Урок інтэрактыўнага дыялогу

Для многіх асоба Віктара Эдуардавіча па-ранейшаму застаецца таемнай, як і той факт, што менавіта гэты настаўнік стаў пераможцам Рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства. Журы скарыў яго педагагічны запал. Яшчэ ён з выразнай педагагічнай харызмай, якую, дарэчы, улавіла і вучнёўскае журы. Мне падчас суперфіналу ён таксама падаўся не статычным настаўнікам. Было трывалае адчуванне, что чалавек, як гаворыцца, у сваёй талерцы. Яго дзеянні на сцэне былі спакойныя і ўпэўненыя. Абсалютна такім жа я ўбачыла яго і на ўроку. Заўважу, паўсядзённым уроку, які не быў падрыхтаваны спецыяльна для карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

У апошнія хвіліны перапынку я зайшла ў клас, павіталася з дзецьмі і села за апошнюю парту. Маёй суседкай па парце стала Галіна Пятроўна Пішчык. Менавіта яна раскрыла ў Віктару Эдуардавічу настаўніка. На гадзінніку роўна 11 раніцы, гучыць званок на ўрок. Васьмікласнікі вітаюць свайго настаўніка, пасля чаго пачынаецца ўрок гісторыі.
Віктар Эдуардавіч аб’яўляе тэму ўрока: “Еўрапейская літаратура і мастацтва XVII—XVIII стагоддзяў”, і яна тут жа з’яўляецца на экране (ноўтбук з прэзентацыяй, мультымедыйны праектар былі падрыхтаваны для выкарыстання на ўроку загадзя, у час перапынку). Побач з настаўніцкім сталом стаіць мабільная класная дошка, а на ёй — бартавы журнал, прадстаўлены ў выглядзе табліцы пад агульнай назвай “Культура XVII—XVIII стагоддзяў”. У правую калонку трэба ўпісаць вядомую інфармацыю, а ў левую — новую. Вучні пераносяць схему бартавога журнала ў свае сшыткі.
Работа ў межах заяўленай тэмы пачалася з актуалізацыі ведаў вучняў па культуры папярэдняга перыяду (эпохі Адраджэння). “У якой краіне зарадзілася Адраджэнне? Якіх вы памятаеце мастакоў, пісьменнікаў, архітэктараў таго часу? Якія карціны, творы, архітэктурныя помнікі яны пакінулі нам у спадчыну?” — сыпаў пытаннямі настаўнік. А васьмікласнікі сыпалі адказамі: “Леанарда да Вінчы (“Тайная вячэра”), Мікеланджэла, Бацічэлі (“Нараджэнне Венеры”), паэты-гуманісты Франчэска Петрарка, Джавані Бакача”. Правільныя адказы фіксаваліся ў бартавым журнале на дошцы. Вучні працавалі ў сшытках.
“За эпохай Адраджэння пачалася эпоха Асветніцтва, падчас якой найвышэйшай каштоўнасцю аб’яўляецца чалавечы розум, што было засведчана і ў культурных здабытках таго часу. Сёння мы гаворым пра культуру эпохі Асветніцтва. Што ўключае ў сябе паняцце “культура”? (Вучні называюць літаратуру, жывапіс, скульптуру, музыку.) На працягу ўрока мы будзем працаваць з бартавым журналам, у якім запоўнім правую калонку. Будзем рабіць гэта коратка, тэзіснымі азначэннямі. А цяпер пазнаёмцеся з тым, чаму вы павінны навучыцца на працягу ўрока”, — звярнуўся да сваіх вучняў Віктар Эдуардавіч і націснуў на кнопку. На экране з’явілася:
Ведаць:
— паняцці і тэрміны (барока, караваджызм, опера);
— персаналіі (Даніэль Дэфо, П’ер Агюстэн Карон дэ Бамаршэ, Фрыдрых Шылер, Караваджа, Дыега Веласкес, Пітэр Паўль Рубенс, Харменс ван Рэйн Рэмбрант, Іаган Себасцьян Бах, Ёзэф Гайдн, Вольфганг Амадэй Моцарт, Людвіг ван Бетховен).
Умець:
— характарызаваць развіццё еўрапейскай літаратуры і мастацтва XVII—XVIII стагоддзяў;
— абагульняць і сістэматызаваць атрыманую інфармацыю, абмяркоўваць яе.
