Вынік без выдаткаў

Ці заўсёды паспяховыя вучні становяцца паспяховымі людзьмі? Я думаю, што і вы задумваліся над гэтым пытаннем. Мы жывём у ХХІ стагоддзі. Змянілася ўспрыманне свету, ідзе змена акцэнтаў у развіцці навукі, грамадства, і ў выніку гэтага адбываецца пераацэнка каштоўнасцей. Неабходнасць жыць у гэтым складаным і неадназначным свеце ставіць перад маладымі людзьмі праблему пошукаў сябе адначасова ў розных відах дзейнасці, у розных сацыяльных галінах. Сёння на рынку працы запатрабаваны канкурэнтаздольныя, камунікатыўна-кампетэнтныя, сацыяльна актыўныя, прадпрымальныя спецыялісты, якія ўмеюць прымаць адказныя рашэнні ў сітуацыях выбару, гатовыя да супрацоўніцтва, талерантныя, якія валодаюць развітым пачуццём адказнасці і творча мысляць. Сучаснаму грамадству патрэбен рознабакова развіты, гэта значыць паспяховы чалавек.

На працягу праведзенага сярод вучняў 8—11 класаў апытання высветлілася, што найбольш важнымі рысамі характару, неабходнымі чалавеку, каб быць паспяховым, з’яўляюцца розум, ветлівасць, выхаванасць, начытанасць, уменне весці здаровы лад жыцця, праяўляць самастойнасць у выбары дзеянняў.
Паспяховы чалавек у будучым — паспяховы чалавек цяпер? Давайце паглядзім, ці так гэта на самай справе.
Праблема паспяховасці навучання школьнікаў хвалюе розумы вучоных ужо не адно стагоддзе. Пацвярджэнне гэтага можна знайсці ў працах Арыстоцеля, Я.А.Каменскага, К.Д.Ушынскага і многіх іншых класікаў педагогікі.
Нягледзячы на працягласць вывучэння, гэтая праблема застаецца актуальнай і сёння. У штодзённай практыцы мы часта сутыкаемся з шэрагам пытанняў: якога вучня лічыць паспяховым, як ацаніць паспяховасць навучання школьніка. Паспяховасць навучання складаецца са знешняй ацэнкі настаўнікамі, бацькамі вынікаў вучэбнай дзейнасці дзіцяці, эфектыўнасці спосабаў дасягнення вучэбных мэт, якія выкарыстоўваюць педагогі, і, што немалаважна, задаволенасці вучняў вучэбным працэсам і вынікамі навучання.

Такім чынам, паспяховым будзе той вучань, які ў працэсе навучання змог пераадолець свой страх, цяжкасці, разгубленасць, неарганізаванасць. Такі школьнік адчувае задаволенасць сабой і сваёй дзейнасцю. І, наадварот, няшчасны, трывожны, замучаны нарматыўнымі патрабаваннямі і чаканнямі выдатнік, на мой погляд, не можа быць аднесены да паспяховых, таму што вучоба не прыносіць яму радасці, задаволенасці, усяго таго, што ўваходзіць у паняцце “паспяховасць”.
Таму вельмі важна ацэньваць паспяховасць навучання з пункту гледжання псіхалагічных крытэрыяў, да якіх неабходна аднесці:
— станоўчую матывацыю да навучання, станоўчае стаўленне да школы, захаванне пазнавальнай цікавасці. Вучня, які не любіць школу і не хоча вучыцца, нельга назваць паспяховым;
— сацыяльную адаптаванасць — яму добра ў школе, сярод равеснікаў і настаўнікаў;
— пазітыўныя адносіны паміж настаўнікам і вучнем. Нельга гаварыць пра паспяховасць, калі настаўнік не разумее і не прымае вучня, а вучань не любіць і баіцца свайго настаўніка;
— пазітыўныя адносіны з аднакласнікамі;
— добрае фізічнае і псіхічнае здароўе;
— адэкватна-пазітыўную самаацэнку — дзіця само павінна адчуваць сябе паспяховым;
— пачуццё дабрабыту ў сям’і.

