Без матыву любая дзейнасць, у тым ліку і вучэбная, ніколі не будзе эфектыўнай.
Э.М.Браверман
У сучасных умовах развіцця адукацыйнай сістэмы стаіць пытанне, як забяспечыць якаснае навучанне кожнага вучня, павысіць матывацыю да навучання, даць магчымасць для яго далейшага развіцця.
На жаль, у апошні час прыходзіцца ўсё часцей адзначаць, што ў большасці сучасных навучэнцаў няма стойкай цікавасці да навучання. Прычыны тут розныя, і для нас, педагогаў, усё больш актуальным становіцца пытанне: як вучыць дзяцей?
Пашырэнне магчымасцей асобы — гэта, перш за ўсё, павышэнне матывацыі да развіцця. Трэба навучыць дзіця вучыцца, а не засвойваць веды. Творчы падыход дазваляе настаўніку максімальна эфектыўна выкарыстоўваць у сваёй рабоце багаты інструментарый, які даецца сучаснымі адукацыйнымі тэхналогіямі і дазваляе сфарміраваць у навучэнцаў станоўчую матывацыю і ўстойлівую цікавасць да вывучэння прадмета. Інакш кажучы, задача ў тым, каб дзіця вучылася таму, што яму хочацца вучыцца, каб яно адчувала задавальненне ад самога навучання.
З мэтай фарміравання ўстойлівай цікавасці да вывучэння матэрыялу па працоўным навучанні выкарыстоўваю на ўроках разнастайныя прыёмы: выбудоўванне вакол вучэбнага матэрыялу прыгодніцкага сюжэта; стымуляванне займальным сюжэтам; стварэнне сітуацыі творчага пошуку, выкарыстанне гульняў і гульнявых прыёмаў на ўроках і інш.
Менавіта ў гульні ажыццяўляецца парадокс: здавалася б, вучань робіць тое, што яму хочацца, але тым не менш ён вучыцца падпарадкоўвацца правілам, логіцы, умоўнасцям. Гульнявыя прыёмы, такія як крыжаванкі, віктарыны, галаваломкі, рэбусы, шарады, выкарыстоўваю як пры замацаванні пройдзенага матэрыялу, так і пры вывучэнні новага, калі ўключэнне гэтых гульнявых прыёмаў у структуру ўрока павышае цікавасць дзяцей да тэмы і прадмета ў цэлым.
Напрыклад:
Гульня “Абсталюй сваё рабочае месца”, 7 клас, тэма ўрока “Сервіроўка стала да абеду”. Навучэнцы атрымліваюць посуд, прыборы і меню, згодна з якім неабходна выканаць сервіроўку стала. Па камандзе яны павінны раскласці ўсе прыборы і посуд на сваім стале з улікам патрабаванняў сервіроўкі (для ўскладнення задання сярод посуду і прыбораў знаходзяцца як сталовыя, так і кухонныя). Фіксую час заканчэння задання кожным навучэнцам, а потым сумесна з класам правяраю правільнасць яго выканання ва ўсіх удзельнікаў гульні (пры гэтым мэтазгодна, каб навучэнцы самі ацэньвалі работу сваіх сяброў, знаходзілі і выпраўлялі іх памылкі).
Гульня “Правільна расстаў словы”. Пішу на дошцы некалькі сказаў з адвольна перастаўленымі словамі, якія ўяўляюць сабой асноўныя палажэнні тэхнікі бяспекі пры рабоце, напрыклад, з рэжучым інструментам. Навучэнцы ўпісваюць іх у рабочыя сшыткі ў неабходным парадку, такім чынам, паўтараючы і замацоўваючы інфармацыю, адлюстраваную ў гэтых сказах. Потым навучэнцам задаю пытанні: “Да якога этапу практычнай работы на занятках могуць быць прыменены гэтыя правілы (да этапу, які апярэджвае пачатак работы; да этапу непасрэднай практычнай дзейнасці; да этапу заканчэння работы)? Якія яшчэ правілы тэхнікі бяспекі, што адносяцца да гэтага этапу работы, вы ведаеце?”
Гульня “Аратар”. Паведамляю тэму і мэту заняткаў. Любы навучэнец (па жаданні) павінен выйсці да дошкі і выступіць перад сваімі сябрамі ў ролі “аратара”, г.зн. за 1 хвіліну ўпэўніць іх у жыццёвай неабходнасці вывучэння гэтай тэмы.
Асаблівае месца пры фарміраванні глыбокай пазнавальнай цікавасці да прадмета належыць такому эфектыўнаму сродку, як займальнасць. Элемент займальнасці дазваляе актывізаваць разумовую дзейнасць навучэнца, стварае станоўчы настрой да навучання.