“Працаваць мы з вамі будзем у розных рэжымах. Недзе акцэнт буду рабіць на вашай самастойнай рабоце, нешта раскажу і пакажу вам я. Безумоўна, спатрэбіцца нам і падручнік. Як бачыце, інфармацыя для вас будзе паступаць з некалькіх крыніц. А спынімся мы на трох аспектах культуры XVII—XVIII стагоддзяў: літаратуры, мастацтве, музыцы. Пачнём з літаратуры”, — працягваў урок настаўнік.
Далей ён даў заданне ахарактарызаваць дзейнасць трох прадстаўнікоў літаратуры гэтага перыяду (Даніэля Дэфо, Фрыдрыха Шылера і П’ера дэ Бамаршэ) па прапанаваным плане: імя і прозвішча пісьменніка, краіна яго паходжання і погляды. На кожнага пісьменніка было адведзена па 2 хвіліны. Пакуль вучні чыталі падручнік і пісалі адказы, Віктар Эдуардавіч хадзіў паміж радамі, даючы прыватныя парады. Дзве хвіліны закончыліся імгненна, і вучні разам з настаўнікам прыступілі да абмеркавання.
Напрыклад, Даніэль Дэфо ў схеме выглядаў наступным чынам:
Краіна: Англія.
Творы: “Рабінзон Круза”.
Погляды: праслаўляў стваральную працу чалавека, яго напорыстасць у дасягненні мэты. Дарэчы, Рабінзон Круза ўвасабляў сабой чалавека эпохі Асветніцтва (чалавека дзейснага, прадпрымальнага, мэтанакіраванага), бо, дзякуючы свайму розуму, здолеў выжыць на бязлюдным востраве. Настаўнік ажыццяўляў паэтапную карэкцыю атрыманых ведаў вучняў.
Работа вучняў па схеме была самастойнай і засяроджанай (працавалі з падручнікамі), жывой і гучнай (выказацца хацелі ўсе, і гэта атрымлівалася), цікавай (адказы вучняў былі правільнымі, настаўнік увесь час падбадзёрваў і дапаўняў займальнай інфармацыяй).
Падсумаваўшы разам з вучнямі ўсю агучаную і запісаную інфармацыю пра пісьменнікаў (васьмікласнікі адказалі на пытанне, што аб’ядноўвае гэтых творцаў, нягледзячы на тое, што ўсе яны з розных краін), Віктар Эдуардавіч аб’явіў, што наступная частка ўрока будзе прысвечана выяўленчаму мастацтву і запрасіў у віртуальны музей. “І для таго, каб гэтае падарожжа не было галаслоўным, вы ў сваіх сшытках будзеце фіксаваць элементарнае: імя мастака і назву яго твора. А ўжо пра мастака і яго твор раскажу вам я”, — паведаміў настаўнік і тут жа пачаў свой аповед:
— У жывапісе гэтага перыяду панаваў стыль барока (у перакладзе з італьянскай — мудрагелісты, вычварны). Для большасці карцін характэрна пышнасць, велічнасць, імкненне ўздзейнічаць на чалавечыя пачуцці. Акрамя таго, сюжэт на карцінах выяўлены з фатаграфічнай дакладнасцю. Мастакі гэтых стагоддзяў дасягнулі піка ў сваім развіцці. І гэты час славіцца вядомымі імёнамі ў жывапісе. Пачнём з Караваджа. Ён пісаў карціны на простыя сюжэты. Яго творчасць вызначалася дзвюма тэмамі: рэлігія (біблейскія сюжэты) і простыя людзі. Вось адна з такіх карцін. Яна называецца “Шулеры”. Звярніце ўвагу на яе сюжэт: тут 3 дзеючыя асобы. А хто з іх шулер? — спытаў настаўнік.
Дзеці, гледзячы на карціну, пачалі гаварыць: той, хто трымае карту за спінай, той, хто заглядвае ў карты гульца-суседа. Далей настаўнік звяртае ўвагу васьмікласнікаў на тоны карціны, на тое, якім чынам мастак іх выкарыстоўвае, каб перадаць атмасферу нячыстай гульні. Затым Віктар Эдуардавіч звяртае ўвагу на яшчэ адну асаблівасць Караваджа. На экране з’яўляецца яго карціна “Прызванне Мацвея”. Яна біблейскай тэматыкі, але касцюмы герояў тагачасныя, характэрныя для часу Караваджа. І зноў-такі адзначаецца, як па-майстэрску Караваджа гуляе на тонах.
