Малая радзіма — далёкая і блізкая

Веданне гісторыі сваёй краіны спрыяе рознабаковаму фарміраванню асобы школьніка, выхаванню ў яго пачуцця грамадзянскасці і патрыятызму. Але якой павінна быць спецыфіка выкладання прадмета, ці дастаткова звычайнай падачы ведаў на ўроку? Як настаўнік-гісторык сваю найважнейшую задачу бачу ў абуджэнні цікавасці вучняў да прадмета праз далучэнне іх да пошукава-даследчай дзейнасці, якая тычыцца глыбокага вывучэння гісторыі малой радзімы.

Гістарычнае краязнаўства, якое мы разам з вучнямі практыкуем, з’яўляецца важным сродкам павышэння якасці іх ведаў, садзейнічае ўсебаковаму развіццю, фарміраванню ў іх навуковага светапогляду, актыўнай жыццёвай пазіцыі, выхаванню любові да роднай зямлі. Гэта сувязь з жыццём, з сучаснасцю, з усім, што нас акружае. Калі выхаваем патрыётаў сёння — будзем радавацца стабільнаму і ўпэўненаму развіццю грамадства заўтра.
Даследчай дзейнасцю ў гэтым кірунку ў нас займаюцца ў асноўным навучэнцы 10— 11 класаў (як правіла, да гэтага яны некалькі гадоў займаліся ў краязнаўчым гуртку). У выніку яны выступаюць з сур’ёзнымі работамі на канферэнцыях розных узроўняў (школьных, раённых, абласных).
Тэмы даследчых работ прапаноўваю вучням самыя розныя, але ўсе яны тычацца нашага Маларыцкага раёна. Каб усур’ёз зацікавіць таго ці іншага вучня пэўнай тэмай, важна паступова падводзіць да яе, адзначаць перавагі, станоўчыя матывы, звязаныя з ёй. У рэшце рэшт надыходзіць момант, калі вучань сам выказвае жаданне заняцца даследчай дзейнасцю па гэтай праблеме.

Вось невялікі прыклад і кароткая характарыстыка асноўных краязнаўчых работ нашых вучняў. Даследчая работа “Параўнальная дынаміка некаторых дэмаграфічных працэсаў” (на ўзроўнях рэспублікі, вобласці, раёна, сельсавета) утрымлівае аналіз асобных дэмаграфічных працэсаў у пасляваенны перыяд на аснове звестак перапісаў насельніцтва 1959, 1970, 1979, 1989, 1999 і 2009 гг. (г.зн. за 50 гадоў), а таксама іншыя статыстычныя матэрыялы па Маларыцкім раёне і Лукаўскім сельсавеце. Вынікі даследавання паказалі, што ў Маларыцкім раёне за апошнія 10 гадоў рэзка скарацілася колькасць насельніцтва — на 11% (г.зн.смяротнасць перавышае нараджальнасць, выбыццё з раёна перавышае прыбыццё), што сведчыць аб неспрыяльнай дэмаграфічнай сітуацыі. Колькасць сельскага насельніцтва ў раёне перавышае колькасць гарадскога. Насельніцтва Маларыты павялічваецца, але недастаткова хутка. Адна з асноўных прычын гэтага — недахоп рабочых месцаў, і таму многія маларытчане працуюць у Брэсце.