Нездарма прыказка гаворыць, што пад ляжачы камень вада не цячэ. Безумоўна, чалавек, які вельмі хоча вучыцца, адрозніваецца наступнай характарыстыкай: чым больш ён даведваецца, тым мацнейшай становіцца цяга да ведаў. Такім чынам, мы выдзяляем самастойнасць як адзін з крытэрыяў развіцця паспяховасці.
Выдзяляюць некалькі відаў самастойнасці.
Разумовая творчая самастойнасць — гэта толькі адно з канкрэтных праяўленняў самастойнасці як уласцівасці асобы і суб’екта дзейнасці, а таксама арганізацыі гэтай дзейнасці і самаарганізацыя. Пад самаарганізацыяй маецца на ўвазе спосаб арганізацыі вучнем уласнай пазнавальнай дзейнасці.
Пазнавальная самастойнасць праяўляецца ў імкненні і ўменні самастойна мысліць, знаходзіць свой падыход у вырашэнні пастаўленай задачы, у незалежнасці уласных меркаванняў, у жаданні зразумець вучэбную інфармацыю і вывучыць спосабы яе знаходжання.
Магчымасць для самарэалізацыі прадастаўляецца ў нашай школе кожнаму вучню праз яго ўдзел у творчых прадметных конкурсах, алімпіядным руху, школьным літаратурна-драматычным тэатры “Натхненне”.
Важнай з’яўляецца і прафесійная накіраванасць навучання. Адным з важных крокаў у гэтым кірунку з’яўляецца стварэнне ў нашай навучальнай установе профільных класаў. Дзясяцікласнікі маюць магчымасць вывучаць патрэбныя ім для паступлення ў вышэйшыя навучальныя ўстановы прадметы на павышаным, паглыбленым узроўні (створаны мультыпрофіль: руская мова, англійская мова, матэматыка).
Такім чынам, паспяховасць вучня — гэта не толькі аб’ектыўны паказчык высокіх вынікаў пазнавальнай дзейнасці, не толькі станоўчая ацэнка настаўніка, але і пазітыўная самаацэнка і яго самаадчуванне. Зыходзячы з гэтага, асноўным крытэрыем паспяховасці навучання, на мой погляд, будзе з’яўляцца ўменне вучня з найменшымі энергетычнымі затратамі дасягаць найбольшых вынікаў. Гэта звязана з праяўленнем многіх здольнасцей, напрыклад, усё рабіць своечасова, адчуваць сітуацыю, прымяняць рацыянальныя сродкі для дасягнення пастаўленай мэты, прыцягваць да сябе людзей, адчуваць пачуццё радасці, задавальнення, упэўненасці ва ўласных сілах, не сумаваць, не баяцца цяжкасцей, беражліва ставіцца да свайго здароўя.

Неабходна ўлічваць, што ў самім пазнавальным матыве ўтрымліваецца “дзелавы” матыў. Праз вучэбную і пазнавальную дзейнасць чалавек разумее, што яе вынікі могуць спатрэбіцца для таго, каб у будучым быць паспяховым. Кіраванне актыўнасцю вучняў традыцыйна называюць актывізацыяй. Галоўная мэта актывізацыі — фарміраванне актыўнасці вучняў, павышэнне якасці вучэбна-выхаваўчага працэсу. Шляхі актывізацыі, якія выкарыстоўваюцца ў педагагічнай практыцы, маюць разнастайныя формы, метады, сродкі навучання, іх спалучэнні, якія стымулююць актыўнасць і самастойнасць вучняў.
Найбольшы эфект актывізацыі дасягаецца ў такіх сітуацыях, у якіх вучні павінны:
— адстойваць сваё меркаванне;
— прымаць удзел у дыскусіях і абмеркаваннях;
— задаваць пытанні сваім аднакласнікам і настаўнікам;
— рэцэнзаваць адказы сваіх аднакласнікаў;
— займацца навучаннем адстаючых;
— растлумачваць незразумелае і цяжкае для засваення больш слабым вучням;
— знаходзіць некалькі варыянтаў магчымага вырашэння пазнавальнай задачы (праблемы);
— ствараць сітуацыі самаправеркі, аналізу сваіх пазнавальных і практычных дзеянняў.
Усе новыя тэхналогіі самастойнага навучання маюць на ўвазе павышэнне актыўнасці вучняў: ісціна, здабытая шляхам напружання ўласных намаганняў, мае вялікую пазнавальную каштоўнасць. Вялікія магчымасці на гэтым шляху адкрывае ўкараненне ў вучэбны працэс інтэрактыўных вучэбных дапаможнікаў новага пакалення: інтэрактыўная дошка, мультымедыйны праектар. Яны прымушаюць вучняў пастаянна адказваць на пытанні, падтрымліваць зваротную сувязь, узаемадзейнічаць са спецыялізаванымі камп’ютарнымі праграмамі, мультымедыйнымі вучэбнымі сістэмамі, выкарыстоўваць бягучы тэставы кантроль.

