234
7. Я няпамятлівы. 1234
8. Я адчуваю сябе стомленым. 1234
9. Мае вочы стамляюцца пры працяглым
чытанні. 1234
10. Мае рукі дрыжаць. 1234
11. У мяне дрэнны апетыт. 1234
12. Мне цяжка быць на вечарыне або ў шумнай кампаніі. 1234
13. Я ўжо не так добра разумею прачытанае. 1234
14. Мае рукі і ногі халодныя. 1234
15. Мяне лёгка раззлаваць. 1234
16. У мяне баліць галава. 1234
17. Я прачынаюся раніцай стомленым і не адпачыўшым. 1234
18. У мяне бываюць галавакружэнні. 1234
19. У мяне бываюць паторгванні мышцаў. 1234
20. У мяне шуміць у вушах. 1234
21. Мяне непакояць палавыя пытанні. 1234
22. Я адчуваю цяжар у галаве.1234
23. Я адчуваю агульную слабасць. 1234
24. Я адчуваю болі ў цемі. 1234
25. Жыццё для мяне звязана з напружаннем. 1234
26. Мая галава быццам сцягнута абручом. 1234
27. Я лёгка прачынаюся ад шуму. 1234
28. Мяне стамляюць людзі. 1234
29. Калі я хвалююся, то пакрываюся потам. 1234
30. Мне не даюць заснуць неспакойныя думкі. 1234

Апрацоўка вынікаў
Пасля запаўнення тэставага бланка праводзіцца падлік шляхам падсумоўвання набраных падыспытным балаў. Увесь дыяпазон шкалы, такім чынам, уключае ад 30 да 120 балаў.
Сярэдняя велічыня індэкса астэніі роўна 37, 22±6, 47 балаў. Калі прыняць вынікі даследавання здаровых асоб за адсутнасць астэніі, то ўвесь аб’ём шкалы можна падзяліць на 4 дыяпазоны.
Першы дыяпазон — ад 30 да 50 балаў — адсутнасць астэніі.
Другі дыяпазон — ад 51 да 75 балаў — слабая астэнія.
Трэці дыяпазон — ад 76 да 100 балаў — умераная астэнія.
Чацвёрты дыяпазон — ад 101 да 120 балаў — выяўленая астэнія.

Святлана РАДЗЬКОВА,
дацэнт кафедры псіхалогіі і прадметных методык
Мінскага гарадскога інстытута развіцця адукацыі.