Мяняецца час, тэхналогіі, рэсурсы, умовы, сродкі, а кіраўніцкія метады застаюцца тымі ж. Гэта супярэчыць законам жыцця. Для ліквідавання гэтай супярэчнасці з’яўляюцца інавацыйныя ідэі. Іх рэалізацыя дазваляе знайсці найбольш эфектыўныя спосабы, якія аптымізуюць тыя ці іншыя працэсы, “якія працуюць на будучыню” школы. У якім кіраванні адчувае патрэбу сучасная школа? Як яго зрабіць паспяховым?
На гэтыя пытанні шукае адказы кожны разумны кіраўнік. Для сябе ж сутнасць кіравання сучаснай школай вызначыла словамі Б.Паскаля: “Мінулае і сучаснае — нашы сродкі, толькі будучыня — наша мэта”. Гэтае выказванне выдатна характарызуе стратэгічнае кіраванне, для якога характэрна дзейнасць розных суб’ектаў, нацэленая на вырашэнне найбольш актуальных для доўгатэрміновага поспеху школы стратэгічных задач.
Нехта лічыць засваенне стратэгічнага кіравання не актуальным для сучаснай школы. І ў чымсьці мае рацыю, таму што сустракаюць такую моцную перашкоду, як стэрэатыпы свядомасці. Так, існуе такі стэрэатып: школа не армія і не бізнес, мы ні з кім не змагаемся і не канкурыруем. Стратэгічнае кіраванне не для школы. І тыя, хто адмаўляецца ад засваення і выкарыстання стратэгічнага кіравання, падхопліваюць гэтае сцвярджэнне. Дазвольце не пагадзіцца, а выказаць альтэрнатыўную трактоўку сутнасці справы. Так, школа не армія і не бізнес, яна ні з кім не змагаецца, але зацікаўлена (як і грамадства) у поспеху, прычым у апошнія гады яго даводзіцца дабівацца ва ўмовах канкурэнцыі, хаця і менш татальнай, чым у бізнесе.
Недаацэнка значнасці стратэгічнага кіравання, адмаўленне ад яго засваення і выкарыстання на некалькі дзесяцігоддзяў робяць функцыянаванне школы застылым. Здаецца, жыве школа, але яе жыццё нагадвае летаргічны сон. Калі мы хочам мець канкурэнтаздольную краіну, нам неабходны канкурэнтаздольныя адукацыйныя ўстановы, а стратэгічнае кіраванне ўстановамі адукацыі — гэта кіраванне, нацэленае на развіццё ва ўмовах пэўнай цывілізаванай канкурэнцыі.
Хто з’яўляецца сацыяльным заказчыкам і чаго ён чакае ад школы? Грамадства зацікаўлена ў зразумеласці і сацыяльнай накіраванасці стратэгічных каштоўнасцей і мэт школы, ва ўстойлівым стратэгічным поспеху, дасягненні высокіх вынікаў. Бацькі і навучэнцы праяўляюць інтарэс у разуменні стратэгіі, якую рэалізуе школа, у суаднясенні і ўзгадненні яе з уласнымі каштоўнасцямі і патрэбамі.
Вучоныя праяўляюць інтарэс да ўкаранення і выкарыстання ў школах вынікаў сваіх даследаванняў, якія могуць стаць асновай стратэгіі школы і інструментам яе развіцця.
Гэтыя патрабаванні мы фармулюем для сябе як сацыяльны заказ, выкананне якога магчыма толькі пры стратэгічным кіраванні школай. Стратэгічнае кіраванне дае магчымасць фарміраваць бачанне, ператвараць яго ў мэту. Вобраз жаданай будучыні нашай установы акрэсліваем як школу самавызначэння і самарэалізацыі навучэнцаў.