Стварэнне ў Лукаве аграгарадка прывяло да станоўчых змен: у гэтым населеным пункце назіраецца тэндэнцыя не толькі стабілізацыі, але і паступовага павелічэння колькасці насельніцтва. На 6-й раённай навукова-даследчай канферэнцыі вучняў у 2011 годзе гэтая работа была адзначана дыпломам І ступені, а на абласной навукова-практычнай канферэнцыі вучняў (у Пінску) у 2011 годзе — дыпломам ІІ ступені.
Работа “Даследаванне матэрыялаў і археалагічнай карты Гродзенскай губерні 1895 года ў адносінах да населеных пунктаў Маларыцкага раёна” з’яўляецца вынікам даволі аб’ёмнай навуковай дзейнасці. Бурныя падзеі мінулага (асабліва войны) не абышлі і нашу маларыцкую зямлю, прывялі да таго, што многія гістарычныя і археалагічныя помнікі і каштоўнасці, якія знаходзіліся на тэрыторыі раёна, былі незваротна страчаны. Таму аднаўленне гістарычнай памяці з’яўляецца важнай задачай і ўяўляе для ўсіх нас вялікую цікавасць. Паколькі тэрыторыя цяперашняга Маларыцкага раёна ўваходзіла ў канцы ХІХ стагоддзя ў склад Брэсцкага павета Гродзенскай губерні, то ў гэтым выданні мы знайшлі звесткі пра восем населеных пунктаў нашага раёна: Арэхава, Багуслаўцы, Гвозніцы, Збуражы, Лукава, Маларыту, Радзеж, Чарняны.
Многія прадметы гісторыі і археалогіі, знойдзеныя ў розны час на тэрыторыі раёна, знаходзяцца за яго межамі (у музеях Брэста, Мінска), і большасць мясцовага насельніцтва не ведае аб іх існаванні, таму што гэтыя экспанаты ў асноўным захоўваюцца ў запасніках музеяў і недаступны для шырокага кола наведвальнікаў. Даследчая работа “Археалагічныя знаходкі на тэрыторыі Маларыцкага раёна — музейныя прадметы Брэсцкага абласнога краязнаўчага музея” ў пэўнай ступені кампенсуе гэты недахоп. Намі ўстаноўлена, што ў музеі захоўваецца 57 прадметаў, знойдзеных археолагамі на тэрыторыі Маларыцкага раёна. У даследаванні прадстаўлена ўся інфармацыя аб іх. А каб здабыць гэтыя звесткі, неабходна было прагледзець спісы ўсіх археалагічных прадметаў (а іх у музеі больш за 65 тысяч). На 3-й раённай навукова-даследчай канферэнцыі вучняў у 2008 годзе гэтыя дзве работы былі адзначаны дыпломам ІІ ступені.
Пры вывучэнні і даследаванні копій дакументаў, якія захоўваюцца ў Гродзенскім нацыянальным гістарычным і Брэсцкім дзяржаўным архівах, а таксама матэрыялаў, апублікаваных у агульнасаюзнай газеце “Сельская жизнь” (СССР), абласной газеце “Заря”, інфармацыйным бюлетэні “Брестские епархиальные ведомости”, пры даследаванні фрагментаў польскай тапаграфічнай карты 1931 года, пры аналізе ўспамінаў старажылаў і ведаў з іншых крыніц у нас атрымалася даследчая работа “Гісторыя Лукаўскай царквы”. Мы аднавілі невядомыя этапы існавання і факты з гісторыі Лукаўскай царквы і вёскі Лукава. У рабоце прадстаўлены рэдкія фатаграфіі з выявамі знішчаных у 1964 годзе будынкаў царквы і званіцы. Даказана існаванне цудатворнага абраза Божай Маці Лукаўскай, які знік перад Першай сусветнай вайной, устаноўлена і прадстаўлена яго выява. На 5-й раённай навукова-даследчай канферэнцыі вучняў у 2010 годзе работа адзначана дыпломам ІІ ступені.

