Міжасобасныя зносіны з’яўляюцца вырашальнымі ў нашым жыцці. Разам з тым уменні кантактаваць, наладжваць адносіны з’яўляюцца базавымі ў працэсе сацыялізацыі ў грамадства. Цяпер мы жывём у эпоху сацыяльных сетак, якія паглынулі нашу моладзь. А там, у віртуальных зносінах, замест слоў — скарачэнні, пачуцці замяняюць смайлікі. Наладзіць рэальны кантакт з сучаснымі падлеткамі — задача не з лёгкіх. Часам яны блытаюць віртуальнасць з рэальнасцю. Але ж на справе атрымліваецца, што ім катастрафічна не хапае сапраўдных чалавечых пачуццяў, простых эмоцый, якімі можна падзяліцца з сябрамі, аднакласнікамі, бацькамі. Нядаўна ў гэтым зноў давялося пераканацца. Чарговым аргументам стаў наведаны ўрок.
Урок праводзіла Зоя Яўгенаўна Вінаградава, настаўніца гісторыі і грамадазнаўства сярэдняй школы № 1 Лагойска, настаўнік-метадыст, член клуба “Крыштальны журавель”. Урок праходзіў у 9 класе, і гэта было грамадазнаўства. Калі напярэдадні ў тэлефоннай размове Зоя Яўгенаўна агучыла тэму, я вельмі ўзрадавалася, нягледзячы на агаворку настаўніцы: маўляў, урок будзе будзённым, у простым класе са звычайнымі вучнямі і ніякага пылу ў вочы ніхто пускаць не будзе. Было прадчуванне, што мяне ўсё ж чакае нешта асаблівае. Прадчуванне не падвяло. А тэма ўрока гучала так: “Роля зносін у жыцці чалавека”.
У раскладзе дзевяцікласнікаў урок грамадазнаўства быў шостым па ліку. І пакуль яны рыхтаваліся, я прыглядалася да іх, гадаючы, што ж будзе адбывацца ў наступныя 45 хвілін. Зоя Яўгенаўна рабіла апошнія запісы на школьнай дошцы, вучні ціха перагаворваліся паміж сабой. Напружання не адчувалася, што яшчэ больш пераконвала: будзе цікава.
Празвінеў званок. Усе занялі свае месцы. Зоя Яўгенаўна павіталася, аб’явіла тэму ўрока, які быў першым у новым раздзеле. Але дзевяцікласнікі прыйшлі падрыхтаваныя: настаўніца на мінулым уроку прапанавала ім пачытаць патрэбны параграф у падручніку. Такі падыход апраўданы: вучні адзначылі, што гэта дае ім магчымасць свабодна весці гаворку ў межах тэмы, лепш разумець педагога і адно аднаго, а таксама ўдакладніць тое, чаго не зразумелі ў параграфе.На дошцы Зоя Яўгенаўна напісала спіс усіх дзеянняў, якія павінны былі адбыцца падчас урока, што стала арыенцірам для настаўніцы і падказкай для вучняў. Звярнуўшы ўвагу на дошку, педагог прадэманстравала два выслоўі, якія сталі эпіграфамі ўрока. Першае: “Закапаць свой талент лягчэй за ўсё ў асабістую ляноту”. Другое: “Нямногія таленты гінуць ад зношвання, па большай частцы яны ржавеюць ад невыкарыстання”. Кожны выбраў сабе тое, што яму больш даспадобы.
“Пры падрыхтоўцы да ўрока вы знаёміліся з тэарэтычным матэрыялам па сённяшняй тэме. Зносіны маюць тры функцыі, дзве формы, існуе 10 відаў зносін. Пытанне: навошта вам гэта ведаць? Прывядзіце адзін важкі доказ”, — звярнулася да дзевяцікласнікаў настаўніца.
