Як і многіх настаўнікаў-філолагаў, мяне хвалюе праблема непісьменнасці навучэнцаў, іх няўменне бачыць арфаграмы.
Фарміраванне арфаграфічнай пільнасці — адна з галоўных задач урокаў беларускай і рускай моў, бо з ёю звязана набыццё навучэнцамі арфаграфічнага навыку. А таму адной з важных мэт сваёй дзейнасці бачу фарміраванне арфаграфічных навыкаў школьнікаў праз развіццё арфаграфічнай пільнасці.
Арфаграфічная пільнасць — гэта ўменне бачыць арфаграмы: тыя выпадкі пры напісанні, калі пры аднолькавым вымаўленні магчымы выбар напісання. У сваёй рабоце ўлічваю наступныя фактары фарміравання арфаграфічнай пільнасці: зрокавы, слыхавы, рукарухальны, прагаворванне.
Зрокавы фактар спрацоўвае пры запамінанні слоў, якія не правяраюцца. Пры рабоце з тэкстам навучэнцы адразу называюць арфаграмы ў словах і каменціруюць іх. Слыхавы фактар развівае ў школьнікаў фанематычны слых, яны запісваюць сказы і тэкст пад дыктоўку.
Любы арфаграфічны навык можна атрымаць толькі пры дапамозе практыкаванняў, гэта значыць, пры рытмічным руху пішучай рукі (рукарухальны фактар). Таму на ўроку неабходна як можна больш пісаць. Сама рука, рухаючыся па радку, стварае графічны вобраз таго або іншага слова, “запамінае” і затым піша яго ўжо аўтаматычна.
Вялікую ролю ў фарміраванні арфаграфічнага навыку адыгрывае арфаграфічнае прагаворванне. Прагаворванне так, як трэба пісаць. Прыназоўнікі, часціцы, злучнікі трэба вымаўляць асобна, як самастойныя часціны мовы. Пры арфаграфічным прагаворванні словы трэба вымаўляць згодна з напісаннем, выразна прагаворваючы кожную літару, але не па складах, а разам. Калі словы разбіваць на склады, то яны дрэнна запамінаюцца.
Часта, прачытаўшы правіла, навучэнцы прымяняюць яго на практыцы і атрымліваюць пэўны вынік. Але пры гэтым не заўсёды мы можам дасягнуць таго, чаго хочам. Таму на занятках выкарыстоўваю арфаграфічнае чытанне, бо ў тэкстах сустракаюцца такія словы, якія неабходна вымаўляць неаднаразова. Калі пастаянна на ўроках рускай і беларускай мовы і літаратуры адводзіць 5 хвілін для арфаграфічнага чытання, у час якога школьнікі каменціруюць усе арфаграмы і пунктаграмы, то развіваецца зрокавая памяць і фарміруецца арфаграфічны навык. Прычым такі навык фарміруецца не за кошт выканання спецыяльных арфаграфічных практыкаванняў, а за кошт асаблівай арфаграфічнай арыенціроўкі ў тэксце, уключанай у структуру сэнсавага чытання. Паколькі крыніцай арфаграфічнай пісьменнасці ў гэтым выпадку з’яўляюцца арфаграфічныя нормы, зафіксаваныя ў розных тэкстах, з якімі працуе вучань, тэмпы авалодання практычнай пісьменнасцю аказваюцца значна вышэй за тэмпы засваення арфаграфічных правіл і авалодання адпаведнымі ўменнямі.
Пры развіцці арфаграфічнай пільнасці вялікая роля адводзіцца спісванню. Спісванне — гэта не толькі адзін з відаў арфаграфічных практыкаванняў для беспамылковага капіравання тэксту, але і добры спосаб сэнсавай і арфаграфічнай арыенціроўкі ў працэсе чытання. Сумяшчаючы адно з адным, гэтыя арыенціроўкі становяцца механізмам “прыроднай пісьменнасці”, гэта значыць, эфектыўнага арфаграфічнага навыку. Каб такі навык сфарміраваць мэтанакіравана ва ўсіх вучняў, часта даю заданні арфаграфічна дакладна ўзнавіць урывак друкаванага тэксту пасля яго прачытання. Вельмі важна, каб гэты від работы быў адпаведным чынам арганізаваны.