Напрыклад:
— у 6 класе па тэме “Крупы, іх віды і значэнне ў харчаванні чалавека” элементам займальнасці служыць легенда пра тое, што раней у сялянскіх сем’ях з круп не толькі варылі кашы, супы і пяклі хлеб, але на крупах і варажылі. Пад Новы год старэйшы ў сям’і падкідаў да столі прыгаршчы кашы, і ўся сям’я варажыла: калі прыліпла да столі многа кашы, то год будзе сытным і ўраджайным!
— у 5 класе па тэме “Стравы з яек” — гістарычныя факты: у Францыі паставілі помнік кухару Эскаф’е, які мог згатаваць з яек больш за 8000 страў! У Тунісе была згатавана яечня з 5000 яек. А штуршком для гатавання такой яечні сталі вераб’і. У той час на засеяных туніскіх палях іх распладзілася вялікая колькасць. Для выратавання пасеваў быў высланы батальён. Трэба было знішчыць птушыныя гнёзды. Салдаты сабралі 5000 яек. Некалькі кілаграмаў сала для смажання — і яечня гатова. Яна была 2 метры ў акружнасці.
— у 6 класе па тэме “Стравы з круп” новы матэрыял падаецца ў форме казкі. Падарожнічаючы разам з гераіняй казкі Кашай, дзяўчынкі вывучаюць асноўныя правілы гатавання страў з круп.
Праблема выбару неабходнага метаду выкладання ўзнікае перад настаўнікам заўсёды. Але ў новых умовах неабходны і новыя метады, якія дазваляюць па-новаму арганізоўваць працэс навучання, узаемаадносін паміж настаўнікам і вучнем. Урокі з выкарыстаннем інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій, на мой погляд, з’яўляюцца адным з самых важных вынікаў інавацыйнай работы ў школе. Элементы займальнасці на ўроку, узмоцненыя гукам, графікай, відэаінфармацыяй, прэзентацыяй, уздзейнічаюць на навучэнца намнога мацней, чым толькі слова настаўніка, выклікаючы шчырую цікавасць да тэмы, якая вывучаецца, і істотна скарачаюць час тлумачэння новага матэрыялу, што дазваляе больш часу ўдзяліць выкананню практычнай работы. Выкарыстанне ІКТ тым больш актуальна ў наш час, таму што ў школах, як правіла, адсутнічаюць або маральна састарэлі неабходныя наборы схем, табліц, ілюстрацый, фотаздымкаў, наглядных дапаможнікаў.
Існуе мноства праграм, электронных падручнікаў, сайтаў, публікацый, напісаных і распрацаваных для настаўнікаў і настаўнікамі. Але, на жаль, прыходзіцца прызнаць, што для выкладання прадмета “Працоўнае навучанне” няма спецыяльных электронных сродкаў навучання. Настаўніку прыходзіцца самому “падганяць” праграмы да свайго прадмета.
Напрыклад, у 7 класе па тэме “Макаронныя вырабы” пры тлумачэнні прынцыпу фармавання макаронных вырабаў дэманструю відэаролік, які за больш кароткі час (1 хвіліна) дае больш поўную інфармацыю па тэме. Народная мудрасць гаворыць: “Лепш адзін раз убачыць, чым некалькі разоў пачуць”. Таму на сваіх уроках пры тлумачэнні новага матэрыялу часта выкарыстоўваю відэаролікі, напрыклад: “Прынцып дзеяння машыннай іголкі” (6 клас), “Атрыманне сінтэтычных валокнаў” (8 клас) і інш. Пры выкарыстанні відэафрагментаў важна памятаць пра тэмп урока: відэафрагмент павінен быць вельмі кароткім па часе, прычым настаўніку неабходна паклапаціцца пра забеспячэнне зваротнай сувязі з навучэнцамі.
У 5—9 класах маршрутную (тэхналагічную) карту па гатаванні страў дапаўняю або замяняю камп’ютарнай кулінарнай гульнёй або работай з электроннай кулінарнай кнігай (povarenok.ru, sam-sebe-povar.com і інш.).
Пры складанні крыжаванак выкарыстоўваю праграму Hot Potatoes. Hot Potatoes — інструментальная праграма-абалонка, якая дае выкладчыкам і навучэнцам магчымасць самастойна ствараць інтэрактыўныя заданні без ведання моў праграмавання і прыцягнення спецыялістаў у галіне праграмавання.
Раздзел “Кулінарыя” змяшчае шэраг тэм, якія прадугледжваюць правядзенне папярэдніх разлікаў. Гэта актуальна па такіх тэмах, як, напрыклад, “Разлік каларыйнасці прадуктаў”, “Бюджэт сям’і”, “Планаванне расходаў на харчаванне”, “Складанне меню” і г.д. Тут неацэнную дапамогу могуць аказаць электронныя табліцы Excel. Так, выкарыстаць электронныя табліцы можна пры правядзенні практычнай работы ў 8 класе “Складанне меню”.