“Зносіны служаць для атрымання інфармацыі, усталявання кантактаў і ўзаемаадносін з людзьмі”, “Зносіны неабходны для таго, каб ва ўзаемадзеянні дабівацца таго, чаго хочаш”, “Кантактуючы, ты развіваешся” — гучалі адказы і аргументы.“Калі зносіны ўявіць у выглядзе формулы, якія тры яе складнікі вы можаце прывесці?” — зноў задала пытанне Зоя Яўгенаўна. “Узаемадзеянне, інфармацыя, адносіны”, — сказалі вучні, звярнуўшыся да азначэння ў падручніку. Каб замацаваць складнікі, настаўніца прадэманстравала малюнкі з выявамі чалавечкаў, якія сваім выглядам і размяшчэннем адносна адно аднаго паказвалі адсутнасць адносін, інфармацыі і ўзаемадзеяння. “Але каб паміж імі адбыліся зносіны, яны павінны проста павярнуцца адно да аднаго тварам”, — заўважылі навучэнцы.
“У нас ёсць функцыі зносін, віды, формы і сродкі зносін. Яшчэ ў нас ёсць людзі ў класе, гатовыя расказаць пра ўсё гэта сваім аднакласнікам. Калі ласка, запрашаю да дошкі чацвярых, хто можа раскрыць функцыі, віды, формы і сродкі”, — прапанавала Зоя Яўгенаўна. Выйшлі чатыры дзяўчыны. Клас падзяліўся на 4 групы па інтарэсах. На работу адводзілася 3 хвіліны.Я стала сведкай працы адной з утвораных груп. Мяне здзівіла тая шчырасць і адданасць, з якой дзялілася са сваімі аднакласнікамі адна з дзяўчат. Мяне здзівіў нефармальны падыход да справы і рэакцыя аднакласнікаў. Яе слухалі, задавалі пытанні, пярэчылі і пагаджаліся.
Затым настаўніца звярнула ўвагу на тое, што такая форма работы таксама зносіны, бо падчас яе адбывалася ўзаемадзеянне, складваліся адносіны і быў наладжаны абмен інфармацыяй. А пасля, для замацавання пройдзенага матэрыялу, Зоя Яўгенаўна прапанавала з дапамогай формулы даказаць, што пэўная функцыя зносін (на выбар вучня) самая галоўная. Формула скарочана называецца ПАПВ: пазіцыя, абгрунтаванне, прыклад, вынік. Даказваць трэба па чатырох пунктах: “Я лічу, што…, таму што.., напрыклад, …, таму…”, і доказы павінны былі быць лаканічнымі.
У дзевяцікласнікаў на сто працэнтаў быць лаканічнымі не заўсёды атрымлівалася, але свае думкі яны фармулявалі правільна і паслядоўна. У зносінах вельмі важна бачыць вочы свайго субяседніка, адчуваць яго эмацыянальнасць у рухах, жэстах, міміцы. Гэта дасць адчуванне, што цябе слухаюць і чуюць. “Ці з’яўляюцца віртуальныя зносіны паўнацэннымі?” — спытала настаўніца. “Не, бо мы не бачым эмоцый”, — адказалі вучні. Прагучала пераканаўча, тым больш што аргументам стала такая функцыя зносін, як пацвярджэнне.Тут прагучаў кароткі аповед з пытаннем у канцы: “Мастакам прапанавалі напісаць карціны, якія размесцяць у музеі, але іх ніхто не ўбачыць. Ганарар за работу высокі. Як вы думаеце, ці пагодзяцца яны на такое?” “Канечне, не. Мастакам важна, каб людзі бачылі іх карціны. У іх жа закладзены эмоцыі, якія павінны адчувацца, гледзячы на карціну”, — запярэчылі школьнікі.
Наступным стала заданне, у якім прапаноўвалася скласці схемы зносін і патлумачыць, чаму так, а не інакш. Напрыклад, асабістыя і дзелавыя, прамыя і апасродкаваныя, даверлівыя і канфліктныя. Для замацавання і праверкі ўсвядомленага разумення зноў дэманстраваліся карцінкі.