У даследчай рабоце “Палітычныя рэпрэс іі на Маларытчыне ў 1940-х — пачатку 1950-х гадоў” былі прааналізаваны матэрыялы, падрыхтаваныя Брэсцкімі абласнымі пракуратурай і ўпраўленнем КДБ і выдадзеныя ў публікацыі “Прысуд адменены” (1994 г.). Матэрыялы змяшчаюць даныя аб звыш 4000 чалавек, якія былі нявінна асуджаны па палітычных матывах і пазней рэабілітаваны. З іх мы вылучылі звесткі аб 102 жыхарах Маларыцкага раёна і адпаведна склалі спіс, у якім указалі прозвішча, імя, імя па бацьку кожнага чалавека; год і месца яго нараджэння; месца жыхарства і работы да арышту; нацыянальнасць; партыйнасць; калі, па якім (якіх) артыкуле (артыкулах) Крымінальнага кодэкса і на які тэрмін быў асуджаны; калі вызвалены; калі рэабілітаваны.
Назвы населеных пунктаў, а таксама адміністрацыйна-тэрытарыяльнае дзяленне ў нашым даследаванні ўказаны паводле запісаў у архіўных крымінальных справах, што выклікала ў працэсе работы пэўныя цяжкасці. Прыходзілася вызначаць прыналежнасць да Маларыцкага раёна вёсак, якія раней уваходзілі ў склад іншых раёнаў (Жабінкаўскага, Кобрынскага), указваць хутары, якіх даўно ўжо няма.
Наш даследчы матэрыял “Жыхары Маларыцкага раёна — ахвяры беспадстаўных рэпрэсій”, дзе пералічаны сем’і, выселеныя з Маларыцкага раёна ў аддаленыя раёны СССР у 1939 — 1941, 1951 гг., быў змешчаны ў гісторыка-дакументальнай хроніцы “Памяць. Маларыцкі раён”.

У рабоце “Педагогі — ураджэнцы Брэстчыны — удзельнікі Вялікай Айчыннай вайны” прадстаўлены шматлікія матэрыялы пра баявы і жыццёвы шлях ўдзельніка Вялікай Айчыннай вайны настаўніка фізічнай культуры і працоўнага навучання Высокаўскай базавай школы Івана Аляксандравіча Астапука. Даследчая работа “Восень-1974: стыхія і людзі” аднаўляе падзеі, звязаныя з разбуральнай паводкай на Брэстчыне ў кастрычніку — лістападзе 1974 года. Штуршком да гэтага даследавання сталі некалькі старых фатаграфій у кабінеце гісторыі, якія былі зроблены ў 1965 і ў 1980 гг. падчас размовы Першага сакратара ЦК КПБ Пятра Міронавіча Машэрава з жыхарамі вёскі Забалоцце. У вучняў узнікла пытанне, якія прычыны прывялі кіраўніка рэспублікі ў невялікую вёску нашага раёна.
Працуючы над гэтай тэмай, вучні даведаліся шмат новага не толькі аб падзеях, звязаных са стыхійным бедствам, але і папоўнілі свае гістарычныя веды, пашырылі сваё прадстаўленне аб асобе такога выдатнага чалавека і кіраўніка, як П.М.Машэраў. У працэсе даследавання мы вывучалі розныя інфармацыйныя крыніцы таго перыяду, якія ўтрымлівалі хоць якія-небудзь даныя аб падзеях. Гэта газеты таго часу, якія мы знайшлі ў Брэсцкай абласной бібліятэцы: раённая газета “Сельскае жыццё”, абласная “Заря”, рэспубліканская “Советская Белоруссия”. Таксама ў рабоце быў выкарыстаны матэрыял газеты “Вячэрні Брэст” ад 7 лютага 2011 года “Наш Машэраў”, які арганічна дапоўніў даследаванне. Асаблівую значнасць маюць унікальныя фатаграфіі і ўспаміны непасрэдных удзельнікаў гэтай сустрэчы з кіраўніком рэспублікі. На 6-й раённай навукова-даследчай канферэнцыі вучняў у 2011 годзе работа была адзначана дыпломам І ступені.

