Паспяховасць — гэта якасная ацэнка вынікаў дзейнасці, якая складаецца з аб’ектыўнай выніковасці і суб’ектыўных адносін да гэтых вынікаў самога чалавека. Адной з задач пачатковай адукацыі з’яўляецца фарміраванне ўстаноўкі і забеспячэнне ўмоў для дасягнення дзіцем поспеху ў навучанні, пераадолення ім розных комплексаў і страхаў. Важным педагагічным фактарам, які ўплывае на фарміраванне паспяховасці або непаспяховасці вучня, з’яўляецца стыль зносін і навучання першай настаўніцы. Ад прафесійнай кампетэнтнасці настаўніка шмат у чым залежыць далейшае навучанне, лёс чалавека, яго кар’ера, таму кожны настаўнік імкнецца ўдасканальваць сваю прафесійную кампетэнтнасць.
Добрая падтрымка ў гэтым — метадычныя мерапрыемствы раённага, абласнога і рэспубліканскага ўзроўняў. Гэта семінары-практыкумы, навучальныя курсы, круглыя сталы, майстар-класы, конкурсы педагагічнага майстэрства, праблемна-дзелавыя гульні, педагагічныя вячоркі, адкрытыя ўрокі і інш. Стала традыцыяй на Магілёўшчыне праводзіць занальныя семінары. Для якаснай падрыхтоўкі і паспяховага правядзення такіх семінараў Магілёўская вобласць умоўна дзеліцца на тэрытарыяльна блізкія зоны. Да кожнай тэрытарыяльнай зоны адносяцца па 5-6 найбліжэйшых раёнаў. Для ўдзелу ў занальным семінары ад кожнага раёна дэлегуюцца настаўнікі. Занальны семінар у цесным супрацоўніцтве рыхтуюць метадыст раёна і метадыст аддзела пачатковай адукацыі Магілёўскага дзяржаўнага абласнога інстытута развіцця адукацыі.
Так, нядаўна ў Асіповічах адбыўся чарговы занальны семінар для настаўнікаў Бабруйскай зоны. Тэма семінара была выбрана невыпадкова, бо праблема фарміравання ў вучняў адукацыйнай паспяховасці заўсёды застаецца актуальнай. У семінары ўдзельнічалі настаўнікі з Клічаўскага, Бабруйскага, Глускага, Асіповіцкага, Кіраўскага раёнаў, а таксама настаўнікі Асіповіч і Бабруйска.
У цэнтры ўвагі былі пытанні ўдасканалення прафесійнай кампетэнтнасці настаўніка па фарміраванні адукацыйнай паспяховасці вучняў на I ступені агульнай сярэдняй адукацыі.
Аб метадычным суправаджэнні развіцця прафесійнай кампетэнтнасці настаўніка ў міжкурсавы перыяд расказала Таццяна Пятроўна Ермакова, метадыст РВМК аддзела адукацыі, спорту і турызму Асіповіцкага райвыканкама. У выступленні было адзначана, што неабходнасць пошуку новых арганізацыйных форм работы з педагагічнымі кадрамі і сістэматызацыя вопыту, які ўжо напрацаваны, як ніколі актуальныя. Трансляцыя эфектыўнага педагагічнага вопыту арганізоўваецца праз раённыя метадычныя аб’яднанні, на якіх праводзяцца майстар-класы вопытных педагогаў. Укараненне сучасных электронных сродкаў навучання ў сферу дзейнасці педагогаў прыводзіць да неабходнасці змены характару педагагічнай дзейнасці, што немагчыма ажыццявіць без адпаведнай падрыхтоўкі, асноўным стрыжнем якой з’яўляецца ўзаемадзеянне педагогаў з навучэнцамі ў высокатэхналагічным адукацыйным асяроддзі.