“Працягам нашай работы стане заданне “Прапануй свой вобраз паняцця”. Вы можаце скласці слоўны вобраз, а можаце прапанаваць свой варыянт ілюстрацыі. Напрыклад, нам неабходна праілюстраваць даверлівыя зносіны”, — звярнулася да дзевяцікласнікаў Зоя Яўгенаўна. Яны ж адразу прывялі карцінку з выявай маці з дзіцем і дапоўнілі вобраз словамі: падтрымка, пяшчота, дабрата, узаемаразуменне, узаемапавага. Канфліктныя адносіны характарызуюць такія словы, як недавер, прыніжэнне, злосць, падазрэнне, сутыкненне, апаска. Масавыя зносіны — гэта шмат людзей, сутыкненне, сход. Потым дзевяцікласнікам прапанавалі ўявіць свой звычайны дзень і падумаць, якія зносіны ў ім прысутнічаюць. Вучні малявалі круг, які дзялілі на сектары сваіх зносін. Падлеткі гаварылі пра нефармальныя, прамыя, масавыя, ролевыя, асабістыя, даверлівыя зносіны. Яны супраць імператыўных зносін і маніпуляцыйных, але такія формы зносін у рэальным жыцці існуюць. Настаўніца папрасіла прывесці доказы на іх карысць. У адказ пачула, што імператыўныя зносіны маюць месца, напрыклад, у арміі, дзе існуюць іншыя правілы, або ў адносінах начальніка і падначаленага, калі адзін гаворыць, што рабіць, а другі выконвае. Для замацавання зноў дэманструюцца малюнкі.
У зносінах трэба не зневажаць, не маніпуляваць, не загадваць, не сварыцца, а падтрымліваць, улічваць стан, паважаць. “Што б табе ні казалі, ні з кім не гавары так, быццам ён не мае права з табой гаварыць”, — Зоя Яўгенаўна прадэманстравала чарговае выслоўе. Каб адносіны склаліся, патрэбна ўзаемаўспрыманне адно аднаго. Гэта абавязковая ўмова.
Пакуль дзяўчаты разгадвалі крыптаграму, гаворка пайшла пра сродкі зносін. Іх два: вербальныя і невербальныя. Пасярод класа пасадзілі вучня і папрасілі прадэманстраваць чалавека, якому нецікава на ўроку. Нецікавасць чытаецца ў позе, поглядзе, міміцы, жэстах. А пасля ён паказваў радасць ад таго, што бачыць сваю настаўніцу. Тут ужо прысутнічала і пэўная інтанацыя, эмоцыі.А ў крыптаграме было зашыфравана наступнае: “Ні адзін чалавек не можа быць востравам”. І сапраўды: чалавек заўсёды сярод людзей, інакш яму проста не выжыць. У канцы ўрока дзевяцікласнікі дзякавалі тым, хто быў самым актыўным і дапамог іншым разабрацца з незразумелым. Прагучала дамашняе заданне, адзнакі і ўрок быў закончаны.
Урок адбыўся, ён быў дынамічным, цікавым, насычаным як эмацыянальна, так і зместава. Зоя Яўгенаўна — высакакласны педагог. Яна змагла выбудаваць урок так, што вучні адчувалі сябе ўпэўнена і былі актыўнымі ўдзельнікамі дыскусіі. Яны адкрыліся настаўніцы і адно аднаму. Паміж імі існуюць даверлівыя і цёплыя адносіны, у чым яны яшчэ раз пераканаліся на гэтым уроку. Вучні пайшлі з урока з адчуваннем эмацыянальнай і духоўнай сувязі, што так неабходна цяперашнім падлеткам. Каб ісці далей па жыцці, яны павінны адчуваць зямлю пад нагамі і сяброўскае плячо. Урок Зоі Яўгенаўны даў ім такую магчымасць.
* * *
Пасля ўрока ў нас адбылася рэфлексіўная размова з настаўніцай. Мы падзяліліся з Зояй Яўгенаўнай сваімі ўражаннямі. “На ўроку важнымі з’яўляюцца тры рэчы: дзеці павінны разумець, для чаго ім гэтыя веды патрэбны, яны павінны атрымаць вопыт дзейнасці і ўзаемапрымання адно аднаго. Таму трэба ствараць такія сітуацыі, у якіх яны будуць узаемадзейнічаць.