Восенню 2011 года на рэспубліканскі конкурс лепшага летапісу населенага пункта была прадстаўлена работа “Летапіс вёскі Лукава Маларыцкага раёна”, якая была адзначана дыпломам ІІ ступені ўпраўлення адукацыі Брэсцкага аблвыканкама ў намінацыі “Сельскія населеныя пункты”. Гэта даволі аб’ёмнае даследаванне геаграфічных, эканамічных, этнаграфічных, дэмаграфічных асаблівасцей нашай вёскі, яе гісторыі, культуры і прыроды. Тады ж нашы вучні прынялі ўдзел у абласной краязнаўчай алімпіядзе з прэзентацыяй гэтага матэрыялу, за што былі ўзнагароджаны граматай абласнога ўпраўлення адукацыі.
Даследчая работа “Маларытчына ў 30-х гг. ХХ ст.: населеныя пункты, урочышчы, балоты” з’яўляецца вынікам даследавання польскіх тапаграфічных карт 1931 — 1933 гг., якія выдадзены Ваенна-геаграфічным інстытутам Польшчы. На тэрыторыі Маларыцкага раёна ў той час знаходзілася больш за 360 населеных пунктаў (у цяперашні час — 77), большасць з якіх з’яўляліся хутарамі. Складзены іх пералік з указаннем колькасці двароў у кожным. Таксама складзены спіс 118 урочышчаў і 64 балот (абсалютнай большасці балот сёння ўжо няма).
У нарматыўным даведніку “Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь. Брэсцкая вобласць (2010 г.)” прыводзіцца 188 страчаных назваў населеных пунктаў Маларытчыны. У выніку праведзенага намі даследавання да гэтага спісу дададзены яшчэ 173. Гэта пацвярджэнне таго, што раней сур’ёзныя аналагічныя даследаванні не праводзіліся. Хачу адзначыць, што згаданыя тапаграфічныя карты ў маштабе 1:100 000 (у адным сантыметры адзін кіламетр) былі выдадзены для ўсёй тэрыторыі Заходняй Беларусі, якая ўваходзіла тады ў склад Польшчы. Яны даволі падрабязныя і якасныя. Складанасць толькі ў тым, што абазначэнні на картах на польскай мове. На 8-й раённай навукова-даследчай канферэнцыі вучняў у 2012 годзе наша работа была адзначана дыпломам І ступені.

На 9-й раённай канферэнцыі 4 студзеня 2014 г. мы прадставілі яшчэ адну даследчую работу “Страчаныя незваротна”, у якой знайшлі адлюстраванне матэрыялы аб праваслаўных цэрквах Маларытчыны, якія спынілі сваё існаванне ў 1940 — 1960-х гг. У пачатку 1940-х гг. на тэрыторыі сучаснага Маларыцкага раёна знаходзілася 17 праваслаўных цэркваў. Да сярэдзіны 1960-х гг. іх засталося ўсяго 7. Астатнія 10 цэркваў былі знішчаны (разбураны, узарваны, спалены), прычым 7 з іх у гады Вялікай Айчыннай вайны, 3 — у пасляваенны час. Вельмі важна, што ўдалося знайсці рэдкія фатаграфіі большасці з гэтых цэркваў і прадставіць іх у рабоце. З іх вынікае, што знішчаныя цэрквы былі не простымі пабудовамі, а з’яўляліся помнікамі архітэктуры і народнага дойлідства Маларытчыны. Гэтая работа адзначана дыпломам І ступені.
Зараз нашы вучні займаюцца даследчай дзейнасцю па наступных тэмах: “Тапаніміка Лукаўскай зямлі” і “Выкарыстанне польскіх крыніц 1920 — 1930-х гг. у гісторыка-краязнаўчых даследаваннях Заходняй Беларусі”.

Кожная даследчая работа патрабуе ад вучняў сур’ёзных адносін да крыніц, якімі ім прыходзіцца карыстацца, фарміруе ўменні супастаўляць, аналізаваць, абагульняць і рабіць самастойныя высновы. Выступленні вучняў на канферэнцыях спрыяюць выпрацоўцы ў іх такіх якасцей, як уменне канцэнтраваць увагу, дакладна фармуляваць думкі і адказваць на пытанні, а таксама пераадольваць сарамлівасць і хваляванне і адчуваць сябе ўпэўнена перад аўдыторыяй. Усё гэта з’яўляецца эфектыўным і найлепшым спосабам самарэалізацыі вучняў.

Мікалай БАЛІЦЭВІЧ,
настаўнік гісторыі Лукаўскай сярэдняй школы
Маларыцкага раёна Брэсцкай вобласці.