На першым этапе спісвання навучэнец павінен прачытаць цэлы сказ. Каб утрымаць змест сказа, яму трэба яго паўтарыць, не гледзячы пры гэтым у тэкст. На другім этапе школьнік зверне ўвагу на арфаграфічную форму сказа, які запісваецца, а затым прагаворыць яго, каб утрымаць у памяці. На трэцім этапе вучню неабходна старацца ўтрым-ліваць у памяці арфаграфічную форму цэлага сказа як адной аператыўнай адзінкі, у чым яму дапаможа арфаграфічная самадыктоўка і слых.
Алгарытм спісвання на маіх уроках выглядае так:
* уважліва прачытай сказ;
* паўтары яго, не гледзячы ў тэкст;
* назаві ў сказе ўсе арфаграмы;
* прачытай сказ арфаграфічна;
* паўтары яшчэ раз сказ, арфаграфічна прагаворваючы ўсе гукі;
* запішы сказ, падкрэслі ўсе арфаграмы;
* правер напісанае з тэкстам, асаблівую ўвагу звярні на арфаграмы.
У сваёй рабоце я разглядаю дыктант як від практыкавання па правапісе, з дапамогай якога фарміруюцца арфаграфічныя ўменні, вызначаецца ўзровень валодання вучняў практычнымі ўменнямі і навыкамі; развіваюцца маторна-слыхавыя асацыяцыі навучэнцаў, якія вучацца ўспрымаць слова на слых, супастаўляць яго літарны і гукавы склад; замацоўваюцца арфаэпічныя нормы і здольнасць выкарыстоўваць правілы на практыцы.
Дыктанты падзяляюцца ў залежнасці ад мэты правядзення на навучальныя і кантрольныя, ад матэрыялу — на слоўнікавыя і тэкставыя, ад спосабу адлюстравання матэрыялу — на дыктанты без змен і дыктанты са зменамі. Але перш чым напісаць дыктант, трэба да яго падрыхтавацца. Таму на ўроках звяртаю ўвагу на слоўнікавую работу.
Слоўнікавы дыктант праводзіцца з мэтай фарміравання ўменняў і навыкаў правапісу. Дыктант складаецца з улікам варыянтаў у межах адной арфаграмы або на аснове супастаўлення некалькіх арфаграм. Слоўнікавы дыктант дазваляе эканоміць час на ўроку, засяроджваць увагу на пэўных арфаграмах, узбагачаць і актывізаваць слоўнік вучняў. Вось, напрыклад, дыктант, складзены з улікам варыянтаў у межах адной арфаграмы (правапіс прыставак, якія заканчваюцца на з, с (рас, раз, бяз, бяс):
Бязлюдная вуліца, бяскрыўдны ўчынак, бясхмарнае надвор’е, бязмежны акіян, бессістэмная падрыхтоўка, бяздонная сінь неба, бясспрэчны доказ, прыгожая бесказырка.
Выбарачны дыктант праводзіцца з мэтай развіцця ўвагі і ўмення знаходзіць у тэксце словы, словазлучэнні на вывучанае правіла. Настаўнік дыктуе словы, а вучні выбіраюць толькі тыя словы, якія належаць да адпаведнага правіла. Напрыклад, прапаную выпісаць з тэксту назоўнікі, растлумачыць іх правапіс:
Шмат ёсць птушак-прыгажунь. Не менш і знакамітых птушак-пявунняў. А вось гэтая птаха — шэрая, непрыкметная, гераіня песень, казак, легендаў. Між тым зязюля нават гнязда свайго не ладзіць. Вернецца з выраю ў канцы вясны і ўсё лятае, кукуе на пералесках.
Многія навучэнцы робяць памылкі пры напісанні разам або асобна слоў з не, ня. Для выпрацоўкі навыкаў правільнага пісьма прапаную, напрыклад, такое заданне: выпісаць словы, якія пішуцца з НЕ, НІ разам, а потым — словы, якія пішуцца з НЕ, НІ асобна:
ні/ў/кога, не/прыяцель, не/высокі, не/раней, чым заўтра, ні/з/чым, н(е, я)/ўрымслівы, нічуць не/варты,
не/лепшы за яе, н(е, я)бачаны, н(е, я)/праўда, ні/з/якім, н(е, я)/вузкі, не/лягчэйшы чым сёння, нічуць не/прыгожы, н(е, я)/ўмельства, н(е, я)/блага, н(е, я)/ўмека.