Ніколі не спазнае радасці пазнання вучань, які садзіцца за выкананне свайго ўрока без цікавасці.
Цікавасць — вечны рухавік усіх чалавечых пошукаў, агонь дапытлівай душы, які ніколі не гасне. Праблема выхавання цікавасці да навучання — яшчэ адна з важных дыдактычных задач. Галоўнае пытанне — як выклікаць устойлівую пазнавальную цікавасць, як абудзіць жаданне да нялёгкага працэсу пазнання. Адказ на гэтае пытанне з’яўляецца зместам дзейнасці настаўніка.
Педагогу неабходна:
— падтрымліваць роўны стыль зносін паміж усімі ўдзельнікамі педагагічнага працэсу;
— падбадзёрваць вучняў пры ўзнікненні ў іх цяжкасцей;
— падтрымліваць станоўчую зваротную сувязь;
— клапаціцца аб разнастайнасці метадаў выкладання вучэбнага матэрыялу.
Калі настаўнік будзе выкарыстоўваць гэтыя парады, то не толькі зможа выявіць адораных дзяцей і даць ім магчымасць рэалізаваць сябе, але і наблізіць усіх вучняў да таго, каб у будучым яны былі паспяховымі і знайшлі дастойнае месца ў жыцці.
Зыходзячы з вышэйпададзенага, мадэль паспяховага вучня выглядае такім чынам:
Я — паспяховы вучань.
Я вучуся з задавальненнем, умею здабываць веды.
Я працавіты, развіваю свае здольнасці, удзельнічаю ў алімпіядах, праектах і конкурсах.
Я ўмею кіраваць самаразвіццём. Цаню час, арганізаваны.
Я валодаю камп’ютарам.
Я ўмею пісаць эсэ і рэфераты, распрацоўваць праекты.
У мяне ёсць мэта, і я ведаю, як яе дасягнуць, я ўпэўнены ў сабе.
Гарманічны чалавек здаровы, шчаслівы, удачлівы. Ён імкнецца рэалізаваць свае здольнасці, што, несумненна, прыносіць карысць грамадству. Бо менавіта рэалізацыя талентаў грамадзян рухае грамадства па шляху прагрэсу і ў навуках, і ў бізнесе, і ў мастацтве, і ў педагогіцы, і ў іншых галінах. А чалавек, які рэалізаваў свае таленты і задаволіў запыты, — гэта паспяховы чалавек. Такім чынам, рознабаковая рэалізацыя і гармонія асобы — гэта асноўны крытэрый паспяховасці ў сучасным грамадстве.
Паспяховы чалавек — гэта добра адукаваны чалавек, які заўсёды імкнецца да набыцця новых навыкаў і да павышэння сваіх ведаў. Адукацыя мае вялікую ролю ў жыцці чалавека і з’яўляецца ключавым момантам поспеху. Удзяляйце прыярытэтную ўвагу сваёй адукацыі, бо нішто не можа замяніць яе.

Таццяна ФІСЮК,
настаўніца рускай мовы і літаратуры сярэдняй школы № 31 Магілёва.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.