Затым на экране з’яўляюцца творы Дыега Веласкеса, якія ў большасці сваёй дэманструюць прыдворнае жыццё, бо Веласкес на працягу 40 гадоў быў прыдворным мастаком у іспанскага караля. Гаворка заходзіць пра яго вядомую карціну “Меніні”. І тут настаўнік падштурхоўвае сваіх вучняў ужо да самастойнага прачытання карціны, але яшчэ дапамагае наваднымі пытаннямі. Хто выяўлены на карціне? Якое дзейства тут адбываецца? А хто там стаіць убаку?
Вучні адказваюць, памыляюцца, але разважаюць далей. Настаўнік жа падтрымлівае і накіроўвае на правільныя разважанні. Затым яны гэтак жа разам абмяркоўваць карціну Веласкеса “Пралі” (“Пряхи”). Потым пераходзяць да Рубенса, гавораць пра яго творчыя здабыткі і мастацкія адметнасці. Рубенс часта пісаў на біблейскія сюжэты, але Віктар Эдуардавіч вырашыў паказаць сваім васьмікласнікам Рубенса-партрэціста і Рубенса-пейзажыста (на яго пейзажах была не толькі прырода, але і людзі). Увазе вучняў былі прадстаўлены 2 партрэты, і ім трэба было зразумець, у які мастак уклаў сваю душу. Душа і бязмежны талент мастака бачыліся ў пяшчотным выразе той дзяўчынкі, якая глядзела з экрана на школьнікаў. Яны здолелі не проста ўбачыць, але і адчуць гэтую пяшчоту! Сказаць па шчырасці, я была ўражана.
Затым у полі зроку настаўніка і вучняў былі характэрныя асаблівасці мастацтва Рэмбранта, які з’яўляецца непераўзыдзеным майстрам святлаценю. На экране зноў карціна — самы загадкавы і вядомы твор Рэмбранта “Начны дазор”. Віктар Эдуардавіч расказвае гісторыю стварэння гэтай карціны, гаворыць пра тое, што мастак у ёй парушыў усе каноны партрэта. Карціна ў мастака атрымалася жывой і рухомай. Акрамя таго, загадкавай: ніхто так і не даведаўся, што за дзяўчынка там намалявана, чаму ў аднаго героя карціны на правай руцэ надзета пальчатка і ў гэтай жа руцэ ён трымае правую пальчатку.
Размова пра выяўленчае мастацтва XVII—XVIII стагоддзяў на Рэмбранце была закончана. Акрамя “Начнога дазору”, вучні ўбачылі і ахарактарызавалі “Вяртанне блуднага сына” і “Святое сямейства”.
Настаў час фізкультхвілінкі. У Віктара Эдуардавіча яна была яшчэ і інтэлектуальная. Ён агучваў сцвярджэнні, а вучні ў адказ ківалі ці круцілі галовамі, размінаючы шыйныя пазванкі. Сцвярджэнні тычыліся Англійскай буржуазнай рэвалюцыі.
Апошняя частка ўрока была прысвечана музыцы эпохі Асветніцтва. А як можна гаварыць пра музыку, не слухаючы яе? Але, перш чым клас напоўніўся чароўнымі гукамі, настаўнік прапанаваў вучням зноў папрацаваць з падручнікам. Ім неабходна было прачытаць інфармацыю пра музыку і выпісаць выбітных кампазітараў таго часу. Бартавы журнал зноў быў у дзеянні. Калі імёны кампазітараў выстраіліся ў сшытках школьнікаў у слупок, загучаў Бах, які за ўсё сваё жыццё напісаў больш за 1000 твораў. Гукі “Музычнага жарту” з сюіты для флейты і струннага аркестра № 2 на некалькі хвілін напоўнілі клас. Дзеці слухалі і побач з назвай твора запісвалі свае эмоцыі ад музыкі (такое было заданне), а затым падзяліліся імі з настаўнікам і аднакласнікамі.