Папераджальны дыктант — гэта такі від дыктанта, пры якім арфаграма ў слове ці пунктаграма ў сказе тлумачыцца перад запісам. У школьнай практыцы папераджальны дыктант выкарыстоўваецца найчасцей на этапе першаснага замацавання пасля вывучэння пэўнай тэмы. Сабраныя папераджальныя дыктанты прапануецца выкарыстоўваць менавіта як этап паўтарэння і замацавання арфаграфічных і пунктуацыйных ведаў і навыкаў.
Растлумачце арфаграмы і пунктаграмы ў тэксце.
Беларус — гэта перш за ўсё заўзяты працаўнік. Спакон вякоў прывык ён жыць сваёй працай і спадзявацца толькі на сябе. Паўсядзённыя клопаты рабілі яго руплівым гаспадаром. Цяжкая праца не заўсёды дазваляла зводзіць канцы з канцамі. Жыццё рабіла беларуса надзвычай ашчадным.
Дыктант з каментарыем у час пісьма праводзіцца на аснове арфаграфічнага матэрыялу. Каментарый у час пісьма падаецца ў выглядзе вуснага выказвання з аргументаваным доказам: навучэнец называе правіла, дае тлумачэнні, робіць выснову пра напісанне пэўных слоў ці сказаў.
Запішыце тэкст, каменціруючы правапіс канчаткаў назоўнікаў.
Прырода надзяліла чалавека цудоўным дарам — рашучасцю аддаваць сябе высокай мэце. Гэты дар мы называем мужнасцю. Без яго само жыццё было б іншым, бо мужнасць жыла ў людскім імкненні скарыць агонь, ваду і маланку. Гэта яна адкрывала мацерыкі, абжывала пустыні, праз ільды, сцюжы праклала Паўночны шлях.
Тлумачальны дыктант — гэта такі від дыктанта, пры якім спачатку адбываецца запіс слоў (спалучэння слоў) або сказаў, а потым даецца тлумачэнне арфаграм або пунктаграм. Тлумачальны дыктант праводзіцца найчасцей на этапе замацавання вывучанага матэрыялу, аднак такі від практыкавання можна выкарыстаць і падчас праверкі дамашняга задання, а таксама пры паўтарэнні і абагульненні раней вывучанага. Тлумачальны дыктант, як і іншыя навучальныя дыктанты, можа быць як зрокавым, так і слыхавым.
Тэкставыя тлумачальныя дыктанты звычайна выкарыстоўваюцца для праверкі засваення не толькі тых арфаграм або пунктаграм, якія вывучаюцца, але і ўжо вывучаных, што дазваляе ўзнаўляць і актуалізаваць раней набытыя веды, уменні і навыкі. Слоўнікавыя тлумачальныя дыктанты маюць на мэце трэніраваць засваенне пэўнага або некалькіх правіл.
Запішыце тэкст. Растлумачце правапіс е, я ў словах пры дапамозе ўмоўных абазначэнняў (падкрэсліце літары, пастаўце націск у вызначаных словах).
Буслы найбольш любяць лясістыя і балоцістыя мясціны. Вось чаму іх заўсёды сустрэнеш у нас, на Беларусі.
Бусел — птушка разумная і назіральная. Калі ён бачыць, што людзі паважаюць яго і даюць яму прытулак, то ахвотна селіцца ў вёсцы і робіцца сябрам гасціннага гаспадара. Кажуць, што буслы нават адрозніваюць сваіх гаспадароў ад чужых. Аб розуме буслоў сведчыць і тое, што яны звычайна не баяцца дзяцей і пастухоў. А паляўнічых блізка не падпусцяць.
Спішыце тэкст, устаўце патрэбныя літары.