Вы заўважылі, што дзяўчаты больш актыўныя? Яны раней становяцца дарослымі. Хлопцы не такія, яны больш сарамлівыя, стрыманыя ў выказваннях сваіх думак і пачуццяў. Вы бачылі, на рагу стала сядзеў Максім? Ён увесь час маўчаў, але маўчаў з разумнымі вачыма. І калі ў яго нешта спытаць, то ён ведае матэрыял, вельмі цікава разважае. Максім — той чалавек, які пакуль не гатовы пра свае думкі адразу заявіць свету, але яго час прыйдзе”, — пачала Зоя Яўгенаўна.
Затым яна прызналася, што ў яе было 5 варыянтаў урока. Чаму 5? Таму што ўсё залежыць ад таго, як усё будзе складвацца непасрэдна на ўроку. Калі ў класе дзеці менш давяраюць адно аднаму і ў іх дамінуюць канфліктныя пачуцці, то такі сцэнарый урока для іх быў бы недарэчным. Яны працавалі б асобна, у групах, са сваімі заданнямі. У канцы таксама прыйшлі б да тых жа вынікаў, што і гэтыя дзевяцікласнікі, але іншым шляхам.
“У гэтым класе ў нас, як вы бачылі, адбылася размова. Усе 45 хвілін мы гаварылі, абмяркоўвалі, тлумачылі. Цяпер у вучняў на ўроках не так і многа магчымасцей для гаворкі. У асноўным яны слухаюць і выконваюць. Ідэя была ў тым, што спачатку навучэнцы пачытаюць (што мне вельмі падабаецца, бо не трэба тлумачыць тое, што і так зразумела), а затым мы разам абмяркуем прачытанае. Акрамя таго, самыя моцныя і актыўныя ў класе патлумачаць незразумелае аднакласнікам — двайная выгада.
На першы погляд можа падацца, што тэма лёгкая, але яна ўтрымлівае давалі складаны тэарэтычны матэрыял. І каб вучні яго засвоілі, даводзіцца ствараць самыя розныя адукацыйныя сітуацыі. Таму выкарыстоўваліся і выказванні знакамітых людзей, і малюнкі-схемы, і работа з падручнікам і раздатачным матэрыялам. Вучні працавалі асобна, у парах і групах.
Урок пачаўся са знаёмства з фразамі. Неабходна зрабіць так, каб вучні адразу ўключыліся ў мысліцельны працэс, і такія кароткія выслоўі якраз для гэтага падыходзяць. Усё, што адбываецца на ўроку, дзеці павінны прапускаць праз сябе. Задача настаўніка — даваць ім такую магчымасць”, — працягвала настаўніца.
Значэнне паняцця “зносіны” ў падручніку крыху размытае, таму перад Зояй Яўгенаўнай стаяла мэта навучыць іх выдзяляць тры асноўныя складнікі гэтага паняцця. “Перш за ўсё мне трэба было звярнуць увагу на тое, што самі вучні не ўбачаць. Яны пра гэта прачытаюць у падручніку, але могуць не звярнуць увагі на важныя моманты, не нададуць ім неабходнага значэння. Задача настаўніка — зрабіць так, каб успрыманне інфармацыі было ўсвядомленым. Мы з імі пагаварылі пра зносіны, выдзелілі тры абазначаныя складнікі, а затым, каб дзевяцікласнікі зразумелі, што гэтая інфармацыя для іх важная і неабходная (для чаго ж усё-такі трэба запамінаць 10 відаў зносін), звярнуліся да падручніка. Тут жа хачу заўважыць, што нам трэба мяняць стаўленне дзяцей да падручніка, бо менавіта дзякуючы гэтай вучэбнай кнізе вучань становіцца больш разумным і цікавым субяседнікам.
Пасля адбыліся так званыя 4 хвіліны зносін, калі навучэнцы дзеляцца свамі ведамі з аднакласнікамі, тымі, хто не ведаў, не пачуў (не дачуў), не зразумеў, не ўпэўнены ў сабе. Яны слухаюць адно аднаго і разумеюць свой узровень ведаў. Я ў лепшым выпадку за гэты час магла б выслухаць 1—2 чалавек. Такім прыёмам карыстаюся і пры падрыхтоўцы да экзамену па гісторыі Беларусі. Вучні аб’ядноўваюцца ў пары і расказваюць адно аднаму тое, што вывучылі. Галоўнае, каб ім пры гэтым было камфортна.