Пры правядзенні ўрокаў па планіроўцы кухні (9 клас) працую з праграмай “Дызайнер кухні” (KitchenDrаw), пры дапамозе якой можна спланаваць любую кухню. Прымяненне гэтай праграмы паглыбляе дзяўчынак у рэальныя ўмовы прафесіі дызайнера, дазваляе за кароткі прамежак часу выканаць практычную работу. Вялікі плюс гэтай праграмы — павышэнне самаацэнкі навучэнцаў, паколькі справіцца з гэтай работай можа кожны, незалежна ад таго, умее ён маляваць ці не.
Праграма “Вышыўка крыжам” ператварае любыя карцінкі або адсканіраваныя фотаздымкі ў праекты для вышывання крыжыкам. Таксама я выкарыстоўваю ў рабоце практычныя дапаможнікі па вязанні пруткамі, кручком, відэамайстар-класы па вязанні.
Яшчэ адна з магчымасцей уніфікаваць вучэбны працэс — гэта выкарыстанне электронных тэстаў. Пры выкарыстанні камп’ютарнага тэсціравання істотна змяншаецца час на праверку і аналіз выкананай работы, пры гэтым павышаецца аб’ектыўнасць ацэньвання навучэнцаў за кошт таго, што вынікі тэста апрацоўваюцца праграмай. І вучань, і настаўнік бачаць, на якім этапе ўзнікла непаразуменне, і плануюць далейшую дзейнасць па выпраўленні памылак.
Думаю, што выніковасць прымянення інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій на ўроку залежыць ад падрыхтоўкі да яго. Але пры падрыхтоўцы да ўрока з выкарыстаннем ІКТ настаўнік не павінен забываць, што гэта УРОК, а значыць, складаць план урока зыходзячы з яго мэт. Пры адборы вучэбнага матэрыялу неабходна прытрымлівацца асноўных дыдактычных прынцыпаў: сістэматычнасці і паслядоўнасці, даступнасці, дыферэнцыраванага падыходу, навуковасці і інш. Пры гэтым камп’ютар не замяняе настаўніка, а толькі дапаўняе яго.
Інтэрактыўныя мадэлі даюць магчымасць навучэнцам самастойна прапрацоўваць матэрыял, рабіць прагнозы, выпраўляць свае памылкі. Мультымедыясістэмы дазваляюць задзейнічаць усе каналы ўспрымання вучэбнай інфармацыі, што, безумоўна, павышае якасць засваення вучэбнага матэрыялу. Цікавасць ствараецца і разнастайнасцю, і маляўнічасцю інфармацыі, і практычнай значнасцю матэрыялу, які вывучаецца, дазваляючы праявіць арыгінальнасць і выкарыстаць разумовыя сілы. Інфармацыя, пададзеная ў нагляднай форме, з’яўляецца найбольш даступнай для ўспрымання, засвойваецца лягчэй і хутчэй. Дзякуючы ІКТ, значна (да 30%) эканоміцца вучэбны час, што дазваляе павялічыць шчыльнасць урока, узбагаціць яго новым зместам, а пры вывучэнні прадмета “Працоўнае навучанне” з’яўляецца яшчэ і магчымасць удзяліць больш увагі на практычную частку ўрока, што прыводзіць да павышэння эфектыўнасці навучання.
Такім чынам, фарміраванню станоўчай матывацыі навучання, развіццю цікавасці да прадмета спрыяе агульная атмасфера ў класе, займальнасць выкладання вучэбнага матэрыялу, арганізацыя пазнавальных гульняў, конкурсаў, аналіз жыццёвых сітуацый, прымяненне заданняў творчага, даследчага характару, выкарыстанне інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій.
І, нарэшце, яшчэ адзін складнік поспеху ў справе фарміравання ў навучэнцаў станоўчай матывацыі і ўстойлівага інтарэсу — гэта асобасныя якасці педагога. Самы вялікі грэх настаўніка — быць сумным. Каб выхаваць у дзіцяці здаровае імкненне да дасягнення намечанай мэты, настаўнік сам павінен адчуваць шчырую цікавасць да сваёй дзейнасці і аб’ектыўна адносіцца да поспехаў і няўдач вучняў. Самае галоўнае — гэта жаданне настаўніка працаваць над сабой, ствараць, вучыцца, эксперыментаваць. Нельга не пагадзіцца са словамі К.Д.Ушынскага: “Настаўнік жыве да таго часу, пакуль вучыцца; як толькі ён перастае вучыцца, у ім памірае настаўнік”.
Іна БОРТНІК,
настаўніца працоўнага навучання сярэдняй школы № 1 Ляхавіч Брэсцкай вобласці.