Школа — маё жыццё, а дзеці — мая радасць

Кожнае дзіця таленавітае па-свойму. Неабходна толькі дапамагчы яму раскрыць сябе, паказаць усе свае магчымасці. Таму стаўлю перад сабой мэту ўбачыць у дзіцяці ўсё самае лепшае, што ў ім ёсць, даць імпульс да самаўдасканалення праз развіццё, выхаванне, творчасць.

Я пераканана, што асновай паспяховага развіцця асобы з’яўляецца пазнавальная цікавасць. Яна выступае як каштоўны матыў вучэбнай дзейнасці школьніка. У першыя гады навучання ў школе яе развіццё вельмі прыкметнае. Я заўсёды памятаю, што пазнанне ідзе ад простага да складанага, ад вядомага да невядомага, ад блізкага да далёкага, ад апісання да тлумачэння, ад фактаў да абагульнення. Для фарміравання цікавасці да навучання захоўваю прынцып: чым меншыя вучні, тым больш наглядным павінна быць навучанне і тым большую ролю мае актыўная дзейнасць. Станаўленне асобы вучняў перш за ўсё адбываецца на ўроку. Актывізую пазнавальную дзейнасць вучняў і павышаю цікавасць да навучання на кожным этапе ўрока праз індывідуальную, групавую работу, дыферэнцыраваны падыход, гульню, стварэнне сітуацыі поспеху, самастойную работу. Заданні і матэрыялы падбіраю такім чынам, каб яны былі даступныя па выкладанні, маляўніча аформленыя, змяшчалі элементы займальнасці і спаборніцтва, утрымлівалі звесткі і факты, якія выходзяць за рамкі вучэбных праграм. Схемы-апоры, табліцы, сігнальныя карткі, раздатачны матэрыял, займальныя практыкаванні даўно сталі надзейнымі памочнікамі ў маёй рабоце. Яны выклікаюць пачуццё здзіўлення, навізны, незвычайнасці, нечаканасці, развіваюць кемлівасць, ініцыятыву, запальваюць агеньчык дапытлівасці. У выніку вучань працуе на ўроку з цікавасцю, і нават цяжкія заданні становяцца пасільнымі для яго. Дапамагаю кожнаму дзіцяці шукаць і знаходзіць свае шляхі атрымання адказу. Добрым сродкам выхавання і навучання з’яўляецца гульня. Яна стварае ўмовы для пошуку, абуджае імкненне да перамогі, а адсюль — імкненне быць хуткім, засяроджаным, спрытным, знаходлівым, вучыцца лёгка выконваць заданні, прытрымлівацца правіл. Дзіця ніколі не будзе займацца сумнай справай. Усё, што яно чуе, бачыць, адчувае, павінна прыносіць яму радасць, выклікаць цікавасць.

Першыя крокі дзіцяці ў школе вельмі нялёгкія. І таму я стараюся захапіць дзяцей радасцю пазнання, уменнем і жаданнем працаваць. Часта ўспамінаю выказванне Я.Корчака: “Паважайце няведанне дзіцяці”, нагадваю дзецям пра тое, што не сорамна не ведаць, а сорамна не пытаць. Сакрат гаварыў, што здзіўленне — гэта першы крок да мыслення. У адпаведнасці з гэтым я арганізую сваю дзейнасць такім чынам, каб яна прысутнічала на кожным уроку. З мыслення пачынаецца пошук адказаў, абмеркаванне праблемы. Да кожнага ўрока — дадатковы матэрыял: дыдактычныя гульні, віктарыны, займальныя пытанні, рэбусы, матэматычнае лато. Старанна прадумваю заданне на дом. Важна, каб дзіця не трэба было прымушаць рабіць дамашняе заданне, а яно само спяшалася яго выканаць. На ўроку дамашняе заданне правяраю, адзначаю самых старанных вучняў. Нават слабыя вучні цягнуцца за моцнымі, стараюцца выканаць дамашняе заданне не горш за іншых. Такім чынам адбываецца ненадакучлівая актывізацыя пазнавальнай дзейнасці вучняў.
У гульнях, асабліва калектыўных, фарміруюцца і маральныя якасці асобы. У выніку дзеці аказваюць дапамогу сябрам, улічваюць іх інтарэсы. Правільна арганізаваная самастойная работа садзейнічае фарміраванню пазнавальных інтарэсаў, развіццю пазнавальных здольнасцей, авалоданню прыёмамі працэсу пазнання.
Рашэнне творчых задач рознай ступені складанасці садзейнічае развіццю лагічнага мыслення вучняў. У працэсе такой дзейнасці развіваюцца навыкі самаарганізацыі.
У выніку, абмяркоўваючы розныя варыянты пошуку шляхоў рашэння, дзеці актыўна прапануюць магчымыя падыходы, шукаюць адказы, абараняюць свой варыянт адказу. Пры гэтым у іх узнікае жаданне даведацца, чаму адны спосабы рашэння задач аказваюцца рацыянальнымі, а іншыя — не. А яшчэ яны вучацца ўважліва слухаць і чуць адно аднаго. Кожны поспех раблю здабыткам усяго класа.
Пастаянны аналіз дасягненяў вучняў — абавязковая ўмова маёй работы. Сэнс дыягнаставання бачу ў тым, каб атрымліваць найбольш рэальную і наглядную карціну развіцця дзіцяці, яго здольнасцей назіраць, аналізаваць, параўноўваць, класіфікаваць. Дыягнаставанне дазваляе мне вызначыць, ці ўдаецца вырашаць у адзінстве задачы навучання, развіцця і выхавання.