“Музычны жарт” Іагана Себасцьяна Баха выклікаў радасць і шчасце, “Развітальная сімфонія” Ёзэфа Гайдна выклікала сум, смутак, неспакой, трывогу, “Турэцкі марш” Вольфганга Амадэя Моцарта — весялосць, “Месячная саната” Людвіга ван Бетховена — смутак. Пасля Віктар Эдуардавіч расказаў пра музычныя кірункі таго часу.
Пачаўся этап замацавання ведаў. Новыя веды вучні замацавалі з дапамогай кластара. Як адзначыў педагог, кластар дапаможа вучням структураваць вывучаны матэрыял. Затым настаўнік выставіў адзнакі і агучыў дамашняе заданне. Прагучаў званок з урока.
Але сыходзіць зусім не хацелася. Хацелася яшчэ музыкі, выяў з карцінамі і цікавага аповеду настаўніка. Урок прайшоў незаўважна, і я міжволі пазайздросціла васьмікласнікам, якіх, дарэчы, абсалютна не бянтэжыла мая прысутнасць. І за гэта ім вялікі дзякуй. Урок атрымаўся. Ён быў вельмі цікавым, інфармацыйным, наглядным, а ў класе лунала атмасфера нязмушанасці і спакою. Не было напружанасці і нервовасці. Усе былі на сваіх месцах, але працавалі разам, з самааддачай і ў высокім тэмпе.

*****

Задаволенай засталася і Галіна Пятроўна Пішчык, пры дапамозе і на вачах якой метадычна сталеў Віктар Эдуардавіч:
— Сёння мы пабывалі на ўроку вывучэння новага матэрыялу і першаснага замацавання матэрыялу. Урок быў спраектаваны з улікам псіхалагічных асаблівасцей дзяцей і меў ярка выражаны асобасна арыентаваны характар. Настаўнік арганізаваў урок так, што ў вучэбна-пазнавальную дзейнасць былі ўключаны ўсе вучні. Мэтапаляганне было дыягнастычным (выдзеліў пэўныя ўменні і навыкі, якім да канца ўрока павінен быў авалодаць кожны вучань). Акрамя таго, Віктар Эдуардавіч чаргаваў віды дзейнасці, вельмі шмат увагі ўдзяляў крыніцам розных відаў інфармацыі, галоўны з якіх — падручнік. Дзеці самастойна здабывалі веды. Калі вы назіралі, то дзейнасць на ўроку была паэтапнай, і ад этапу да этапу педагог фарміраваў вучнёўскія кампетэнцыі. І не толькі спецыяльныя, але і агульнавучэбныя ўменні і навыкі: уменне выдзеліць галоўнае, даказаць, аргументаваць, суаднесці.
Вельмі важным было і тое, што на ўроку для вучняў была зрокавая апора (выкарыстоўваў відэапрэзентацыю). Настаўнік забяспечыў дыферэнцыяцыю дапамогі сваім вучням, прапанаваўшы план для запаўнення бартавога журнала. Вельмі важна, што вучэбны працэс быў пабудаваны менавіта на псіхалагічных асновах навучання і выхавання, у яго адбывалася шматразовае ўспрыняцце новага матэрыялу: спачатку дзеці чыталі, потым запаўнялі бартавы журнал, затым глядзелі і слухалі, абмяркоўваючы і выказваючы свае меркаванні па выкананых заданнях. Адбывалася злучэнне апорнай, маторнай, рухальнай памяці. А ўсё гэта дае эфект, які вы маглі назіраць падчас урока.
Увогуле, Віктар Эдуардавіч за кароткі тэрмін стаў метадычна падкаваным настаўнікам. Па сваёй натуры ён вельмі сціплы, таму не адразу рашыўся перайсці да нас у школу, хоць я запрашала шмат разоў. Але калі ўсё ж прыйшоў, то літаральна праз месяц правядзення ўрокаў папрасіў для вывучэння метадычную літаратуру. Затым ён набыў ноўтбук для больш стараннай падрыхтоўкі ўрокаў. Вось гэтая стараннасць, пакрокавае прадумванне кожнага свайго ўрока, жаданне самаўдасканальвацца ў прафесіі, унікаць у сутнасць праблемы адразу яго выдзеліла сярод іншых настаўнікаў. Для яго не існуе дробязей. Ён глыбока вывучае вучэбную праграму, падручнікі, цікавіцца навінкамі педагагічнай і метадычнай літаратуры.