Сёння разбурэнні ў маральнай сферы сучаснага грамадства настолькі моцныя, што стратэгічныя пытанні выхавання патрабуюць больш тонкага філасофскага падыходу. Такое сацыякультурнае становішча не можа не ўплываць на падрастаючае пакаленне, якое найменш абаронена з маральнага боку. Галоўная супярэчнасць заключаецца ў неабходнасці пошуку новых падыходаў да выхавання, звязаных з больш глыбокім асэнсаваннем асобы дзіцяці, яго ўнутранага свету і мэт выхавання, і немагчымасцю вырашыць гэтую задачу сродкамі традыцыйных форм, метадаў і сродкаў навучання.
Імкненне пазбавіцца гэтай супярэчнасці дазволіла прапанаваць новую ідэю, рэалізацыя якой была аформлена інавацыйным праектам “Укараненне сучасных педагагічных тэхналогій самавыяўлення і самарэалізацыі ў адкрытай сацыякультурнай прасторы”. У 2011 годзе наша ўстанова ўвайшла ў лік устаноў, на базе якіх ажыццяўляецца інавацыйная дзейнасць. Рэалізацыя інавацыйнага праекта дазволіла ўвесці сістэмныя новаўвядзенні ў жыццядзейнасць школы, якія характарызуюцца абноўленымі мэтамі і задачамі, сістэмай каштоўнасцей педагагічнага калектыву. Мадэль кіравання інавацыямі прадстаўлена саветам школы ў складзе настаўнікаў, навучэнцаў, бацькоў, прадстаўнікоў соцыуму. Уведзена новая структура — Цэнтр творчых ініцыятыў, які стварае і акумулюе інавацыйныя ідэі, узаемадзейнічае з даросла-дзіцячымі суполкамі, установамі культуры, распрацоўвае мадэль адкрытай сацыякультурнай прасторы.
Усё гэта спрыяла вырашэнню такіх задач, як знаходжанне дзіцем свайго “Я”, забеспячэнне “выпрабавання сіл” у розных відах пазнавальнай, працоўнай, мастацка-творчай, грамадска-арганізатарскай, фізкультурна-спартыўнай дзейнасці, стварэнне сістэмы каштоўнасцей як механізма індывідуалізацыі і сацыялізацыі адначасова.
У 2013 годзе ўстанова адукацыі завяршыла інавацыйную дзейнасць па рэалізацыі праекта, дзякуючы якому стаў магчымы пераход ад задумы інавацыйнай ідэі да праектавання руху да школы будучыні (школа самавызначэння і самарэалізацыі). Вызначэнне канцэптуальнай ідэі пабудовы адукацыйнай сістэмы школы запатрабавала распрацоўкі стратэгічнага плана, які ўключае праектаванне місіі, мэт, задач, мадэрнізацыю арганізацыйнай структуры кіравання (уключаны такія структуры, як савет па развіцці, што выконвае функцыі каардынацыйнага савета, які складаецца з членаў адміністрацыі, кіраўнікоў дзіцяча-дарослых суполак, прадстаўнікоў устаноў сацыякультурнай прасторы; ініцыятыўныя групы па распрацоўцы праграмы развіцця, стварэння школы самавызначэння і самарэалізацыі); распрацоўку падпраграм па развіцці прафілізацыі адукацыі, падпраграмы развіцця дзіцячага сада сямейнага тыпу; падпраграмы стварэння праектаў (“У пошуках страчанага”, “Сівыя сведкі даўніны”, “Захаваем лясныя насаджэнні на тэрыторыі нашага рэгіёна”) каляндарных планаў-графікаў новаўвядзенняў.
Стратэгічны план адлюстроўвае наладжванне найбольш эфектыўнай работы па ўзаемадзеянні ўсіх грамадскіх і культурных устаноў аграгарадка. Стратэгічны характар кіравання школай стымулюе педагагічны калектыў да канкрэтных дзеянняў па стварэнні інавацыйнай сістэмы школы аграгарадка.
Данута БАЛЫШ,
дырэктар Жодзішкаўскага ясляў-сада — сярэдняй школы
Смаргонскага раёна Гродзенскай вобласці.