А ў кал(е,я)ндарах і на Беларусі — восень… Апалае лісц(е,я) і дажджлівыя дні… Каліс(ь)ці пяцьдзясят гадоў назад гэтай парою ў (п,П)алескай вёсачцы на Берасцейчыне нарадзілася дзяўчынка Жэня, якой наканавана было стаць выдатнай беларускай паэткай.
Жэня Янішчыц заўсёды ішла на голас Ліры, і ён, гэты голас Ліры, чуўся ёй (з,с) роднага (П,п)алесся, і ні(хто) пра (П,п)алессе, пра тутэйшых людзей так прыгожа (не) змо(х,г) ра(з,с)казаць, як ра(з,с)казвала, апявала яна ў сваіх вершах.
У зрокавых папераджальных дыктантах (у сувязі з тым, што арфаграмы на розныя правілы ўспрымаюцца па-рознаму) спосабы падачы арфаграм розныя: літара або прапускаецца ў слове, або прапануецца выбраць правільны варыянт у дужках і інш.
Прачытайце тэкст. Назавіце прапушчаныя арфаграмы і пунктаграмы.
Была ціхая летняя раніца. Сонца яшчэ (не)паспела забрацца высока і пералівалася міл…ёнамі аген…чыкаў у роснай мураве, на палянах, пабліск(ава,ва)ла на вільготным лісці бяроз ра(с,сс)ыпалася залацістымі плямамі праз лапкі галін праз верхавіны хвой. І калі трапляла сонца на спелыя ягады маліны яны гарэлі як камні-самацветы. І пах ад іх ішоў далёка(далёка), праз лес праз балота, да самай лясной дарогі. Ягады пахлі летам сонцам з…лёнаю муравою палян, ды чым яны толькі (не,ні) пахлі!
Удасканальванне арфаграфічнай і пунктуацыйнай пісьменнасці вядзецца з пачатковай школы. Але існуюць і тыя фактары, якія адмоўна ўплываюць на развіццё арфа-графічнай пільнасці: навучэнцы маюць нізкую матывацыю да навучання; мала чытаюць мастацкай літаратуры; часта няякасна рыхтуюцца да ўрокаў. А таму ад настаўніка работа па фарміраванні арфаграфічнай пільнасці патрабуе паслядоўнасці і сістэматычнасці на працягу ўсяго тэрміну навучання. Выпускнікі школы здаюць экзамены па беларускай і рускай мовах. Таму ў 9 класе праводзяцца заняткі, на якіх вучні працуюць з тэкстамі экзаменацыйных матэрыялаў.
Навучэнцы запісваюць тэкст, потым яны каменціруюць кожную арфаграму і вызначаюць, у якой марфеме яна знаходзіцца. Затым работы правярае настаўнік. Моцныя вучні могуць праверыць работы ў слабейшых, гэта спрыяе выпрацоўцы арфаграфічнага навыку. Пасля гэтага выпісваюць словы, у якіх дапусцілі памылкі, прымяняюць розныя спосабы праверкі слоў. Многія тэксты вучні чытаюць самастойна, выпісваюць і каменціруюць толькі цяжкія словы. Гэтыя словы настаўнік потым уключае ў слоўнікавы дыктант.
Важнае значэнне ў развіцці арфаграфічнай пільнасці адыгрываюць электронныя сродкі навучання. Я выкарыстоўваю у сваёй дзейнасці праграмныя сродкі “Сетевой наставник”, складаю тэсты ў праграме “Знак”. Выкарыстанне ІКТ садзейнічае фарміраванню ўстойлівага інтарэсу навучэнцаў да прадмета, дазваляе павысіць аб’ём практыкаванняў, якія выконваюцца, развівае навык самастойнасці, павышае шчыльнасць урока.
Як паказвае практыка, вышэйпералічаныя віды работы садзейнічаюць выпрацоўцы арфаграфічнай пільнасці і фарміраванню арфаграфічнага навыку і дазваляюць дзецям трымаць станоўчыя адзнакі на выпускных экзаменах.
Тэрэза СІДАРКЕВІЧ,
настаўніца беларускай мовы і літаратуры Кватарскага ясляў-сада —
базавай школы Бераставіцкага раёна Гродзенскай вобласці.