І вось, начытаўшыся метадычнай літаратуры, наслухаўшыся нашых гутарак у межах калектыўных спосабаў навучання (калі мы засвойваем тэхналогію, то спачатку адбываецца работа з педкалектывам, потым работа працягваецца ў метадычных аб’яднаннях, затым ідуць пробныя, адкрытыя ўрокі), Віктар Эдуардавіч пачаў праяўляць свае здольнасці. Акрамя таго, наша школа з’яўляецца раённым апорна-метадычным цэнтрам па ўкараненні асобасна арыентаваных тэхналогій, што таксама паспрыяла яго педагагічнаму сталенню. На сённяшні дзень ён сапраўдны майстар, які вызначаецца высокай самаарганізацыяй і сваёй Я-канцэпцыяй. Усё гэта, як і глыбокі ўнутраны змест, дазваляюць яму хутка набіраць абароты ў развіцці сваіх творчых здольнасцей. Як педагог Віктар Эдуардавіч адбыўся.
Сам жа Віктар Эдуардавіч да свайго ўрока паставіўся больш спакойна:
— У прынцыпе, усё, што я запланаваў, атрымалася, хаця тэма не вельмі зручная. Параграфы па культуры ў падручніках — гэта вялікі і насычаны аб’ём інфармацыі, таму ў поўным аб’ёме матэрыял дапаможніка разгледзець цяжка. Тым не менш сыходжу з таго, што паэзію і музыку дзеці павінны чуць, а карціны — бачыць. Не мае сэнсу на пальцах тлумачыць, як гучыць Бетховен.
Урок быў інфармацыйна насычаны. Я такія заняткі называю інтэрактыўнай лекцыяй, асабліва ў дачыненні да падачы матэрыялу па жывапісе. Акрамя таго, усе былі ўключаны ў актыўную пазнавальную дзейнасць. Асабліва не было часу на адступленні, бо звычайна этап выкліку займае куды больш часу, чым сёння. А тут з-за вялікага аб’ёму матэрыялу мы рванулі з месца ў кар’ер. З-за пэўных нюансаў (аднолькавай для ўсіх магчымасці ўбачыць і пачуць) працаваў з класам франтальна.
Калі гаварыць пра тэхнічнае суправаджэнне, то гэта была простая прэзентацыя, пабудаваная па прынцыпе “мінімум тэксту і максімум нагляднасці”. І я задаволены тым, што дзеці сёння слухалі Баха, Бетховена, Моцарта і ўбачылі карціны Рэмбранта, Рубенса, Веласкеса. Сярод пісьменнікаў быў адзін паэт і два празаікі, таму выбудаваць адзіную стратэгію падачы матэрыялу было няпроста. Ды і паэтычная творчасць Шылера яшчэ складаная для васьмікласнікаў. Разам з тым у мяне былі падрыхтаваны заданні: дзве загадкі ў вершаванай форме. І калі б дазволіў час, то прапанаваў бы іх вучням. Насамрэч, у мяне заўсёды ёсць рэзервовыя варыянты заданняў (на ўсялякі выпадак).
Увогуле, гісторыя вельмі цесна перасякаецца з літаратурай. І я вельмі часта пачынаю ўрокі з вершаў. Напрыклад, вывучэнне Першай сусветнай вайны будзе больш яркім і запамінальным, калі прачытаць вершы М.Гумілёва, які прайшоў гэту вайну.
Калі ж гаварыць пра мае метадычныя адметнасці, то ў мяне існуе дзве фішкі, якія ляжаць над усімі тэхналогіямі, да якіх звяртаюся. Гэта інтэрактыўны дыялог, наяўнасць зваротнай сувязі і высокі тэмп урока.
Сапраўды, гэтыя фішкі былі і на наведаным уроку, як, зрэшты, і на конкурсных. І што б ні гаварылі скептыкі, Віктар Эдуардавіч Жук — настаўнік з вялікім патэнцыялам. Мы шмат апошнім часам гаворым пра прэстыж педагагічнай прафесіі, а ён найперш фарміруецца на ўроку. Канечне, вучні ганарацца сваім настаўнікам, але і ён ганарыцца тым, што працуе ў школе.

Вольга ДУБОЎСКАЯ.
Фота аўтара.