Далей мы пачалі адпрацоўваць тэорыю. Над функцыямі зносін працавалі кароткімі выказваннямі, з дапамогай ПАПВ-формулы (пазіцыя, абгрунтаванне, прыклад, вынік). Яна карысная тым, што дапамагае вучню выказаць сваё меркаванне і вучыць гэта рабіць у чатырох сказах. І зноў-такі — гэта вопыт гаварэння, прамоўніцтва. Адзінае, абмежавацца чатырма сказамі ў іх пакуль не атрымліваецца, але гэтаму трэба вучыць. На гісторыі такая формула спрацоўвае лепш, бо там можна падабраць факты.
Потым мы паспрабавалі стварыць візуальныя і слоўныя вобразы відаў зносін. Праблема ў тым, што некаторыя віды вельмі блізкія паміж сабой. Як і тое, дзе знаходзяцца межы асабістых адносін, а дзе — дзелавых. Мне хацелася б, каб намаляваны круг зносін спрацаваў лепш. Маёй задачай было зрабіць так, каб яны задумаліся, як, дзе і з кім яны ўступаюць у зносіны. Магчыма, у некага больш канфліктных зносін, таму пра гэта сказаць няпроста. Усведамленне таго, з кім і як падлетак уступае ва ўзаемадзеянне, — самае важнае для яго. На наступных уроках мы пра гэта будзем яшчэ гаварыць”, — тлумачыла Зоя Яўгенаўна.
Дзецям жыццёва неабходны эмоцыі. Яны гавораць найперш пра тое, чаго самім не хапае. “Я была рада, калі яны сказалі, што імператыўныя зносіны недапушчальныя пры міжасобасных нефармальных зносінах. І яшчэ мне спадабалася, што яны пачалі гаварыць пра маніпуляцыйныя зносіны. Яны нікому не падабаюцца, але яны існуюць, што трэба разумець.
Далей у цэнтры ўвагі былі правілы зносін. Калі ў нас будзе ўрок-практыкум, я папрашу кожнага з іх напісаць свае 10 правіл зносін (што яны могуць сабе дазволіць, а што для іх недапушчальна). Праблема ў тым, што на ўроку дзеці іншыя, яны не такія, як дома ці на вуліцы. У школе яны па-іншаму апрануты, падрыхтаваныя і без свайго лексікону. Яны могуць быць больш уважлівымі, клапатлівымі, папераджальнымі, таму ты іх і ўспрымаеш адпаведным чынам. Таму трэба, каб пераўвасабленне дзеля школы заставалася ўсё ж дамінуючым па жыцці.
Гэта быў першы ўрок, уводзіны ў тэму, таму можна было дазволіць сабе пагутарыць, зняць страх перад падручнікам і закінуць на будучыню тое, што цікава будзе разглядаць далей. Наступны ўрок пачнецца з тэста, які дазволіць праверыць, як была засвоена гэтая тэма. Магчыма, дзевяцікласнікі тэмай эсэ выберуць “Ні адзін чалавек не можа быць востравам”.
Па выніках урока я паставіла тры “дзясяткі”. Каб атрымаць гэтую адзнаку, трэба добра ведаць тэорыю, актыўна паспрабаваць розныя віды дзейнасці на ўроку і адказаць на пытанні. У канцы дзевяцікласнікі дзякавалі адно аднаму за актыўны ўдзел у агульнай працы. Такім чынам, пры выстаўленні адзнак былі ўлічаны і меркаванні вучняў”, — падсумавала Зоя Яўгенаўна.
Не засталіся па-за ўвагай і тыя, хто актыўна працаваў, хто пакуль толькі накоплівае веды, і дзякуючы каму дыскусія атрымала іншы напрамак. Зоя Яўгенаўна вельмі ўважлівы педагог, які трымае ў полі зроку кожнага, кіруючыся ўсімі відамі зносін.
Вольга ДУБОЎСКАЯ.
Фота аўтара.