Важнай умовай маёй работы з’яўляецца ўсмешка і добрае слова. А колькі карысці яны прыносяць уроку і дзіцяці! Шчырай любоўю я заваёўваю давер дзяцей, а значыць, права выхоўваць і вучыць.
На сучасным этапе назіраецца ўсебаковае масавае ўкараненне інфармацыйных тэхналогій ва ўсе сферы адукацыі. Працэс інфарматызацыі адукацыі, які з’яўляецца адначасова асноўным патрабаваннем і вынікам развіцця сучаснага грамадства, ставіць перада мной, як і перад кожным настаўнікам, новыя задачы: авалодаць навыкамі работы з камп’ютарнай тэхнікай і методыкай прымянення камп’ютара як сродку навучання; арыентавацца ў вялікім патоку інфармацыі, умець яе знаходзіць, перапрацоўваць і выкарыстоўваць, навучыць дзяцей самастойна шукаць патрэбную інфармацыю, правільна яе прымяняць.
Для рэалізацыі пастаўленых задач я авалодала асновамі неабходных ведаў і назапасіла асабісты вопыт па практычным выкарыстанні камп’ютарных тэхналогій, навучылася прымяняць іх у адукацыйным працэсе. Мае вучні ўмеюць самастойна працаваць з крыніцай ведаў, разумеюць навучальныя заданні, умеюць правяраць сваю работу і работу сябра, умеюць параўноўваць, аналізаваць, абагульняць, класіфікаваць і сістэматызаваць матэрыял, а галоўнае — у іх асаблівы стыль зносін. У ім пераважае дух супрацоўніцтва, суперажывання і ўзаемапавагі.
Я заўсёды працую пад дэвізам “Навучанне з захапленнем!”, таму што разумею, што праз казку і гульню пралягае шлях да сэрца дзіцяці. Мае вучні маленькія і дапытлівыя, ім цікава ўсё! Яны разняволеныя, вераць у сябе і свае здольнасці, вучацца свабодна і крытычна думаць. Я стаўлюся да іх як да роўных — на занятках пануе атмасфера супрацоўніцтва, сумеснага пошуку метадам спроб і памылак.
Я імкнуся арганізаваць навучанне такім чынам, каб поспеху дасягнуў кожны ў меру сваіх здольнасцей і магчымасцей. Даю шанс самым няўпэўненым вучням. На нашых занятках увасабляюцца ў жыццё і пастаянна ўдасканальваюцца інтэнсіўныя метады новай адукацыі: самастойная дзейнасць шляхам творчага пошуку рашэнняў і адкрыццяў.
Ідуць дні, гады. Змяняецца час, але нязменнымі з’яўляюцца мае педагагічныя прынцыпы: вучням неабходна аддаваць не толькі нейкую суму ведаў, але і часцінку сваёй душы; павага паміж настаўнікам і вучнем павінна быць узаемнай; “дрэнны” вучань не з’яўляецца дрэнным чалавекам; кожнае дзіця можа разлічваць на ўвагу, клопат і любоў; настаўнік толькі тады зможа навучыць чаму-небудзь дзяцей, калі ён любіць іх і свой прадмет.
Праляціць лета, пачнуцца заняткі. І на мяне зноў будуць глядзець вочы маіх вучняў. Я кожны дзень спяшаюся на сустрэчу з маімі дзецьмі. І як бы ні злаваўся часам настаўнік на сваіх выхаванцаў, ён павінен памятаць выказванне В.Розава: “Дабрыня — рэч дзівосная, яна збліжае, як нішто іншае, яна тая мова, на якой кожны захоча размаўляць”. Я ні разу не пашкадавала, што стала настаўніцай. Школа — маё жыццё, а дзеці — мая радасць.

Святлана ЛЫСЕВІЧ,
настаўніца пачатковых класаў Пархімаўскай базавай
школы 
Бераставіцкага раёна Гродзенскай вобласці.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.