Вопытам работы па фарміраванні паспяховага вучня падзялілася Ганна Іванаўна Астапоўская, настаўніца пачатковых класаў гімназіі Асіповіч. Яна правяла адкрыты ўрок па прадмеце “Літаратурнае чытанне” ў 3 класе па тэме “Бусел — сімвал Беларусі”. Работа настаўніцы на ўроку была накіравана на ўдасканаленне навыку чытання, развіццё ўмення размаўляць на роднай мове, стварэнне ўмоў для развіцця творчых здольнасцей навучэнцаў. Настаўніца давала магчымасць усім выказаць сваё меркаванне, свае адносіны да прачытанага. Пры гэтым для кожнага вучня стваралася сітуацыя поспеху.
Праз правядзенне майстар-класа настаўніцай пачатковых класаў гімназіі Асіповіч Вольгай Аркадзьеўнай Баравіковай, фіналісткай абласнога конкурсу прафесійнага майстэрства “Настаўнік года — 2013”, удзельнікі семінара атрымалі магчымасць авалодаць пэўнымі навыкамі па фарміраванні адукацыйнай паспяховасці малодшага школьніка. Педагогі маглі паўдзельнічаць у дзелавой гульні “Метадычны аўкцыён” на тэму “Арганізацыя даследчай дзейнасці вучняў на I ступені агульнай сярэдняй адукацыі”, які падрыхтавала і правяла метадыст Т.П.Ермакова.
Падчас дзелавой гульні настаўнікі выпрацавалі сістэму сучасных падыходаў у рабоце з адоранымі дзецьмі, паглыбілі веды па арганізацыі даследчай дзейнасці з малодшымі школьнікамі, вызначылі сукупнасць ідэй, поглядаў, прыярытэтных напрамкаў па дасягненні якасці адукацыі.
Падводзячы вынікі семінара, метадыст МДАІРА Ія Пятроўна Атрошанка выказала меркаванне аб тым, што для дасягнення поспеху ў жыцці вельмі важна зразумець, што кожны чалавек сваімі думкамі, словамі і ўчынкамі сам фарміруе свой лёс. У гэтым плане вырашальнае значэнне набываюць асабістыя, суб’ектыўныя адносіны чалавека да таго, што адбываецца.
У пачатковых класах ёсць вучні, якія адчуваюць страх у сітуацыі праверкі ведаў, глыбока перажываюць розныя школьныя непрыемнасці. Ёсць дзеці, якія не адчуваюць патрэбы ў дасягненні поспеху, з’яўляючыся няўпэўненымі ў сабе, сваіх сілах і магчымасцях, таму адна з задач настаўніка — сфарміраваць станоўчую матывацыю кожнага дзіцяці да навучання.
Часам дарослыя не ўсведамляюць значэнне асобаснага поспеху дзіцяці ў адукацыйным працэсе. Мудры настаўнік, размаўляючы з дзецьмі і іх бацькамі, стварае сітуацыю поспеху для кожнага вучня. Бывае, што дзіця выканала заданне не зусім правільна. Настаўнік у такіх сітуацыях знаходзіць тыя моманты, за якія можна пахваліць, а памылкі ў заданні аналізуе разам з вучнем.
Асобу паспяховага вучня характарызуюць высокая матывацыя, цікавасць да навучання, цікаўнасць у розных галінах ведаў, адэкватная самаацэнка, уменне радавацца сваім дасягненням і суперажываць няўдачам іншых.
Для фарміравання паспяховасці вучня настаўнік удасканальвае сваю прафесійную кампетэнтнасць. Метадычнае суправаджэнне падчас удасканалення ажыццяўляюць метадысты раёна і вобласці. На гэтым занальным семінары ўдзельнікі мелі магчымасць бачыць супрацоўніцтва і ўзаемадзеянне “метадыст — настаўнік — вучань”.
Святлана ТУРКОВА, Ія АТРОШАНКА,
метадысты Магілёўскага дзяржаўнага
абласнога інстытута развіцця адукацыі.